КУЛЬТУРНАЕ І ДУХОЎНАЕ ЖЫЦЦЁ НА ЭТАПЕ МАДЭРНІЗАЦЫІ РАСІЙСКАГА ГРАМАДСТВА
Пытанні
1. Этнічная і канфесійная структура насельніцтва Беларусі ў складзе Расійскай імперыі
2. Фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларускага народа
Утварэнне беларускай нацыі
3. Развіццё асветы
4. Станаўленне беларусазнаўства
5. Фарміраванне беларускай літаратурнай мовы і нацыянальнай літаратуры
6. Выяўленчае мастацтва і архітэктура
7. Беларускае нацыянальна-культурнае адраджэнне пачатку ХХ ст.
1. Пасля падзелаў РП у этнічнай і канфесійнай структуры на Беларусі ў складзе Расійскай імперыі адбыліся пэўныя змены. У адпавед-насці з увядзеннем так званай «мяжы яўрэйскай аселасці» і высяленнем яўрэяў з сельскай мясцовасці іх доля ў гарадскім і местачковым насельніцтве колькасна пераважыла ўсе іншыя нацыянальныя пласты. У складзе Расійскай імперыі беларусы пражывалі ў межах Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Гродзенскай і Віленскай губ. У сярэдзіне ХІХ ст. іх налічвалася 2 726 тыс. З другой паловы ХІХ ст., асабліва пасля паўстання 1863 г., на Беларусі ўзмацніўся прыток рускага элементу (чыноўнікаў, настаўнікаў, памешчыкаў, святароў).
Пад час правядзення ў 1897 г. першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі, яго нацыянальная прыналежнасць вызначалася па роднай мове. У выніку пражыванне беларусаў (5 711 тыс.) выявілася не толькі ў 5 азначаных, але (303 тыс.) і ў сумежных з імі Чарнігаўскай, Ковенскай, Смаленскай губ. Агульная колькасць на-сельніцтва Беларусі складала 6 500,2 тыс. чалавек, з іх 655,2 тыс. (10,1 %) пражывала ў гарадах і 5 845,1 тыс. (89, 9 %) – у вёсках і мястэчках. За другую палову ХІХ ст. яно вырасла на 93,5 %, нават больш, чым у сярэднім па Еўрапейскай Расіі. Асабліва імкліва ўзрастала гарадское насельніцтва гандлёва-прамысловых і чыгуначных цэнтраў (Мінск, Віцебск, Гомель, Гродна, Брэст). Доля беларусаў сярод гараджан дася-гала 14, 5%, а на вёсцы – каля 80% .
З 492,9 тыс. чалавек (5,8 % ад усяго насельніцтва), якія назвалі рускую мову сваёй роднай, 37,5 % пражывалі ў гарадах і 62,5 % - у мястэчках і вёсках. Найбольшыя рускія дыяспары існавалі ў губернскіх і асобных павятовых цэнтрах. Доля рускага насельніцтва ў гарадах складала 17,7, а ў сельскай мясцовасці – 4, 4 %. У сваёй масе рускія з’яўляліся чыноўнікамі, ваеннаслужачымі, памешчыкамі, і святарамі.
Колькасць палякаў складала 424,2 тыс. чалавек або 5,0 % ад усіх жыхароў беларускіх губерняў. У гарадах іх удзельная вага складала 11, 8 %, у вёсках і мястэчках – 4, 0 %. Чацвёртая частка палякаў належала да дваранства, галоўным чынам да дробнапамеснай шляхты.
З 1 202 тыс. яўрэяў (14,1 % ад усяго насельніцтва Беларусі) 53, 9 % жылі ў мястэчках і 46,1 % - у гарадах. Адпаведна і мястэчкі, і гара-ды па этнічнаму складу з’яўляліся пераважна яўрэйскімі.
У канцы XIX ст. у беларускіх губернях пражывала 13 570 мусульман (у тым ліку 3,9 тыс. – вайскоўцаў, прызваных з Паволжжа) з іх 9,2 тыс. роднай мовай назвалі татарскую. Карэнныя беларускія татары канцэнтраваліся ў Мінску і Навагрудку, а таксама Слуцкім, Навагрудскім і Ігуменскім паветах. Іх адносна невялікая колькасць тлумачылася значнымі асіміляцыйнымі працэсамі. Тым не менш, татарам удало-ся захаваць мусульманскую веру і самабытную культуру.
Такім чынам, у канцы ХІХ ст. этнічнай сітуацыі на тэрыторыі Беларусі былі ўласцівы канцэнтрацыя прадстаўнікоў «тытульнай нацыі» у весцы, а яўрэяў як буйнейшай нацыянальнай меншасці – у гарадах і мястэчках. Палякі і рускія, прыкладна раўнамерна прадстаўленыя ў гарадах і сельскай мясцовасці, у адрозненні ад беларусаў, мелі выразную нацыянальную самаідэнтыфікацыю. І рускія, і палякі не лічылі беларусаў асобным этнасам, а самі яны па розных прычынах не надавалі гэтаму пытанню належнай увагі.
Не вылучаліся беларусы і асаблівай набожнасцю. Праблема іх ве-ры больш займала рускую і польскую эліту. Так, Кацярына ІІ зрабіла шмат для таго, каб аднавіць на тэрыторыі Беларусі былую магутнасць праваслаўнай царквы. Пасля канчатковага далучэння Беларусі да Расіі (1795) тут дзейнічала Мінская і Літоўская епархія з 200 прыходамі. Пры гэтым, па волі Імператрыцы, усіх усіх уніятаў, якія складалі асноўную масу вернікаў-беларусаў (каля 70%) і аб’ядноўваліся ў 862 прыходы, сталі прымусова пераводзіць у праваслаўе. Толькі пасля яе смерці Павел І прыпыніў гвалт і вярнуў беларусаў да іх канфесіі. Планы Кацярыны ажыццявіліся пры ўдзеле яе ўнука – Мікалая І, які ў 1839 г. падтрымаў ініцыятыву ўніяцкага архіепіскапа Я. Сямашкі аб далучэнні ўніяцкай паствы да праваслаўя.
На пачатку ХІХ ст. колькасць каталіцкіх прыходаў павялічылася з 69 (1773) да 231 (1823). На тэрыторыi Лiтвы i Беларусi дзейнiчала 4 бiскупствы – Вiленскае, Магiлёўскае, Мiнскае, Ковенскае. Але пасля дзвюх хваль русіфікацыі, якія адбыліся пасля паўстанняў 1830-1831 і 1863-1864 гг., часу праваслаўная рэлігія ператваралася ў адзіную дзяржаўную рэлігію з наданнем яе служыцелям шматлікіх ільгот і пераваг у параўнанні са святарамі іншых канфесій. Яна ж з’яўлялася складовай часткай дзяржаўнай ідэалогіі.
На працягу стагоддзяў захоўвалі сваю мусульманскую рэлігію беларускія татары. На сродкі вернікаў у 1900 г. у Мінску была пабудавана мураваная мячэць.
Пасля выдання ў 1905 г. царскага ўказу аб верацярпімасці ў Расійскай імпэрыі больш за сто тысяч вернікаў перайшлі ў каталіцтва. Але па-ранейшаму дыскрымінаванымі ў правах заставаліся стараверы, баптысты, некаторыя іншыя пратэстанты, а таксама іудзеі.
2.Асэнсаванне беларусамі сваёй прыналежнасці да асобнага этнасу або фарміраванне іх нацыянальнай самасвядомасці пачалося пасля далучэння да Расійскай імперыі. Доўгі час назвы «Беларусь», «бела-рускі» і г. д. знаходзіліся галоўным чынам у афіцыйным ужытку і мелі больш геаграфічны, чым этнічны змест. У адрозненне ад іншых нацыянальных груп, іх нацыянальная ідэнтыфікацыя беларусаў не мела вы-разных крытэрыяў і не з’яўлялася агульна-прызнанай. Прычымсам народ, у падаўляючай большасцi, cяляне, не мелі магчымасці асэнса-вана заявіць аб сваёй нацыянальнай прыналежнасці. Прычынай тыму быў не толькі нізкі ўзровень яго асветы, але і ўздзеянне чужых яму паланізацыі і русіфікацыі.
