Мэты і задачы вальернага развядзення звяроў
У Дзяржаўнай праграме развіцця паляўнічай гаспадаркі на 2006–2015 гады і ў плане мерапрыемстваў па яе выкананні прадугледжана распрацоўка навуковага абаснавання мэтазгоднасці «абагачэння відавой разнастайнасці паляўнічых жывёл шляхам усялення новых для рэспублікі відаў (плямісты алень, тапан, лань, муфлон і іншыя), рассялення капытных звяроў, а таксама развядзення дзічыны…».
Вучоныя Беларусі лічаць, што неабходнасць абагачэння відавой разнастайнасці беларускай тэрыафауны рэсурсна-каштоўнымі відамі паляўнічых жывёл даўно прыспела, але шэраг аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын стрымлівалі яго. Паміж тым яшчэ ў 60–70-х гадах мінулага стагоддзя ў шматлікіх краінах Еўропы, Азіі, Афрыкі, Амерыкі і нават Аўстраліі пачаліся маштабныя работы па ўсяленні і развядзенні новых відаў, прадукцыя якіх (мяса, трафеі, залозы) карыстаюцца павышаным попытам і высока цэняцца.
Адпрацаваны спосабы і тэхналогіі вольнага, паўвольнага ў вялікіх вальерах і вальерна-фермерскага развядзення і ўтрымання розных відаў капытных жывёл. Аб маштабах іх штучнага развядзення можна меркаваць па наступных даных. У Еўропе лік высакародных і плямістых аленяў і ланей дасягае больш за 400 тыс. асобін, у Азіі гэтых і і іншых відаў – больш за мільён асобін, у Новай Зеландзіі толькі высакародных аленяў і ланей 2,5 млн. асобін. У 2002 годзе толькі ў Германіі было здабыта 42 тыс. ланей, каля 6 тыс. муфлонаў, 4,5 тыс. серн.
Такая высокая выніковасць абумоўлена разнабаковым попытам на здабычу трафейных самцоў, закупку жывых генетычна высокай якасці жывёл для выкарыстання іх у як племенны матэрыял, а таксама на асноўную прадукцыю – мяса. У заходняй Еўропе кошт мяса дзікіх жывёл у 2–3 разы вышэй, чым хатніх жывёл. Пры гэтым насельніцтва аддае перавагу мясу дзічыны, якое ўтрымлівае больш карысных для чалавека мікраэлементаў і менш тлустае. Дзічына фармуе кошт мяса на рынку сельгаспрадукцыі. Таму вельмі хутка ўзніклі і дасягнулі значнага размаху новыя кірункі ў паляўнічай гаспадарцы.
Адрозніваюць два спосабы штучнага развядзення дзікіх капытных, якія адрозніваюцца сваёй накіраванасцю ў дасягненні канкрэтных мэт. Вальернае развядзенне капытных звычайна практыкуецца ў вялікіх вальерах плошчаю 500 га і болей. Яно накіравана галоўным чынам на вырошчванне жывёл высокіх трафейных якасцей для продажу ліцэнзій, правядзення палявання і развіцця паляўнічага турызму на камерцыйнай аснове. Для гэтай мэты падбіраецца трафейна-генетычны племянны матэрыял. Напрыклад, у краінах Еўропы высока цэніцца карпацкая форма аленя з Румыніі і альпійская з Югаславіі, якім прысутны рогі вельмі высокай якасці. Кошт племянной жывёлы можа дасягаць 20 000 даляраў ЗША. Утрыманне капытных у вялікіх па плошчы вальерах дазваляе вырошчваць жывёл высокай трафейнай якасці і хутка праводзіць гарантаванае паляванне, якое па адчуваннях набліжаецца да падобнага палявання ў натуральных умовах. Часта вальернае развядзенне капытных жывёл носіць змешаны накірунак – трафейны і мясны. У 1997 годзе на тэрыторыі, што далучаецца да Нацыянальнага парка «Белавежская пушча», створана эксперыментальная лесапаляўнічая гаспадарка «Шэрашэўскае» на плошчы 10 672 га, у тым ліку 3500 га агароджана. Розніца паміж паляўнічымі вальерамі і фермамі не-прынцыповая. Вальерамі звычайна называюць вялікія па плошчы загоны з жывёламі, якія ўтрымліваюцца ў іх. Жывёлы самі здабываюць корм, а зімой атрымліваюць падкормку. На параўнальна невялікіх па плошчы фермах звяроў кормяць штучна круглы год. Калі шчыльнасць капытных высокая, тады нават на вялікай плошчы агароджанай тэрыторыі натуральная расліннасць хутка дэградуе, і жывёл патрабуецца падкормліваць увесь год. Вялікая шчыльнасць жывёл пераўтварае паркі ў фермы.
Неабходна адзначыць і негатыўныя бакі паўвольнага развядзення жывёл. Утрыманне пераважна двух-трох відаў дзікіх капытных на агароджанай тэрыторыі, якая займае сотні тысяч гектараў натуральных угоддзяў, не зусім пагадняецца з ідэяй захавання біялагічнай разнастайнасці. Аднак гэтая праблема вельмі дыскусійная, яна вырашаецца шляхам уцягненняў у зоакультуру большага ліку дзікіх відаў, а таксама спыненне практыкі адвода пад паркі буйных тэрыторый, што звычайна штурхае гэтыя прадпрыемствы на экстэнсіўны шлях развіцця.
Аналіз экалагічных, біялагічных, прадукцыйных і іншых уласцівасцей відаў, ацэнка іх адапцыённых здольнасцей, а таксама адпавяданне комплексу экалагічных умоў прыроднага асяроддзя ўласцівасцям жывёл дазволілі папярэдне адабраць для ўсялення ва ўгоддзі Беларусі, утрымання і развядзення рознымі спосабамі і з рознай мэтай наступныя віды: плямісты алень (Cervus Nippon Temmink, 1838), лань або даніель (Dama dama L., 1758), муфлон (Ovis ammon musimon Palas, 1811), лясны тарпан (Eguus gmelini), а дакладней, узноўлены «тарпанападобны» конь, і конь пржэвальскага (Eguus przewalski Pal., 1878).
Дата добавления: 2016-08-07; просмотров: 577;