Кароткая характарыстыка відаў для вальернага ўтрымання
У нашай краіне ў розныя часы рабіліся спробы ўсялення, утрымання і развядзення вышэй прыведзеных відаў (акрамя апошняга) як у вальерах, так і на волі. У апошнія 150 гадоў у Белавежскую пушчу неаднаразова завозілі ланей, муфлонаў і тарпанаў, а ў Налібоцкую – ланей. У 70–80-х гадах мінулага стагоддзя створана некалькі папуляцый плямістага аленя, якія ўтрымліваюцца ў невялікіх вальерах з мэтай атрымання пантаў.
Сярод сапраўдных аленяў плямісты выдзяляецца сярэднімі памерамі. Маса цела самцоў 118–130 кг, даўжыня цела 160–180 см, вышыня ў карку 95–115 см. Самкі значна лягчэшыя за самцоў (70–85 кг) і драбнешыя, даўжыня цела да 174 см. Асноўны тон афарбоўкі поўсці рыжы летам і шэра-буры зімой, на тулаве маюцца ланцужкі з чыста-белых плям. Рогі стройныя, прыгожыя, але невялікія, проста пабудаваныя, звычайна без кароны. Радзімай гэтага аленя з’яўляецца Усходняя Азія – ад Усурыйскага краю да Паўднёвага Кітая і Паўночнага В’етнама. Шырока рэакліматызаваны ў шматлікіх краінах свету, у тым ліку ў рэспубліках былога СССР. У 1963–1973 гадах расселена 1200 плямістых аленяў. Ён быў завезены ў запаведнікі і асобныя спецыялізаваныя паляўнічыя гаспадаркі. У большасці выпадкаў дасягнуў высокага ліку. Напрыклад, у Хапёрскім запаведніку з 27 асобін колькасць плямістых аленяў павялічылася да 1800 асобін. Палавой спеласці дасягае на другім годзе жыцця. Перыяд гону – з апошняй дэкады верасня да канца кастрычніка. Працягласць цяжарнасці каля 7,5 месяцаў. Характарызуецца высокай долей (90–95%) удзелу самак у размнажэнні. Калі добрыя кармавыя ўмовы, да 20% самак маюць двойні. Часцей ацёлы адбываюцца ў маі. Участкі пражывання аленяў, якія жывуць на волі па адным, рэдка перавышае 100–200 га, невялікага статка – каля 400 га, а буйнога – да 800–900 га. Склад кармавых раслін вельмі вялікі і налічвае каля 130 відаў. Плямісты алень непераборлівы да набору кармоў. Лёгка паддаецца прыручванню. Плямісты алень адносіцца да жывёл так званага паркавага тыпу. Аддае перавагу параўнальна мяккаму клімату, шырокалісцевым і мяшаным ігліцава-лісцевым лясам.
У Расіі ў сярэдзіне 50-х гадоў мінулага стагоддзя былі арганізаваны аленесаўгасы ў Прымор’і, у якіх колькасць плямістых аленяў дасягала 60 тыс. асобін. У апошнія дзесяцігоддзі незвычайна ўзрос інтарэс да плямістага аленя як фермерскай жывёлы. У Аўстраліі больш за 50 ферм, у Германіі плануецца павялічыць іх колькасць да 300. У Карэі 1430 ферм.
Па комплексе прыродных умоў практычна ўся Беларусь прыдатна для вальернага развядзення плямістага аленя, аднак перавагу неабходна аддаць паўднёва-заходняй і цэнтральнай часткам. Менавіта тут ўжо арганізавана некалькі ферм пры калгасах і лясгасах. Напрыклад, у Валожынскім лясгасе, у калгасе імя Горкага Пінскага раёна і ў іншых месцах.
У класічнай працы «Белавежская пушча» (1903) Георгій Карцаў паведамляе, што ў час правядзення царскага палявання ў 1860 годзе на штрэках з’явіліся лані, але адкуль яны ўзяліся, было невядома. Г. Карцаў меркаваў, што лані эмігрыравалі ў пушчу з арыстакратычных паркаў Польшчы, дзе захоўваўся традыцыйны звычай трымаць каля фальваркаў звярынцы. У наступныя гады ланей неаднаразова завозілі ў пушчу, ператрымлівалі ў спецыяльным звярынцы, а затым выпускалі на волю. У 1895 годзе ў пушчы ўжо налічвалася 740, у 1908 годзе – 1209, у 1914 годзе – 1488 (па іншым крыніцам каля 2000) ланей, але хутка яны, як і зубры, па вядомым прычынам (вайна, браканьерства, драпежнікі) былі цалкам знішчаны. У 1920 годзе ў пушчы лані адсутнічалі. Цікава, што адпаведна статуту Вялікага княства літоўскага за адстрэл лані ў чужым лесе накладаўся штраф у памеры «6 рублей грошай», што ў сучасных цэнах складае прыкладна 3600$ ЗША. Гэта гаворыць аб тым, што лань вадзілася ў Вялікім княстве літоўскім. Вопыт пушчы пераконвае ў тым, што лань можа быць новым і дастаткова масавым відам паляўнічай фауны Беларусі.