Зародкі беларускай нацыянальнай самасвядомасці варта шукаць у асяроддзі той шляхты, якая акцэнтавала ўвагу на мясцовых, «тутэй-шых», літвінскіх каштоўнасцях і бачыла ў іх стымул для вылучэння з вялікапольскай нацыі ва ўласную этнічную супольнасць. Вывучэнне гісторыі ВКЛ, народнага фальклору і інш. набліжалапрагрэсіўную шляхту і інтэлігенцыю да сялянства, ствараючы перадумовы для кан-салідацыі ўсіх пластоў беларускага насельніцтва.
Дзякуючы дасягненням беларусазнаўства, кола прыхільнікаў думкі аб беларусах як самабытным народзе няўхільна пашыралася. Важкі ўклад у гэтым накірунку ўнёс В. Дунін-Марцінкевіч. Яго літаратурныя творы ўзнялі пашырылі ўжытак народнай мовы і дэманстравалі нацыянальную адметнасць беларусаў. Яскравым паказчыкам таго ж стала «Мужыцкая праўда» і «Пісьмо з-пад шыбеніцы» К. Каліноўскага, дзе, акрамя іншага, адбілася імкненне часткі шляхты разам з сялянствам змагацца супраць царызму за сваю волю, школу, веру (уніяцтва) і інш. Разам з тым пад час паўстання 1863 г. на Беларусі нацыянальная сама-свядомасць яго ўдзельнікаў пэўным чынам дыферэнцыравалася па прыкмеце вялікапольскіх і мясцовых мэтаў.
Аб фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці беларусаў свед-чаць выступленні групы «Гоман». Вялікі ўклад у гэты працэс унёс Ф. Багушэвіч. У выніку, у другой палове XIX ст. вынайдзеная сама-ўладдзем назва праваслаўнага насельніцтва РП, затым Паўночна-За-ходняга краю «беларусы» стала пераўтварацца ў этнонім. Адначасова працягвалі існаваць рэгіянальныя назвы беларусаў (палешукі), канфе-сіянімы (рускія і палякі) і саманазва «тутэйшыя».
З сярэдзіны ХІХ ст. з Заходняй Еўропу ў Расійскую імперыю ўз-мацніўся паток новых філасофскіх, палітычных, прававых ідэй, вучэн-няў і г.д. У іх ліку, ідэалогія нацыяналізма, якая абвяшчала вышэй-шай каштоўнасцю палітычную самастойнасць асобнага народа, які пражываў на пэўнай тэрыторыі, меў сваю эканоміку, сацыяльную структуру, матэрыяльную і духоўную культуру. Гэтая ідэалогія абапі-ралася на патрыятычныя пачуцці членаў этнічнай супольнасці і спры-яла іх кансалідацыі, незалежна ад сацыяльнага (маёмаснага, канфесій-нага) стану. У сукупнасці са значнымі сацыяльна-эканамічнымі, гра-мадска-палітычнымі і культурнымі пераменамі, якія адбываліся ў імперыі, ідэі нацыяналізму паскорылі працэс пераўтварэння насяляўшых яе народнасцей у нацыі – устойлівыя супольнасці людзей на базе агульнасці іх тэрыторыі, мовы, эканамічнага жыцця і псіхічнага скла-ду, што выяўлялася ў культуры.
Пэўныя нацыястваральныя працэсы адбываліся і ў беларусаў. Па-водле агульнарасійскага перапісу (1897), насельнiцтва Расii за 37 год вырасла на 52 млн (з 74 да 126 млн), а Беларусі – амаль падвоiлася і склала: 5 млн 408 тыс. беларусаў, 3, 1 млн рускiх, палякаў, украiнцаў, яўрэяў (13, 8%), лiтоўцаў, латышоў. Характэрна, што 73% жыхароў Беларусі назвалі сваёй роднай мовай беларускую.
У сувязі з развіццём рыначных адносін, транспартных камунікацый, пашырэннем адукацыі і інш. адбывалася лексічнае ўзбагачэнне беларускай мовы, яе ўніфікацыя, пашырэнне сферы ўжытку. На пачатку ХХ ст. стварыліся ўмовы для фарміравання на базе мінска-маладзе-чанскага дыялекту мовы літаратурнай. Яе заснавальнікамі з’яўляліся інтэлігенты, аб’яднаныя вакол «Нашай Нівы».
Скасаванне прыгоннага права ў 1861 г., ажыццяўленне аграрнай і іншых рэформаў стымулявалі ўсебаковую кансалідацыю беларусаў у сістэме агульнага эканамічнага жыцця і капіталістычнага рынку. Пры-стасаванне памешчыкаў і сялян да новых умоў гаспадарання патрабавала перамен у іх адносінах на пачатках узаемнага інтарэсу. Малазя-мелле і беззямелле вымагала ад сельскіх працаўнікоў большай мабіль-насці: пошуку дадатковых крыніц заробку і новых месцаў пражы-вання. Гарадская і местачковая прамысловасць, якая да гэтага часу за-бяспечвалася пераважна яўрэйскай рабочай сілай, стала папаўняцца выхадцамі з вёскі. Адпаведна ў атрадзе шматнацыянальнага пралета-рыяту павялічвалася праслойка беларусаў.
Умацаванне эканамічных сувязяў паміж прамысловымі цэнтрамі і аграрнымі ўскраінамі, паміж горадам і вёскай адбывалася ва ўмовах паляпшэння транспартных камунікацый, асабліва чыгунак – Маскоўска-Брэсцкай, Лібава-Роменскай, Палескай і інш). Губернскія (Вільня, Віцебск, Гродна, Магілёў, Мінск) і асобныя павятовыя цэнтры (Баб-руйск, Баранавічы, Гомель, Пінск, Полацк, Рагачоў і інш.) з’яўляліся не толькі буйнымі гарадамі, але месцамі размяшчэння лакальных рын-каў, звязаных паміж сабою і інтэграваных у агульнарасійскі рынак.
У паслярэформенны перыяд на Беларусі назіралася цеснае перапляценне сацыяльнай i нацыянальнай структур насельніцтва. Сялянства было прадстаўлена беларусамi; памешчыкi – (у асноўным) палякамi i (у меншай ступені) рускiмi; купцы і рамеснiкi (галоўным чынам) яўрэямi; адміністрацыя, чыноўнiцтва – рускiмi; інтэлігенцыя – рускімі, яўрэямі, палякамі. З развіццём капіталістычных адносін у грамадстве адбывалася фарміраванне новых класаў – пралетарыяту і буржуазіі. Усяго напачатку ХХ ст. колькасць наёмных рабочых у эканоміцы Беларусі было занята каля 460 тыс. чал., у тым ліку ў прамысловасці 235 тыс., на чыгунцы – 25 тыс., у сельскай гаспадарцы і іншых сферах занятасці – 200 тыс. чал. Па нацыянальнай прыкмеце гарадскі пралетарыят складаўся (пераважаўшай большасці) з яўрэяў, а таксама рускіх, палякаў, беларусаў і іншых.
Да класу буржуазіі належалі ўладальнікі прадпрыемстваў, банкаў, магазінаў і г. д., усіх тых, хто жыў на даходы ад выкарыстання наёмнай працы, змешчаных капіталаў, здадзенай у арэнду ўласнасці і г. д. Прамысловыя (51%), гандлёвыя (84,5%) і амаль усе банкаўскія капіталы знаходзіліся ў руках яўрэйскай буржуазіі. Да 1897 г. доля рускіх купцоў складала – 10,7 %, а беларускіх 1,7 %.
Зямельныя багацці знаходзіліся ва ўласнасці польскіх і рускіх памешчыкаў, якія ў сваёй большасці перайшлі на капіталістычны лад гаспадарання. Да буржуазii можна аднесці і каля 12% вясковых яе прадстаўнiкоў – хутаран i адрубнiкоў, усяго каля 50 тыс. гаспадароў. Такім чынам, колькасць беларускай нацыянальнай буржуазii складала не менш за 1 млн чал. Яе нешматлікасць, эканамічная і палітыч-ная слабасць замаруджвала працэс кансалідацыі беларускай нацыі.
