Перыядычныя з’явы ў жыцці птушак
Сезонныя змены клімату выклікаюць пэўную перыядычнасць з’яў у жыцці птушак. Жыццё птушак кожнага віду на працягу года складваецца з перыядаў, якія паслядоўна мяняюцца: размнажэнне, лінька, міграцыя або вандроўка, зімоўка і г. д.
Зімоўка.Відавы склад птушак, якія засталіся на зіму, бедны. Птушкі, што зімуюць у Беларусі пераважна хмызнякова-лясныя. Да іх адносяцца: дзятлы, цецяруковыя, крыжадзюбы, сініцы, воранавыя, паўзунок, попаўзень, некаторыя совы і дзённыя драпежнікі.
Частка птушак канцэтруецца зімой паблізу населеных пунктаў: вераб’і, стрынаткі, вялікая сініца, воранавыя, шэрая курапатка. Зімой большасць птушак вядзе стайны, вандроўны лад жыцця. Жыццё ў стаі аблягчае існаванне: хутчэй можна заўважыць ворага, знайсці корм, месца начоўкі, лягчэй сагрэцца ад холаду. Адзінкавае існаванне характэрна для птушак, якія вядуць драпежны лад жыцця (ястрабы, совы), часткова для дрэвалазаў (дзятлы і попаўзень). Размяшчэнне птушак ў зімовы перыяд нераўнамернае і звязана ў асноўным з наяўнацю кармавых і ахоўных месцаў. Іх жыццё цячэ аднастайна і складаецца са сну і вандровак у пошуках корму.
Доўгія марозныя ночы – крытычны перыяд для многіх птушак, асабліва для дробных. Каралькі, напрыклад, за адну ноч могуць страціць да 10% масы цела. За кароткі зімовы дзень яны не паспяваюць калі-нікалі наесціся і гінуць ноччу ад страты энергіі і знясілення. Для скарачэння страт цяпла многія лясныя птушкі начуюць у дуплах, некаторыя збіраюцца групамі і праводзяць ноч у густых перапляценнях галін, цесна прыціснуўшыся адна да адной (сініцы, рэмезы, каралькі). Цецерукі, арабакі, глушцы і пардва забіраюцца ў снег, дзе праводзяць ноч.
Пралёт і прылёт.У сакавіку–красавіку пачынаецца пралёт і прылёт птушак, якія зімавалі на больш паўднёвай шырыні. Кожны пералётны від мае свой тэрмін прылёту і пралёту, хоць і пастанныя з году ў год, але тым не менш яны разцягваюцца калі-нікалі на пэўны месяц. Звычайна першымі прылятаюць старыя самцы, пазней – самкі і маладыя птушкі. Назіраецца наступная чарговасць прылёту: у канцы сакавіка з’яўляюцца гракі, шпакі, палявыя і лясныя жаўрукі; 1–10 красавіка – берасцянкі, белыя пліскі, лугавыя канькі, кнігаўкі, сокал пустэльга і некаторыя іншыя драпежныя птушкі; 11–20 красавіка пасля ўскрыцця вадаёмаў назіраецца масавы прылёт рачных качак, кулікоў, чаек, журавоў, гусей; у лес вяртаюцца дразды, слонкі, галубы; у канцы красавіка – пачатку мая прылятаюць многія вусякаедныя птушкі – пячураўкі, лясны канёк, рудахвостка; у першай дэкадзе мая з’яўляюцца вясковая ластаўка, салаўі, зязюлі, лялякі; найбольш позна, у канцы мая, прылятаюць авяльгі, чачавіцы, дуброўнікі, дзяргачы. Увесь перыяд прылёту расцягнуты больш чым на 2 месяцы. Качкі ўжо маюць качанят, а некаторыя птушкі толькі пачынаюць гняздуецца.
