Чалавек адказвае Богу. Дапаможных матэрыялаў
Канспекты
Дапаможных матэрыялаў
Для катэхезаў
VI кл.
Катэхетычная секцыя пры ККББ
2013 г.
Тэма 1. Бог выбраў Марыю за Маці Божую
Дыдактычная мэта:
пазнаёміць вучняў з біблійнай гісторыяй пра звеставанне Найсвяцейшай Дзеве Марыі; дапамагчы вучням зразумець, што дзякуючы паслухмянасці Найсвяцейшай Дзевы Марыі Пану Богу Езус Хрыстус — наш Збаўца — прыйшоў у свет.
Выхаваўчая мэта:
фарміраваць у вучняў пачуццё ўдзячнасці да Найсвяцейшай Панны Марыі за тое, што Яна згадзілася стаць Маці Езуса Хрыста і нашай Маці.
Матэрыялы:
Біблія: Лк 1, 26–56; Ян 19, 25–27.
Ілюстрацыі: «Звеставанне Дзеве Марыі», «Дзева Марыя ў доме Альжбеты» і «Марыя пад крыжам». Касцюм для Марыі. Абраз «Пакроў Божай Маці».
Надпісы: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1, 38); «Шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам» (Лк 1, 45); «Вось Маці твая» (Ян 19, 27).
Метады катэхезы:
малітва, аналіз біблійнага тэксту, медытацыя над абразом, асацыяцыі, завучванне ключавога верша на памяць, слуханне аўдыёзапісу Бібліі, прагляд фрагмента з фільма, інсцэніроўка, чытанне па ролях, дыялог, пісьмовая праца на падставе тэксту, маляванне.
Ход занятку
Малітва
Тваёй абароне
Чалавек пытаецца
Катэхет пытаецца ў вучняў:
1. Напішы, якія асацыяцыі ў цябе выклікае слова «мама»? (Заданне у сшытку №1)
Кожны з нас з’явіўся на свет дзякуючы маці. Слова «маці» ў нас асацыюецца з блізкім і любімым чалавекам. Яна нас нарадзіла, яна корміць нас і клапоціцца пра нас — такая задума Пана Бога. У Езуса Хрыста таксама ёсць Маці.
Бог адказвае
Сёння мы з вамі даведаемся пра тое, як Пан Бог выбраў Маці для Езуса Хрыста.
Катэхет вешае на дошку тры ілюстрацыі: «Звеставанне Дзеве Марыі», «Дзева Марыя ў доме Альжбеты» і «Марыя пад крыжам», а таксама надпісы: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1, 38); «Шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам» (Лк 1, 45); «Вось Маці твая» (Ян 19, 27).
Паслухайце, як гэтая падзея апісваецца ў Святым Пісанні.
Катэхет дае вучням магчымасць праслухаць біблійныя тэксты з аўдыёзапісу Бібліі: Лк 1, 26–56; Ян 19, 25–27.
Можна паказаць фрагмент з фільма пра звеставанне Найсвяцейшай Дзеве Марыі (звярніце ўвагу на тое, каб фрагмент дакладна адлюстроўваў біблійны сюжэт).
Катэхет прапануе вучням паставіць сцэнку. Ролі: аўтар-апавядальнік, Марыя, арханёл Габрыэль, святая Альжбета. Можна выкарыстоўваць музычнае афармленне.
Вучні інсцэніруюць фрагмент з Евангелля паводле Лукі (1, 26–56).
Аўтар:У шосты месяц Бог паслаў анёла Габрыэля у горад галілейскі, называны Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы – Марыя. Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў:
Арханёл Габрыэль: Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою.
Аўтар: Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне. І сказаў Ёй анёл:
Арханёл Габрыэль: Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага, і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца.
Аўтар: І сказала Марыя анёлу:
Марыя: Як станецца гэта, калі я мужа не спазнала?
Аўтар: Анёл сказаў Ёй у адказ:
Арханёл Габрыэль: Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй; і ўжо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай, бо для Бога няма нічога немагчымага.
Аўтар: Тады Марыя сказала:
Марыя: Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова.
Аўтар: І адышоў ад Яе анёл. Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. Яна ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбету. Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. Яна ўсклікнула моцным голасам і сказала:
Альжбета: Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго. Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася радасна дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам.
Аўтар: І сказала Марыя:
Марыя: Велічае душа мая Пана,
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу,
бо глянуў Бог на пакору сваёй слугі.
І цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.
Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны,
а імя Яго святое.
І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне
над тымі, хто яго баіцца.
Паказаў моц сваёй правіцы,
рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам.
Скінуў магутных з трона
і ўзвысіў пакорных.
Дабром галодных насыціў,
а багатых ні з чым адправіў.
