Экалагічныя групоўкі птушак
Аднатыповасць агульнай арганізацыі птушак неабходна разумець толькі ў самым шырокім сэнсе слова. У выніку розніцы складу жыцця – спосабу руху, характару стравы і прыёмаў яе здабычы, што ў сваю чаргу вызначылася неаднароднасцю асяроддзя і розніцай умоў, у якіх праходзіла эвалюцыя асобных груп і відаў, – птушкі ў цэлым вельмі разнастайныя.
Прыроднае асяроддзе даволі багатае– лясы перамяжаюцца з палямі, сенажацямі, балотамі, азёрамі і лугамі. У адносінах да птушак гэтыя землі валодаюць рознымі ўласцівасцямі з пункту гледжання кормнасці, ахоўнасці і гнездабудавання – гэта значыць фармуюць розныя экалагічныя ўмовы існавання птушак.
На працягу эвалюцыі кожны від, які ўзнікаў, займаў тую або іншую экалагічную нішу – прастору, дзе працякала яго жыццё ва ўзаемадзеянні з кампанентамі экасістэм і паміж асобінамі віду. Кідаючы позірк на прыроднае асяроддзе Беларусі і разнастайнасць арнітафаўны, можна падзяліць яе на лясных (дзятлападобныя, курападобныя, голубападобныя, шматлікія вераб’інападобныя і інш.); водна-балотных (гусепадобныя, сеўцападобныя, буслападобныя, журавападобныя) і птушак адкрытых прастораў (шматлікія вераб’інападобныя, некаторыя курападобныя).
Такім чынам, экалагічныя групы аб¢ядноўваюць шэраг птушак, якія маюць цесную сувязь з тым або іншым прыродным ландшафтам, пераважна ў ім сустракаюцца, знаходзяць там корм, ахову і месца для будавання гнязда. Але ёсць шэраг птушак, асабліва буйных драпежнікаў, экалагічная ніша якіх ахоплівае розныя ландшафты. Напрыклад, арол-маркут гняздуецца на дрэве ў лесе, а корм знаходзіць на адкрытых прасторах (лугах, палях).
Калі разглядаць птушак па іх вонкавай і ўнутранай будове, то падобныя групы аб’ядноўваюць у атрады, у межах атрада вылучаюць яшчэ большую аднастайнасць, якая стварае сям’ю. Першай сістэматычнай адзінкай з’яўляецца від. Менавіта марфалагічна і анатамічна падобныя віды складаюць сям’ю.
Неаднароднасць паветранага асяроддзя і тых умоў, пры якіх птушкам прыходзілася і прыходзіцца лятаць, прывяла да большай разнастайнасці спосабаў палёту і будоў лятальнага апарата. Кожны від птушак лятае па-свойму ў залежнасці ад абставін, у якіх ён жыве. Як бы добра птушка ні лятала ў сваім месцы пражывання, трапіўшы ў чужое для яе асяроддзе, яна можа з добрага лятуна пераўтварыцца ў дрэннага або зусім згубіць здольнасць рухацца ў паветры. Напрыклад, альбатросы і буравеснікі (размах крылаў да 3,5 м) не могуць рухацца ў лесе. Глушэц над морам доўга не працягне. Ён прыстасаваны для палёту на кароткую адлегласць.
У працэсе развіцця жыцця на зямлі птушкі засялілі ўсе геаграфічныя зоны і ландшафты. Доўгае існаванне ў розных умовах прывяло да ўзнікнення экалагічных груповак, якія рэзка адрозніваюцца па ладзе жыцця, вонкавай і ўнутранай будове асобін. Для лясных птушак, акрамя палёту, характэрна яшчэ лазанне па галінах і ствалах дрэў, для наземных – хаджэнне і бег, для водных – плаванне і ныранне. Шэраг птушак спалучаюць гэтыя спосабы руху.
Водныя птушкі маюць шчыльнае апярэнне, моцна развітую копчыкавую залозу, аднесеныя назад ногі, пальцы з плавальнай перапонкай. У межах гэтай вялікай групы сустракаюцца розныя тыпы нырцоў, плыўцоў і надводных лятуноў. Акрамя агульных рыс будовы, ёсць прыстасаванні, якія забяспечваюць ім вызначаную ступеню дасканаласці нырання, плавання або палёту над вадой.
Лясныя птушкі маюць пальцы ног на адным ўзроўні, прычым 3 пальцы павернутыя наперад, а адзін – назад (пераважна ў вераб’інападобных). Сухажыллі аўтаматычна фіксуюць пальцы ў сагнутым стане пры пасадцы на галіну. Дзятлы (2 пальцы наперад, 2 – назад), пішчухі і попаўзні прыстасаваліся да лазання па дрэвах. Дзятлы і пішчухі абапіраюцца ў час руху і сядзення на ствале на хвост. Дробныя птушкі (сініцы, каралькі, чачоткі), якія прыстасаваліся здабываць корм на самых тонкіх канцавых галінках, здольны дзякуючы ўчэпістым і гнуткім пальцам, моцным згінальнікам ног, асаблівай будове тазасцягновага сустава, які набліжаны да цэнтра вагі, падвешвацца да канцоў галін і доўга вісець уніз спіной.
Біялагічная разнастайнасць птушак, такім чынам, залежыць ад экалагічнага багацця, мноства ўмоў іх існавання. Умовы фармуюць вонкавую і ўнутраную будову.
Дата добавления: 2016-08-07; просмотров: 1111;