Чалавек адказвае Богу. Слухаючы фрагмент апостальскага ліста Яна Паўла ІІ Dies Domini, адкажыце на пытанні:
Слухаючы фрагмент апостальскага ліста Яна Паўла ІІ Dies Domini, адкажыце на пытанні:
«Нядзельны адпачынак дазваляе ўстанавіць адпаведныя прапорцыі паміж штодзённымі клопатамі і турботамі: матэрыяльныя рэчы, пра якія так клапоцімся, саступаюць месца духоўным каштоўнасцям; асобы, з якімі жывем, адкрываюць сваё сапраўднае аблічча, калі мы з імі сустракаемся і вядзём спакойную размову. Нядзеля як дзень, калі чалавек захоўвае мір з Богам, з самім сабой і з бліжнімі, становіцца часам, калі людзі могуць па-новаму паглядзець на цуды прыроды, дазваляючы захапіць сябе гэтай цудоўнай і таямнічай гармоніяй. (…) Калі пасля шасці дзён працы — у многіх выпадках яны фактычна скарочаны да пяці, — чалавек шукае час, каб адпачыць і прысвяціць больш увагі іншым аспектам свайго жыцця, то гэта вынікае з аўтэнтычнай патрэбы, цалкам згоднай з бачаннем евангельскага паслання. Веруючы чалавек павінен задаволіць гэтую патрэбу ў лучнасці з індывідуальнымі і супольнымі формамі перажывання веры, якая выяўляецца ў цэлебрацыі і святкаванні дня Пана. Таму натуральна, што хрысціяне будуць імкнуцца ў канкрэтных абставінах нашай эпохі да таго, каб грамадскае заканадаўства брала пад увагу іх абавязак святкавання нядзелі. У любым выпадку, яны абавязаны сумленнем арганізоўваць свой нядзельны адпачынак так, каб маглі прымаць удзел у Эўхарыстыі, пазбягаючы працы і ўчынкаў, несумяшчальных са святкаваннем дня Пана, які павінен прыносіць радасць і дазваляе мець неабходны адпачынак для душы і цела» ( Dies Domini, 67).
— Як кожны хрысціянін павінен святкаваць нядзелю?
— Каму і навошта патрэбны святы дзень?
Для кожнага хрысціяніна нядзеля — гэта дзень малітвы ў супольнасці веруючых (у Касцёле) і ў коле сям’і, дзень адпачынку ад працы, а таксама дзень радасці ад сустрэчы з Богам, роднымі і сябрамі. Нядзельны ўдзел у Эўхарыстыі — гэта не толькі важны абавязак, але і асаблівая прывілея ахрышчаных. Гэта таксама час адпачынку і асабістага развіцця, асабліва духоўнага.
Выразаючы з газетаў і часопісаў малюнкі і загалоўкі, вучні робяць плакат: «Святкаваць дзень святы». Можна дамаляваць лініі і сімвалы, але не дапісваць словы. Прэзентацыя працы вучняў.
Разважанне:
У нядзелю Езус запрашае мяне на сустрэчу з Ім, а таксама на адпачынак у коле сваіх блізкіх. Кожная святая Імша — гэта магчымасць сустрэчы з Хрыстом у Эўхарыстыі, якому я магу ахвяраваць свой смутак і радасць, сваю працу і малітву і зачэрпнуць ад Яго сілы для жыцця, згоднага з духам Евангелля.
— Як я дзякую Богу за дар сустрэчы з Ім падчас святой Імшы?
— Як я святкую святы дзень?
— Што мне трэба змяніць у сваім жыцці, каб нядзеля стала для мяне і маёй сям’і днём малітвы і адпачынку?
— Як я паводжу сябе ў касцёле падчас святой Імшы?
Пастанова.
Хатняе заданне:
Знайсці ў календары і запісаць даты, калі адзначаюцца абавязковыя святы, згодна ККК 2177.
Заключная малітва:
Хачу быць з Табою, Пане, у дзень, які з’яўляецца Тваім, каб верна слухаць Тваё спрадвечнае слова. Хачу быць з Табою, каб мае думкі, змучаныя штодзённымі турботамі, адпачывалі сярод спеву і малітваў. Там мае крокі атрымаюць новыя сілы, а сэрца напоўніцца радасцю. (падручнік вучня)
Тэма № 11, X кл.
Я Ў КАСЦЁЛЕ
Дыдактычная мэта: пазнаёміць моладзь з праўдаю веры, што Хрыстус заснаваў свой Касцёл для таго, каб нас асвячаць. Па Яго волі, дзякуючы сакрамэнтальнаму служэнню Касцёла, мы можам дасягнуць збаўлення.
Выхаваўчая мэта: выхоўваць у моладзі пачуццё адказнасці за Хрыстовы Касцёл.
Асноўныя і дапаможныя матэрыялы: Святое Пісанне: Мц 18, 20; Лк 10, 16; Мц 25, 40; 1 Кар 12, 12–21. 26–27;Канстытуцыя Sacrosanctum Concilium (гл.1 п.7); Свечкі для кожнага вучня; аркуш паперы, выразаны ў форме чалавека; каляровыя карткі і алоўкі для кожнага вучня; магнітафон.
