Спадарожнае i пабочнае карыстанне лесам

Спадарожнае карыстанне лесам.Да пачатку нарыхтоўкі жывіцы, другасных лясных рэсурсаў і прадукцыі пабочнага карыстання праводзіцца радыяцыйнае абследаванне ўчасткаў і складаюцца акты адпаведнай формы, якімі дазваляецца або забараняецца правядзенне работ.

Нарыхтоўка жывіцы дапускаецца ў зонах са шчыльнасцю забруджвання глебы 137Cs да 15 Кi/км2. Пры правядзеннi падрыхтоўчых работ для нарыхтоўкі жывіцы (падрумяньванне ствалоў у месцах размяшчэння кар) неабходна карыстацца рэспiратарам для выключэння пападання пылападобных часцiц кары ў органы дыхання.

Нарыхтоўка пнёвага смаляка i пнёў на палiва забараняецца ва ўсiх зонах радыеактыўнага забруджвання.

Нарыхтоўка галiнкавага корму i хваёвай лапкi для перапрацоўкi на хваёва-вiтамiнную муку ў зонах радыеактыўнага забруджвання з-за высокай забруджанасцi iглiцы, лiсця i парасткаў не дапускаецца.

Нарыхтоўка лiпавага лубу i лыка, дубiльнай кары вярбы, дуба, елкi i iншых парод, кары брызглiны i ясакару дапускаецца на ссечаных дрэвах пры розных вiдах высечак толькi ў зоне са шчыльнасцю забруджвання глебы 137Cs да 5 Кi/км2 i пры ўмове адпаведнасцi дзеючым нормам па радыеактыўным забруджванні атрымлiваемай пры гэтых вiдах карыстання прадукцыi.

Нарыхтоўка бяросты забараняецца ва ўсiх зонах радыеактыўнага забруджвання.

Пабочнае карыстанне лесам. Збор i нарыхтоўка грыбоў у зонах радыеактыўнага забруджвання праводзіцца ў адпаведнасці з улікам наступных асаблівасцей:

1) грыбы адрозніваюцца моцным назапашваннем радыенуклідаў. У асобных іх відах утрыманне 137Cs у адносна чыстых лясах (да 1 Кі/км2) перавышае дапушчальныя ўзроўні;

2) слаба і сярэдне назапашваюць 137Cs апёнак асенні, лісічка сапраўдная, белы грыб, падбярозавік, падасінавік, радоўка і інш. Дапускаецца збіраць іх у лясах са шчыльнасцю забруджвання глебы 137Cs да 2 кі/км2 з абавязковым правядзеннем радыяцыйнага кантролю. У лясах са шчыльнасцю забруджвання глебы 137Cs 2 Кі/км2 і больш нарыхтоўка грыбоў гэтай групы не праводзіцца;

3) збор грыбоў, якія моцна назапашваюць радыенукліды (гаркушка, польскі грыб, маслёнак, грузд сапраўдны і чорны, каўпак кольчаты, ваўнянка ружовая, зялёнка і інш.) дапускаецца толькі ў лясах са шчыльнасцю забруджвання глебы 137Cs да 1 Кі/км2.

Нарыхтоўка дзікарослых ягад і пладоў дапускаецца толькі ў лясах са шчыльнасцю забруджвання глебы 137Cs да 2 Кі/км2 з абавязковым правядзеннем радыяцыйнага кантролю.

Нарыхтоўка бярозавага соку дазваляецца ў зонах са шчыльнасцю забруджвання глебы 137Cs да 15 Кi/км2 з абавязковым правядзеннем радыяцыйнага кантролю. Для прадухілення забруджвання бярозавага соку пабочнымі прадметамі і пылам, якія ўтрымліваюць радыеактыўныя рэчывы, неабходна выконваць санітарна-гігіенічныя і тэхнічныя ўмовы, выкарыстоўваць спосабы закрытай падсочкі. У вільготных лесагадоўчых умовах утрыманне 137Cs у бярозавым соку павышаецца, таму ўчасткі для падсочкі неабходна выбіраць на павышаных месцах.

Нарыхтоўку лекавай сыравiны (кветак, лiсця, травы, кары, пупышак, ягад, пладоў i iнш.) дапускаецца пры шчыльнасцi забруджвання 137Cs да 2 Кi/км2 з абавязковым правядзеннем радыяцыйнага кантролю.

Нарыхтоўка навагодніх ёлак дапускаецца ў зоне з забруджваннем да 5 Кi/км2.

