Агульныя звесткі аб фермерскім развядзенні дзікіх птушак
Дзічынаразвядзенне – сістэма мерапрыемстваў, накіраваных на развядзенне ў штучных умовах паляўнічых звяроў і птушак для далейшага выпуску іх ва ўгоддзі і арганізацыі здабычы.
Асноўная мэта дзічынаразвядзення – паляпшэнне ўмоў для палявання, стварэнне ва ўгоддзях высокай шчыльнасці дзічыны. Гэта азначае, што дзічыну выпускаюць пад ружжо ў параўнальна кароткія тэрміны (зрэдку на некалькі дзён), аднак практыкуецца выпуск яе (для павышэння колькасці) і на больш працяглы тэрмін – такі эфект дасягаецца і як вынік няпоўнага адстрэлу жывёл ва ўгоддзях, калі там ёсць умовы для іх зімоўкі.
Неабходнасць у дзічынаразвядзенні выклікана памяншэннем плошчы паляўнічых угоддзяў у выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека, лішкавым адстрэлам дзічыны і ростам ліку паляўнічых (напрыклад, калі натуральнае ўзнаўленне дзічыны ў густанаселенных раёнах не можа задаволіць патрэб у спартыўным паляванні). У сувязі з гэтым штучнае дзічынаразвядзенне можна лічыць адным з важных этапаў у інтэнсіфікацыі паляўнічай гаспадаркі ва ўмовах антрапагеннага ландшафту.
Галоўныя аб’екты дзічынаразвядзення – бажан, перапёлка, качка-крыжанка, шэрая курапатка, кеклік віргінскі (развядзенне іх у розных краінах засвоена ў прамысловых маштабах). У працэсе засваення дзічынаразвядзення знаходзіцца глушэц, пачата развядзенне цецерука, арабка, пардвы. Не выключана, што для дзічынаразвядзення перспектыўны некаторыя віды гусей і казарак, а таксама рэдкія віды – улар, дроп, стрэпет, турач.
У дзічынаразвядзенні выдзяляюць тры ўзаемазвязаных этапы: заатэхнічны, біятэхнічны і паляўніча гаспадарчы.
Задача заатэхнічнага этапа – развядзенне дзічыны ў няволі на аснове глыбокіх ведаў фізіялогіі, экалогіі і эталогіі жывёл. З гэтай мэтай распрацоўваюць рацыянальныя каструкцыі клетак, вальер, загонаў, будынкаў, аптымальныя рэжымы ўтрымання і развядзення жывёл, праводзяць іх селекцыю і г. д.
Біятэхнічны этап неабходны для стварэння ва ўгоддзях нармальных умоў для дзічыны, якую выпускаюць. Нават перад завозам яе для палявання неабходна вызначаная падрыхтоўка, напрыклад, скарачэнне колькасці драпежнікаў, устройства падкормачных пляцовак і інш. Вялікае значэнне маюць тэхніка транспарціроўкі і выпуску дзічыны. Напрыклад, так званы ашчадны выпуск бажанаў (завоз іх у клетках да месца выпуску і вызваленне да наступлення светлага часу сутак) перасцерагае разлёт птушак і павялічвае эфектыўнасць палявання на іх. Калі выпуск дзічыны робяць для папаўнення папуляцый або стварэння новых, то прымяняюць комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне ёмістасці ўгоддзяў: стварэнне рэміз, кармавых палёў, арганізацыі рэгулярнай падкормкі жывёл, паляпшэнне ахоўнасці ўгоддзяў.
Паляўніча гаспадарчы этап уключае ў сабе своечасовую і добра араганізаваную ахову выпушчанай дзічыны і паляванне на яе, для гэтага неабходна вызначэнне аптымальнага ліку выпускаемых жывёл, месцаў выпуску і палявання, тэрмінаў і спосабаў палявання.
У гісторыі чалавецтва развядзенне дзічыны, у большасці выпадкаў, прыводзіла да прыручэння жывёл і да іх выкарыстання ў сельскай гаспадарцы. Гэты працэс зарадзіўся яшчэ ў старажытнасці. Так, у часы Рымскай імперыі разводзілі бажанаў, галоўным чынам для спажывання. А ужо ў Х стагоддзі у Еўропе з’явіліся першыя фермы, на якіх разводзілі дзікіх птушак для палявання. У Англіі свайго роду модай, прывілеяй знаці было паляванне на бажанаў. Гэта дало штуршок развядзенню гэтага віду ў вальерах. У першай палове XIV стагоддзя у Еўропе вырошчванне бажанаў становіцца самастойнай галіной птушкагадоўлі, хаця асноўныя мэты ранейшыя – выпуск маладняка ва ўгоддзі для палявання.
Вырошчванне маладых бажанаў ў спецыялізаваных гаспадарках для продажу паляўнічым клубам і гаспадаркам набыло масавасць у Велікабрытаніі ў сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагоддзя, штогод ва ўгоддзі выпускалася да 17 тыс. бажанаў. Разводзяць у Англіі таксама шэрых курапатак і дзікіх качак.