Метады катэхезы: праца ў групах.
Ход заняткаў
Малітва.
К. раздае кожнаму вучню свечку (сам трымае запаленую):
Я трымаю запаленую свечку, святло якой сімвалізуе Хрыста — Святло свету, якое асвячае нам дарогу да нябеснага Айца. Чалавека таксама можна параўнаць са свечкаю, бо, калі ён мае ў сабе агонь Хрыста, то згарае для Яго, даючы вакол сябе святло добрага прыкладу і цяпло ахвярнай любові. (К. просіць вучняў запаліць свае свечкі ад яго): Падыдзіце вельмі блізка адзін да аднаго, так, каб было адно вялікае полымя. Кожны дае крыху ад сябе, паўстае супольнасць — вялікі агонь любові, здольны агарнуць нават увесь свет і ўсіх людзей. Праз сакрамэнт хросту мы таксама сталі ўдзельнікамі адной вялікай супольнасці, якую заснаваў Хрыстус, — супольнасці Касцёла, містычнага Цела Хрыста.
Спеў: Хоць нас і многа, мы адно цела ў Хрысце.
Пасля спеву вучні сядаюць у кола, а свае свечкі ставяць у цэнтр.
Тэма нашага сённяшняга занятка: Я ў Касцёле.
Чалавек пытае
Касцёл жыве, дзейнічае і развіваецца праз кожнага хрысціяніна, які ў еднасці з Хрыстом на сваім месцы працы, вучобы ці ў сям’і дае сведчанне сваёй веры. «Вы — святло свету», «соль зямлі», «закваска на цеста» — гэта азначае, што кожны хрысціянін пакліканы не толькі для ўласнага збаўлення, але і для таго, каб разам з Хрыстом працаваць над збаўленнем усіх людзей.
Аднак не ўсе ахрышчаныя бачаць сябе ў Касцёле. Прачытайце, што кажа вашая равесніца, вучаніца сярэдняй школы (падручнік вучня):
Хрысціянства — гэта асабістая сустрэча з Богам. Я не разумею, навошта камусьці патрэбны Касцёл. Напэўна, толькі святарам. Я не веру ў тое, што Езус наказвае мне хадзіць у касцёл, дзе я павінна слухаць спевы бабуляў і бачыць там сваіх аднакласнікаў, якія не моляцца, а ўвесь час азіраюцца, каб потым пра ўсіх пляткарыць. Я не магу зразумець гэтага. Лепш быць сам-насам з Богам, каб ніхто не перашкаджаў...».
— Каго аўтарка ліста заўважае ў касцёле?
— Як яна адносіцца да малітвы людзей, якіх бачыць у касцёле?
— Якія могуць быць прычыны таго, што яна хоча маліцца без супольнасці?
Бог адказвае
Касцёл складаецца з двух рэчаіснасцяў — Божай і людской. Аўтарка ліста заўважыла толькі людскую рэчаіснасць, слабую, грэшную. Зараз мы паспрабуем убачыць іншую рэчаіснасць — Божую. Як прысутнасць Езуса Хрыста рэалізуецца ў Касцёле — супольнасці, да якой я належу?
Праца ў групах: адна група атрымлівае цытаты, якія павінна знайсці ў Св. Пісанні, другая — Канстытуцыю Sacrosanctum Concilium (гл.1 п.7). На аснове тэкстаў вучні павінны вызначыць cпосабы прысутнасці Хрыста ў Касцёле і запісаць іх у сваіх падручніках:
«Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Мц 18, 20).
«Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас адкідае, Мяне адкідае. А хто адкідае Мяне, адкідае таго, хто паслаў Мяне» (Лк 10, 16).
«Валадар скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40).
Дакументы ІІ Ватыканскага Сабору. Канстытуцыя Sacrosanctum Concilium (гл.1 п.7):
«Для здзяйснення такой вялікай справы Хрыстус заўжды прысутнічае ў сваім Касцёле, асабліва ў літургічных дзеяннях. Ён прысутнічае ў ахвяры св. Імшы і ў асобе цэлебранта, „бо той, хто калісьці ахвяраваў сябе на крыжы, цяпер ахвяруе сябе праз служэнне святароў“, асабліва ў эўхарыстычных постацях. Сваёй сілай Ён так прысутнічае ў сакрамэнтах, што калі нехта ўдзяляе хрост, то хрысціць сам Хрыстус. Ён прысутнічае ў сваім слове, бо калі ў Касцёле чытаюць Святое Пісанне, гаворыць Ён сам. Нарэшце, прысутнічае тады, калі Касцёл моліцца і спявае псальмы...» (Sacrosanctum Concilium, 7).
( у літургіі, у Эўхарыстыі, у асобе святара, у сакрамэнтах, у Слове, у супольнай малітве, у церпячых і патрабуючых)
Касцёл не стаіць паміж Езусам і намі, ён ёсць Езусам, цела якога складаецца з нас. Дзякуючы гэтай еднасці, мы можам вярнуць сабе Божае жыццё — пазбавіцца сваёй «марнасці», набыць неабходныя для нас ласкі і імкнуцца да святасці.
Дата добавления: 2016-03-27; просмотров: 727;