Беларуская інтэлігенцыя, як правіла, рэкрутавалася з асяроддзя збяднелай засцянковай шляхты, набыўшых адукацыю выхадцаў з вёскі і іншых пластоў насельніцтва, толькі ўставала на шлях свядомай барацьбы за інтарэсы свайго народа, у першую чаргу – за нацыяналь-ную асвету. У неспрыяльных умовах (адсутнасць сваёй дзяржаўнасці, нацыянальных арганізацый, засілле вялікарускага і польскага шавініз-му) гэтая барацьба з’яўлялася важнейшым кансалідуючым фактарам беларускага народа і спрыяла яго самасвядомасці.
У горадзе iснаваў кангламерат культур (яўрэйская, польская, руская), кожная з якiх развiвалася па-свойму і ва ўласным рэчышчы. Ула-сцівая беларусам культура дамiнавалi толькi на вёсцы.
Да гэтага ж часу сфарміравалася такая характэрная нацыі рыса як менталітэт. На думку прафесара Я. С. Яскевіч, беларусы ўвабралі ў сябе ўніяцкую схільнасць да кампрамісаў, героіку каталіцызма, строгую стрыманасць пратэстанцтва, праваслаўны калектывізм (саборнасць). Беларусы набылі такія высокамаральныя якасці, як талерантнасць, працавітасць, гасціннасць, шчырасць. Ім уласцівы разважлівасць, па-мяркоўнасць, непрыняцце гвалту як сродка дасягнення мэтаў.
Такім чынам, важнейшыя палітычныя мерапрыемствы царызма, здзейсненыя ў другой палове ХІХ ст. (скасаванне прыгону; аграрная, судовая, ваенная, школьная і інш. рэформы), а таксама станоўчыя наступствы ўздыму эканомікі (прамысловы пераварот, прагрэс у сельскай гаспадарцы) паскорылі нацыястваральныя працэсы ў Расійскай імперыі, у тым ліку на Беларусі, дзе пачала фарміравацца асобная беларуская нацыя з уласцівым ёй арэалам пражывання і сваеасаблівымі мовай, культурай і псіхалагічным складам. Але глыбокая інтэграванасць эканомікі і культуры Беларусі ў вялікарасійскі арганізм стрымлівала развіццё беларускай самобытнасці і фарміраванне нацыянальна арыентаванай эліты. Акрамя таго, па прычыне неспрыяльных абставін (адсутнасць уласных дзяржавы, дзяржаўнай мовы і сістэмы адукацыі; у асноўным сялянскі склад беларусаў, нешматлікасць нацыянальнай буржуазіі, іх нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці; невысокі адукацыйны ўзровень большасці беларусаў, адсутнасць адзінай рэлігіі) гэты працэс, у параўнанні з іншымі народамі, быў больш складаным па часе і выніках. Тым не менш факт узнікнення беларускай нацыі натхніў яе лепшыя сілы на выкананне сваёй вызначальнай місіі – дасягненне нацыянальнай дзяржаўнасці.
3. Адразу пасля першага падзелу РП кацярынінская адміністрацыя, імкнучыся да стварэння сацыяльнай апоры ў асноўнай масе хры-сціянскага насельніцтва Беларусі, стала адкрываць усесаслоўныя «на-родныя школы» з рускай мовай навучання. Але цікавасць да іх выявілі толькі рускія ваенныя і цывільныя служачыя. Шляхта ж па-ранейшаму аддавала перавагу традыцыйным навучальным установам.
У 1803 г. на тэрыторыі пяці беларускіх, трох украінскіх губерняў і адной (Беластоцкай) вобласці была створана Віленская навучальная акруга, якой падпарадкаваліся ўсе навучальныя ўстановы на чале з Віленскім універсітэтам (1803).
Усталяваная трохступенная сістэма народнай адукацыі прадугле-джвала існаванне прыходскіх і павятовых вучылішч, а таксама губернскіх сямікласных гімназій. Віленскі ўніверсітэт быў прэстыжнай установай і нават па еўрапейскіх маштабах. Ён складаўся з 4 факультэтаў – фізіка-матэматычнага, медыцынскага, маральна-палітычнага (з багаслоўем), літаратурнага з прыгожымі мастацтвамі. У 1804 г. у ім навучалася 290, а ў 1830 – больш за 1300 студэнтаў. Пры ўніверсітэце была адкрыта настаўніцкая семінарыя.
Пасля выкрыцця дзейнасці тайных таварыстваў з Віленскай акругі былі выведзены Віцебская і Магілёўская губ., а ў 1829 іх уключылі ў склад Беларускай навучальнай акругі. У 1831 г. туды ж далучылі ву-чылішчы і школы Мінскай губ. Навучальным установам прадпісвалася выкладанне дысцыплін толькі на рускай мове.
1 мая 1832 г. цар Мікалай І аддаў загад аб закрыцці ўніверсітэта за ўдзел выкладчыкаў і студэнтаў у паўстанні 1830-1831 г. Медыцынскі факультэт быў ператвораны ў Медыка-хірургічную, а багаслоўскі – у Духоўную рымска-каталіцкую акадэмію. Але іх студэнты выказвалі такія ж антырасійскія настроі, невыпадкова таму першая ўстанова ў 1842 г. была закрыта, а другая ў 1844 г. пераведзена ў Санкт-Пецяр-бург. Адзінай на Беларусі вышэйшай навучальнай установай з’яўляўся Земляробчы інстытут у Горы-Горках. Але і ён быў закрыты за ўдзел яго навучэнцаў у паўстанні 1863 г.
У той самы час на Беларусі значна павялічылася колькасць навучальных устаноў, асабліва пачатковых – для сялянскіх дзяцей. Прычынай такой увагі да ніжэйшага саслоўся з’яўлялася імкненне царызма шляхам адукацыі ўмацаваць свой уплыў насуперак польска-каталіцкаму ў асноўнай масе беларускага насельніцтва. Як казалі царскія чыноўнікі пасля падаўлення паўстання 1863 г., «што не зрабіў рускі штык, тое зробіць руская школа». Невыпадкова, што, акрамя фарміра-вання ў навучэнцаў навыкаў чытання, пісьма і ліку, важнейшай функ-цыяй настаўніцтва з’яўлялася выхаванне ў навучэнцаў свядомай павагі да царскай дынастыі і праваслаўнай царквы, укараненне манархіч-ных і вернападданіцкіх ідэй. У гэтай сувязі сістэме адукацыі надзвы-чай узрасла роля праваслаўнай царквы, якой у 1866 г. належала падаў-ляючая большасць навучальных, асабліва сельскіх устаноў. Так, у канцы стагоддзя 77 тыс.чал. набывалі адукацыю ў 999 народных вучылішчах, а амаль 140 тыс. – у 5 814 царкоўна-прыходскіх школах.
У 1864 г. у мэтах падрыхтоўкі кадраў для пачатковай школы была адкрыта настаўніцкая семінарыя ў Маладзечна, затым у Полацку (1872), Нясвіжы (1875) і Свіслачы (1876).
Патрэбы эканамічнага развіцця станоўча ўплывалі на сістэму школьнай адукацыі. Так, з 1881 па 1889 г. колькасць пачатковых народных школ на Беларусі ўзрасла з 1 196 па 6 813, а вучняў, адпаведна, з 49, 2 да 216, 1 тыс. У 1860-х гг. у Брэсце, Вільні, Віцебску, Гоме-лі, Гродна, Магілёве, Мінску, Слуцку працавалі гімназіі; Бабруйску і Мазыры – прагімназіі; Мінску, Магілёве і Пінску – рэальныя вучылішчы. Сістэма жаночай адукацыі была прадстаўлена гомельскай гімназіяй і шэрагам прыватных навучальных устаноў васьмі гарадоў Беларусі. Да канца стагоддя колькасць сярэдніх устаноў узрасла да 20.
