Чалавек адказвае Богу. К. вешае на дошцы вялікі аркуш паперы з контурамі чалавека, раздае вучням каляровыя карткі, на якіх кожны павінен напісаць сваё імя
К. вешае на дошцы вялікі аркуш паперы з контурамі чалавека, раздае вучням каляровыя карткі, на якіх кожны павінен напісаць сваё імя. Затым кожны падыходзіць да дошкі і наклейвае сваю картку ўнутры намаляванай постаці. Калі заданне будзе выканана, К. чытае ўрывак са Святога Пісання (1 Кар 12, 12–21. 26–27).
— Хто з’яўляецца галавою Касцёла?
— З чым параўноўваецца Касцёл у фрагменце, які вы пачулі?
— Да каго адносяцца словы, якія мы толькі што пачулі?
— Што будзе з арганізмам, калі кожная частка цела «захоча жыць самастойна»?
К. просіць, каб вучні зноў падышлі да дошкі і паспрабавалі адарваць картку са сваім іменем.
Кожны грэх хрысціяніна памяншае святасць Касцёла, бо калі адна частка цела пачынае хварэць, то ад гэтага церпіць увесь арганізм, усё цела. Калі хто-небудзь з вас бачыць зло, якое ёсць у супольнасці Касцёла, ён не павінен адыходзіць абражаным. Трэба задумацца, як гэтае зло направіць спачатку ў сабе, а потым у іншых. Інакш у Касцёле, як на Целе Хрыстовым, з’яўляюцца раны.
Разважанне:
Каля пастаўленых вучнямі свечак, К. кладзе картку са словамі Бэнэдыкта XVI і прапануе некалькі хвілін паразважаць над гэтымі словамі:
«Касцёл не трэба будаваць, трэба ім жыць».
— Для мяне Касцёл — гэта «яны» ці «мы»?
— На якім месцы ў Касцёле я бачу сябе?
— Як мой грэх закранае іншых людзей?
— Я католік «па метрыцы хросту» ці гэта мая жыццёвая пазіцыя?
Пастанова.
Хатняе заданне:
1. Складзі ўласнымі словамі малітву за Касцёл і пастарайся маліцца ёю штодня.
2. Напішы ліст тым, хто кажа: “Хрыстус – так! Касцёл – не!”
Заключная малітва: (падручнік вучня)
Тэма № 12, X кл.
ШАНУЙ БАЦЬКУ СВАЙГО І МАЦІ СВАЮ
Дыдактычная мэта: нагадваем, што чацвёртая Божая запаведзь вучыць пашане да бацькоў і выхавальнікаў.
Выхаваўчая мэта: выхоўваем у моладзі любоў і пашану да сваіх бацькоў і выхавальнікаў.
Асноўныя і дапаможныя матэрыялы:Святое Пісанне: Сір 3, 1; Ян Павел ІІ. – Кельцы, 3 VI 1991; Карткі і маркеры для кожнай групы.
Метады катэхезы: праца ў групах, словы-ключы.
Ход заняткаў
Малітва: Ойча наш.
Чалавек пытае
К. запрашае вучняў рагледзець малюнкі і фотаздымкі з адлюстраваннем розных сітуацый сямейнага жыцця, а потым дапоўніць напісаныя на дошцы сказы:
Сям’я, на маю думку, гэта...
Хрысціянская сям’я, на маю думку, гэта...
К. запісвае адказы вучняў на дошцы, падкрэсліваючы неабходнасць прысутнасці ў жыцці хрысціянскай сям’і веры, сакрамэнтаў, жыцця паводле Божых запаведзяў.
Калі ласка, узгадайце, як гучыць Божая запаведзь, у якой гаворыцца пра нашае заданне адносна сваіх бацькоў? (Вучні адказваюць, К. запісвае на дошцы IV-ю Божую запаведзь: Шануй бацьку свайго і маці сваю).
Бог адказвае
Захаванне гэтай запаведзі мае вельмі важнае значэнне ў фармаванні хрысціянскага разумення Бога, таму што Бог для аб’яўлення сваёй таямніцы выкарыстаў паняцце Айца. Чалавек, які па той ці іншай прычыне не любіць і не шануе свайго зямнога бацькі, не здолее заўважыць любові, якою яго адорвае Бог. Канфлікт з бацькамі заўсёды накладае адбітак на малітву, на веру, а часта нават вядзе да поўнага разрыву з Богам.