Такаванне. З павелічэннем светлавога дня мяняецца дзейнасць залоз унутранай сакрэцыі. Ніжні мазгавы прыдатак – гіпофіз – пачынае актыўна выпрацоўваць гармоны, якія стымулююць дзейнасць палавых залоз, пры гэтым своеасаблівыя паводзіны птушак накіраваны на ўтварэнне палавых пар.Такія паводзіны называюць такаваннем. Такаванне праяўляецца ў розных гуках, паветраных гульнях або такавых палётах, пэўных позах і характэрных рухах. Птушка, якая такуе, імкнецца заняць месца больш бачнае і ўсімі сваімі паводзінамі як быццам бы заявіць пра сабе. У кожнага віду ток працякае па-свойму, хоць у блізкіх па сістэматыцы відаў ёсць агульныя рысы. Напрыклад, большасць цецеруковых птушак у час току робяць шумныя ўзлёты і падскокі, дзятлы барабаняць дзюбай па дрэве, многія кулікі такуюць у паветры. Формы праяўлення току ў птушак вельмі разнастайныя: грамадскія такі цецерукоў, баталёнаў або дубальтаў, такаванне глушца, свіст арабака, цяга слонкі, бляянне бакаса, барабанная трэль дзятлаў, буркаванне галубоў, кукаванне самца зязюлі, такавыя палёты розных кулікоў, жаўрукоў і канькоў, танцы журавоў і разнастайны спеў птушак. Такуюць, як правіла, самцы і значна радзей – абодва палы (совы, дзятлы) або толькі самкі (плавунчыкі, трохпёрсткі), у якіх увесь клопат пра патомства (наседжванне яек, выхаванне вывадка) ляжыць на самцах. Такаваннем пачынаецца фаза размнажэння птушак. Большасць птушак у перыяд размнажэння жывуць парамі, клопат пра патомства звычайна праяўляюць абодва палы – манагамамы. Драпежныя птушкі, буслы, лебедзі, совы злучаюцца ў пары на шмат гадоў. Пары ўтвараюцца на перыяд спарвання (напрыклад у качак), дадзены сезон размнажэння (вераб’іныя) або на шмат гадоў (лебядзі, буслы, драпежнікі). Ёсць птушкі, у якіх пар зусім не бывае – гэта з’ява носіць назву палігамія. У палігамаў (курападобныя, ржанкападобныя) самец спарваецца з некалькімі самкамі, клопат пра патомства лажыцца на самку. У выпадку паліандрыі самка мае некалькіх самцоў, а кладка і птушаняты застаюцца пад наглядам самца.
Гнездавы ўчастак. З году ў год птушкі селяцца ў тых самых месцах, якія называюць гнездавым участкам. Маладыя птушкі таксама, як правіла, гняздуюцца блізка ад роднага гнязда. Але ж ступеня прывязанасці розных птушак да свайго гнездавога ўчастка неаднолькавая і носіць розны характар у монагамаў і палігамаў. Гнездавыя пары размяшчаюцца на пэўнай мінімальнай адлегласці адна ад другой. Гэта лепш забяспечвае ім і патомству харчаванне. Памеры гнездавога ўчастка вельмі розныя. Так, у валасяніцы-пяструшкі радыус гнездавога ўчастка не перавышае 40–50 м, у гарыхвосткі 50–70 м, у стрынаткі – ад 200 да 1000 м. Гракі лятаюць за кормам на адлегласць ад 100 да 8000 м.
Гнездабудаванне.Для выхавання патомства большасць птушак будуюць гнёзды. Найбольшай дасканаласці і разнастайнасці інстынкт гнездабудавання дасягнуў у групе лясных птушак, як правіла, гнёзды выкарыстоўваюцца адзін сезон. У буйных птушак – бусла, драпежнікаў, крумкачоў – выкарыстанне можа быць шматразовым.
