Паходжанне і месца птушак ў сістэме жывёльнага свету
Клас птушак (Aves) – адасобленая група царства жывёл, падцарства шматклетачныя жывёлы, якая адносіцца да тыпу хордавых (Chordata), падтыпу хрыбетных (Vertebrata). У ходзе эвалюцыі птушкі ўзніклі ад паўзуноў у Юрскім геалагічным перыядзе (148 млн. гадоў таму). Бліжэйшыя продкі птушак да цяперашняга часу не знойдзены. Аднак ёсць інфармацыя, якая дазваляе сцвярджаць, што такія продкі паўзуны. Пры археалагічных раскопках за ўвесь час былі знойдзены тры асобнікі ў верхнеюрскіх адкладах першаптушкі археаптэрыкс (рыс. 1). Яму характэрны шэраг прыкметаў, самымыя галоўныя з якіх доўгі хвост (каля 20 хрыбетак), нязрослыя грудныя хрыбеткі, слабая грудзіна без кіля, непнеўматызаваныя косткі, брушныя рэбры, адсутнасць дзюбы, зубы на сківіцах, накіраваная назад (а не ўніз) патылічная адтуліна і мышчалак.
Мяркуецца, што археаптэрыкс быў дрэвавай істотай і не меў здольнасці лётаць па-сапраўднаму, а карыстаўся сваімі крыламі і доўгім хвастом для таго, каб перамяшчацца лунальным палётам з галіны на галіну. Свабодныя пальцы пярэдніх канцавін, узброеныя кіпцюрамі, дапамагалі яму лазіць па дрэвах.
У якасці выкапнёвых птушак больш позняга перыяду вядомыя па добра захаваных рэштках гесперорніс і іхтыорніс. Гэта былі даволі тыповыя птушкі, аднак яны мелі на сківіцах дробныя шматлікія зубы, а галаўны мозг іх, параўнальна з сучаснымі птушкамі, быў вельмі малы. Іхтыорніс уяўляў сабой, мабыць, добрага лятуна, пра што гавораць вялікія крылы і магутная грудзіна з высокім кілем. Гесперорніс не меў кіля і быў зусім без крылаў, ад іх засталася толькі рудыментарная плячавая костка. Ён вёў водны лад жыцця, плаваў пры дапамозе задніх канцавін.
З пачаткам трацічнага перыяду адбываюцца рэзкія змены ў фауне птушак. Колькасць відаў іх моцна ўзрастае і перавагу атрымліваюць формы, якія ўкладваюцца ўжо ў сучасныя атрады і сем’і. У далейшым фауна птушак набывае ўсе большае падабенства з сучаснай. Росквіт птушак у адзначаны час супадае з росквітам пакрытанасенных раслін і вусякоў. З’ява гэта невыпадковая: вусякі і іх лічынкі разам з насеннем і пладамі пакрытанасенных складаюць асноўную ежу большасці птушак.
Рыс. 1. Археаптэрыкс
Птушкі – больш малады па паходжанні клас хрыбетных жывёл. Яны з’явіліся на некалькі мільёнаў гадоў пазней за смактуноў і ўваходзяць у комплекс жывёльных арганізмаў лясной экасістэмы. Па характары спажывання энергіі птушкі адносяцца да кансументаў рознага парадку, гэта значыць арганізмаў, якія ўжываюць гатовую, створаную іншымі арганізмамі энергію для сваёй жыццядзейнасці. У адрозненні ад паўзуноў птушкам характэрны больш высокі ўзровень вышэйшай нервовай дзейнасці, устанаўленне пастаянна высокай тэмпературы цела, якая павышае здольнасць арганізма менш залежаць ад навакольнага асяроддзя.
Клас птушак дзеліцца на два падкласы: яшчарахвостых і веерахвостых. Да падкласа яшчарахвостых адносіцца толькі адзін выкапнёвы від археаптэрыкс; да шматлікага падкласа веерахвостых, або тыпічных птушак, – усе іншыя выкапнёвыя і сучасныя віды. Апошнія ў сваю чаргу распадаюцца на мноства атрадаў, якія аб’ядноўваюцца ў надатрады: бяскілявыя, пінгвіны і кілявыя. Бяскілявыя (страўсы, казуары, ківі) – прымітыўная група, якая страціла здольнасць да палёту і цалкам перайшла да руху па зямлі.
Пінгвіны таксама страцілі здольнасць да палёту, але перайшлі да плавання. Кілявыя, што складаюць асноўную масу птушак, за асобным выключэннем, захавалі здольнасць да палёту, і многія групы іх дасягнулі ў гэтых адносінах выключнага майстэрства. Клас птушак уключае каля 8600 відаў. Да тэрыторыі Беларусі маюць адносіны 306 відаў птушак.. У тым ліку 231 від, які гняздуецца, 23 мігравальныя, 11 зімавальныя, 36 залётныя, 1 нерэгулярна гняздуецца і зімавальны, 1 залётны зімавальны, 3 гняздуюцца, пералётныя і транзітна-мігравальныя.
З лесгаспадарчага пункту гледжання ўсіх птушак можна падзяліць на наступныя групы: паляўнічыя (баравая, палявая і водна-балотная дзічына), драпежныя і пераважна вусякаедныя птушкі. Да паляўнічых птушак адносяцца прадстаўнікі атрадаў курападобных, гусепадобных, ржанкападобных і голубападобных; да драпежных – атрады совападобных, ястрабападобных і сокалападобных, да пераважна вусякаедных – зязюлепадобных, казадоепадобных, ракшападобных, дзятлападобных, вераб’інападобных.
Дата добавления: 2016-08-07; просмотров: 1167;