Асаблівасці вонкавай і ўнутранай будовы. Цела ўсіх звяроў пакрыта валасяным покрывам

Цела ўсіх звяроў пакрыта валасяным покрывам. Волас – гэта рагавое ўтварэнне, у ім адрозніваюць ніжнюю пашыранаю частку – цыбуліну і доўгі стрыжань, які выступае звонку, ніжняя яго частка разам з цыбулінай утварае корань воласа. У большасці звяроў валасы дзеляцца на 2–3 катэгорыі. Звонку футра бачны доўгія восцевыя валасы. Пад імі знаходзіцца густы і далікатны падпушак. Часта сярод восці можна бачыць яшчэ больш доўгія накіравальныя валасы. Валасы размяшчаюцца пэўнымі групамі. Асаблівае відазмяненне валасоў уяўляюць вібрысы, або адчувальныя валасы, размешчаныя групамі на мордзе (вусы), а зрэдку лапах і брушным баку цела.

Валасяное покрыва абараняе звера ад неспрыяльных экалагічных уздзеянняў, садзейнічае рэгуляцыі тэмпературы цела, маскуе жывёлу. У звяроў у асноўным два віды валасоў: доўгая і рэдкая восць і больш кароткі і густы пушок. Валасяное покрыва развіваецца з узростам жывёл і перыядычна мяняецца на працягу года (лінька). Лінька носіць сезонны характар, пры гэтым суправаджаецца зменай афарбоўкі. У большасці відаў дзве лінькі. Тэрміны пачатку і працягу лінек залежаць ад метэаралагічных умоў, полу і ўзросту жывёл.

Скура звяроў складаецца з двух асноўных слаёў: паверхневага эпідэрмісу і больш глыбокага корыуму. Клеткі эпідэрмісу па меры набліжэння да яго паверхні ўсё больш рагавеюць, адміраюць і паступова злушчваюцца, замяняюцца новымі клеткамі, якія паступаюць з больш глыбокага слою, што носіць назву мальпігіевага. У апошні пранікае ў выглядзе смочкаў паверхневы слой корыуму. У гэтых смочках развіваюцца малюсенькія крывяносныя капіляры і адчувальныя цельцы. Глыбей у скуры размяшчаюцца крывяносныя сасуды, нервы і ўтвараецца тлушч. Скура насычана залозамі – трубчатымі і альвеалярнымі. Да першых переважна адносяцца потавыя залозы, да другіх – сальныя. Да вытворных эпідэрмісу адносяцца кіпцюры, капыты, часткова рогі пустарогіх.

Апорай усяго арганізма звера з'яўляецца шкілет (рыс. 5). Мазгавая каробка адрозніваецца вялікім аб’ёмам у адпаведнасці з моцным развіццём галаўнога мозгу. Кожная палова ніжняй сківіцы створана толькі адной зубной косткай, якая непасрэдна сучляняецца з чэрапам. Чэрап сучляняецца з хрыбетнікам двума мышчалкамі.

На паміжсківічных і верхнясківічных костках, а таксама ніжняй сківіцы размешчаны зубы. Карані іх апушчаны ў лункі, а з сківіцы выступаюць каронкі, у большасці відаў пакрытыя цвёрдай эмаллю, якая засцерагае зубы ад сцірання. Унутры зуба маецца поласць (пульпа), у яе ўваходзіць злучальны смачок з крывяноснымі сасудамі і нервамі. Праз пульпу зуб атрымлівае з крыві спажыўныя рэчывы.

