Тэхналогія арганізацыі паляўнічага вальера

Для арганізацыі паляўнічага вальера папярэдне неабходна вывучыць законы «Аб жывёльным свеце», Лясны Кодэкс, Зямельны кодэкс, падатковую сістэму і зрабіць прыкладны бізнэс-план. Неабходна разлічыць затраты: на атрыманне ліцэнзіі, адвод і афармленне ўчастка, будаўніцтва агароджы, складскіх памяшканняў для захоўванння прадукцыі (мяса, скур, рагоў, сена, зерня і сакавітых кармоў), падкормачных пляцовак, назіральных вышак і дарог, на набыццё аўтамабіляў, трактараў, іншага сельскагаспадарчага інвентара, паліўна-мазачных матэрыялаў, халадзільнікаў і маразільнікаў, зброі, закупку племянных жывёл і іх перавозку, нарыхтоўку кармоў, ветэрынарнае забяспячэнне, камунальныя плацяжы, заработную плату персаналу.

Прыбыткі ад палявання, продажу скур, рагоў, жывых жывёл, дэманстрацый звяроў і мясцовых рарытэтаў турыстам, выкарыстанне паляўнічага доміка, пракат інвентару і інш. – складуць даходгаспадаркі. Параўнанне затрат і даходу пакажа калі паляўнічы вальер (парк) стане прыносіцьпрыбыткі.

Выбар відаў жывёл.Выбар відаў капытных залежыць ад шэрагу абставін: попыту на іх, фінансавых магчымасцей гаспадаркі, плошчы вальера, біялагічнай прадуцыйнасці жывёл, магчымасці іх набыцця і забяспячэння кормам.

У вялікіх па плошчы вальерах разам з традыцыйнымі фермерскімі відамі (высакародны і плямісты алені) лепш утрымліваць дзіка і казулю еўрапейскую, таму што яны маюць вялікі ўзнаўленчы патэнцыял. Гэтыя віды лягчэй за іншыя пераносяць перанаселенасць і калі добрае кармленне, выдатна размнажаюца нават пры высокай шчыльнасці. Кожная самка дзіка выкормлівае ў сярэднім каля 5 дзіцянят. Пладавітасць еўрапейскай казулі, якая хутка дасягае палавой спеласці, у два-тры разы большая, чым у плямістага і высакароднага аленяў (адпаведна 150–200 дзіцянят на 100 самак і 30–60, а калі вельмі добры дагляд, 80–90 цялят).

Паблізу буйных гарадоў і ў раёнах развітага турызму мэтазгодны шматвідавыя паляўніча-экалагічныя паркі, якія ўключаюць еўрапейскую казулю, высокароднага і плямістага аленяў, лань, еўрапейскага муфлона, лася і дзіка. Аднак у гэтым выпадку ў выніку жорсткай канкурэнцыі пладавітасць асобных відаў і захаванасць дзіцянят будзе ніжэй.

Найбольш даходная комплексная гаспадарка, у якой, разам з капытнымі, разводзяць паляўнічых і рэдкіх птушак, страусаў, суркоў і барсукоў, зайцаў або кролікаў «пад стрэл», спалучаючы ўсё гэта з сажалкавым або рачным рыбаводствам, а таксама з перапрацоўкай грыбоў і ягад, сабраных мясцовым насельніцтвам.

У адпаведнасці з выбраным накірункам шукаюць падыходзячыя зямельныя і лясныя ўчасткі.

Выбар і памеры ўчастка. Як паказвае замежны вопыт, памеры агароджаных участкаў бываюць розныя – ад 2 да 5000 га. Мінімальныя яны ў Заходней Еўропе – каля 5 га. Чым большая тэрыторыя, тым больш капытных яна можа ўмясціць і тым больш натуральнымі будуць паляванне або назіранні турыстаў за жывёламі. У вялікіх вальерах умовы жыцця звяроў максімальна набліжаны да прыродных, і яны лепш размнажаюцца і захоўваюцца. Фермы плошчай у некалькі гектараў, асабліва размешчаныя ў нізкіх месцах, праз некалькі гадоў пераўтвараюцца ў скацінныя двары, на якіх няма расліннасці, з мноствам гразі пасля дажджоў, а кармы жывёлам прыходзіцца завозіць кожны дзень, што значна павялічвае працаёмістасць. Буйныя вальеры заўсёды больш рэнтабельныя за дробныя.