У Францыі да пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя налічвалася каля 2 тыс. гаспадарак і рассаднікаў па развядзенні дзікай птушкі. Там вырошчваліся бажаны, шэрыя і каменныя курапаткі, звычайныя, віргінскія і каліфарнійскія перапёлкі, і качкі-крыжанкі і іншыя віды. Зараз на кожнага паляўнічага ў гэтай краіне ў год вырошчваецца каля 1 курапаткі і адзін з чвэрцью бажан. У Шамборы, Ве де Крыплень, у іншых месцах створаны спецыяльныя вопытна-паказальныя цэнтры развядзення дзікай птушкі. Там адначасова з масавым узнаўленнем дзічыны вырашаюцца навуковыя і араганізацыйныя пытанні інкубацыі яек паляўнічых птушак, вырошчванне маладняку і кармлення дарослых і маладых птушак. Гэтыя цэнтры забяспечаны першакласнай тэхнікай і прымяняюць сучасныя спосабы інкубацыі яек і вырошчвання маладняку.
У Італіі інтэнсіўна разводзяць бажанаў, розных курапатак і качак на вялікіх фермах і ў невялікіх гадавальніках. Шэраг фірм спецыяльна вырабляюць інкубатары, брудэры і іншае абсталяванне для развядзення дзікай птушкі.
У Галандыі і Даніі шырока практыкуецца развядзенне крыжанак і іншых качак. Так у Даніі першыя гаспадаркі па развядзенні крыжанак былі створаны яшчэ ў 1880 годзе. Зараз качыныя гаспадаркі гэтай краіны вырошчаюць некалькі дзесяткаў тысяч качанят крыжанкі. У гэтых краінах таксама вырошчваюць бажанаў і шэрых курапатак.
Да распаду Югаславіі каля 13% бажанаў, якіх адстрэльвалі паляўнічыя, выводзіліся у гадавальніках. Зараз бажаны, шэрыя і каменныя курапаткі, выведзенныя ў гадавальніках, часткова ідуць на экспарт, у асноўным у Італію, выпускаюцца на волю і паступаюць у магазіны і рэстараны.
Чэхаславакія да раздзелу краіны займала першае месца ў свеце па вытворчасці дзічыны на адзінку плошчы паляўнічых угоддзяў. Зараз у Чэхіі і Славакіі штогод адлоўліваюць для вывазу за мяжу каля 80 тыс. бажанаў і да 18 тыс. курапатак.
У Балгарыі першыя спробы развядзення бажанаў былі пачаты ў 1930 годзе. Зараз асноўным аб’ектам развядзення тут з’яўляюцца бажаны калхідскія і мангольскія, а таксама шэрыя і каменныя курапаткі.
У Германіі першы вялікі гадавальнік паляўнічых бажанаў быў створаны ў 1961 годзе. А ўжо ў 1968 годзе гэтая гаспадарка вырасціла 8 тыс. маладняку і атрымала каля 15 тыс. яек гэтых птушак, якія былі прададзены розным паляўнічым гаспадаркам.
У Польшчы штогод вырошчваюць для выпуску ва ўгоддзі да 60 тыс. маладых бажанаў.
У Венгрыі ў 1958 годзе працавалі тры вялікіх гадавальнікі бажанаў. У 1970 гдзе гэтыя гаспадаркі мелі асноўнае пагалоўе 34 тыс. і атрымлівалі больш 900 тыс яек. Вялікая ўвага ў Венгрыі звяртаецца на распрацоўку метадаў развядзення шэрых курапатак – асноўнага аб’екта венгерскага палявання па пяры, а таксама качак. Штогод ў краіне выпускаюць на волю больш 800 тыс. бажанаў, якіх вырасцілі на фермах, і дзякуючы гэтаму з кожнай тысячы га у асобныя гады атрымліваюць 112,5 кг мяса гэтай птушкі.
Па другі бок акеяна, у ЗША, штогод у інкубатары закладваецца да 1 млн. яек бажанаў, да 100 тыс. яек розных качак. Прыблізна 80% яек курапатак і 50% яек бажанаў інкубуецца ў розных дзяржаўных гаспадарках, усе іншыя яйкі – у прыватных фермах.
У Расіі ў пачатку XX стагоддзя былі створаны вялікія гадавальнікі бажанаў каля Пецярбурга, пад Масквой, у Арлоўскай губерніі і іншых месцах. Па разлікам вучоных, гэтыя гадавальнікі ўжо на трэці год дзейнасці давалі да 13% чыстага прыбытку.
Спробы развядзення глушцоў у няволі практыкавалі ў Расіі дастаткова даўно. Яшчэ ў 1860–1861 гадах А. А. Хватаў апублікаваў у журнале «Акліматызацыя» рэзультаты сваіх вопытаў па ўтрыманні ў адрыне глушцоў.
У 1957 годзе паляўнічай гаспадарка «Маскоўскае мора» выпусціла ва ўгоддзі Падмаскоўя больш за 3 тыс, а 1958 годзе – 6 тыс качанят.
У Беларусі ў Буда-Кашалёўскім раёне на базе Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў існаваў гадавальнік бажанаў, а у Бярэзінскім запаведніку вучоныя праводзілі вопыт па вырошчванні глушца.
Дата добавления: 2016-08-07; просмотров: 602;