Тэма 7. Езус расказвае пра Нябеснае Валадарства
Дыдактычная мэта:
пазнаёміць вучняў з біблійнымі прыпавесцямі пра схаваны скарб у полі і пра каштоўную пярліну; дапамагчы вучням зразумець, што Нябеснае Валадарства — самае каштоўнае для чалавека, што быць у Нябесным Валадарстве азначае прымаць і выконваць волю Божую.
Выхаваўчая мэта:
фарміраваць у вучняў імкненне здабыць Нябеснае Валадарства, што азначае дазволіць Богу валадарыць ва ўсіх нашых думках, пачуццях і ўчынках.
Матэрыялы:
Біблія: Мц 13, 44–46, Мц 7, 21.
Ілюстрацыя з выяваю чалавека, які разглядае знойдзеную пярліну, і з подпісам: «Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін» (Мц 13, 45).
Ілюстрацыя з выяваю чалавека, які знайшоў скарб у полі, і подпісам: «Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі» (Мц 13, 44).
Фрагмент з фільма, прысвечаны гэтым прыпавесцям.
Метады катэхезы:
малітва, аналіз біблійнага тэксту, медытацыя над абразом, інсцэніроўка, завучванне ключавога верша на памяць, слуханне аўдыёзапісу Бібліі, прагляд фрагменту з фільма, дыялог, пісьмовая праца на аснове тэксту.
Ход занятку
Малітва
Ойча наш
Праверка хатняга задання
Вучні дзеляцца малітвамі, якія яны напісалі.
Пры паўтарэнні дамашняга задання можна карыстацца крыжаванкамі, змешчанымі ў канцы сшытка (крыжаванка № 6).
Чалавек пытаецца
Давайце пагаворым з вамі пра тое, што самае галоўнае для ўрача, бацькоў, банкіра, настаўніка, спартсмена, паліцэйскага і г. д.
Адказы вучняў запісваюцца на дошцы. Напрыклад: жыццё, здароўе, выхаванне, грошы, веды, перамога, бяспека…
Катэхет задае вучням пытанне:
— Чаму жыццё, здароўе, выхаванне, грошы, веды, перамога, бяспека — такія важныя для людзей?
Паводле адказаў мы бачым, што для людзей важныя пэўныя каштоўнасці, таму што дзякуючы ім людзі могуць дасягнуць шчасця. Яны шукаюць таго, што ім здаецца самым важным у жыцці. Для адных гэта жыццё і здароўе, для другіх — сям’я, для трэціх — кар’ера і поспех.
Давайце мы з вамі задумаемся: што людзі робяць дзеля дасягнення таго, што яны лічаць самым галоўным у сваім жыцці?
Вучні адказваюць. Катэхет падагульвае:
Людзі прысвячаюць шмат часу, высілкаў, старанняў для дасягнення пастаўленай мэты.
Бог адказвае
Катэхет вешае на дошку ілюстрацыю з выяваю чалавека, які знайшоў скарб у полі, і подпісам: «Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі» (Мц 13, 45). Катэхет задае вучням пытанне:
— Чаму так радуецца чалавек, адлюстраваны на гэтым малюнку?
Вучні адказваюць.
Катэхет вешае на дошку ілюстрацыю з выяваю чалавека, які разглядае пярліну, і подпісам: «Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін» (Мц 13, 44). Катэхет задае вучням пытанне:
— Што з’яўляецца каштоўнасцю для чалавека, адлюстраванага на гэтым малюнку?
Вучні адказваюць.
А цяпер мы з вамі даведаемся, што гэтыя людзі зрабілі для таго, каб атрымаць схаваны скарб і каштоўную пярліну.
Катэхет прапаноўвае вучням паслухаць аўдыёзапіс біблійнага тэксту (Мц 13, 44–46):
«Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле.
Яшчэ Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе».
Можна паказаць фрагмент з фільма, прысвечаны гэтым прыпавесцям.
Тое, што мы з вамі пачулі, з’яўляецца прыпавесцю. У прыпавесці самае галоўнае — праўда, якую нам аўтар хоча перадаць.
Катэхет дзеліць вучняў на 2 групы (заданне ў сшытку № 1):
І група
Паводле біблійнага тэксту (Мц 13, 44) адкажыце на пытанні:
— Якім чалавекам быў герой прыпавесці? Якія ў яго рысы характару?
— Якая галоўная думка прыпавесці пра схаваны скарб?
— Якую важную праўду пра Нябеснае Валадарства хоча перадаць нам Езус?
— Што робіць чалавек, для якога самым важным з’яўляецца Нябеснае Валадарства?
ІІ група
Паводле біблійнага тэксту (Мц 13, 45–46) адкажыце на пытанні:
— Якім чалавекам быў герой прыпавесці? Якія ў яго рысы характару?
— Якая галоўная думка прыпавесці пра пярліну?
— Якую важную праўду пра Нябеснае Валадарства хоча перадаць нам Езус?
Што робіць чалавек, для якога самым важным з’яўляецца Нябеснае Валадарства?
Групы дзеляцца сваімі адказамі.
Нябеснае Валадарства — самае галоўнае ў вучэнні Езуса Хрыста. Прыйдзе час, калі сусветнае зло будзе знішчана, калі чалавек канчаткова вернецца да Бога і ў адзінстве з Ім атрымае спакой, радасць і шчасце. Нябеснае Валадарства — гэта не аддаленая будучыня. З моманту аб’яўлення Хрыста яно ўжо пачало заваёўваць свет. Пры гэтым яно не падобнае да зямнога валадарства. Пачынаецца яно з малога, непрыкметнага. Яно падобнае да зерня, з якога вырастае вялікае дрэва. Яно падобна да закваскі, якая паступова заквашвае цеста. Яно нараджаецца ў душы, якая прымае добрую вестку пра Бога — Збаўцу людзей. Чалавек знаходзіць Нябеснае Валадарства, калі ва ўсіх яго думках, пачуццях і ўчынках валадарыць Бог. Радасць уступлення ў Нябеснае Валадарства не можа параўнацца ні з чым у свеце.
Дата добавления: 2016-03-27; просмотров: 909;