Пчалярства ажыццяўляецца ў зонах са шчыльнасцю забруджвання 137Cs да 15 Кi/км2 і ў радыусе 5 км вакол іх. Сабраны мёд і іншая прадукцыя пчалярства падлягае радыяцыйнаму кантролю.

Нарыхтоўка ляснога подсцілу і мхоў не дапускаецца ва ўсіх зонах радыяцыйнага забруджвання.

Выпас рабочай i адкормліваемай жывёлы,а таксама нарыхтоўка для яе сена дапускаецца на натуральных лясных пашах i сенакосах са шчыльнасцю забруджвання глебы 137Cs да 5 Кi/км2. Выпас малочнай жывёлы і нарыхтоўка для яе сена дапускаецца на натуральных сенакосах са шчыльнасцю забруджвання да 2 Кi/км2. Выкарыстанне пашаў і сенакосаў пачынаецца пасля правядзення радыяцыйнага кантролю травастою. Для павышэння прадукцыйнасці сенакосных угоддзяў i знiжэння ўтрымання радыенуклiдаў у травастоі мэтазгодна правядзенне мелiяратыўных і культурна-тэхнічных работ і ў далейшым залужэння.

Падсобная сельская гаспадарка на прадпрыемствах лясной гаспадаркі павінна весціся ў адпаведнасці з нарматыўнымі прававымі актамі Рэспублікі Беларусь, якія рэгламентуюць вядзенне сельскагаспадарчай вытворчасці ва ўмовах радыяцыйнага забруджвання.

12.8.4. Лесааднаўленне i лесаразвядзенне

Лясное насенневодства. У зоне са шчыльнасцю забруджвання глебы 137Cs да 5 Кi/км2 закладка i фармiраванне насенных плантацый, а таксама ўчасткаў правядзення феналагiчных назiранняў i ўлiку чакаемага ўраджаю насення, нарыхтоўка насеннай сыравiны дрэвавых i кустовых парод, яе перапрацоўка, захаванне i транспарцiроўка праводзiцца ў адпаведнасцi з дзеючымi настаўленнямi i рэкамендацыямi.

Пры шчыльнасцi забруджвання глебы 137Cs ад 5 да 15 Кi/км2 работы па фармiраваннi раней закладзеных плантацый i ўчасткаў i доглядзе за імі, а таксама нарыхтоўка шышак i насення, пладоў i насення на пастаянных лесанасенных базах, часовых лесанасенных участках, высечках галоўнага карыстання i iншых прыдатных для збору насеннай сыравiны аб'ектах ажыццяўляецца пры ўмове забеспячэння радыяцыйнай бяспекi працуючых. Абяскрыльванне насення хваёвых парод праводзiцца водным метадам. Выкарыстаныя шышкi вывозяцца на месцы iх збору i пакiдаюцца ў кучах для перагнiвання. Выкарыстанне iх у якасцi палiва не дапускаецца. Лесанасенныя i матачныя плантацыi не закладваюцца. У зоне са шчыльнасцю забруджвання 137Cs звыш за 15 Кi/км2 нарыхтоўка насеннага матэрыялу i прышчэпак дрэвавых i кустовых парод па ўмовах радыяцыйнай бяспекi забараняецца. Пастаянныя насенныя базы, якiя былi закладзены раней, выкарыстоўваюцца толькi ў навуковых мэтах.

Вырошчванне пасадачнага матэрыялу. Новыя лясныя пiтомнiкi для забеспячэння лесааднаўленчых работ пасадачным матэрыялам закладваюцца толькi на ўчастках са шчыльнасцю забруджвання ад 1 да 5 Кi/км2. Вырошчванне сеянцаў i саджанцаў дрэвавых i кустовых парод у раней закладзеных пiтомнiках праводзiцца ў адпаведнасцi з дзеючымі настаўленнямі і рэкамендацыямі. Вытворчыя працэсы павiнны засноўвацца на перспектыўных тэхналогiях, комплекснай механiзацыi i аўтаматызацыi вытворчых працэсаў i максiмальна магчымым выкарыстаннi насення з палепшанымi спадчыннымi якасцямi. У раней закладзеных базiсных пiтомнiках, якiя аказалiся ў зоне з забруджваннем ад 5 да 15 Кi/км2, вырошчванне ляснога пасадачнага матэрыялу ажыццяўляецца пры забеспячэннi радыяцыйнай бяспекi працуючых. Сеянцы i саджанцы могуць быць выкарыстаны для пасадкi культур на забруджанай радыенуклiдамi тэрыторыi ад 5 Кi/км2 i больш i не павiнны высаджвацца на плошчах са шчыльнасцю забруджвання да 5 Кi/км2.