Нягледзячы на велізарныя зрухі ў сістэме адукацыі, паводле перапісу 1897 г., колькасць пісьменных на Беларусі складала крыху больш за чвэрць (25,7%) яго насельніцтва. Высокі для бюджэта сялянскай і рабочай сям’і кошт адукацыі з’яўляўся асноўнай прычынай таго, што ў 1911 г. толькі 18, 4 % дзяцей школьнага ўзросту наведвалі пачатковыя навучальныя ўстановы.
Развіццё прамысловасці, чыгуначнага транспарту, фінансава-крэдытнай сферы, гандлю, сродкаў сувязі і інш. патрабавала прытоку адукаваных работнікаў, што абумовіла неабходнасць правядзення ў пачатку ХХ ст. чарговай адукацыйнай рэформы. У адпаведнасці з ёй, замест царкоўнапрыходскіх стала больш адкрывацца народных вучылішчаў. У Віцебску (1910), Магілёве (1913), Мінску (1914) пачалі пра-цу настаўніцкія інстытуты, якія давалі сярэднюю спецыяльную адука-цыю. Навучэнцамі гімназій, рэальных вучылішчаў, інстытутаў былі галоўным чынам дзеці дваран і чыноўнікаў і ў значнай ступені – за-можных гараджан. Пасля заканчэння азначаных устаноў выпускнікі мелі магчымасць набыць вышэйшую адукацыю ў Пецярбургу, Мас-кве, Казані, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых гарадах імперыі.
4. Пасля падзелаў РП беларускія землі зрабіліся аб’ектам скрупу-лёзнага вывучэння з боку царскіх улад, у першую чаргу, з мэтай уліку матэрыяльных і людскіх рэсурсаў. Акрамя таго, розныя пласты расій-скай грамадскасці выяўлялі да Беларусі пазнавальную і навуковую ці-кавасць. Да канца ХVІІІ ст. яе наведалі Кацярына ІІ і Павел І, К. Р. Дашкава і Г. Р. Дзяржавін і інш. У ліку першых свае ўражанні апублі-кавалі акадэмікі І. Ляпёхін і В. Севяргін. Цэнтры па вывучэнні Белару-сі ўзніклі ў Пецярбургу, Маскве, а таксама ў Гомелі, Вільні, Полацку.
Ужо ў першай чвэрці XIX ст. былі закладзены асновы беларуса- знаўства. Расійскі гісторык К. Калайдовіч на матэрыялах праведзеных у 1812-1813 гг. даследаванняў беларускай мовы надрукаваў артыкул "Аб беларускай гаворцы" і "Кароткі слоўнік беларускай гаворкі". У выніку працы энтузіястаў на чале з графам М. Румянцавым, было вы-яўлена шмат гістарычных крыніц, частка якіх увайшла ў трохтомны "Беларускі архіў старажытных грамат». Адным з піянераў беларуса-знаўства, археалогіі, фалькларыстыкі і мовазнаўства быў З. Даленга-Хадакоўскі (1784-1825), аўтар твораў "Аб славяншчыне напярэдадні хрысціянства" і "Пошукі ў дачыненні рускай гісторыі".
Даследчыкі беларушчыны працавалі ў Віленскім універсітэце: прафесар расійскай мовы І. М. Лабойка, прафесары-гісторыкі І. Дані-ловіч, І. Анацэвіч, М. Баброўскі. Пасля яго закрыцця вывучэнне бела-рускай мінуўшчыны не спынілася. Для многіх яе аматараў важнай крыніцай ведаў сталі часопісы "Аtеneum", "Rubon" і інш. Іх выдаўцамі былі пісьменнік І. Крашэўскі і гісторык А. Кіркор. Патрэбам аматараў беларушчыны служылі творы М. Бэз-Карніловіча «Гістарычныя звест-кі пра выдатныя мясціны на Беларусі...» (1855) і В. Турчыновіча "Аг-ляд гісторыі Беларусі са старажытных часоў" (1857).
Важкі ўклад у вывучэнне мясцін Беларусі ўнеслі браты Тышкевічы, А. Кіркор, П. Шпілеўскі і інш. Нарэшце ў 1840 г. у Парыжы па-літычным эмігрантам А. Рыпінскім быў выдадзены зборнік «Беларусь. Колькі слоў аб паэзіі простага люду...». У 1840-1850-я гг. выйшлі ў свет фальклорныя працы беларускіх даследчыкаў "Сялянскія песні з-пад Нёмана і Дзвіны" (1837-1846) Я. Чачота, "Народныя песні пінскага люду" (1851) Р. Зянькевіча, "Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках" (1853-1856) П. Шпілеўскага, "Беларускія народныя песні" (1853) Л. Паўлоўскай, "Беларускія прыказкі і пры-маўкі" (1852). Прапаганда дасягненняў беларусазнаўства пераходзіла ў практычную плоскасць: будзіла нацыянальную самасвядомасць, раз-бурала існаваўшыя перагародкі паміж рознымі пластамі беларускага народа, спрыяючы фарміраванню нацыянальнай ідэі.
Паўстанне на чале з К. Каліноўскім, акрамя іншага, не магло не прыцягнуць увагі міжнароднай, расійскай і польскай супольнасці да Беларусі і яе народа, што дало дадатковы стымул этнаграфічным даследаванням. Карпатлівая праца па збіранні і вывучэнні матэрыялаў аб беларусах, умовах і асаблівасцях іх пражывання, духоўных і матэрыяльных здабытках атрымалі прызнанне расійскай, што знайшло ўвасабленне ў стварэнні і дзейнасці Паўночна-Заходняга аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства (1867-1875) з удзелам А. Семянтоўскага, П. Шэйна, Е. Раманава. Асноўны аб’ём даследчыцкай працы выконвалі мясцовыя навукоўцы. Так, І. Насовіч у ліку іншых буйных твораў вы-даў грунтоўны «Слоўнік беларускай гаворкі» (1870). Актыўнай пра-цай на ніве беларушчыны ў 1880-1890-х гг. вызначыліся М. Доўнар-Запольскі, М. Янчук, А. Багдановіч і іншыя. Прыкметным дасягнен-нем беларусазнаўства сярэдзіны 90-х гг. ХІХ ст. зрабіўся твор М. Нікі-фароўскага "Нарысы простанароднага жыццябыцця ў Віцебскай Бе-ларусі і апісанне прадметаў ужытку". Шэраг іншых прац навукоўцы асвятляў духоўнае жыццё беларусаў.
Нягледзячы на велізарныя дасягненні ў вывучэнні беларускага народа, у пэўных колах навуковай грамадскасці з’явілася думка аб ім як заходнім адгалінаванні «рускага племені». З гэтай нагоды славуты этнограф, фалькларыст і археолаг, аўтар шматтомнага «Беларускага зборніка» і больш 200 прац Е. Раманаў патраціў шмат энергіі ў абарону пункта гледжання аб беларусах як самабытным народзе.
Такім чынам, беларусазнаўства зрабілася самастойнай галіной ве-даў, якія ўвабралі ў сябе дадзеныя аб гісторыі, матэрыяльнай і духоў-най культуры беларусаў і інш. Яно паслужыла фарміраванню адэкват-най грамадскай думкі аб беларусах, а таксама спрыялі фарміраванню іх нацыянальнай самасвядомасці.
5. Пачатак беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння звязваюць са збіраннем і вывучэннем вуснай народнай творчасці – абрадавай паэзіі, эпічных твораў, прыслоўяў і інш. Яго пачынальнікамі былі шляхцічы або інтэлігенты, прысвяціўшыя сваё жыццё служэнню Айчыне, пад якой разумелі РП. Пры гэтым ураджэнцы Беларусі хоць і знаходзіліся ў рэчышчы польскай ідэі, але шмат увагі надавалі сваёй «малой радзіме», яе гісторыі і культуры яе народа. Аб’ектам асабліва-га вывучэння гэтых людзей зрабілася народная творчасць і «простая» мова, якія сведчылі аб існаванні на Беларусі самабытнага народа. У лі-ку заснавальнікаў такой літаратуры быў Я. Чачот (1796–1847), які выдаў шэсць зборнікаў "Вясковых песень з-над Нёмана і Дзвіны", у тым ліку адзін (апошні) на беларускай мове. Акрамя таго, Я. Чачот апублікаваў два зборнікі з уласнымі вершамі. У 1846 г. выйшаў твор Я. Бар-шчэўскага (1794-1851) "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастыч-ных апавяданнях".