У 1932 годзе з Германіі і Аўстрыі на тэрыторыю Валожынскага і Івенецкага раёнаў завезена 8 ланей, якіх размясцілі ў вальеры. Вядома (Сержанин І.Н., 1961), што калі ў 1940 годзе тут быў арганізаваны Вялаўскі заказнік, то ўжо было 33 лані, але да 1947 года захавалася толькі 5 асобін, а ў 1949 годзе ўлічана 13. Іх далейшы лёс невядомы.
Еўрапейская лань – прыгожая, грацыёзная жывёла, у самцоў маюцца адносна магутныя арыгінальныя рогі, якія на вяршыне лапатападобна пашыраны. Радзіма – лані Сяродземнамор’е і – Малая Азія. Акліматызавана ў шматлікіх краінах. З даўніх часоў яе выкарыстоўваюць у якасці паркавай дэкаратыўнай жывёлы. Яна лёгка прыручаецца, вельмі не патрабавальная да корму, як і хатняя каза. Дарослыя самцы лані важаць да 100 кг, даўжыня цела да 140 см, вышыня ў карку 85–100 см. Самкі крыху лягчэшыя і меншыя, чым самцы.
Палавая спеласць надыходзіць на другім годзе жыцця. Гон пачынаецца ў канцы верасня, але ў асноўным праходзіць у кастрычніку. Цяжарнасць працягваецца 7,5–8 месяцаў. У маі самкі нараджаюць 1–2 дзіцяняты. У Белавежскай пушчы сярэднегадавы прырост мікрапапуляцыі, што жыве вольна, складае 23%, у асобныя гады 33%. Гэта высокія паказчыкі размнажэння.
Муфлоны насяляюць схілы гор у сваім натуральным арэале, які ахоплівае шэраг краін Сяродземнамор’я. Але ж акліматызаваны муфлон і ў раўнінных ландшафтах. Маса цела самцоў 40–50 кг, даўжыня цела да 115 см, вышыня ў карку каля 75–80 см. У самцоў маюцца прыгожа выгнутыя рогі цемна-карычневай афарбоўкі. Трафейныя якасці рагоў муфлона прыцягваюць паляўнічых. Мяса гэтай жывёлы цэніцца. Муфлон акліматызаваны ў шэрагу месцаў былога СССР, а таксама ў краінах заходняй Еўропы.
Палавой спеласці муфлон дасягае на другім, радзей на трэцім годзе жыцця. Перыяд гону: кастрычнік – лістапад. Праз 5 месяцаў самкі прыносяць 1–2 ягняты, якія нараджаюцца ў асноўным у красавіку. У цёплы перыяд года муфлоны ўжываюць у страву розныя віды траў, зімой – тонкія галінкі ядлоўцу, сасны, ліставых парод кустарнікаў, есць лішайнікі і мхі. Участкі пражывання муфлонаў невялікія – ад 300 да 500 га у летні перыяд, зімой жывёлы вядуць амаль аселы склад жыцця, пры гэтым ствараюць добра набітыя сцяжынкі. Таксама з вялікім пастаянствам муфлоны робяць лёжкі ў адных і тых жа месцах. Калі колькасць вялікая, ствараюцца буйные статкі.
Вопыт развядзення еўрапейскага муфлона ў Беларусі вельмі малы. Вядома, што ў 1968 годзе ў Белавежскую пушчу было завезена 12 муфлонаў. Нягледзячы на страты (6 асобін), у 1979 годзе мелася 20 муфлонаў. Яны ўтрымліваліся ў невялікім вальеры, зробленым на зубрагадавальніку ў Перароўскім лясніцтве. Аднак гэтым жывёлам не ўдзялялася неабходнай увагі.
