Пашкоджанне вегетатыўных частак раслін
Уздзеянне звяроў на пладаноскасць і натуральнае
Знаўленне лесу
Звяры – частка лясной экасістэмы, яе кампанент, які знаходзіцца ў цеснай залежнасці і ўзаемадзеянні с іншымі кампанентамі. У гэтым плане важна разгледзець, якім чынам ажыццяўляецца такое ўзаемадзеянне, яго станоўчыя і адмоўныя бакі з пункту гледжання лесавода, які імкнецца прагматычна выкарыстоўваць лясную экасістэму. Таму важна вызначыць, як уплываюць звяры на пладаноскасць, натуральнае і штучнае ўзнаўленне лесу, жывое наглебавае покрыва, лясны подсціл, адзін від на другі.
Многія звяры ядуць насенне і плады розных дрэў і хмызнякоў, у тым ліку каштоўных у лесагаспадарчых адносінах: сасны, елкі, дуба. Да ліку відаў, якія інтэнсіўна знішчаюць насенне дрэў і хмызнякоў, адносяцца вавёрка, мышы, буразубкі. Вавёрка зімой часта «стрыжэ» мноства канцавых парасткаў елкі і выгрызае з іх кветкавыя почкі. Пад дрэвамі, дзе яна корміцца можна, знайсці да 500 парасткаў, на кожным з якіх было па 6–7 почак. Гэта абявазкова сказваецца на будучым ураджаі шышак і насення. Вавёрка, каб наесціся, у суткі разгрызае каля 30 яловых або да 200 сасновых шышак і дастае насенне. Частка насення губляецца на лясны подсціл, глебу. Тут іх знаходзяць і ядуць дробныя грызуны. Лік насення елкі, якое з’ядае лясная мыш за суткі, складае ад 400 да 1500 шт.
Улічваючы высокую колькасць грызуноў у лесе і іх пражорлівасць, можна ўявіць тую велізарную колькасць насення, якое ўжо не прарасце. Жалуды таксама ахвотна паядаюцца мышамі. У суткі адна мыш спажывае каля 4 жалудоў. У літаратуры маецца інфармацыя пра тое, што пара жаўтагорлых мышэй за ноч заносіла ў норы ад 25 да 180 жалудоў. Былі знойдзены іх запасы, якія дасягалі 30 кг. У пераліку на жалуды гэта 860 ш. У гады невысокіх ураджаяў у дубровах такое дзеянне мышэй істотна падрывае магчымасць узнаўляльнага працэсу. У найбольшай ступені ад мышэй пакутуюць ураджаі жалудоў, арэхаў арэшніку і арэшкаў ліпы.
Адчувальны ўрон запасам насення могуць нанесці капытныя – дзікі, алені. Напрыклад, страўнік дзіка ўмяшчае каля 3 кг страўнай масы, што складае амаль 1000 жалудоў. А жыраваць дзікі выходзяць практычна кожную ноч і часта чародамі.
Такім чынам, прыведзеная інфармацыя сведчыць пра пэўную адмоўную ролю звяроў у працэсе ўзнаўлення лесу. Аднак маецца інфармацыя, якая сведчыць пра адваротнае. Так, батанікі выдзяляюць групу раслін – заахораў, тых што рассяляюцца рознымі жывёламі. У тым выпадку, калі запасы, зробленыя грызунамі, апынуцца забытымі, насенне прарасце. Насенне можа разносіцца ў страваварыльным канале звяроў, трапляючы затым на зямлю з экскрэментамі і не губляючы пры гэтым сваёй узыходжасці. Дастаткова шмат насення рабіны сустракаецца ў памёце мядзведзя, часта не пераварваецца насенне яблыні, грушы, плады якіх з’ела куніца.
Многія лясныя звяры энергічна рыюцца ў лясным подсціле ў пошуках стравы або матэрыялу для будоўлі гнёздаў. У дубровах і іншых лясных фармацыях можна сустрэць участкі ў сотні квадратных метраў, на якіх подсціл і верхні слой глебы парытыя дзіком. У ходзе гэтага ўздзеяння дзікі ўтоптваюць у глебу частку жалудоў, чым садзейнічаюць іх прарастанню і ўкараненню. На мінеральную глебу налятае насенне іншых раслін і больш паспяхова прарастае, чым у выпадках, калі яно трапляе ў подсціл.
Лясны подсціл пранізаны лабірынтамі хадоў кратоў, палёвак, мышэй і землярыек – гэта садзейнічае яе аэрацыі і мінералізацыі, лепшаму паглынанню атмасферных ападкаў. Перарытая звяркамі глеба набывае гарахаватую і дробнаарэхаватую структуру. Дзякуючы разгалінаванай сістэме хадоў, глеба добра забяспечваецца паветрам і вільгаццю, што садзейнічае трансфармацыі, а рэшткі стравы, якія заносяцца ў норы, экскрэменты, што застаюцца там, і трупы саміх жывёл абагачаюць глебу арганічнымі рэчывамі і ў выніку павышаюць яе ўрадлівасць.
Пашкоджанне вегетатыўных частак раслін
Пасля прарастання насення ўтвараецца маладая расліна, якая таксама падвяргаецца небяспецы з боку звяроў. Першапачаткова вялікую шкоду самасеву прычыняюць розныя віды палёвак, якія харчуюцца вегетатыўнымі часткамі раслін. Жаўтагорлыя мышы ахвотна ядуць усходы дуба, ліпы, клёна востралістага. Па меры росту дрэў іх, акрамя грызуноў, пачынаюць шкодзіць зайцы і капытныя, якія з’ядаюць парасткі, абгрызаюць кару. Калі вялікая шчыльнасць беляка, можа назірацца тармажэнне ў росце лісцевых дрэў. Так, шматразовае абкусванне парасткаў дуба, выклікае яго кушчэнне. Ярка выражаны дендрафаг – лось у зімовы час прыносіць адчувальную страту сасновым маладнякам, бо абгрызае кару, бакавыя і цэнтральныя парасткі, што прыводзіць да гібелі сасёнак. Маецца дастаткова прыкладаў гібелі ўчасткаў сасновых маладнякоў. Часцей за ўсё ад лася пакутуе малады падрост сасны, асіны, а затым бярозы, лазы, дубу. Там дзе на аднаго лася прыходзіцца больш 25 га маладнякоў, шкода ад іх мала адчувальная. Даследнікамі ўстаноўлена, што капытныя, у прыватнасці лось, аказваюць ўдзеянне на маладнякі як знішчэннем якой-небудзь колькасці парасткаў, так і зніжэннем інтэнсіўнасці фотасінтэзу і падзеннем прыросту ў вышыню і па дыяметры. Як паказалі назіранні замежных лесаводаў, моцнае пашкоджанне дубовых маладнякоў капытнымі затрымлівае прырост дрэў на 5 гадоў, што ў далейшым выклікае страты драўніны.
Ад зайцоў-шаракоў мацней за ўсё пакутуюць сады, гадавальнікі і дрэвавыя і хмызняковыя пасадкі. Неаднаразовае абкусванне выклікае няправільнае кушчэнне дубкоў, яны робяцца крывымі і ў большасці гінуць.
Дата добавления: 2016-08-07; просмотров: 510;