А. Рыпінскі (1811-1900) таксама вывучаў духоўную спадчыну бе-ларусаў. У 1840 г. у Парыжы ім была выдадзена этнаграфічна-фальклорная праца "Беларусь", якой ён, акрамя іншага, даказваў, што «мо-ва беларуская не ёсць маскоўская».
У. Сыракомля (Людвік Кандратовіч) (1823-1862) як паэт, фалькларыст і краязнавец пісаў па-польску і па-беларуску. У 1856 г. ён падрыхтаваў «Кароткае даследаванне мовы і характару паэзіі русінаў Мінскай правінцыі». На яго думку, беларуская мова мела такія ж пра-вы на існаванне ў літаратурным жыцці, як і любая іншая. У. Сыра-комля падаў прыклад таго, напісаўшы вершы "Добрыя весці" (1848) і "Ужо птушкі пяюць усюды" (1861).
В. Дунін-Марцінкевіч (1807-1884) як пісьменнік, паэт, драматург у большай ступені, чым яго папярэднікі, выкарыстоўваў у сваёй творчасці народную гаворку. Выдадзенае ў 1846 г. у Вільні лібрэта оперы "Сялянка» адбіла тыповую на той час карціну, калі паны гаварылі на польскай мове, а сяляне – на беларускай. Паэма "Гапон" (1855) – гэта ўжо першы цалкам беларускамоўны твор, але ў далейшых зборніках аўтара "Вечарніцы і Апантаны" (1855 г.), "Цікавішся? Прачытай!" (1856 г.), "Дудар беларускі, або ўсяго патроху" (1857 г.) вершы, апа-вяданні і аповесці публікаваліся на абедзвюх мовах. Тым не менш бе-ларускамоўныя творы леглі ў падмурак нацыянальнай літаратуры. Ця-га аўтара да беларускага фальклору, жывой народнай мовы знайшла ўвасабленне ў перакладзе твора класіка польскай паэзіі А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш». У многім намаганнямі В. Дуніна-Марцінкевіча народ-ная мова губляла зняважлівы статус мужыцкай і знаходзіла ўсё больш выразны ўжытак у літаратурным працэсе. Аб тым жа сведчаць паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» (сярэдзіна ХІХ ст.), першая газета на беларускай мове «Мужыцкая праўда» (1862-1863), асобныя творы К. Каліноўскага (1864).
Такім чынам, у першай палове XIX ст. намаганнямі мясцовай шляхецкай інтэлігенцыі быў закладзены падмурак беларускамоўнай літаратуры, але жорсткая палітыка царскіх улад на Беларусі, выкліканая паўстаннем 1863-1864 гг., акрамя іншага, істотна запаволіла яе развіццё. У канцы 1860-х нешматлікія яе здабыткі папоўніліся паэмамі В. Дуніна-Марцінкевіча "Пінская шляхта" (1866) і "Залёты" (1870).
На рубяжы 1880-1890-х гг. на Беларусі з’явілася новая кагорта беларускіх інтэлігентаў шляхецкага паходжання, якія літаратурнымі сродкамі паспрабавалі ўзняць годнасць роднай зямлі і яе народа пры тым, што сама беларуская мова афіцыйна не прызнавалася. Толькі на-пачатку 1890-х гг. у Кракаве пад псеўданімам Мацей Бурачок выйшаў у свет беларускамоўны твор «Дудка беларуская» (1891), а ў Познані пад псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава – «Смык беларускі» (1894), надрукаваныя лацініцай. Іх аўтарам быў Ф. Багушэвіч (1840-1900) – у поўным сэнсе першы беларускі паэт і пісьменнік. Асноўным і пастаянным аб’ектам яго творчасці з’яўляўся беларускі мужык. Па-фас яго вершаваных зборнікаў быў звернуты непасрэдна да самога се-ляніна, яго годнасці і нацыянальнай свядомасці. Пры гэтым аўтар пе-раканаўча даводзіў, што тая мова, на якой напісаны вершы і размаўляе беларускі народ, такая ж «людская і панская» як і іншыя. Заклік Ф. Ба-гушэвіча да чытачоў шанаваць сваю мову, яго словы аб гісторыі наро-да, спробы вызначэння тэрыторыю Беларусі ў геаграфічнай прасторы і тлумачэння яе назвы ўялялі сабой абрысы нацыянальнай ідэі.
Паэт А. Гурыновіч (1869-1894) са сваім клопатам аб лепшай буду-чыні народа быў паслядоўнікам Ф. Багушэвіча. За сваё зусім кароткае жыццё ён істотна паспрыяў станаўленню беларускай літаратурнай мо-вы. Акрамя публікацыі ўласных вершаў лірычнага і грамадска-палі-тычнага зместу, паэт пераклаў на беларускую мову творы А. Пушкіна, М. Някрасава, А. Міцкевіча, А. Ажэшкі, I. Франко.
Істотны ўклад у развіццё літаратуры ўнеслі К. Кастравіцкі (Карусь Каганец), Ф. Тапчэўскі і першы беларускі байкапісец А. Абуховіч. Я. Лучына (I. Неслухоўскі) (1851-1897) пісаў свае шматлікія творы пра народ і для народа. Яго кнізе беларускіх вершаў «Вязанка» (1903), якая выйшла ў Пецярбургу, а таксама паэмам «Паляўнічыя акварэлькі», «Гануся», «Андрэй», «Віялета» уласцівы тонкі лірызм, любоў да простага люду і Бацькаўшчыны.
Беларуская літаратура ХІХ ст. увабрала ў сябе ўсе тагачасныя ма-стацкія стылі – рамантызм, сентыменталізм і рэалізм. Намаганнямі плеяды мясцовых патрыётаў у іх літаратурных творах рабіўся акцэнт на асаблівасцях «малой радзімы». Беларуская мова стала набываць са-мадастатковую каштоўнасць і гучаць у арыгінальных вершах. Дзяку-ючы намаганням В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, А. Гурыно-віча, Я. Лучыны і інш., у другой палове ХІХ ст. беларуская мова па-ступова пазбаўлялася непрывабнага статусу «мужыцкай», актыўна вы-карыстоўвалася ў нацыянальнай паэзіі, прозе і драматургіі і стала за-кладваць падмурак утварэнню мовы літаратурнай. Пад уздзеяннем на-цыястваральных працэсаў, якія адбываліся ў 1870-1890-х гг., літарату-ра кансалідавала народ і фарміравала яго нацыянальнуюсвядомасць.
6. З 1803 па 1832 гг. аддзяленне прыгожых мастацтваў факультэта літаратуры і мастацтва Віленскага ўніверсітэта заставалася адзіным цэнтрам падрыхтоўкі мастакоў, скульптараў і гравёраў на Беларусі. Вялікім аўтарытэтам у навучэнцаў карысталіся прафесары Ф. Смуглевіч і Я. Рустэм. На змену класіцызму прыйшоў новы мастацкі стыль – рамантызм. Да ліку лепшых прадстаўнікоў партрэтнага жанру адно-сяць І. Аляшкевіча (1777-1830), аўтара партрэтаў А. Міцкевіча, А. Чартарыйскага, Г. Ржавускага, Л. Сапегі, М. Радзівіла.
Адыход ад канонаў класіцызму быў уласцівы мастаку віленскай школы В. Ваньковічу (1800-1842) – аўтару партрэтаў паэта А. Міцке-віча і піяністкі М. Шыманоўскай; карцін «Напалеон каля вогнішча», «Дзева Марыя Вострабрамская» і інш. Адным з лепшых прадстаўнікоў партрэтнага жывапісу быў І. Хруцкі (1810-1885). За карціну «Ста-рая, якая вяжа шкарпэткі», мастак атрымаў малы залаты медаль Акадэміі. У 1839 г. яму было прысуджана званне акадэміка жывапісу.