Рыс. 5. Вонкавая будова звера:

1 – галава; 2 – шыя; 3 – тулава; 4 – пярэднія канечнасці; 5 – заднія канечнасці; 6 – грудзі; 7 – жывот; 8 – пах; 9 – бок цела; 10 – спіна; 11 – карак; 12 – крыж; 13 – лапатка; 14 – плячо; 15 – перадплечча; 16 – запясце; 17 – кісць; 18 – сцягно; 19 – галёнка; 20 – ступня

 

Зубная сістэма звяроў складаецца з зубоў рознага тыпу. Пярэднія зубы называюцца разцамі (incisivi). За імі размешчаны ў кожнай палове сківіцы па адным іклу (canini), далей – перадкарэнныя (praemolares) і карэнныя зубы (molares). Перадкарэнныя зубы ў адрозненне ад карэнных з’яўляюцца ў маладых жывёл у выглядзе малочных зубоў, якія пазней змяняюцца пастаяннымі. Калі-нікалі зубы працягваюць расці на працягу ўсяго жыцця смактуноў (напрыклад, у грызуноў). Агульная колькасць зубоў, наяўнасць розных груп, а таксама будова моцна адрозніваюцца ў асобных груп і відаў звяроў. Апісанне зубных сістэм адбываецца ў выглядзе зубных формул. Асобныя тыпы зубоў абазначаюцца ў іх першымі літарамі лацінскіх назваў, а іх колькасць – простым дробам, дзе ў лічніку паказваецца колькасць зубоў у адной палове верхняй сківіцы, а ў займенніку – у ніжняй сківіцы.

Агульная колькасць зубоў роўная падвоенай суме ліку зубоў у формуле. Напрыклад, зубная формула ваўка: i 3/3, c 4/4, p 4/4, m 2/3 = 42; вавёркі: i 1/1, p 2/1, m 3/3 = 22. Колькасць зубоў у звяроў вагаецца ад 12 (у аўстралійскага плавальнага пацука) да 200 (у некаторых дэльфінаў). Іх будова, размяшчэнне і колькасць залежаць ад характару стравы.

 

Рыс. 6. Шкілет звера:

1 – чэрап; 2 – ніжняя сківіца; 3 – - шыйныя хрыбеткі; 4 – грудныя хрыбеткі;

5 – паяснічныя хрыбеткі; 6 – крыж; 7 – хваставыя хрыбеткі; 8 робры; 9 – грудзіна; 10 – лапатка; 11 – плячавая костка; 12 – лакцявая костка; 13 – прамянёвая костка; 14 – косткі запясця; 15 – косткі пясці; 16 – фалангі пальцаў пярэдняй канечнасці; 17 – таз; 18 – сцягно; 19 – вялікая бярцовая костка; 20 – малая бярцовая костка;

21 – косткі запясця; 22 – косткі плюсны; 23 – фалангі пальцаў задняй канечнасці; 24 – каленная рэпка

 

Характэрная асаблівасць будовы хрыбта звяроў – плоскія сучленныя паверхні хрыбетак, дакладны падзел хрыбетніка на аддзелы, пастаянны лік шыйных хрыбетак (7 ш.). У плечавым поясе ў звяроў адсутнічаюць каракоіды. Лапатка валодае добра развітым прадольным грэбнем. У адных відаў добра развіта ключніца, у другіх яна рудыментарная або нават адсутнічае (рыс. 6).

Шкілет парных канцавін моцна мяняецца ў залежнасці ад складу жыцця і спосабу руху. У звяроў, якія хутка бегаюць, косткі канцавін падоўжаны, лік пальцаў скараціўся, цела абапіраецца на іх канцы. У рыючых звяроў косткі пакарочаныя.

Мускулатура звяроў вельмі складаная. Ступеня розных груп цягліц залежыць ад функцый адпаведных органаў і частак цела. Характэрна значнае развіццё скураной мускулатуры, якая абумовіла вялікую рухомасць скуры.

Спецыфічная для звяроў грудабрушная перагародка (дыяфрагма), якая аддзяляе грудную поласць ад брушной. Яна выконвае важную ролю ў працэсе дыхання.