Садзейнiчанне натуральнаму аднаўленню лесу можа ажыццяўляцца ва ўсiх зонах са шчыльнасцю забруджвання глебы да 40 Кi/км2, калi чакаюцца добрыя ўраджаi насення дрэвавых парод.

У зоне са шчыльнасцю забруджвання глебы ад 1 да 5 Кi/км2 садзейнiчанне натуральнаму аднаўленню лесу праводзiцца прынятымi ў лясной гаспадарцы спосабамi. У зонах ад 5 да 15 i ад 15 да 40 Кi/км2 не дапускаецца суцэльнае парушэнне наглебавага покрыва i вернiх пластоў глебы.

Радыеактыўнае забруджванне глебы на тэрыторыi рэспублiкi не перашкаджае росту i развiццю дрэвавых i кустовых парод. Абмежаваннi пры штучным аднаўленнi i лесаразвядзеннi звязаны з радыяцыйнай бяспекай людзей, якiя выконваюць тыя цi iншыя работы, эканамiчнай мэтазгоднасцю i тэхналагiчнымi магчымасцямi прадпрыемстваў. Пасадка i вырошчванне лясных культур у зонах са шчыльнасцю забруджвання глебы 137Cs ад 1 да 5 i ад 5 да 15 Кi/км2 праводзiцца ў адпаведнасцi з «Настаўленнем па лесааднаўленнi ... », рэкамендацыямi i распрацоўкамi навуковых ўстаноў. Пры магчымасцi перавага павiнна аддавацца мяшанаму тыпу культур як найбольш бiялагiчна ўстойлiваму i бяспечнаму ў пажарных адносiнах, пасадцы культур саджанцамi, прымяненню ўгнаенняў i iнш.

Аблясенне радыяцыйна небяпечных земляў. У зоне далейшага адсялення са шчыльнасцю забруджвання глебы ад 15 да 40 Кi/км2 першапачатковаму аблясенню падлягаюць эразiйна небяспечныя i ворныя, неперспектыўныя для сельскагаспадарчай вытворчасцi, непакрытыя лесам землi. На пойменных сенажацях, пашах i мелiяраваных землях лесаразвядзенне не рэкамендуецца. У зоне першапачатковага адсялення са шчыльнасцю забруджвання глебы 137Cs звыш за 40 Кi/км2 усе катэгорыi непакрытых лесам i нелясных зямель пакiдаюцца пад натуральнае лесааднаўленне або аблогу. Эразiйна небяспечныя землi тут падлягаюць аблясенню па спецыяльным рэгламенце. Ва ўсiх выпадках, дзе можна атрымаць дастаткова добрае прыроднае аднаўленне дрэвавых парод, мэтазгодна арыентавацца на эфектыўнае выкарыстанне абнасеньвальнай здольнасцi насаджэнняў i дрэў, што растуць асобна, ажыццяўляць садзейнiчанне з'яўленню i росту самасеву. Пры гэтым неабходна пазбягаць суцэльнай апрацоўкi глебы.

Лесаразвядзенне на былых сельскагаспадарчых угоддзях ажыццяўляецца па тэхналагiчных праектах з улiкам радыяцыйнага становiшча, асаблiвасцей лесагадоўчых умоў i матэрыяльна-тэхнiчнага забеспячэння. Праекты абавязкова павiнны абмяркоўвацца з органамi санiтарнага нагляду. У якасцi метадычнай асновы пры распрацоўцы праектаў аблясення з улiкам радыеадчувальнасцi парод выкарыстоўваюцца рэкамендацыi па тэхналогii аблясення тэрыторый са шчыльнасцю забруджвання глебы 137Cs 40 Кi/км2 i больш, распрацаваныя навукова-даследчымi арганiзацыямi пры ўдзеле мiнлясгасаў Беларусi i Украiны. Пры падрыхтоўцы праектаў могуць выкарыстоўвацца i iншыя тэхналагiчныя рашэннi.

Лепшым часам для падрыхтоўкi глебы з'яўляецца ранняя вясна, восень або перыяд працяглых зiмовых адлiг. Часова забалочаныя i забалочаныя глебы рэкамендуецца апрацоўваць восенню ў перыяд максiмальнага панiжэння ўзроўню грунтовых вод. Барозны размяшчаюцца перпендыкулярна дарогам. Пры немагчымасцi такой арганізацыі барознаў з выхадам на дарогi праз 300–500 м прадугледжваюцца разрывы для заезду транспартных сродкаў.