У нашых умовах рэальна агароджваць участкі ад сотняў да тысячы гектараў. Але агароджы стануць перашкодай для вольных звяроў, а таксама людзей, што наведваюць лес. На шляху міграцый жывёл не павінны будавацца агароджы. Гэта адлюстравана ў Законе РБ «Аб жывёльным свеце» (2007). Участак разам з лясным ядром (сховішча, корм, абарона ад ветру, сцюжы) павінен уключаць каля 30% палян, на якіх можна вырошчваць дадатковы корм для жывёл. Унутры вальеры абавязкова павінна быць водная крыніца, пажадана ручэй з праточнай вадой, якая не замярзае зімой.

Немалаважная ўмова – блізкасць населеннага пункта. У вальеры неабходны егеры, даглядчыкі за жывёламі і іншы персанал.

Паляўнічыя вальеры неабходна размяшчаць непадалёку ад буйных гарадоў (да 100 км). У гэтым выпадку прыток паляўнічых і экатурыстаў будзе большы. Блізкасць горада дазваляе аператыўна ажыцяўляць пастаўку свежай дзічыны спажыўцам.

Агароджванне і абсталяванне участка. Драўляныя агароджы недаўгавечныя, а збудаванне патрабуе шмат выдаткаў. Звычайна ўчастак агароджваюць 2,5–3-метровай сеткай без заглыблення ў зямлю, але без прасветаў знізу, якія могуць выкарыстаць ваўкі і сабакі. Металічныя (або жалезабетонныя) слупы ставяць з знешняга боку сеткі праз 3,5–4 м. Як паказвае практыка дзіка ўтрымлівае буйнаячэістая (10 × 10 см) тоўстасценная сетка вышынёй 1,2–1,5 м. Лось і алені часта пераадольваюць 2,5-мятровы бар’ер. У мэтах эканоміі 2-хмятровую сетчатую агароджу можна нарасціць двумя-трыма паралельнымі дратамі або жэрдкамі. Сетку лепш мацаваць да пражылін, што робіць агароджу больш трывалай і больш заўважнай для капытных. Вароты ставяць з такім разлікам, каб у іх свабодна ўязджалі трактары або грузавыя машыны з сенам.

Агароджу лепш размяшчаць у лясу ў хмызняку. У гэтым выпадку яна будзе менш заўважная для чалавека, што стварае для паляўнічых ілюзію жыцця звяроў у натуры. Унутры вальера абсталёўваюць падкормачныя пляцоўкі, сіласныя траншэі, гліняныя салянцы (альбо выкладваюць соль-лізунец), у неабходных выпадках ствараюць штучныя сховішчы (навесы, адрыны, у якіх звяры хаваюцца ў непагадзь і ратуюцца ад насякомых, што дакучаюць ім), будуюць сістэму лавушак, што неабходна для жывалаўлення на продаж і з ветэрынарнымі мэтамі, ставяць рознамэтавыя або універсальныя вышкі. Звонку агароджы ўстройваюць лавушкі для бадзяжных сабак.

Дзікі для будавання «гнёздаў» ахвотна выкарыстоўваюць ніжнія галіны маладых елак, якія з цягам часу ў вальерах будуць цалкам адгрызены. Таму штогод восенню неабходна нарыхтоўваць яловый лапнік звонку вальеры і затым размяшчаць яго ўнутры на старых лёжках у густых лясных або хмызняковых участках.

Забяспячэнне жывёл кормам.У вальерах да завозу жывёл неабходна стварыць кармавыя палі з шматгадовых культур: люцэрны, тапінамбура, канюшыны. Віка-гарохава-аўсяная сумесь, соя, рапс, якія маюць высокія кармавыя ўласцівасці, прыдзецца высяваць, калі колькасць жывёл значна ўзрасце. Кармавыя палі, ураджай з якіх збіраецца і захоўваецца ў складах, ствараюцца за межамі вальера. Зернефураж захоўваецца ў бункерах, недасягальных для грызуноў, сена – у стагах, сакавітыя кармы – у склепах, сілас і сенаж – у траншэях. Непадалёку абсталёўваюцца падкормачныя пляцоўкі. Такое размяшчэнне значна паніжае затраты працы і транспартныя выдаткі.