Выдатна спалучаў элементы партрэтнага і батальнага жанраў, і разам з імі – класічнага і рамантычнага стыляў мастак Я. Дамель (1780-1840). Яго карцінам "Смерць Глінскага ў няволі", "Вызваленне Касцюшкі з цямніцы", "Адступленне французаў праз Вільню ў 1812 г." «Хрышчэнне славян» уласціва гераізацыя падзей.
Гістарычны жанр распрацоўваў мастак, этнограф і кампазітар Н. Орда (1807-1883). Але яшчэ большага поспеху ён дасягнуў у жанры пейзажу. Карціны «Лагойск», «Крыжоўка», «Руіны замка ў Лідзе», «Мір», «Нясвіж», «Белая Вежа», а таксама больш 500 акварэляў і ма-люнкаў з натуры прынеслі яму вялікую вядомасць.
Да майстроў пейзажнага жывапісу Беларусі належыць і В. Дма-хоўскі (1805-1862). Яго творы – "Радзіма", "Возера Свіцязь", "Заход сонца", «Начлег» вылучаюцца сярод іншых сваімі велічнымі і паэтыч-нымі кампазіцыямі, вытанчонасцю малюнка.
Майстрам бытавога жанру быў выпускнік Пецярбургскай акадэміі мастацтваў Н. Селівановіч (1830-1918). Найбольш вядомыя яго творы – псіхалагічны партрэт «Пастух», "Дзеці на двары", "У школу", "Дзяў-чынка", Н. Селівановіч браў удзел у афармленні інтэр’ера Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу. За мазаічную кампазіцыю "Тайная вячэра" яму было прысвоена званне акадэміка.
Пэўны ўплыў на беларускіх майстроў жывапісу аказвалі рускія мастакі, якія пэўны час пражывалі на Беларусі. Так, І. Я. Рэпін плённа працаваў у сваім маёнтку Здраўнёва на Віцебшчыне. У 1899 г. яго тво-ры ў экспазіцыі іншых мастакоў-перасоўнікаў выстаўляліся ў Мінску.
У 1890-я гг. былі заснаваны мастацкія школы В. Мааса ў Мінску і Ю. Пэна ў Віцебску, у пачатку ХХ ст. – у Магілёве. У 1890-я гг. пачаўся творчы шлях славутагага беларускага жывапісца В. Бялыніцкага-Бірулі (1872-1957). Напісаная ім у 1892 г. карціна «З аколіц Пяцігорска» была набыта Траццякоўскай галерэяй.
Далучэнне Беларусі да Расійскай імперыі супала ў часе са зменамі ў архітэктурных стылях. Рысы пераходу ад барока да класіцызму спа-лучылі ў сабе палацы ў Ружанах, Шчорсах, Дзярэчыне, сабор Св. Іосі фа ў Магілёве і інш. Палац-рэзідэнцыя графа М. Румянцава і сабор Пятра і Паўла ў Гомелі, Прэабражэнская царква ў Чэрыкаве, касцёл у Шчучыне і інш. ужо не захоўвалі рэшткаў барока. Але класіцызм не зрабіўся пануючым стылем. З сярэдзіны XIX ст. яго паступова замя-няе рамантызм з уласцівай яму эклектыкай – спалучэннем розных стыляў. Ідучы насустрач пажаданням заможных заказчыкаў, архітэк-тары спалучалі ў адным праекце элементы готыкі, рэнесансу, барока. Так, касцёл святой Варвары ў Віцебску выкананы з элементамі готыкі, царква на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці ў візантыйскім стылі і г. д..
Прыкметнай з’явай у архітэктуры Беларусі канца XIX – пачатку ХХ стст. стала распаўсюджанне новага мастацкага стылю – мадэрн з уласцівым яму пераплеценнем ліній, асіметрыяй, багатым дэкорам. Ім аздабляліся чыгуначныя вакзалы, банкі, даходныя дамы і інш.
Хваля русіфікацыя на Беларусі, распачатая пасля падаўлення паў-стання К. Каліноўскага, паўплывала на пашырэнне колькасці права-слаўных храмаў («мураўёвак») у так званым псеўдарускім стылі.
У пачатку XIX ст. у маёнтках буйных магнатаў працягвалі дзейнічаць прыватныя тэатры з прыгоннымі артыстамі. Неўзабаве сцэнічнае мастацтва стала набываць камерцыйны характар. Але ў 1830-я гг. у губернскіх і буйных павятовых цэнтрах пачынаюць з'яўляюцца тэатры прыватнай антрэпрызы, якія ладзілі гастрольныя выступленні ў навакольных гарадах, мястэчках. Вялікую папулярнасць мелі ў той час тэатральная трупа Мараўскага з Вільні, Саламеі Дзешнер з Гродна, Кажынскага з Мінска. У іх рэпертуары былі п’есы заходнееўрапейскіх і рускіх аўтараў. У адпаведнасці з тэатральнай рэформай у 1846-1847 гг. дзейнасць вандроўных труп забаранялася, а ў губернскіх гарадах засноўваліся пастаянныя тэатры на чале з адмысловымі дырэкцыямі.
Пачатак беларускага нацыянальнага тэатра быў пакладзены членамі музычна-драматычнага гуртка на чале з В. Дуніным-Марцінкевічам, якія 23 верасня 1841г. арганізавалі паказ камічнай оперы «Рэ-круцкі яўрэйскі набор». Музыку для яе напісалі С. Манюшка і К. Кжыжаноўскі, а лібрэта – В. Дунін-Марцінкевіч. 9 лютага 1852 г. у гарадскім тэатры мінскія аматары паставілі наступную камічную оперу «Ідылія» («Сялянка»). У далейшым гурткоўцы ставілі яе ў Бабруйску, Нясвіжы, Слуцку.
Разам з нацыянальным тэатрам узнікла і пачало развівацца нацыянальнае музычнае мастацтва. Яго заснавальнікам з’яўляўся славуты кампазітар, аўтар музыкі «Сялянкі» С. Манюшка (1819-1872). Цэнтрамі музычнага жыцця Беларусі з’яўляліся Мінск, Віцебск, Гродна, Магілёў, Бабруйск, Пінск. У рэпертуары прафесійных труп і музыкантаў-аматараў былі творы заходнееўрапейскіх, рускіх і беларускіх кампазітараў. На Беларусі добра ведалі музычныя творы заходнееўрапейскіх кампазітараў. Сярод мясцовых аўтараў асобай папулярнасцю карыстаўся Міхал Клеафас Агінскі, які сачыніў больш 60 музычных твораў, у тым ліку паланэз «Развітанне з Радзімай». Неўміручую славу пакінулі пасля сябе кампазітары С. Манюшка і Ф. Міладоўскі, збіральнік беларускага фальклору і кіраўнік імператарскіх тэатраў В. Казлоўскі.
Барацьба царскіх улад, распачатая пасля падаўлення паўстання 1863-1864 г. і скіраваная супраць польскага ўплыву на Беларусі, закранула і тэатральнае мастацтва. У выніку, усе польскамоўныя сцэнічныя пастаноўкі былі забаронены. Малады беларускі тэатр таксама перыпыніў сваё існаванне.
Выразнай рысай тэатральнага мастацтва на Беларусі ў 1860-1890-я гг. стала развіццё аматарскіх гурткоў у Горках, Рагачове, Навагруд-ку, Пінску, Барысаве, Слуцку, Клімавічах Брэсце, Полацку, Слоніме, Лідзе, Бабруйску, Вілейцы, Ашмянах. 5 чэрвеня 1890 г. у Мінску быў узведзены будынак пастаяннага тэатра. У яго рэпертуары пераважалі п’есы ў жанры крытычнага рэалізму, напісаныя М. Гогалем, А. Суха-во-Кабыліным, А. Астроўскім і інш.