Выбар асартыменту парод праводзiцца з улiкам бiялагiчных асаблiвасцей дрэвавых i кустовых парод, тыпу лесагадоўчых умоў, асаблiвасцей развiцця наглебавага покрыва, хуткасцi зарастання апрацаваных палос пустазеллем. Перавага аддаецца даўгавечным пародам з высакаякаснай драўнiнай (сасне, елцы, дубу, ясеню, клёну i iнш).

Лепшым часам пасадкi культур на былых сельскагаспадарчых землях з'яўляецца вясеннi пасля стайвання снегу. У сувязi з немагчымасцю забеспячэння належнага агратэхнiчнага догляду за культурамi, працаёмкасцю i небяспекай правядзення даследаванняў i догляду арыентуюцца на больш высокую зыходную гушчыню пасадкi, змешванне парод радкамi. Лесааднаўленне i лесаразвядзенне пасевам дапускаецца ў выключных выпадках i толькi на незадзiрванелых участках.

Тэхналогiя работ па аблясеннi сельскагаспадарчых зямель ва ўмовах радыяцыйнага забруджвання нераспрацавана i бiялагiчныя асновы яе распрацоўкi нявысветлены (Iпацьеў В. А. i iнш.). Рашэнне гэтых задач можа iсцi рознымi шляхамi:

1) за кошт выкарыстання натуральнай абнасеньвальнай здольнасцi сцен лесу i асобных дрэў;

2) шляхам штучнага аднаўлення гаспадарча-каштоўнымi пародамi. У абодвух выпадках патрабуецца распрацоўка бяспечных тэхналогiй аблясення забруджаных радыенуклiдамi зямель i садзейнiчанне натуральнаму распаўсюджванню лесу.

Паводле даследаванняў супрацоўнiкаў IЛ НАНБ i цэлага шэрагу навуковых устаноў Расii i Украiны, на натуральнае зарастанне сельскагаспадарчых зямель аказваюць уплыў блiзкасць сцен лесу, перыядычнасць насенных гадоў, якасць насення, якое фармiруецца ва ўмовах хранiчнага радыяцыйнага апраменьвання. Праз чатыры гады пасля катастрофы на ЧАЭС з'яўленне самасеву дрэвавых парод паўсюдна сустракалася вельмi рэдка. Толькi ў паласе 10–20 м ад сцяны лесу i вакол асобных дрэў сустракаўся курцiнны самасеў, але на 20–85% плошчаў яго не было або быў вельмi рэдка. На астатняй частцы палёў сустракалiся адзiнкавыя экзэмпляры вярбы, крушыны, радзей бярозы. На моцна задзiрванелых участках самасеву амаль не было. Асобныя экземпляры – толькi на мiнералiзаванай глебе. На палях сеяных траў самасеву не было нават каля сцен лесу. Такое становiшча назiралася на пашах i сенакосах. На сухадольных сенакосах рэдкiя экзэмпляры бярозы сустракалiся на 5–6% плошчы, а кусты вярбы – на 20%. На моцна задзiрванелых глебах самасеву практычна не было.

На палях сеяных траў, дзе да катастрофы на ЧАЭС глеба ўгнойвалася i рыхлiлася, на 7–12% плошчы аблясенне бярозай, асiнай i сасной iдзе нядрэнна, на 30% – слаба i на 41–67% зусiм адсутнiчае. Натуральнае зарастанне выключаных з сельскагаспадарчага карыстання палёў i сенажацяў на цяжкiх супесках адбываецца пераважна вярбой, але вельмi дрэнна. Замест сельскагаспадарчых плошчаў атрымлiвалася кустоўе. На такiх глебах нельга арыентавацца на натуральнае аднаўленне. Падыход да аблясення павiнен быць дыферэнцыраваным з улiкам магчымасцi натуральнай абнасеньвальнай здольнасцi сцен лесу i асобных дрэў i штучнага аднаўлення.

 

12.8.5. Ахова лясоў ад пажараў

Лясныя пажары на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях з’яўляюцца сур’ёзнай міжнароднай праблемай, якая закранае дабра-быт тысяч людзей у многіх краінах. Па канонах класічнай лясной піралогіі асноўныя паследствы лясных пажараў пагаршаюць стан навакольнага асяроддзя вялізных рэгіёнаў, – высокая тэмпература паветра ў зоне гарэння, павышанае ўтрыманне СО і СО2, задымленне тэрыторыі, знішчэнне жывога наглебавага покрыва і ляснога подсцілу, пашкоджанне і знішчэнне драўніны і інш.