Лепшы корм для капытных – зялёны на корані, а таксама сенаж і сілас. Пантавае аленеводства гэта пацверджвае высокай пладавітасцю самак і якасцю рагоў самцоў. Камбікорм, вотруб’е, жмыхі і шрот вельмі патрэбны капытным і з’ядаюцца імі вельмі ахвотна ў вялікай колькасці, што часта выклікае закупорку стрававода, спыненню жвачкі і адрыжкі, уздуццю рубца і гібелі звяроў. Таму рэкамендуецца гэтыя кармы даваць невялікімі порцыямі, пры гэтым добра намачыць іх вадой, альбо ў сумясі з аб’ёмістымі кармамі (сіласам, травяной мукой, сянной сечкай, караняплодамі). Уздуцце рубца магчыма пры кармленні аленяў капустай, бацвіннем кораняклубнеплодаў, ячменю. У вільготную страву карысна дабаўляць костную муку, гэта спрыяе росту рагоў. Для дзіка якасным прадуктам, акрамя сіласа і зернефуражу, аказаліся грануляваны камбікорм, а таксама не-абмалочаныя стажкі пшаніцы, аўсу або зерневых і зернебабовых сумясей.

Эканомія на кармах прывядзе да паніжэння пладавітасці самак, масы цела і рагоў. У алтайскіх маральніках эксперыментальна ўстаноўлена, што пры добрым кармленні амаль усе палаваспелыя самкі становяцца цяжарнымі, а калі дрэнныя пашавыя ўмовы – менш 40%. У сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя тут з прычыны дрэннага догляду штогод гінула да 10–12% пагалоўя і атрымлівалі ўсяго 33 цяляці на 100 самак, а ў тысячных статках Новай Зеландыі – 95 цялят пры ўтрыманні на аднаго самца 30–50 самак. У аленесаўгасах Прымор’я пры хранічным недакорме плямістых аленяў прыплод на 100 самак не перавышаў 30% (пры добрым даглядзе гэты паказчык дасягае 87%), гон расцягваўся да студзеня, у выніку чаго з’яўляліся познанароджаныя цяляты, рэзка павялічваўся адыход аслабленных сяголеткаў зімой, а маладыя самцы ўступалі ў размнажэнне са спазненнем на адзін-два гады.

Дазвол на завоз жывёл. На завоз жывёл з іншых мясцін неабходна атрымаць дазвол тэрытарыяльных або мясцовых ветэрынарных органаў.

Набыццё племянных жывёл.Гэта можна зрабіць як унутры краіны, так і ў бліжнім замежжы (Польшча, Літва, Украіна). Аленя высакароднага, дзіка, казулю могуць прапанаваць нацыянальныя паркі і паляўнічыя гаспадаркі, дзе высокая шчыльнасць гэтых жывёл. Еўрапейскі муфлон, плямісты алень, тарпанападобны конь і лань могуць быць набыты за мяжой. Кошт племянных жывёл высокі. Таму ўмовы перавозкі павінны быць правільна арганізаванымі. Працяглая перавозка жывёл адмоўна ўплывае на стан іх здароўя.

Памер рэпрадуцыйнага статка і магчымы ўраджай. Празмерная шчыльнасць жывёл у паляўнічых вальерах, як і ў прыродзе, недапушчальная. Пажадана, каб на 1 звера прыходзілася не менш 1–5 га угоддзяў (у залежнасці ад віду капытных і мноства натуральных і штучных кармоў). У загоне плошчаю 1000 га з дадатковай падкормкай можна ўтрымліваць рэпрадуктыўны статак казуль (500 галоў) або 200 дзікоў і аленяў (пры добрым кармленні ў некаторых паляўнічых вальерах на падобнай плошчы ўтрымліваюць да 500–600 аленяў). Пры суадносінах самцоў і самак сібірскай або еўрапейскай казулі 1 : 3–5 пагалоўе можа падвойвацца штогод, а статак дзікоў пры суадноінах палоў 17 : 10 павялічваецца ў некалькі разоў. Падваенне статка аленяў магчыма праз кожныя два-тры гады. На такой тэрыторыі рэальна штогод адстрэльваць некалькі сотняў сяголеткаў казуль або дзікоў і каля дзесятка самцоў на трафей. Калі асноўны даход будзе прыносіць трафейнае паляванне, то ў гэтым выпадку суадносіны палоў у статку мэтазгодна падтрымліваць на ўзроўні блізкім да 1 : 1–2.