Органы стрававання адрозніваюцца вялікай складанасцю, стрававальны тракт падоўжаны, дыферэнцаваны, добра развіты стрававальныя залозы. Стрававальны тракт пачынаецца з рота, які мае аблямоўку губамі, уласцівымі толькі звярам. У ротавай поласці мускулісты язык. У некаторых звяроў (хамякоў) у пачатку ротавай поласці ўтвараюцца зашчочныя мяшкі, якія служаць для збірання і пераносу корму. У ротавай поласці страва здрабняецца зубамі і апрацоўваецца сліной, якая выдзяляецца чатырма парамі залоз. Далей праз глотку страва паступае ў стрававод, а затым – у страўнік, які забяспечаны шматлікімі залозамі. Аб’ём і будова страўніка ў залежнасці ад тыпу харчавання ў розных відаў моцна адрозніваецца. Страўнік большасці звяроў складаецца з некалькіх аддзелаў. Асабліва складаная яго будова ў жвачных капытных, страўнік якіх мае 4 аддзелы: рубец, сетку, кнігу і сычуг. Са страўніка страва рухаецца ў дванаццаціперсную кішку, у якую адкрываюцца вывадныя пратокі падстраўнікавай залозы і пячонкі; іх сокі выконваюць важную ролю ў працэсе стрававання.

Кішэчнік падзяляецца на тонкі, тоўсты і прамы аддзелы. У тонкіх кішках завяршаюцца хімічныя (ферментацыйныя) працэсы стрававання і пачынаецца ўсмоктванне прадуктаў стрававання ў кроў, якое ў сваю чаргу працягваецца ў тоўстых кішках. На мяжы паміж тоўстымі кішкамі размешчана сляпая кішка, якая мае выгляд падоўжанага вырасту. У некаторых звяроў яна заканчваецца чэрвепадобным адросткам, У сляпой кішцы адбываюцца працэсы браджэння. Найбольшага развіцця яна дасягае ў жывёл, якія харчуюцца грубымі расліннымі кармамі.

Кішэчнік заканчваецца прамой кішкой. Агульная даўжыня яго залежыць ад характару харчавання жывёлы. Звычайна ў раслінаедных кішэчнік адносна даўжэйшы, задрапежных.

Сістэма дыхання звяроў вельмі дасканалая. Яна забяспечвае інтэнсіўны газаабмен, што служыць адной з прычын высокай пастаяннай тэмпературы цела.

Лёгкія ўяўляюць сабой два губчатыя мяшкі, у якіх складана разгаліноўваюцца паветраносныя шляхі – бронхі. Апошнія заканчваюцца агромністай колькасцю танкасценных пузыркоў (альвеол), аплеценых крывяноснымі капілярамі; у драпежнікаў іх налічваецца да 500 млн. У сценках альвеолаў адбываецца газаабмен, у працэсе якога кроў аддае вуглякіслы газ і абагачаецца кіслародам. Дыхальныя рухі, абумоўленыя скарачэннем грудной клеткі дыяфрагмы, у буйных жывёл даволі павольныя (каля 10 у мінуту), а ў дробных вельмі інтэнсіўныя (да 200 у мінуту), змяняюцца ў залежнасці ад тэмпературы цела пры перагрэве.

Крывяносная сістэма забяспечвае вялікую інтэнсіўнасць току крыві, высокі ўзровень абмену рэчываў і падтрыманне ўстойлівай тэмпературы цела. Сэрца чатырохкамернае; маецца толькі адна – левая дуга аорты, якая адыходзіць ад левага жалудачка. Прайшоўшы праз сістэму артэрый па вялікім крузе кровазвароту, кроў вяртаецца да сэрца па двух буйных пярэдніх полых венах і па адзіночнай задняй полай вене, якая ўпадае ў правае перадсэрдзе. З правага жалудачка вянозная кроў накіроўваецца па лёгачнай артэрыі ў лёгкія. Пасля акіслення ў лёгкіх артэрыяльная кроў вяртаецца па двух лёгачных венах, якія ўпадаюць ў левае перадсэрдзе.

Органамі выдзялення служаць ныркі. Ад кожнай з дзвюх нырак адыходзіць па адным мачаточніку. Мачаточнікі ўпадаюць у мачавы пузыр, які адкрываецца ў мочавыпускальны канал, у самцоў сюды ж выходзіць семяносны праток палавога члена.