Небяспеку лясных пажараў у забруджаных радыенуклідамі лясах неабходна вызначаць, у першую чаргу, па вылучэнні колькасці цвёрдых і газападобных прадуктаў гарэння ЛГМ, удзельнай радыеак-тыўнасці, аб’ёмах дымавых выкідаў і іх удзельным забруджванні ра-дыенуклідамі, пераразмеркаванні радыенуклідаў па кампанентах бія-геацэнозаў і групах ЛГМ, другасным забруджванні.

Попел, недапал і дымавыя эрозіі, што ўтвараюцца пры лясных пажарах на забруджаных радыенуклідамі лясных і непакрытых лесам тэрыторыях, з’яўляюцца адкрытымі крыніцамі іанізуючага выпраменьвання.

Упершыню навуковаабгрунтаваныя комплексныя матэрыялы аб характары лясных пажараў ва ўмовах радыяцыйнага забруджвання тэрыторыі, ролі прадуктаў згарання лясных гаручых матэрыялаў – попелу, недапалу, дымавых аэразоляў – разгледжаны ў 1993 г. на Міжнароднай нарадзе пад эгідай ФАО ААН «Лясныя пажары на тэрыторыях, забруджаных радыенуклідамі». Канцэнтрацыя радыенуклідаў у попеле і недапале складае сотні тысяч і мільёны бекерэляў на 1 кг іх масы.

У сувязi з гэтым неабходна весцi пастаянны манiторынг тэрыторый, расшыраць аб'ёмы навуковых даследаванняў па праблеме, заканчваць стварэнне навуковай базы супрацьпажарнага ўладкавання i аховы лясоў, забруджаных радыенуклiдамi. Асаблiва гэта важна для ўмоў нашай рэспублiкi, дзе значная частка забруджаных лясоў прадстаўлена маладнякамi i насаджэннямi, якiя адносяцца да І–ІІ класаў прыроднай пажарнай небяспекi i ў якiх на працягу пажаранебяспечнага сезона могуць узнiкаць пажары розных вiдаў. З-за абмежавання высечак догляду i санiтарных у забруджаных лясах назапашваецца шмат сухастою, адпаду i павалу. Гэта ўсё павялiчвае ступень пажарнай небяспекi, а тушэнне пажараў абцяжарваецца тым, што на тушыльшчыкаў аказвае ўплыў псiхалагiчны фактар i боязь працаваць на забруджаных плошчах. Папярэджванне i тушэнне лясных пажараў у такiх умовах – вельмi сур'ёзная праблема, якая патрабуе неадкладнага вырашэння.

У адпаведнасцi з Правіламі (2002) i рэкамендацыямi IЛ НАНБ усе лясы, незалежна ад шчыльнасцi забруджвання радыенуклiдамi, па рэжыме аховы адносяцца да I класа прыроднай пажарнай небяспекi, але змяненнi ў размеркаванне кварталаў па класах пажарнай небяспекi па дзеючых шкалах у планавыя матэрыялы не ўносяцца.

Рэгламент работы лесапажарных службаў наземнай i авiяцыйнай аховы лясоў у пажаранебяспечны перыяд, незалежна ад фактычнай пажарнай небяспекi ў лясах па умовах надвор'я, устанаўлiваецца як для дзён з IV–V класамi пажарнай небяспекi. Кратнасць патрулявання павялiчваецца да пяцi разоў у дзень. Выканкамамi мясцовых Саветаў пры зацвярджэннi мабiлiзацыйных планаў могуць устанаўлiвацца дадатковыя супрацьпажарныя патрабаваннi i рэгламенты работы лесапажарных службаў.

У лясах са шчыльнасцю забруджвання глебы 137Cs да 2 Кi/км2 нiякiя абмежаваннi не ўводзяцца. Арганiзацыя аховы лясоў ад пажараў праводзiцца па ўстаноўленых для незабруджаных тэрыторый нарматывах.