Ветэрынарна-прафілактычнае забеспячэнне.Рэгулярныя ветэрынарна-прафілактычныя мерапрыемствы – адна з асноўных умоў паспяховай работы з капытнымі ў вальерах, і на гэтым нельга эканоміць. Зааветэрынарныя правілы неабходна ведаць і выконваць.

Дэгельмінтызацыя і вакцынацыя жывёл абавязковы. Пры наяўнасці вельмі эфектыўных прэпаратаў, большасць з якіх можна даваць з кормам, дадзеная працэдура нескладаная, і яе часцей за ўсё ажыццяўляе сам фермер пасля кансультацый з ветэрынарамі. Абавязкова і ізаляцыя, і ветэрынарнае даследаванне захварэўшых асобін.

Часцей за ўсё у штодзённай практыцы фермеры сутыкаюцца з праблемай траўм самцоў у час гону або атрыманых жывёламі пры панічных уцёках, а таксама з уздуццем рубцоў і хваробамі органаў дыхання, калі не хапае зімовых сховішчаў. Папярэдзіць траўматызм складана. Пераломы і вывіхі шыйных хрыбетак звычайна смяротныя. Жывёлы з адкрытымі пераломамі таксама выбракоўваюцца. Закрытыя пераломы, нават канечнасцей, зрастаюцца, калі звяроў не турбаваць два тыдні. Пры прыкметах цімпаніі жывёл прымушаюць рухацца лёгкай рыссю. Кармленне капытных заплясневелымі і загніўшымі канцэнтратамі і недахоп пратэіна і мінеральных рэчываў развіваюць цяжкія формы гастэраэнтэрыта, што прыводзіць да гібелі жывёл. Каб выявіць прычыну смерці, неабходна ў ветэрынарнай лабараторыі зрабіць аналіз кармоў, кала і асобных органаў жывёл. Тут можна атрымаць і саветы па лячэнні капытных.

Праблемы інбрыдзінга. Не патрэбна забываць пра інбрыдзінг (блізкароднае крыжаванне) і магчымасці змяненняў генафонду і выраджэння малалікага замкнутага статка. Дапушчальны ліміт інбрыдзінгу ў адным пакаленні – 1%. Пры больш высокім узроўні неспрыяльныя гены фіксуюцца вельмі хутка, і адбор не паспявае іх элімінаваць. Для папярэджання інбрыдзінгу жадана мець эфектыўную колькасць часткі статка, якая размнажаецца, 200–300 асобін, якія вядуць сваё паходжанне не менш чым ад 20 асобін-заснавальнікаў. Дадзеная праблема часткова вырашаецца перыядычным папаўненнем фермы новымі самцамі ў выніку абмена жывёламі з іншых ферм і селекцыяй. Аднак галоўная прычына дэградацыі статкаў часцей за ўсё з’яўляецца не інбрыдзінг, а недахоп кармоў і вады.

Селекцыя. На фермах селекцыйны адбор павінен быць круглы год. Абавязковай элімінацыі патрабуюць познанароджаныя і слабыя сяголеткі, асобіны з прыкметамі хвароб, самцы са слаба развітымі і ўродлівымі рагамі і з нетыпічнай афарбоўкай. Не лішнім будзе выбракоўка познанароджаных самак, якія адрозніваюцца запаздалай лінькай, і старых звяроў. На племя пакідаюцца толькі самыя буйныя асобіны і самцы з магутнымі рагамі і ікламі.

