Паходжанне і месца звяроў ў сістэме жывёльнага свету

Смактуны, або звяры (Mammalia) – вышэйшы клас падтыпу хрыбетных жывёл, найбольш высокаарганізаваныя яго прадстаўнікі. Гэта вышыня арганізацыі заключаецца ў тым, што ўсе сістэмы органаў у іх дасягаюць найбольшай дыферэнцоўкі, а галаўны мозг – найбольш дасканалай будовы. Сістэма класа смактуноў да цяперашняга часу канчаткова не ўстаноўлена. Некаторыя сістэматыкі атрады драпежнікаў і ластаногіх аб’ядноўваюць у адзін атрад. Кітападобных падзяляюць на два атрады. Большасць навукоўцаў уключаюць атрад мазоляногія ў атрад парнакапытныя. Натуральна, спрэчнасць узрастае з паніжэннем рангаў таксонаў. Так, колькасць відаў, па Морысану (1965), складае 4237, па Андэрсану і Джонсу (1967) – 4060, па В. Сакалову (1973–1979) – 4012. На тэрыторыі Беларусі 74 віды, якія аб’ядноўваюцца ў 6 атрадаў, 19 сем’яў і 43 роды.

З’явіліся звяры на зямлі ў трыясавым перыядзе (230 млн гадоў назад). Паходзяць яны ад зверападобных паўзуноў тэрыядонтаў, якія існавалі яшчэ ў пермскім перыядзе. У трэцічным перыядзе (60-70 млн. гадоў назад) клас смактуны дасягнуў росквіту. Яны шырока рассяліліся па зямлі і прыстасаваліся да існавання ў самых разнастайных умовах: на сушы, у глебе, прэсных і салёных вадаёмах, а некаторыя авалодалі актыўным палётам у паветры. Яны хутка прыстасоўваліся да зменаў жыццёвых умоў, паспяхова канкуравалі паміж сабой і іншымі арганізмамі. У працэсе эвалюцыі ў смактуноў узніклі многія прыкметы і ўласцівасці, якія дазволілі звярам выйсці пераможцамі ў барацьбе за існаванне і заняць іх сучаснае месца ў агульнай сістэме прыроды.

Сваю назву смактуны атрымалі таму, што іх самкі выкармліваюць дзіцянят малаком, што выдзяляецца спецыяльнымі малочнымі залозамі, якія ў сваю чаргу з’яўляюцца відазмененымі трубчатымі потавымі залозамі. Да найбольш істотных асаблівасцяў звяроў, якія адрозніваюць іх ад астатніх хрыбетных жывёл, адносяцца наступныя: цела іх пакрыта валасамі; грудная поласць адасоблена ад брушной асаблівай грудабрушной перегародкай (дыяфрагмай), маецца толькі левая дуга аорты; чэрап забяспечаны дзвюма патылічнымі мышчалкамі, якія сучляняюцца з першай хрыбеткай; кожная палова ніжняй сківіцы складаецца з адной зубной косткі; смактуны нараджаюць жывых дзіцянят; адносяцца да істот, якія маюць пастаянную тэмпературу цела (37–380С); гэта гамаятэрмныя жывёлы.

З’яўляючыся часткай ляснога біяцэнозу, смактуны аказваюць вялікі ўплыў на ўсё жыццё лесу. Удзел смактуноў у біяцэнозе абумоўлівае галоўным чынам іх харчаванне. Схематычна трафічны ланцуг звяроў можна ўявіць наступным чынам: звяры – пярвічныя кансументы спажываюць для жыццядзейнасці пярвічных прадуцэнтаў (зялёныя расліны ці іх органы); пярвічных кансументаў (траваедных звяроў) спажываюць другасныя кансументы (драпежнікі). Кожная папуляцыя звяроў харчуецца і служыць стравай другой папуляцыі. Паслядоўнасць папуляцый, якія харчуюцца, завецца трафічным ланцугом. Кожная папуляцыя ўяўляе сабой звяно гэтага ланцуга. Па ланцугу харчавання ў аднабаковым парадку перадаецца біямаса (у выглядзе стравы) і звязаная з ёй энергія. Ланцугі харчавання служаць абавязковым элементам біяхімічных кругазваротаў рэчываў і патоку энергіі. Прыклад драпежніцкага ланцуга: трава – заяц – рысь. З павелічэннем трафічнага ўзроўню павялічваецца памер асобін, пры гэтым памяншаюцца шчыльнасць папуляцыі, біятычны патэнцыял і прадукцыйнасць па біямасе. Біямаса драпежнікаў складае каля 1% біямасы фітафагаў.

Віды, якія прыстасаваныя да харчавання пэўнай стравай і толькі ў выпадку надзвычайнай неабходнасці змяняюць кармавы рэжым, завуцца алігафагамі (паўночны алень). Віды, прыстасаваныя да харчавання шырокім спектрам раслін і другіх жывёл, завуцца ўсяеднымі ці эўрыфагамі (дзік, мядзведзь, барсук). Віды, прыстасаваныя да харчавання вельмі абмежаваным колам раслін або жывёл, завуцца стэнафагамі (выдра). Большасць смактуноў пры недахопе асноўных кармоў пачынаюць сілкавацца рэзервовымі, ці дадатковымі.

Памеры і маса звяроў мяняюцца ў шырокіх межах. Самым маленькім звярком ў сусветнай фауне лічыцца землярыйка белазубка-малютка з атрада вусякаедных. Яе даўжыня (з хвастом) складае 45 мм, а вага – усяго 1,2–1,7 г. Буйнейшы звер – сіні (кіт даўжыня 33 м і маса да 190 т). Ва ўмовах Беларусі самым буйным лічыцца зубр (каля 1 т). Пераважная большасць звяроў дробных і сярэдніх памераў.

 








Дата добавления: 2016-08-07; просмотров: 863;


Поиск по сайту:

При помощи поиска вы сможете найти нужную вам информацию.

Поделитесь с друзьями:

Если вам перенёс пользу информационный материал, или помог в учебе – поделитесь этим сайтом с друзьями и знакомыми.
helpiks.org - Хелпикс.Орг - 2014-2024 год. Материал сайта представляется для ознакомительного и учебного использования. | Поддержка
Генерация страницы за: 0.004 сек.