Пры шчыльнасцi забруджвання ад 2 да 5 Кi/км2 наведванне ля-соў людзьмi i транспартнымi сродкамi не забараняецца. Рэкрэацыйнае выкарыстанне тэрыторый абмяжоўваецца, на працягу пажаранебяс-печнага сезона не дапускаецца развядзенне вогнiшчаў. У добра бач-ных месцах устанаўлiваюцца iнфармацыйныя шчыты з указаннем зо-ны па шчыльнасцi забруджвання i пералiкам абмежаванняў i забарон. Прафiлактычныя супрацьпажарныя мерапрыемствы выконваюцца ў аб'ёмах, якiя прадугледжаны нарматыўнымi патрабаваннямi. Выяўлен-не лясных пажараў ажыццяўляецца з пажарных вышак i мачтаў, выка-рыстаннем тэлевiзiйных установак, авiяцыi, наземнага патрулявання па дарогах як агульнага карыстання, так i лясных. Пры тушэннi лясных пажараў прымаюцца дадатковыя меры па ахове тушыльшчы-каў ад уздзеяння пылу i прадуктаў гарэння (спецвопрадка, сродкi ахо-вы органаў дыхання i iнш.).

У лясы са шчыльнасцю забруджвання глебы 137Cs ад 5 да 15 Кi/км2 доступ насельнiцтва абмяжоўваецца, выкарыстанне іх у рэкрэацыйных мэтах не дапускаецца. На працягу пажаранебяспечнага сезона забараняецца рух транспарту па-за дарогамi агульнага карыстання, акрамя лесапатрульных машын i машын службаў радыяцыйнага кантролю. На другарадных лясных дарогах, якiя пракладзены праз масiвы I–II класаў прыроднай пажарнай небяспекi, устанаўлiваюцца шлагбаумы i аншлагi з iнфармацыяй аб прычынах абмежавання доступу ў лес i небяспецы ўзнiкнення пажараў на забруджаных тэрыторыях. У ляснiцтвах i лясгасах маецца картаграфiчны матэрыял са шчыльнасцю забруджвання глебы радыенуклiдамi кожнага квартала, колькасная i якасная характарыстыка навакольнага асяроддзя гарэльнiкаў i месцаў работы лясных пажарных. Транспартныя сродкi i тэхналагiчныя машыны абсталёўваюцца iскрагасiльнiкамi. Уздоўж дарог агульнага карыстання ўстанаўлiваюцца аншлагi i знакi аб забароне курэння i карыстання адкрытым агнём. Уздоўж магiстральных дарог, якiя праходзяць праз масiвы I–III класаў прыроднай пажарнай небяспекi i па межах лясоў з сельскагаспадарчымi ўгоддзямi, у перыяды павышанага ўвiльгатнення глебы пракладваюцца мiнералiзаваныя палосы шырынёй не менш за 3 м.

Ахова лясоў павiнна ажыццяўляцца шляхам дыстанцыйнага выяўлення i тушэння пажараў. Для пракладкi загараджальных палос на найбольш пажаранебяспечных кiрунках рэкамендуюцца вогнетушыльныя хiмiчныя саставы, якiя пасля нанясення на наглебавае покрыва працяглы час маюць добрую атмасфераўстойлiвасць i сарбцыйную здольнасць да радыенуклiдаў.

У хваёвых маладняках праз 1–2 км рэкамендуецца пракладваць 50–60 метровыя разрывы, у буйных лясных масiвах – праз 2–3 км i фармiраваць блокi плошчай 400–600 га. Уздоўж супрацьпажарных разрываў рэкамендуецца ачышчаць ад сухастою, хваёвага падросту i падлеску палосы шырынёй не менш за 120 м.

Выяўленне лясных пажараў ажыццяўляецца тымi ж сродкамi, што i ў лясах са шчыльнасцю забруджвання глебы 137Cs да 5 Кi/км2. Ла-калiзацыя i ліквідацыя лясных пажараў выконваюцца, у асноўным, па-сiўным спосабам (наземным або авiяцыйным) шляхам стварэння мiнера-лiзаваных загараджальных i апорных палос з выкарыстаннем вогнету-шыльных саставаў «метафасіл», «тофасіл», ОС-5, ОСБ-1 i iнш. Не вык-лючаецца выкарыстанне тэхнiкi з глебаапрацоўчымi механiзмамi.