Выкармліванне дзіцянят. Уладальнікі вальер амаль заўсёды сутыкаюцца з неабходнасцю выкармлівання асобных дзіцянят, пакінутых бацькамі або асірацелых. Гэты занятак надта працаёмкі, але вельмі карысны: прыручаных жывёл можна дэманстраваць турыстам, якім назіранне за імі дастаўляе вялікае задавальненне. Для штучнага кармлення аленянят і казулянят прыгодны сухія малочныя сумесі, што прымяняюцца ў жывёлагадоўлі для выпойвання цялят і ягнят. Кансультацыі па іх прымяненні заўсёды можна атрымаць у заатэхнікаў. Можна таксама выкарыстоўваць сумесь каровінага малака з аўсяным адварам у суадносінах 1 : 1, казінае малако, або каровінае малако з дабаўленнем кіпячонай вады (каля 100 г на 1 л). У час кармлення аленянятам неабходна масіраваць вобласць пупка і задняга праходу, што спрыяе апаражненню кішэчніка. У выпадку з’яўлення прыкмет энтэрыту іх пояць моцным чаем або слабым адварам дубовай кары. Выкармліванне дзічкоў нагадвае выкармліванне парасят хатняй свінні.

Барацьба з драпежнікамі. У час моцнага ветру ўпаўшыя дрэвы разбураюць агароджу, і праз праломы могуць пралезці сабакі і ваўкі. Зрэдку драпежнікі робяць лазы пад сеткай або праходзяць унутр агароджы, карыстаючыся намеценымі сугробамі снегу. Асаблівую пагрозу для дробных капытных у вальерах уяўляе рысь, для якой агароджа з сеткі не з’яўляецца сур’ёзнай перашкодай. Калі драпежнікі ў вальеры, то іх патрэбна як мага хутчэй знішчыць.

Меры бяспекі. У перыяд гону ўсе самцы капытных уяўляюць небяспеку для людзей. Асобныя самцы казуль агрэсіўныя з мая да верасня. У гэты перыяд неабходна праяўляць максімальную асцярожнасць, а ў самых агрэсіўных звяроў спільваць рогі.

Паляўнічая эксплуатацыя капытных. Прынцыпы і метады эксплуатацыі капытных у вялікіх па плошчы вальерах амаль ткія ж як і ў прыродзе: магчыма паляванне з вышак, з падыходу, з сабакай і нават загоннае. У вальерах, што знаходзяцца паблізу населенных пунктаў, адстрэл капытных у мэтах бяспекі людзей праводзіцца толькі з вышак.

Перапрацоўка, захоўванне і рэалізацыя жывёльнай сыравіны. Акрамя атрымання трафея і мяса існуе магчымасць выгаднай рэалізацыі на рынку дадатковай жывёльнай сыравіны: пантаў ад усіх відаў аленяў, казуль і лася, скінутых акасцянелых рагоў, скур, поўсці, тлушчу, капыт, костак, субпрадуктаў, крыві, хвастоў, пенісаў, семеннікоў, сухажылля, зародкаў, органаў унутранай сакрэцыі, жоўці дзікоў. Працэс кансервавання і перапрацоўкі жывёльнай сыравіны і захоўвання прадукцыі апісаны ў шматлікіх практычных дапаможніках па аленегадоўлі, якія можна знайсці ў сельскагаспадарчых бібліятэках. Не лішкавай будзе арганізацыя сваёй вытворчасці экалагічна чыстай мясной прадукцыі: вяндліны, каўбас, кансерваў, паштэтаў, а таксама продажу сувенірнай прадукцыі свайго вырабу: дэкаратыўных рагоў, рукаятак для нажоў, медальёнаў, кулонаў, запінак, бус з аленевых рагоў, разцёртага парашку з іх, спіртавых настояў з пантаў і хваставых залоз, дываноў са скур, каляровых фота жывёл і г. д.

 








Дата добавления: 2016-08-07; просмотров: 491;


Поиск по сайту:

При помощи поиска вы сможете найти нужную вам информацию.

Поделитесь с друзьями:

Если вам перенёс пользу информационный материал, или помог в учебе – поделитесь этим сайтом с друзьями и знакомыми.
helpiks.org - Хелпикс.Орг - 2014-2024 год. Материал сайта представляется для ознакомительного и учебного использования. | Поддержка
Генерация страницы за: 0.012 сек.