Муфлон спалучае ў сабе якасці мясной і трафейнай жывёлы. Гэты від выкарыстоўваюць для вывядзення новых парод дамашніх авечак, з якімі ён лёгка крыжуецца і дае пладавітае патомства. Разводзяць муфлона ў многіх краінах, у тым ліку на Украіне і Літве. Па даным П. Блузмы (1990), у 1977 годзе з Чэхаславакіі было завезена 39 муфлонаў і размешчана ў вальеры. Там яны паспяхова размнажаліся. У 1989 годзе муфлоны ў загонах і на волі пражывалі ў васьмі раёнах агульнай колькасцю 140 асобін. Прыведзеныя даныя паказваюць прынцыповую магчымасць увядзення еўрапейскага муфлона як новага віда паляўнічых капытных жывёл у састаў тэрыафауны Беларусі.
Галоўным ворагам плямістых аленяў, ланей і муфлонаў з’яўляюцца ваўкі, народжаныя дзіцяняты могуць стаць ахвярай рысі, лісіцы, магчыма, і янотападобнага сабакі. Таму вольнае ўтрыманне гэтых відаў дапушчальна толькі ў выпадку знішчэння ваўкоў. У месцах іх сумеснага пражывання ваўкі інтэнсіўна харчуюцца гэтымі відамі, таму рост папуляцый спыняецца і пачынаецца раптоўнае памяншэнне колькасці.
У прыродзе існавала два віды тарпанаў. Паўднёварускі стэпавы тарпан (Equus g. gmelini), апошняя асобіна з вольнай папуляцыі была забіта ў 1879 годзе недалёка ад Асканіі-Нова, а ў няволі жарабец дажыў да 1918 года. Лясны тарпан (Equus gmelini silvaticus) насяляў Цэнтральную Еўропу, Беларусь і Літву. Апошняя жывёла з вольнай папуляцыі была забіта ў 1814 годзе, а апошні экзэмпляр з тых што ўтрымліваліся ў няволі, дажыў да 1919 года. Абодва віды тарпанаў адамашнены 5–6 тыс. гадоў назад і з’яўляюцца родапачынальнікамі хатніх коней.
Аб білялогіі вольных тарпанаў вельмі мала звестак, прычым амаль усе яны адносяцца да стэпавай формы. Яшчэ 150–200 гадоў назад паўднёваукраінскія стэпы ўяўлялі сабой суцэльнае мора кавылю, ціпчаку і іншых траў з участкамі па байраках зарасняў кустарнікаў. Гэтымі травамі тарпаны харчаваліся круглы год. Зімой адкопвалі іх з-пад снегу. Калі здараліся неспрыяльныя ўмовы, жывёлы шырока вандравалі па бязлюдных стэпавых прасторам. Жылі яны табунамі, важаком якога быў жарабец. Тарпаны адрозніваліся вынослівасцю, энергічнасцю, былі злымі і дзікімі, нават небяспечнымі для чалавека, у дарослым стане не паддаваліся прыручэнню.
Лясны тарпан лічыцца прыгнечанай формай стэпавага, знешне падобны на яго, але некалькі меньшы памерам, больш слабага, рыхлага целаскладу. Прычынай такіх змен з’ўляецца лес – іншае, чым стэп, места пражывання. У новых умовах аказаліся незапатрабаныя такія якасці, як стройнасць целаскладу і хуткасць руху, зоркасць, высокая сацыябельнасць і іншыя. Акрамя таго, важкую лепту ў фармаванне выгляду ляснога тарпана ўнёс грубы дрэўна-галінкавы корм.
Гісторыя аднаўлення сучаснага «тарпанападобнага» каня наступная. У сярэдзіне ХVIII стагоддзя рэшткі захаваўшыхся ў раёне Белавежскай пушчы тарпанаў былі злоўлены і размешчаны ў звярынцы графаў Замойскіх у Люблінскам воеводстве. У 1808 годзе коні звярынца разданы сялянам, якія выкарыстоўвалі іх у якасці цяглавай сілы на сельскагаспадарчых работах. Каля 130 гадоў тарпаны крыжаваліся з коньмі і ў іх нашчадкаў захаваліся знешнія прыкметы тарпанаў. У 1936–1937 гадах у Белавежскай пушчы на 29 га быў закладзены гадавальнік па аднаўленні тарпана. Прафесар Ветулані выкупіў ў сялян коней, якія па сваім выглядзе і афарбоўцы былі найбольш падобнымі на тарпанаў. У 1938 годзе ў звярынцы знаходзілася 19 кабыл і 4 жарабцы. Яны з’явіліся тым пачатковым племянным матэрыялам, з якога на працягу многіх гадоў шляхам выбракоўкі і селекцыі ўдалося аднавіць фенатып загінуўшага ляснога тарпана. Іх назвалі «польскія конікі». У Польшчы навуковыя работы з тарпанападобнымі коньмі праводзіліся ў Белавежскай пушчы, а затым былі працягнуты ў вопытнай гаспадарцы Інстытута генетыкі і жывёлагадоўлі Польскай акадэміі навук у Папельна. Гэты навуковы комплекс знаходзіцца на ўзбярэжжы Балтыйскага мора – самы суровы край Мазурскіх азёр. У 1987 годзе там налічвалася каля 130 коней, якія жылі на волі і толькі ў суровыя зімы іх падкормлівалі сенам. На волі коні хутка здзічэлі, па складу жыцця і асаблівасцям паводзін у вызначанай ступені сталі аднолькавымі з ляснымі тарпанамі.