Наведванне лясоў са шчыльнасцю забруджвання глебы ад 15 да 40 Кi/км2 забараняецца. Лясныя дарогi перакрываюцца шлагбаумамi. На ўсiх з'ездах з дарог агульнага карыстання ўстанаўлiваюцца аншлагi, якiя iнфармуюць аб прычыне i небяспецы наведвання лясоў, забароне курэння i карыстання адкрытым агнём. Уздоўж дарог, па межах з сельскагаспадарчымi ўгоддзямi, вакол населеных пунктаў пракладваюцца мiнералiзаваныя палосы шырынёй не менш за 3 м. Выяўленне лясных пажараў праводзiцца з выкарыстаннем тэлевiзiйных установак i авiяцыйных сродкаў. Iснуючыя сродкi пажаратушэння не ў поўнай меры адпавядаюць задачам аховы лясоў у гэтых умовах. Лакалiзацыя i ліквідацыя лясных пажараў аналагiчныя спосабам, якiя прымяняюцца ў лясах папярэдняй зоны.

Пры выкарыстаннi аўтатрактарных агрэгатаў з глебаапрацоўчымi прыстасаваннямi напрамак руху выбiраецца насустрач ветравому патоку з мэтай прадухiлення пападання пылу на выканаўцаў работ. Пажадана папярэдняе або адначасовае з мiнералiзацыяй увiльгатненне глебы.

У лясах са шчыльнасцю забруджвання глебы 137Cs звыш за 40 Кi/км2 мерапрыемствы па абмежаваннi наведвання лясоў, размяшчэннi па тэрыторыi аншлагаў i шлагбаумаў, выяўленнi пажараў аналагiчныя лясам парярэдняй зоны забруджвання. У гэтай зоне не дапускаецца выкарыстанне глебаапрацоўчай тэхнiкi для правядзення прафiлактычных супрацьпажарных мерапрыемстваў i тушэння лясных пажараў. Пракладка загараджальных палос павiнна праводзiцца вогнетушыльнымi хiмiчнымi саставамi, верталётамi Мi-8Т i Ка-26 з выкарыстаннем водазлiўных прыстасаванняў. Тушэнне пажараў ажыццяўляецца вадой i хiмiчнымi сродкамi.

Ва ўсіх зонах радыеактыўнага забруджвання комплекс супраць-пажарных мерапрыемстваў па павышэнні пажараўстойлівасці ляснога фонду, прафілактыцы лясных пажараў розны. Аснашчанасць службаў выяўлення і тушэння пажараў у лясах вызначаецца праектамі суп-рацьпажарнага ўладкавання лясоў кожнага лясгаса.

Спалучэнне правiльнага правядзення супрацьпажарнага ўладкавання лясоў з выкарыстаннем эфектыўных хiмiчных рэчываў пры тушэннi пажараў i пракладцы ў найбольш небяспечных напрамках апорных i загараджальных палос у забруджаных лясах можа значна зменшыць не толькi матэрыяльныя страты, але і мiграцыю радыенуклiдаў, i другаснае забруджванне навакольнага асяроддзя.

Неабходна адзначыць, што лесапажарныя службы маюць патрэбу ў сучасным машынным абсталяваннi для работы ў забруджаных зонах. Распрацоўка эфектыўных спосабаў тушэння лясных пажараў, якiя забяспечваюць радыяцыйную бяспеку персаналу, павiнна стаць агульным клопатам. Неабходна прыцягнуць увагу сусветнай грамадскасцi да праблемы лясных пажараў на забруджаных радыенуклiдамi тэрыторыях з мэтай знiжэння памераў экалагiчных i матэрыяльных страт i папярэджвання цяжкiх вынiкаў i паслядзеяння для мноства людзей.

 

12.8.6. Ахова лесу ад шкоднiкаў i хвароб

На большай частцы тэрыторыi радыеактыўнага забруджвання ўзроўнi iанiзуючага выпраменьвання не аказалi i не аказваюць значнага ўплыву на лясныя экасiстэмы. Гэта тлумачыцца высокай радыеўстойлiвасцю раслiн. Толькi ў 30-кіламетровай зоне аварыйнага рэактара ёсць участкi лесу, дзе шчыльнасць забруджвання зямель па 137Cs перавышае 500 i 1000 Кi/км2. На гэтых участках назiраецца ўсыханне сасны як найбольш радыеадчувальнага вiду. На астатняй тэрыторыi са шчыльнасцю забруджвання да 40 Кi/км2 сур'ёзных пашкоджанняў раслiннасцi не назiраецца. Кантроль за санітарным станам лясоў і выяўленнем лясных пажараў ажыццяўляецца як наземным, так і дыстанцыйнымі метадамі. Пры шчыльнасці забруджвання больш за 40 Кi/км2 павінны пераважаць дыстанцыйныя метады (аэравізуальныя, касмічныя).