Аднак гэтая Божая запаведзь не толькі дзецям нагадвае пра іх абавязкі, яна скіраваная таксама і да бацькоў.
К. дзеліць клас на 2 групы, кожнай дае тэксты. І-я група павінна выпісаць на картках, якія абавязкі маюць дзеці ў адносінах да сваіх бацькоў. ІІ-я група выпісвае, якія абавязкі маюць бацькі ў адносінах да сваіх дзяцей.. Затым гэтыя ключавыя словы вучні павінны скласці ў адпаведную геаметрычную фігуру ці форму, можна дамалёўваць лініі.
«Дзеці, слухайцеся ў Пану сваіх бацькоў, бо гэта справядліва. „Шануй бацьку твайго і маці“ — гэта першая запаведзь у абяцанні, каб добра было табе і каб доўга жыў ты на зямлі. І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх праз навучанне і настаўленне Пана» (Эф 6, 1–4).
«Словы ІV-й запаведзі скіраваныя да дзяцей, да сыноў і дачок: „Шануй бацьку свайго і маці“. Гэтак жа яны маюць дачыненне і да бацькоў: „Памятай, каб сапраўды заслугоўваў гэтай пашаны“. Будзь годным называцца бацькам! Будзь годная называцца маці! (...)
Каб дзеці маглі шанаваць сваіх бацькоў, іх трэба прыняць як дар ад Бога. Так, кожнае дзіця — гэта дар ад Бога. Часам гэты дар цяжка прыняць, але гэты дар заўсёды вельмі каштоўны. (...)
У выхаванні дзіцяці важна не толькі для яго ахвяравацца, важна рабіць гэта мудра, так, каб выхаваць дзіця ў сапраўднай любові. Выхаваць у сапраўднай любові — гэта таксама і патрабаваць, але толькі з любоўю. Можна патрабаваць, толькі адначасова патрабуючы ад самога сябе». (Ян Павел ІІ. – Кельцы, 3 VI 1991) (падручнік вучня)
Прэзэнтацыя працы вучняў. (Вынікі працы вучні запісваюць у падручнік)
Кожны з нас з’яўляецца дзіцём. Кожны з нас мае бацькоў — жывых, памерлых, любячых, абыякавых. Той, хто нягледзячы ні на што атуляе павагаю сваіх бацькоў, адорваючы іх сапраўднаю любоўю, лёгка адкрые, кім ёсць Бог і як трэба адносіцца да Яго. Магчыма, не кожны з нашых бацькоў рэалізуе Божы ідэал добрай маці і добрага бацькі, але яны далі нам жыццё, яны нас выхавалі. Яны жылі ў іншы час — у час руйнавання святыняў, у час людзей, глухіх да Божага слова, у час бязлітаснага атэізму, калі людзі не маглі так як вы цяпер, вучыцца праўдам веры, малітве. Таму мы павінны прабачыць ім, калі штосьці ў іх паводзінах і словах крыўдзіць нас, калі яны нас не разумеюць.
Магчыма, хтосьці саромеецца сваіх бацькоў з-за іх простага паходжання, неадукаванасці або з-за тых ці іншых слабасцяў. Пашана да бацькоў, кім бы яны не з’яўляліся, была, ёсць і будзе паказчыкам велічы чалавека. Ад гэтай запаведзі мы ніколі не можам быць вызваленыя. Нават калі нашыя бацькі адыдуць з гэтага свету, наш клопат і пашана ўвасобяцца ў малітвах за іх, у клопаце пра іх магілы і ва ўшанаванні гадавіны іх смерці.
Катэхізіс гаворыць нам пра іншых людзей, якім мы таксама павінны быць удзячныя. (Хтосьці з вучняў чытае, пар.):
«Асаблівую ўдзячнасць хрысціян заслугоўваюць тыя, ад каго яны атрымалі дар веры, ласку Хросту і жыццё ў Касцёле. Гэта могуць быць бацькі або іншыя члены сям’і, бабуля і дзядуля, пастыры, катэхэты, іншыя настаўнікі або сябры...»
Дата добавления: 2016-03-27; просмотров: 748;