Носка яек у большасці птушак – адно ў дзень. Колькасць яек у кладцы залежыць ад віду птушкі. Напрыклад, у часткі драпежнікаў і чысцікаў 1 яйка, у галубоў, лялякаў, свіргулеў – 2, чаек – 3. кулікоў – 4, у ткачыкавых – 5–6, цецеруковых – 8–12, качыных – да 14, пастушкоў – 16, бажанавых – 20–24. Колькасць яек у кладцы залежыць таксама ад узросту птушкі (гадавалыя самкі менш пладавітыя), геаграфічнага становішча раёна, умоў харчавання і ўмоў надвор’я. Большасць лясных птушак маюць адну кладку ў год. У выпадку разбурэння гнязда і гібелі кладкі большасць птушак гняздуюцца паўторна. Дадатковая кладка змяшчае менш яек.
Наседжванне і інкубацыйны перыяд. Да заканчэння носкі ў самак, а таксама самцоў некаторых відаў на ніжнім баку цела ствараюцца аголеныя ўчасткі цела – наседныя пятны, дзякуючы якім аблягчаецца працэс сагравання яек. Птушкі, якія наседжваюць паклады, маюць маскавальную афарбоўку. Наседжванне пачынаецца, як правіла, пасля адкладу перадапошняга або апошняга яйка. Таму птушаняты звычайна вылупляюцца ў даволі сціслыя тэрміны і бываюць прыблізна аднолькавага памеру. Сокалападобныя, совы і некаторыя іншыя пачынаюць наседжваць пасля першага адкладзенага яйка, што прыводзіць да расцягнутага вылуплення і вялікай розніцы ў памеры і ўзросце птушанят. Гэта адбылося на працягу эвалюцыі птушак і спрыяе, калі колькасць корму непастаянная: пры мностве ежы выжываюць усе птушаняты, калі яго недахоп – больш моцныя, як правіла, старэйшыя на нейкі тэрмін птушаняты. Тыя птушаняты, што вылупіліся апошнімі, гінуць ад зморвання, паколькі больш моцныя перахопліваюць корм. Прадстаўнікам гэтых атрадаў характэрныя выпадкі канібалізму, калі моцныя птушаняты знішчаюць больш слабых.
Працяг інкубацыйнага перыяду – трывалая відавая прыкмета птушак. Найбольш кароткі перыяд эмбрыянальнага развіцця ў некаторых ткачыкавых птушак – 12–13 сутак і зязюлі – 11,5–12 сутак, што звязана з яе паразітычным спосабам размнажэння. Птушаняці зязюлі, якое выхоўваецца ў чужым гняздзе, лепш вылупіцца першым. Калі большасць вераб’інападобных сядзіць на яйках 12–13 сутак, то іншыя атрады маюць свой тэрмін: лясныя галубы – 14–16, курападобныя – 20–26, шэры журавель –28–30, белагаловы сіп – 55, аўстралійскі страўс эму – 60 сутак. Такім чынам, назіраецца заканамернасць – чым большыя памеры птушак, тым большы тэрмін наседжвання. Маса птушаняці складае 2/3 першапачатковай масы яйка (адбываецца страта энергіі). Пасля вылуплення птушанят большасць птушак адразу выносяць шкарлупу з гнязда, радзей з’ядюць яе. У курападобных, качыных і некаторых іншых вывадковых птушак шкарлупа застаецца ў гняздзе.
Па тыпе развіцця птушкі падзяляюцца на гнездавых і вывадковых. Гнездавыя птушкі нараджаюцца голыя, сляпыя, глухія, бездапаможныя, з непастаяннай тэмпературай цела. Патрабуюць пастаяннага кармлення і сагравання. Да іх адносяцца шматлікія прадстаўнікі вераб’інападобных, дзятлападобных, свіргулепадобных, голубападобных, зязюлепадобных.
Вывадковыя птушкі пакрыты густым пухам, з амаль стабільнай тэмпературай, маюць развітыя органы пачуццяў, самастойна рухаюцца і шукаюць корм. Бацькі водзяць іх па кормных месцах. Сюды адносяцца прадстаўнікі курападобных, гусепадобных, ржанкападобных, журавападобных і іншых.
Прамежкавы стан паміж вывадковымі і гнездавымі займаюць чайкі, чысцікі, гагачы і сокалападобныя. Аднак па агульным стане развіцця птушанят яны стаяць бліжэй да вывадковых, а па характары харчавання – да гнездавых.
