Чалавек адказвае Богу. Навучаючы праўдам Дэкалогу, Ян Павел ІІ казаў так (падручнік вучня)
Навучаючы праўдам Дэкалогу, Ян Павел ІІ казаў так (падручнік вучня)
«Хрысціянамі называемся ўсе мы, хто ахрышчаныя і вераць ў Хрыста. Ужо ў самой гэтай назве ёсць заклік Імя Пана. У ІІ-ой Божай запаведзі гаворыцца: «Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна». Таму калі ты з’яўляешся хрысціянінам, хай гэта не будзе дарэмным заклікам імені Пана. Будзь сапраўдным хрысціянінам не толькі з назвы, не будзь хрысціянінам абыякавым (...)». (Жэшаў, 2 чэрвеня 1991 г.)
Ланцуг людскіх імёнаў, які мы зрабілі, — гэта своеасаблівы сімвал дарогі чалавека да Бога. Гэтая дарога заўсёды вядзе нас праз шматлікія сустрэчы з рознымі людзьмі: ад адных мы вучымся, бяром з іх прыклад, стараемся быць падобнымі да іх, сярод іншых даём сведчанне жыцця ўласным словам і ўчынкам. Таму мы не можам адначасова называць сябе хрысціянамі і паводзіць сябе вульгарна, прыніжаючы годнасць іншых людзей. Вульгарныя словы і такія паводзіны аказваюць знішчальны ўплыў на чалавека, робячы яго няздольным да любові, спачування і сяброўства.
Разважанне:
Пан Бог хоча, каб я шанаваў Яго імя.
— У якіях сітуацыях я заклікаю Божае імя?
— Як я вітаюся часцей за ўсё? Ці ўжываю я хрысціянскае прывітанне?
— Як я раблю знак святога крыжа?
— Якія словы я ўжываю ў размове з іншымі людзьмі?
Пастанова.
Хатняе заданне:
1. Падчас вячэрняй малітвы на падставе ўрыўка з Бібліі (Як 3, 9–12) паразважай над тым, як ты выкарыстоўваеш дар мовы.
2. Адкажы пісьмова на пытанне: «Аб чым ты молішся ў малітве Ойча наш, калі ты прамаўляеш словы: „Свяціся імя Тваё“»?
Заключная малітва: Пс 100 (99), 1-4.
Тэма № 10, X кл.
ПАМЯТАЙ ДЗЕНЬ СВЯТЫ СВЯТКАВАЦЬ
Дыдактычная мэта:вучым, што нядзеля — гэта дзень Панскі, а таксама дзень адпачынку, дзень радаснай сустрэчы з уваскрослым Хрыстом, які запрашае нас на Эўхарыстычную гасціну.
Выхаваўчая мэта: выхоўваем у моладзі імкненне радасна і адказна святкаваць святы дзень — супольна ўдзельнічаць у святой Імшы і адпачынку.
Асноўныя і дапаможныя матэрыялы: Святое Пісанне: Зых 20, 8–11; ККК 2175, 2177; апостальскі ліст Яна Паўла ІІ Dies Domini.
Метады катэхезы: аналіз тэксту.
Ход заняткаў
Малітва: Ойча наш.
Чалавек пытае
Кожная рэлігія на працягу года мае святочныя дні, падчас якіх людзі аддаюць Богу хвалу і адпачываюць самі. Нядзеля — гэта святы дзень для ўсіх хрысціянаў, у якім мы святкуем дзень уваскрасеня Хрыста. Для кожнага хрысціяніна нядзеля — гэта дзень малітвы ў супольнасці веруючых (у Касцёле) і ў коле сям’і, дзень адпачынку ад працы, а таксама дзень радасці ад сустрэчы з Богам, роднымі і сябрамі. Нядзельны ўдзел у Эўхарыстыі — гэта не толькі важны абавязак, але і асаблівая прывілея ахрышчаных. Гэта таксама час адпачынку і асабістага развіцця, асабліва духоўнага.
На жаль, не ўсе людзі, якія лічаць сябе хрысціянамі, прымаюць рэгулярны ўдзел у нядзельнай св. Імшы.
(падручнік вучня):
«Мае бацькі лічаць сябе веруючымі. Тата бывае ў касцёле на Пастэрцы і на Рэзурэкцыі, і яшчэ тады, калі ў нашай сям’і бывае хрост, шлюб або пахаванне. Маці часам ходзіць у касцёл разам са мною, але гэта бывае рэдка.