З цягам часу дасягненні беларусазнаўства, акрамя іншага, выйшлі за межы іх навуковага выкарыстання і зрабіліся здабыткам творчай музычнай інтэлігенцыі. Дзякуючы ёй, беларускія песні ўздымаліся да вяршынь духоўнай культуры. Яны ўключаліся ў рэпертуар прафесійных артыстаў і дэманстраваліся ў канцэртных залах Расіі і замежжа. Беларускія песенныя матывы гучалі ў творах рускіх кампазітараў М. Рымскага-Корсакава, М. Мусаргскага, А. Глазунова. Паказчыкам уз-дыму музычнага мастацтва на Беларусі варта назваць з’яўленне мяс-цовых прафесійных музыкантаў-кампазітараў – Ф. Міладоўскага, М. Ельскага, І. Глінскага, М. Чуркіна і В. Залатарова.
Станоўчае ўздзеянне на развіццё духоўнай культуры аказвалі аб’яднанні аматараў музыкі і прыгожых мастацтваў. Іх намаганнямі ад-бывалася прапаганда лепшых узораў культуры, выяўленне мясцовых талентаў, укараненне ў грамадства высокіх мастацкіх густаў.
Наогул, другая палова XIX ст. была важным перыядам у развіцці беларускай вакальнай і музычнай культуры. Праўда, па прычыне ма-лой колькасці беларускай інтэлігенцыі, доля ў ім уласна беларускага нацыянальнага мастацтва была яшчэ невялікай. Разам з тым, той факт, што беларуская песня трапіла ў сферу высокага мастацтва сведчыў аб паскарэнні працэсу кансалідацыі беларускай нацыі.
Такім чынам, палітыка расійскага самадзяржаўя ў галіне культу-ры на беларускіх землях характарызавалася імкненне абмежаваць уздзеянне польскамоўнай асветы і каталіцкай веры на хрысціянскае насельніцтва. Па прычыне забароны беларускага друку да 1889 г. на Бе-ларусі не выйшла ніводнага мастацкага твора на мове падаўляючай большасці яе насельніцтва. У той самы час царызм усебакова спрыяў пашырэнню і ўкараненню рускай асветы, праваслаўя, дзяржаўнай ідэ-алогіі, іншых маральных каштоўнасцяў. Важнейшай з’явай у культур-ным жыцці Беларусі ў ХІХ ст. стала фарміраванне беларускай літара-туры і беларускай літаратурнай мовы, што абумовіла паступовую кансалідацыю духоўных сіл народа і фарміраванне беларускай нацыі.
7. Эканамічны ўздым Расійскай імперыі, які назіраўся ў пачатку ХХ ст., стварыў магчымасць для вырашэння шэрагу ўрадавых сацыяльных праграм, у тым ліку ў галіне народнай адукацыі. У выніку на Беларусі да 1914 г. колькасць пачатковых школ узрасла больш, чым у 3, 5 – з 1 314 да 4 784, а навучэнцаў – у 3 (з 106 196 да 304 745 чал.). Беларускія дзеячы няспынна выступалі за адкрыццё нацыянальных школ. У 1905 г. у Пецярбургу з выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» выйшлі першыя буквары для беларускіх дзяцей на лацінцы (укладальнік В. Іваноўскі) і кірыліцы (К. Каганец). А. Пашкевіч (Цёт-ка) выдала кнігі – «Гасцінец для малых дзяцей», «Беларускі леман-тар", "Першае чытанне для дзетак беларусаў". Тым не менш ні ўрада-вая палітыка, ні пануючая грамадская думка аб беларусах не пакідала спадзяванняў на ўтварэнне беларускай школы.
Да 1914 г. на Беларусі працавала звыш 120 гімназій, камерцый-ных і рэальных вучылішч з 31 тыс. навучэнцаў. Для патрэб ніжэйшай пачатковай школы былі адкрыты новыя настаўніцкія семінарыі – дзве мужчынскія – Рагачоўская і Гомельская, а таксама тры жаночыя – Ар-шанская, Барысаўская і Бабруйская. Пэўную колькасць настаўнікаў выпускалі праваслаўныя семінарыі Віцебска, Магілёва, Мінска. Для навучальных устаноў больш высокага ўзроўню прызначаліся адкрытыя ў тых жа гарадах настаўніцкія інстытуты. У 1911 г. у Віцебску па-чало дзейнасць аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, якое давала студэнтам няпоўную вышэйшую адукацыю.
Навуковыя ўстановы Беларусі былі прадстаўлены Беняконскай сельскагаспадарчай (Віленская губ.) і Балотнай станцыямі ў Мінску. У Віцебску і Смаленску працавалі архіўныя камісіі, у Вільні – Паўноч- на-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства, у Магілёве – Та-варыства вывучэння Беларускага краю. У губернскіх гарадах былі ад-крыты краязнаўчыя музеі. У 1912 г. узнікла Мінскае таварыства ама-тараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. У 1912 г. Е. Раманаў завяршыў 9-томнае выданне "Беларускага зборніка" – свайго кшталту энцыклапедыі жыцця і побыту беларускага сялянства. Фундаменталь-нае выданне Я. Карскага «Беларусы» (тры тамы ў сямі частках) пера-канаўча сведчыла аб этнічнай самабытнасці народа. Нарэшце важней-шым дасягненнем навукі стала выданне В. Ластоўскім у 1910 г. «Ка-роткай гісторыі Беларусі» – першага твора аб беларускай мінуўшчыне.
Дэмакратычныя заваёвы рэвалюцыі 1905 г. далі магчымасць беларускім дзеячам распачаць барацьбу за нацыянальна-культурнае адраджэнне беларускага народа, яго афіцыйнае і грамадскае прызнанне, сацыяльнае і палітычнае вызваленне. Цэнтрам яе зрабілася група інтэлі-гентаў, згуртаваная вакол газеты «Наша Ніва». На ўсім працягу свайго існавання з 1906 па 1915 гг. важнейшая ўвага надавалася абароне пра-ва беларускага народа на выкарыстанне і развіццё сваёй мовы і нацыя-нальнай культуры. Змястоўныя тэарэтычныя доказы беларускай сама-бытнасці, прапаганда гістарычных звестак і дасягненняў беларуса-знаўства, масавая падтрымка суайчыннікаў з усіх куткоў Расійскай ім-перыі, далёкага і блізкага замежжа, усё гэта і іншае выклікала шалё-ную нянавісць рускіх і польскіх шавіністаў, а таксама мясцовых бе-ларусаў, апантаных заходнерусізмам або польскай ідэяй.
Выступленні «нашаніўцаў» падтрымалі тыя, хто падзяляў яе пог-ляды на мову як вышэйшую нацыянальную каштоўнасць. У выніку старонкі газеты сталі запаўняцца не толькі карэспандэнцыяй з месцаў, а натхнёнымі вершамі і апавяданнямі. Так, з 1906 па 1909 гг. "Наша ніва" надрукавала творы 61 паэта і 36 празаікаў. З 1910 г. сталі выда-вацца "Беларускі каляндар", з вясны 1912 г. – сельскагаспадарчы часо-піс «Саха» (рэдактар А. Уласаў), са снежня 1913 – штомесячнік для моладзі «Лучынка» (рэдактар А. Пашкевіч)
За амаль 9-гадовы час існавання «Наша Ніва» здзейсніла велізарную культурна-асветніцкую, ідэйную і кансалідуючую працу. Змагаю-чыся за пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы, газета значна ўзняла яе статус як мовы новай беларускай літаратуры. На яе старонках раскрылі свой талент Я. Купала, Я. Колас, Цётка, М. Гарэц-кі, М. Багдановіч і інш. Менавіта ў надрукаваных тут у 1907 г. радках Я. Купалы ў паэтычнай форме прагучала нацыянальная ідэя.