Палавая спеласць.У залежнасці ад віду птушак палавая спеласць наступае ў розным узросце і, як правіла, у залежнасці ад велечыні. Пераважная большасць вераб’інападобных паспявае к 8–12 месяцам. Буйныя вераб’інападобныя, напрыклад крумкач, качкі, дробныя чайкі і сокалападобныя, становяцца полаваспелымі на другім годзе жыцця. Буйныя чайкі, гагачы, буйныя гусепадобныя пачынаюць размнажэнне ў канцы трэцяга года жыцця.
Для птушак характэрна змена пёравага покрыва. Гэтая з’ява называецца лінькай. У розных відаў птушак яна працякае з рознай інтэнсіўнасцю. Напрыклад, для драпежных птушак характэрна паступовая лінька, бо неабходна быць здольнымі да палёту, які забяспечвае здабычу стравы. Колькасць лінек на працягу года можа быць да 3 (напрыклад, у пардвы). Асноўная лінька, якая мае гарманальную аснову, восеньская.
Птушкі падпарадкоўваюцца сутачнай і сезонная цыклічнасці. На працягу сутак можна выдзеліць два перыяды: пошук і здабычу стравы ў светлы час сутак (або ноччу ў шэрага птушак) і спакой з наступленнем змроку. Сезонная цыклічнасць выклікана надыходам неспрыяльнага па кармавых умовах часу года. Да найбольш яскравых праяў гэтага адносяцца сезонныя пералёты, або міграцыі, птушак.
Харчаванне птушак
Па характары харчавання птушак адносяць да драпежнікаў, вусякаедных, раслінаедных і ўсёедных. Адпаведна страве, якой пераважна харчуецца птушка, створаны прыстасаванні ў будове дзюбы і языка. Дзюбы вусякаедных, драпежных, зерняедных птушак вельмі розныя. Так, вусякаедныя птушкі (ляляк, свіргуль, ластаўка, валасяніца) маюць дзюбу кароткую, вельмі шырокую каля асновы, дзякуючы гэтаму дасягаецца шырокі разрэз і вялікі аб’ём ротавай поласці. Язык вельмі кароткі. У дзятлаў дзюба як далато, доўгі язык на канцы з зазубрынамі, ліпкі. У пішчухі дзюба як пінцэт. Зерняедныя птушкі маюць часта тоўстую, моцную і канічную дзюбу. Тут справа ў тым, як далей апрацоўваецца зерне. Напрыклад, галубы зерне глынаюць (дзюба тонкая і слабая). Яно трапляе ў валлё, а затым у мускулістым страўніку пераціраецца. У цецеруковых дзюбы моцныя з разнымі краямі, якія лёгка адрываюць ад раслін вегетацыйныя часткі. Асаблівыя дзюбы маюць шчаглы, якія дастаюць насенне з суквеццяў, дубанос – з пладоў, крыжадзюбы – з шышак. Дзюбы драпежнікаў больш аднатыповыя, бо асноўная функцыя ў іх разрыванне ахвяры. Сокалы маюць на наддзюб’і зубец, які выкарыстоўваецца для разрыву шыйных хрыбетак ахвяры.
Лапы птушак таксама маюць прыстасаванні для працэсу харчавання. У сокалаў (сапсан, сокал-кабец), якія б’юць птушак на ляту, лапа ўдарнага тыпу (мае кароткую цэўку). Драпежнікі, што здабываюць ахвяр у траве, сярод кустоў, маюць доўгія лапы, шаблепадобныя кіпцюры (ястрабы і луні). У соў адваротнапаласць: здольнасць вонкавага пальца ног варочацца ў бок і назад, што мае вялікае значэнне пры ўтрыманні здабычы.
У розных відаў птушак ёсць прыстасаванні для транспартоўкі корму: у галубоў валлё, у кедраўкі – пад’язычныя, у сойкі – горлавыя ў іншых крумкачовых і ўюркоў – шыйныя мяшкі.
Дата добавления: 2016-08-07; просмотров: 2575;