У 60-х гадах мінулага стагоддзя з рэзервату Белавежа (Польшча) у беларускую частку пушчы было завезена некалькі «тарпанападобных» коней. У 1979 годзе іх колькасць склала 22 асобіны, якія ўтрымліваліся ў экскурсійным вальеры і ў вальеры на зубрагадавальніку. Нажаль, даследаванні і назіранні за гэтымі жывёламі не праводзіліся. Таму практычныя пытанні, што былі звязаныя з развядзеннем і выкарыстаннем адноўленых тарпанаў, неабходна пачынаць спачатку. Усіх «тарпанападобных» коней, за выключэннем некалькіх асобін, якія знаходзіліся ў экскурсіўным вальеры, здалі на мясакамбінат. Цяпер ў гадавальніку пушчы ўтрымліваецца некалькі тарпанаў для дэманстрацыйных мэт. Разам з эстэтычным і навуковым значэннем, развядзенне «тарпанападобных» коней можа мець немалаважны біяцэнатычны і практычны сэнс.
Конь Пржэвальскага – гэта асаблівы від коней, некаторыя сістэматыкі лічаць яго падвідам тарпана. Адкрыты ён зусім нядаўна – 128 гадоў таму ў 1878 годзе нашым земляком з Брэстчыны М. М. Пржэвальскім у пустынях Джунгарыі ў Кітаі. Дзікая папуляцыя, мабыць, ужо знікла, апошнія назіранні ў прыродзе адносяцца да 1969 года. Занесены ў Чырвоную кнігу МСАП. Разводзіцца ў многіх краінах, у Манголіі рэалізуецца праграма аднаўлення папуляцыі каня на волі. Маса цела да 300 кг, даўжыня цела да 230 см, вышыня ў карку да 130 см. Афарбоўка цела палевая або чырванавата-жоўтая, уздоўж хрыбта маецца вузкая цёмная паласа («рэмень»), жывот і скура морды святлейшая, канечнасці цёмныя. Лёгка адаптуецца да любых умоў, вельмі патрабавальны да кармоў. Ужывае ў страву розную травяністую, кустарнічкавую, хмызняковую і дрэўную расліннасць. На поўдні Украіны здаўна разводзяць гэтых коней у Нацыянальным парку «Асканія-Нова». У сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў 30-цікіламетровай зоне вакол Чарнобыльскай АЭС з боку Украіны было выпушчана некалькі коней Пржэвальскага. Нягледзячы на моцную забруджанасць гэтай тэрыторыі радыёнуклідамі, коні паспяхова размнажаліся, давалі нармальнае патомства і, згодна СМІ, іх колькасць дасягнула 60 асобін, якія жывуць двумя табунамі.
Як вальерны від дастаткова перспектыўны белахвосты алень. Вельмі пластычны від, які добра размнажаецца як на волі, так і ў вальерах. Напрыклад, у Фінляндыі яго вольнае пагалоўе пасля інтрадукцыі павялічылася да 30 тыс. і ён інтэнсіўна рассяляецца на поўнач і ўсход краіны. Выяснілася, что гэты звер мірна ўжываеца з ласём, канкурэнцыя паміж імі невысокая.
Плямісты алень Лань
Муфлон еўрапейскі Тарпан лясны
Конь Пржэвальскага
Рыс. 50 Віды інтрадуцэнты
У Беларусі маецца вопыт вальернага ўтрымання аленя высакароднага і дзіка, ў Нацыянальных парках «Белавежская пушча» і «Прыпяцкі», лані ў Лепельскім і Астравецкім лясгасах.
Дата добавления: 2016-08-07; просмотров: 1262;