Прыняў свайго слугу Ізраэля,
памятаючы пра сваю міласэрнасць,
як абяцаў бацькам нашым,
Абрагаму і яго патомству навекі.
Аўтар: Прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох мясяцаў і вярнулася ў дом свой.
Катэзхет задае пытанні вучням (у сшытку заданне № 2):
— Каго Пан Бог паслаў да Марыі?
— Якімі словамі прывітаў арханёл Габрыэль Марыю?
— Якую вестку прынёс арханёл Габрыэль Марыі?
— Што адказала Марыя?
— Куды і да каго пайшла Марыя?
— Што здарылася з Альжбетай, калі яна пачула голас прывітання Марыі?
— Якімі словамі Альжбета прывітала Марыю?
— Чаму мяне вучыць Найсвяцейшая Дзева Марыя?
Катэхет прапануе вучням пісьмова адказаць на пытанне (заданне № 3 у сшытку): напішы, як ты разумееш выраз: «Шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам» (Лк 1, 45).
Вучні прадстаўляюць свае адказы на форум.
Катэхет гаворыць:
На крыжы Езус даў нам Марыю як Маці. Яна з’яўляецца Маці кожнага верніка.
Катэхет прапануе вучням самастойна знайсці біблійны тэкст з Евангелля паводле Яна (19, 25–27) і выпісаць словы Езуса, у якіх Ён дае нам Марыю як нашу Маці (заданне № 4 у сшытку).
Чалавек адказвае Богу
Спрадвеку хрысціяне звярталіся да матчынага заступніцтва Найсвяцейшай Дзевы Марыі праз малітву і пілігрымаванне. Яна няспынна моліцца за нас да свайго Сына Езуса Хрыста. Мы ўшаноўваем Маці Божую і імкнёмся так, як Яна, даверыць усё сваё жыццё Пану Богу. Найсвяцейшая Дзева Марыя заўсёды вядзе нас да свайго Сына Езуса Хрыста і вучыць нас: «Усё, што скажа вам Езус, тое і рабіце».
Штогод у нас у Беларусі арганізоўваюцца пілігрымкі да цудатворных абразоў Найсвяцейшай Дзевы Марыі. У Будславе знаходзіцца наш галоўны нацыянальны санктуарый, прысвечаны Найсвяцейшай Дзеве Марыі.
Можна з дапамогаю праектара паказаць прэзентацыю «Цудатворныя абразы Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Беларусі».
Па Божай волі з гэтых месцаў, асвечаных прысутнасцю Найсвяцейшай Дзевы Марыі, сыходзіць асаблівая ласка, якая сведчыць пра Яе малітву за нас. Малітвы, якія пілігрымы з верай узносяць праз заступніцтва Маці Божай, выслуханыя Панам Богам. Многія пілігрымы даюць сведчанні пра цуды, якія ўчыніў Пан Бог у іх жыцці праз заступніцтва Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
Пілігрымка — гэта наведванне святых месцаў, г.зн. месцаў жыцця і аб’яўленняў Пана Езуса Хрыста, Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Апосталаў і найбольш шанаваных святых.
Катэхет прапануе вучням на падставе малітвы «Тваёй абароне» напісаць, што для нас чыніць Найсвяцейшая Дзева Марыя (заданне ў сшытку № 5).
Вучні прадстаўляюць свае адказы на форум.
На ватмане ці на дошцы, у залежнасці ад тэхнічных магчымасцяў, намаляваць абраз «Пакроў Маці Божай». Катэхет прапануе вучням намаляваць сябе пад пакровам Марыі.
Разважанне
Катэхет задае вучням пытанні:
— Кім для мяне з’яўляецца Марыя?
— Як часта я прашу заступніцтва Марыі ў сваім жыцці?
— У якіх выпадках я прашу ў Яе дапамогі?
— Ці ўдзячны я Езусу за тое, што Ён даў мне Марыю за Маці?
— Чаму я магу навучыцца ў Марыі?
— Што я магу зрабіць для Езуса Хрыста пасля сённяшняй сустрэчы з Ім?
Пастанова
Катэхет прапануе дзецям запісаць пастанову ў сшытак.
Хатняе заданне
— Раскажы членам сваёй сям’і і сябрам пра звеставанне Найсвяцейшай Дзеве Марыі і пра тое, як Езус даў нам Марыю за Маці.
— Апішы выпадак з жыцця, у якім Найсвяцейшая Дзева Марыя прыходзіла з канкрэтнай дапамогай да людзей, што аддаваліся Яе заступніцтву. Можна знайсці гэтыя выпадкі ў інтэрнэце ці ў рэлігійных часопісах.
Заключная малітва
Ларэтанская літанія ці песня, прысвечаная Найсвяцейшай Панне Марыі (песні ў падручніку).
Дата добавления: 2016-03-27; просмотров: 1255;