Газета з’яўлялася адзіным цэнтрам прапаганды беларускай культуры, фарміравання сістэмы духоўных каштоўнасцяў беларусаў, агітацыі за стварэнне беларускай школы мастацтваў. Змешчаныя ў «Нашай Ніве» матэрыялы па гісторыі Беларусі спрыялі абуджэнню гістарычный памяці беларусаў і ўмацаванню нацыянальнай свядомасці, натхнялі да збірання і ўмацавання традыцый і звычаяў. У практычным сэн-се «Наша Ніва» у многім паспрыяла заснаванню нацыянальнага пра-фесійнага тэатра, школы беларускай музыкі, танца.
Пачатак ХХ стагоддзя – час канчатковага фарміравання беларускай літаратурнай мовы. Беларускія літаратары абапіралася на здабыткі сваіх папярэднікаў – В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча і інш. Развіццю беларускай літа-ратуры істотна паспрыяла скасаванне абмежаванняў на друк іншамоў-ных твораў, заснаванне беларускіх выдавецтваў, накшталт «Загляне сонца і ў наша ваконца», а таксама агульнарасійскі рэвалюцыйны рух. У ліку першых свае зборнікі вершаў "Скрыпка беларуская" і "Хрэст на свабоду" выдала А. Пашкевіч.
У маі 1905 г. вершам «Мужык» абвясціў аб сабе адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры Я. Купала (І. Д. Луцэвіч) (1882-1942). У 1908 г. ён выдаў свой першы зборнік вершаў «Жалейка», а ў 1913 г. самы значны паэтычны зборнік – «Шляхам жыцця». Яго паэмы «Кур-ган», «Бандароўна» ляглі ў падмурак нацыянальнага эпасу, а п’есы «Паўлінка» і "Раскіданае гняздо" значна ўзбагацілі беларускую драма-тургію. Дзякуючы намаганням Я. Купалы, новая беларуская літарату-ра набыла выразна народны характар і выступіла магутным сродкам нацыянальна-культурнага адраджэння.
Разам з Я. Купалам заснавальнікам новай беларускай літаратуры па праву лічыцца Я. Колас (К. М. Міцкевіч) (1882-1856) У 1906 г. ён надрукаваў першы верш «Наш родны край», у 1910 г. – першы вершаваны зборнік «Песні жальбы», у 1912 і 1914 гг. – зборнікі прозы «Апавяданні» і «Родныя з’явы». М. Багдановіч (1891-1917) паспеў вы-даць толькі адзін зборнік вершаў «Вянок» (1914), але па іх лірычнасці, вобразнасці, патрыятычнасці яны не маюць сабе роўных.
У ліку паэтаў і празаікаў новага стагоддзя былі К. Буйло, 3. Бядуля, Ц. Гартны, А. Гарун, М. Гарэцкі, Я. Журба, К. Каганец, С. Палуян, Ядвігін Ш. Сваёй творчасцю яны імкнуліся абудзіць нацыянальную свядомасць і сацыяльную годнасць беларусаў, скіраваць іх у рэчышча барацьбы за лепшую долю. Лейтматывам твораў гучыць заклік любіць свабоду, родны край і мову. Сялянам пастаянна даводзілася, што яны – беларусы, іх Бацькаўшчына – Беларусь са славутым мінулым, а іх мова не толькі «мужыцкая», а калісьці была дзяржаўнай. Яе літаратур-ныя ўзоры сталі перакладацца на іншыя мовы і ўзбагачалі агульнача-лавечую культуру.
Тэатральнае мастацтва Беларусі вырастала з народнай творчасці. На пачатку XX ст. у Мінску, Гродне, Полацку, Слуцку, Дзісне, Давід-Гарадку, Радашковічах, Карэлічах і інш. дзейнічалі аматарскія тэатры. У многіх населеных пунктах інтэлігенцыя ладзіла «беларускія вечарыны», на якіх выконваліся народныя песні і танцы, дэкламаваліся вершы Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, ставіліся невялічкія п'есы. Адным з ініцыятараў «беларускіх вечарынак» быў І. Буйніцкі (1861-1917). У 1907 г. на свае сродкі ён арганізаваў у Палевічах (Дзісенскі пав.) аматарскі тэатр пад назвай «Першая беларуская трупа Ігнація Буйніцкага». У 1910 г. яна ўжо складалася з хору, танцавальнага ка-лектыву і драматычнай групы і пачала выступаць на прафесійнай ас-нове, гастралюючы па Беларусі і іншых рэгіёнах імперыі. У рэперту-ары артыстаў былі беларускія песні, танцы, п’есы рускіх, польскіх, украінскіх, беларускіх аўтараў. Іх прафесійная пастаноўка і выканан-не, акрамя эстэтычнага задавальнення, выклікала ў гледачоў Пецяр-бурга, Варшавы і іншых гарадоў цікавасць да беларускіх выканаўцаў і іх нацыянальнай культуры.
Свой уклад у заснаванне прафесійнага тэатра ўнёс А. Бурбіс (1885-1922), які арганізаваў у 1910 г. у Вільні музычна-драматычны гурток. Рэпертуар складаўся з драматычных твораў рускіх, украінскіх і беларускіх аўтараў з фальклорна-этнаграфічнымі элементамі. На Купалле гурток ладзіў нацыянальныя тэатралізаваныя прадстаўленні. У 1912 г. артысты ўпершыню паставілі п’есу Я. Купалы «Паўлінка».
Выступленні аматарскіх тэатральных гурткоў, «беларускіх вечарын» стымулявала збор і мастацкую апрацоўку народных песень. Па іх матывах у 1910 г. кампазітар і дырыжор Л. Рагоўскі напісаў «Бела-рускую сюіту для сімфанічнага аркестра». У тым самым годзе ён паклаў на музыку верш Я. Купалы «А хто там ідзе?», а «Наша ніва» на-друкавала яго разам з нотамі як гімн беларускага народа. Цікавасць да беларускага песеннага мастацтва адбілася ў стварэнні харавых калек-тываў у многіх гарадах і мястэчках. Адзін з такіх быў арганізаваны ў 1914 г. у Мінску настаўнікам спеваў В. Тэраўскім (1871-1938).
Напачатку ХХ ст. у беларускім жывапісе працягваюць сваю творчасць прадстаўнікі партрэтна-бытавога жанру Ю. Пэн і Я. Кругер, пейзажнага жанру В. Бялыніцкі-Біруля і Ф. Рушчыц, Г. Вейсенгоф, К. Стаброўскі і інш. Рэдкія мастакі так акцэнтавалі ўвагу на беларускіх матывах, як гэта рабіў К. Каганец, пакінуўшы рэалістычныя тыпажы беларусаў і маляўнічыя віды роднай прыроды.
Творчасць Я. Драздовіча (1888–1954) як графіка і жывапісца заха-вала імкненне беларускай інтэлігенцыі ўзняць на п’едэстал свае на-цыянальныя каштоўнасці. Аб гэтым сведчаць жывапісныя замалёўкі старажытных замкаў, партрэт Ф. Скарыны, а таксама афармленне кнігі К. Буйло «Курганная кветка».
Такім чынам, пачатак ХХ стагоддзя ў жыцці беларускага народа азнаменаваўся фарміраваннем літаратурнай мовы і далейшым развіц-цём літаратуры, што абумовіла пачатак яго адраджэння – якасна но-вага ўзроўню духоўнага і грамадска-палітычнага жыцця. Вялікі тэарэ-тычны і практычны ўклад у адраджэнскі працэс быў унесены навуко-вымі працамі Е. Раманава, Я. Карскага, В. Ластоўскага і інш. Дзякую-чы новай плеядзе інтэлігентаў, згуртаваных вакол «Нашай Нівы», пра-ва беларускага народа «людзьмі звацца» было абгрунтавана ідэйна і завацавана ў грамадскай думцы. Ва ўмовах фарміравання беларускай нацыі здабыткі літаратараў, навукоўцаў, «нашаніўцаў», энтузіястаў аматарскіх гурткоў, кампазітараў, мастакоў і г.д. з’яўляліся каталіза-тарам гэтага працэсу, значным сродкам абуджэння нацыянальнай свядомасці народа і яго ўздыму на барацьбу за сацыяльную свабоду і палітычную самастойнасць.
Дата добавления: 2015-07-18; просмотров: 974;