Аднойчы я прапанавала сваім бацькам хадзіць усёй сям’ёй на нядзельную святую Імшу. Тата мне адказаў, што ніхто з нас не павінен так часта хадзіць у касцёл. Мама ў сваю чаргу сказала, што яна і так святкуе нядзелю, бо не выконвае ў доме цяжкай працы і не прымушае нас яе выконваць. Нічога ў маёй сям’і не змянілася пасля нашай размовы. У касцёл я, як і раней, хаджу адна і ўвесь час малюся за сваіх, „нібы веруючых“, бацькоў».
К. размаўляе з вучнямі наконт таго, як выглядае сітуацыя святкавання нядзелі ў іх сем’ях.
Нядзеля — гэта святы дзень для ўсіх хрысціянаў. Мы можам заўважыць, што кожная рэлігія на працягу года мае святочныя дні, падчас якіх людзі аддаюць Богу хвалу і адпачываюць самі.
— Якія дні называюцца святымі і як мы павінны адзначаць іх у нашых сем’ях?
Бог адказвае
Наказ святкавання святога дня, дадзены Панам Богам свайму народу, мы знаходзім у Кнізе Зыходу:
«Памятай пра дзень шабату, каб свяціць яго. Шэсць дзён будзеш працаваць і рабіць усе працы свае, а сёмы дзень, шабат, — для Пана Бога твайго; не рабі ніякай працы ні ты, ні сын твой, ні дачка твая, ні твой нявольнік, ні твая нявольніца, ні жывёла твая, ні чужынец, які знаходзіцца ў брамах тваіх. Бо за шэсць дзён учыніў Пан неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх, і на сёмы дзень адпачываў. Таму благаславіў Пан дзень шабату і асвяціў яго» (Зых 20, 8–11).
— Як называецца дзень, які Бог наказвае святкаваць?
— Якім чынам трэба было шанаваць гэты дзень?
— Чаму чалавек павінен быў святкаваць шабат?
Габрэі святкавалі шабат як памяць пра сёмы дзень Бога пасля стварэння свету. У Праве вельмі сурова гаварылася пра шабат: нельга было запальваць агню, гатаваць страву. З мэтай асвячэння гэтага дня складаліся ахвяры, у сінагогах супольна маліліся і чыталі Святое Пісанне.
Для хрысціянаў святым днём стала нядзеля — дзень уваскрасення Езуса Хрыста. Гэты дзень мы называем яшчэ днём Пана. Святкаванне нядзелі стала адрозніваць хрысціянаў ад габрэяў. Хрысціяне ў гэты дзень збіраліся на ламанне хлеба і малітву.
— Чаму мы, хрысціяне, святкуем нядзелю, а не шабат — суботу?
Хтосьці з вучняў чытае тэкст ККК 2175, затым 2177:
«Культ, які абапіраўся на Законе, рыхтаваў таямніцу Хрыста, а тое, што ў ім здзяйснялася, у пэўным сэнсе было правобразам, які адносіўся да Хрыста. Той, хто жыў паводле старога Закону, перайшоў да новай надзеі і не захоўвае ўжо шабату, але святкуе дзень Пана, у які наша жыццё было благаслаўлена Хрыстом і Яго смерцю (пар. ККК 2175)
Акрамя нядзелі хрысціяне святкуюць і іншыя дні. Ёсць абавязковыя святы, калі кожны католік павінен удзельнічаць у святой Імшы. Падкрэсліце іх, калі ласка, у сваіх тэкстах (падручнік вучня:.
«Нядзельная цэлебрацыя дня Пана і Эўхарыстыі стаіць у самым цэнтры жыцця Касцёла. „Нядзеля, калі па апостальскай традыцыі цэлебруецца Пасхальная таямніца, павінна адзначацца ва ўсім Касцёле як самы галоўны з прадпісаных святаў“. „Такім чынам павінны святкавацца дні Нараджэння Пана нашага Езуса Хрыста, Аб’яўлення Пана, Унебаўшэсця і Найсвяцейшага Цела іКрыві Хрыста; Святой Багародзіцы Марыі, Яе Беззаганнага Зачацця і Унебаўзяцця, св. Юзафа, святых Апосталаў Пятра і Паўла, Усіх Святых“» (пар.ККК 2177).
Дата добавления: 2016-03-27; просмотров: 631;