Абмежаванне шкоднага ўплыву звяроў на лес

Вядзенне лясной гаспадаркі сутыкаецца з неабходнасцю абмежавання негатыўнага ўздзеяння звяроў на лес. Фактычна гэта азначае не дазволіць жывёлам, якія празмерна размножыліся, з’есці расліны, іх часткі або насенне. Існуюць наступныя метады абмежавання шкоднага ўплыву звяроў на лес: хімічны, механічны, біялагічны, арганізацыйна-гаспадарчы і камбінаваны.

Хімічны метад заснаваны на ўздзеянні на жывую істоту праз стрававальны тракт або органы нюху. Ужываючы атручаную страву, звяркі гінуць. У другім выпадку звер, абнюхаўшы расліну, не чапае яе, бо хімічнае рэчыва, якім апрацаваны фітацэноз, робіць яе непрыдатнай да ўжывання ў страву. Калі размова ідзе пра дробных мышападобных грызуноў, то прапануецца рэгуляванне іх колькасці ў асноўным метадамі знішчальнага характару. Добрыя вынікі даюць атручаныя прыманкі з сланечніку, пшаніцы, аўсу, жыта з канцэнтрацыяй яду 6-8%. Каб прыманкі не з’елі птушкі, іх кладуць ў норы і іншыя натуральныя ўкрыцці на абароненых участках і вакол іх.

У якасці адпуджвальных сродкаў прымяняюць рэчывы натуральнага паходжання і некаторыя дазволеныя да прымянення, сінтэтычныя хімічныя злучэнні. Рэчывы з непрыемным для дзікіх жывёл пахам або іншымі ўласцівасцямі, якія адпуджваюць іх, наносяць на расліны або на кавалкі губкі, замацаваныя на слупках. Шэрагі слупкоў размяшчаюць на адлегласці 5–10 м адзін ад аднаго. Інтэрвалы паміж слупкамі ўнутры шэрагаў таксама складаюць 5–10 м. У якасці адпуджвальных сродкаў прымяняюць кроў сельскагаспадарчых жывёл. Яе выкарыстоўваюць у чыстым выглядзе і ў сумесі з іншымі кампанентамі, напрыклад каровіным памётам. Даволі часта выкарыстоўваюць абмазку з гліны, каровінага памёту і вапны (суадносіны 1:1:2). У гэтую сумесь дабаўляюць крэалін, лізоль. Эфектыўная таксама абмазка дрэў дзёгцем з рознымі дабаўкамі. Для адпуджвання зайцоў ад лясных пасадак выкарыстоўваюць наступныя сумесі: 5 кг мыла, 300 г алею, 300 г тэхнічнага скіпідару, 250 г нафталіну, 150 г купаросу, 15 л вады ( на 1000 дрэў). Усе кампаненты раствараюць у асобных порцыях гарачай вады. Сумесь выкарыстоўваюць ў дзень прыгатавання.

Механічны метад мае некалькі кірункаў. Сюды аднесены розныя спосабы адлову шкодных звяркоў механічнымі лавушкамі разнастайных кантрукцый або стварэнне лоўчых канаў вакол абароненых участкаў (напрыклад, вакол засеянага поля на гадавальніку). Апрацоўка глебы парушае сістэму нор, якая склалася на палях гадавальніка або лесакультурнай плошчы, і фізічна знішчае частку мышападобных звяркоў. Якасная закладка насення ў глебу, ушчыльненне глебы пасля пасеву каткамі замаруджвае доступ звяркоў да насення. Выкошванне травы памяншае таксама іх колькасць.

Агароджванне выкарыстоўваецца для аховы лясных гадавальнікаў і невялікіх учаcткаў асабліва каштоўных фітацэнозаў. Найбольшае пашырэнне маюць агароджы са стальнога дроту, нацягнутага на драўляныя слупы пры дапамозе цвікоў. Розныя тыпы гэтых агароджаў адрозніваюцца, галоўным чынам, частатой размяшчэння слупоў. Для засцярогі раптоўнага сутыкнення ласёў з практычна не бачнай агароджай прымяняюць агароджу з дроту і жэрдак. Гэтыя агароджы эфектыўныя супраць ласёў, але не выключаюць пранікненне казуль на ахоўны ўчастак. Каб пазбегнуць такога недахопу працягваюць 3 рады дроту ў ніжняй частцы агароджы праз 10 см ад зямлі. Могуць быць і іншыя канструкцыі агародж.

