Чалавек адказвае Богу. Людзі маюць розныя патрэбы: часам яны прагнуць супакоіць пачуццё голаду, часам жадаюць славы, улады ці багацця
Людзі маюць розныя патрэбы: часам яны прагнуць супакоіць пачуццё голаду, часам жадаюць славы, улады ці багацця. Але слава, сыты страўнік і багацце не могуць замяніць нам тое, што з’яўляецца сэнсам жыцця кожнага чалавека: Бога і Яго неацэнны дар збаўлення.
Сатана не перастае дзейнічаць, ён увесь час спакушае кожнага з нас. Самае галоўнае — не паддавацца спакусе. Да гэтага нас заклікае Хрыстус: «Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе» (Мц 26, 41).
Напішы, як ты разумееш сэнс словаў Езуса: «Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе» (Мц 26, 41) — заданне ў сшытку № 3. Свае адказы вучні запісваюць у сшытак.
Ніхто на свеце, акрамя Езуса Хрыста, не можа выратаваць нас ад зла і збавіць ад нашых грахоў. Ён сам штодзённа дапамагае нам, каб мы не паддаваліся спакусе. Асабліва дзейсную сілу мае малітва, святыя сакрамэнты, удзел у святой Імшы, прыняцце святой Камуніі. Заўсёды можна прасіць дапамогі Езуса Хрыста, бо Ён перамог сатану.
З прыведзеных слоў выпішы тыя, якія адпавядаюць адказу на пытанне:
— Што нам дапамагае ў барацьбе са злым духам? (заданне ў сшытку № 4)
Вера ва ўласныя сілы | Малітва | Гараскопы |
Варажба | Любоў | Перадача «Бітва экстрасэнсаў» |
Амулеты | Чытанне Бібліі | Забабоны |
Нянавісць | Сакрамэнт Эўхарыстыі | Прабачэнне |
Дабрыня | Талісманы | Святое Пісанне |
Прыкметы | Міласэрнасць | Вера ў Пана Бога |
Сакрамэнт споведзі | Моц | Учынкі міласэрнасці |
Разважанне
Катэхет задае вучням пытанні:
— Чым часцей за ўсё спакушае цябе сатана?
— Як ты змагаешся са спакусамі?
— Што ты можаш і хочаш зрабіць для Езуса Хрыста пасля сённяшняй сустрэчы з ім?
Пастанова
Катэхет:
Пастанову запішыце ў сшытак.
Хатняе заданне
— Раскажы членам сваёй сям’і і сябрам пра выпрабаванне Езуса Хрыста.
— Напішы сваю малітву, у якой ты:
• дзякуеш Езусу Хрысту за тое, што Ён перамог сатану;
• просіш прабачэння за тое, што часам паддаешся спакусам;
• просіш дапамогі Езуса Хрыста ў барацьбе са злым духам.
— Маліся гэтай малітвай на працягу тыдня.
Заключная малітва
Вучні запальваюць свечкі.
У таямніцы хросту нашы бацькі і хросныя ад нашага імені адракліся ад зла і вызналі веру ў Бога. Цяпер давайце мы самі дабравольна і свядома адрачомся ад зла і вызнаем нашу веру.
Катэхет: Ці выракаецеся граху, каб жыць у свабодзе дзяцей Божых?
Вучні: Выракаюся.
Катэхет: Ці выракаецеся ўсяго, што вядзе да зла, каб грэх не панаваў над вамі?
Вучні: Выракаюся.
Катэхет: Ці выракаецеся сатаны — галоўнай прычыны граху?
Вучні: Выракаюся.
Катэхет: Ці верыце ў Бога Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі?
Вучні: Веру.
Катэхет: Ці верыце ў Езуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Пана нашага, народжанага з Дзевы Марыі, замучанага і пахаванага, які ўваскрос з памерлых і сядзіць праваруч Айца?
Вучні: Веру.
Катэхет: Ці верыце ў Духа Святога, святы Касцёл каталіцкі, еднасць святых, адпушчэнне грахоў, уваскрашэнне цела і жыццё вечнае?
Вучні: Веру.
Катэхет: Гэта наша вера. Гэта вера Касцёла, вызнаваць якую — наш гонар у Езусе Хрысце, Пану нашым.
Усе: Амэн.
Дата добавления: 2016-03-27; просмотров: 751;