Палавыя залозы самцоў – семяннікі – маюць выгляд парных органаў авальнай формы. У вусякаедных і шэрага іншых звяроў яны ўвесь час знаходзяцца ў поласці цела. У большасці смактуноў семяннікі размяшчаюцца ў спецыяльным мяшочку (машонцы). У грызуноў машонка злучаецца з брушной поласцю, у якую ўцягваюцца семяннікі ў стане спакою, у перыяд спарвання семяннікі апускаюцца ў машонку. Палавыя органы самцоў маюць залозістыя прыдаткі, выдзяленні якіх увільгатняюць семянную вадкасць (сперму) і выконваюць іншыя функцыі.

Палавыя органы самак – парныя яечнікі – ляжаць у брушной поласці. Ад кожнага яечніка адыходзіць па яйцаводзе, яйцаводы адкрываюцца ў матку, дзе развіваецца зародак. У час развіцця эмбрыёна ў матцы ўзнікае характэрнае для смактуноў утварэнне – дзіцячае месца, або плацэнта. З дапамогай плацэнты ажыццяўляецца харчаванне зародка, газаабмен і выдаленне прадуктаў распаду.

У звяроў маецца шэраг залоз унутранай сакрэцыі, якія вылучаюць у кроў складаныя хімічныя рэчывы – гармоны, што стымулююць розныя жыццёвыя працэсы. Каля гартані ляжыць шчытападобная залоза, якая прадуцыруе тыраксін; калі яго недахоп ў арганізме, то парушаецца абмен рэчываў. У грудной поласці перад грудной косткай знаходзіцца валлёвая залоза, моцна развітая ў маладых жывёл. Яе гармон стымулюе палавое паспяванне арганізма. Важную ролю іграюць прыдаткі прамежкавага мозгу – гіпофіз і эпіфіз, а таксама надныркавая залоза. Гармоны, якія вылучаюцца палавымі залозамі самцоў і самак, уплываюць на іх палавую актыўнасць, вызначаюць развіццё другасных палавых прыкмет і праяўленне спецыфічных для размнажэння асаблівасцяў паводзін.

Органы адчування ў смактуноў развітыя вельмі добра. Вялізную ролю ў жыцці звяроў іграюць нюх і слых. Вочы асабліва вялікія ў начных звяроў. З дапамогай органаў адчування звяры знаходзяць страву і адзін аднаго, арыентуюцца ў прасторы.

На высокім узроўні развіцця знаходзіцца цэнтральная нервовая сістэма. Галаўны мозг адносна буйных памераў, складаецца з 5 аддзелаў: пярэдні мозг, прамежкавы, сярэдні, мазжачок і прадаўгаваты. Найбольш моцна развіты пярэдні мозг, або вялікія паўшар’і. Яны маюць кару з шэрага нервовага рэчыва. Паверхня пярэдняга мозгу, асабліва ў вышэйшых прадстаўнікоў класа, бароздкаватая. Добра развітая кара вялікіх паўшар’яў вызначае магчымасць узнікнення вельмі складаных умоўных рэфлексаў, якія выпрацоўваюцца ў выніку жыццёвага вопыту жывёлы. У спалучэнні з народжаннымі безумоўнымі рэфлексамі і інстынктамі яны ствараюць усю разнастайнасць праяўленняў вышэйшай нервовай дзейнасці звяроў.








Дата добавления: 2016-08-07; просмотров: 1058;


Поиск по сайту:

При помощи поиска вы сможете найти нужную вам информацию.

Поделитесь с друзьями:

Если вам перенёс пользу информационный материал, или помог в учебе – поделитесь этим сайтом с друзьями и знакомыми.
helpiks.org - Хелпикс.Орг - 2014-2024 год. Материал сайта представляется для ознакомительного и учебного использования. | Поддержка
Генерация страницы за: 0.009 сек.