Існуе шмат спосабаў механічнай абароны асобных дрэў. Іх абвязваюць паперай, шкляной ватай, сінтэтычнай плёнкай, спіральнай дротавай сеткай і г. д. Для абвязкі выкарыстоўваюць раслінныя матэрыялы – сухі трыснёг, пухаўку, лапнік елкі, лыка і берасту. Не рэкамендуецца ўжываць для гэтай мэты салому і паклю, бо яны прыцягваюць мышэй. Асобныя саджанцы і маладыя дрэўцы памяшчаюць унутр конусападобных шалашыкаў з сухіх галінак сасны. Каля маленькіх саджанцаў і сеянцаў утыкаюць сухія галіны елкі і сасны. У лесаводчай практыцы даволі шырока прымяняецца пашкоджанне кары на ствалах дрэў для стварэння на іх «мазалёў» – рубцоў і наплываў. Капытныя не абдзіраюць кару на такіх дрэвах. Штучнае пашкоджанне ствалоў робяць спецыяльнымі скрабкамі і шчыпцамі.

Біялагічны метад заснаваны на ўзаемадзеянні паміж відамі жывёл. Сюды адносіцца прыцягненне драпежных птушак, якія харчуюцца мышападобнымі грызунамі, з дапамогай штучных гняздоўяў. Стварэнне спрыяльных умоў для засялення лясных участкаў гарнастаем, ласкай, лісіцай. Гэтыя звяры таксама з’ядаюць шмат грызуноў.

Арганізацыйна-гаспадарчы метад. Асноўная ўмова прадухілення страт, якія прыносяць фітацэнозам паляўнічыя жывёлы, дасягаецца праз рэгуляванне колькасці апошніх з мэтай падтрымання яе на аптымальным узроўні.

Асаблівае значэнне пры стварэнні лясных культур набывае пытанне вызначэння колькасці пасадачных месцаў на 1 га, ад чаго залежыць іх гушчыня і ш выніку, зберажэнне ад пашкоджання капытнымі. Схемы пасадкі культур з лікам пасадачных месцаў 4–6 тысяч на 1 га на тэрыторыі паляўнічых гаспадарак з высокай шчыльнасцю лася і іншых капытных прымяняць не рэкамендуецца. Зрэджаныя лясныя культуры моцна пашкоджваюцца жывёламі. Адзін з дзейсных спосабаў захавання культур ад патравы – іх загушчанасць. Колькасць пасадачных месцаў для вырошчвання такіх фітацэнозаў павінна складаць каля 10 тысяч на 1 га. Вялікая колькасць сеянцаў і ўзыходаў забяспечвае больш ранняе змыканне крон, дзякуючы чаму скарачаецца час магчымага пашкоджання культур капытнымі, бо пасля змыкання крон звяры заходзяць у іх неахвотна. У сувязі з тым, што ўчасткі культур меншыя за 0,5 га часцей пашкоджваюцца жывёламі, стварэнне культур на большых плошчах будзе спрыяць іх жыццястойкасці. Спраўджвае сябе на практыцы спосаб абароны сасновых і дубовых культур з дапамогай ахоўнага бар’ера (шырынёй 4-6 м) з культур елкі высокай самкнутасці. Дзе дазваляюць лесараслінныя ўмовы, рэкамендуецца ствараць культуры ў складзе 7С3Е–8С2Е.

Камбінаваны метад прадугледжвае спалучэнне апісаных вышэй метадаў (агароджванне і апрацоўка рэпелентамі, стварэнне штучных кармавых палёў, лесагаспадарчыя прыёмы).

 

 








Дата добавления: 2016-08-07; просмотров: 564;


Поиск по сайту:

При помощи поиска вы сможете найти нужную вам информацию.

Поделитесь с друзьями:

Если вам перенёс пользу информационный материал, или помог в учебе – поделитесь этим сайтом с друзьями и знакомыми.
helpiks.org - Хелпикс.Орг - 2014-2024 год. Материал сайта представляется для ознакомительного и учебного использования. | Поддержка
Генерация страницы за: 0.005 сек.