Лесаахоўныя мерапрыемствы плануюцца i праводзяцца ва ўсiх зонах радыеактыўнага забруджвання. Асобую ўвагу ўдзяляюць сасне i iншым хваёвым пародам, якiя маюць павышаную адчувальнасць да радыяцыi, засухi, затаплення, падтаплення i iншых фактараў. Асновай аховы служыць лесапаталагiчны нагляд. Ва ўсiх выпадках, асаблiва пры забруджваннi глебы 137Cs вышэй за 15 Кi/км2, перавага аддаецца дыстанцыйным метадам манiторынгу. Найбольш рацыянальна для гэтай мэты ва ўмовах Беларусi выкарыстоўваць наладжаную сiстэму пажарнага авiяпатрулявання, таму што спрактыкаванаму лётчыку-назiральнiку нецяжка выявiць пашкоджаныя насаджэннi па шэрагу характэрных прызнакаў, у тым лiку па колеры i шчыльнасцi крон, па суадносiнах асобных груп дрэў. Больш дакладныя вынiкi можна атрымаць пры выкарыстанні аэра- і касмічных здымкаў. Аэравізуальнае абследаванне насаджэнняў магчыма выконваць адначасова з супрацьпажарным авіяпатруляваннем лясоў або асобна па заданні ВЛГА і лясгасаў з прыцягненнем інжынераў-лесапатолагаў. Аптымальны тэрмін правядзення палётаў – канец мая – канец ліпеня. Схемы размеркавання ачагоў з паталогіяй, што падлягаюць наземнай праверцы, перадаюцца службам лесааховы.

Нaземны лесапаталагiчны нагляд i лесаахоўныя мерапрыемствы ў насаджэннях са шчыльнасцю забруджвання да 15 Кi/км2 праводзяцца ў адпаведнасцi з дзеючымi iнструкцыямi i настаўленнямi. У зонах са шчыльнасцю забруджвання вышэй за 15 Кi/км2 рэкамендуецца верталётна-дэсантнае лесапаталагiчнае абследаванне небяспечных участкаў з адборам узораў для лабараторных аналiзаў.

У зонах са шчыльнасцю забруджвання глебы 137Cs да 40 Кi/км2 ажыццяўляецца агульны і рэкагнасціровачны кантроль за лесапаталагічнай сітуацыяй у адпаведнасці з дзеючымі інструкцыямі, а таксама дэталёвы надзор спецыялістамі лесаахоўнай службы па сетцы пастаянных маршрутных хадоў. Пры шчыльнасці забруджвання 40 Кi/км2 і больш праводзіцца агульны агляд, пры якім работнікі лясной аховы фіксуюць ачагі пашкоджання і інфармуюць аб гэтым вышэйстаячыя органы ў адпаведнасці з Правіламі (2002).

У зонах радыяцыйнага забруджвання не дапускаецца павелічэнне захламленасці, якая садзейнічае масаваму размнажэнню ствалавых шкоднікаў. Асабліва гэта важна ў зонах забруджвання 137Cs 15 Кi/км2 і больш, дзе высечкі догляду і санітарныя высечкі абмежаваныя або зусім не праводзяцца. У якасці лесаахоўнага мерапрыемства ў такіх выпадках магчыма выкарыстанне ферамонных лавушак для адлову жукоў.

Для паляпшэння лесапаталагiчнага стану будучых насаджэнняў на былых сельскагаспадарчых землях неабходна выкарыстоўваць пароды, устойлiвыя супраць энтама- i фiташкоднiкаў.

 

12.8.7. Вядзенне паляўнiчай гаспадаркi ў забруджаных угоддзях

У паляўнiчых угоддзях, якiя забруджаны радыенуклiдамi, уводзяцца абмежаваннi на правядзенне паляўнiча-гаспадарчых i бiятэхнiчных мерапрыемстваў, выкарыстанне прадукцыi паляўнiцтва. Ступень абмежаванняў дыферэнцыравана па зонах забруджвання. Да 5 Кi/км2 усе паляўнiча-гаспадарчыя мерапрыемствы праводзяцца па звычайнай праграме без абмежаванняў. Тут магчымы iнтэнсiўны шлях развiцця гаспадаркi, правядзенне спартыўнага i прамысловага палявання на звяроў i птушак. Нормы промыслу лiцэнзiйных вiдаў i спартыўнага палявання вызначаюцца па тых жа параметрах, што i для адносна чыстых тэрыторый. У сувязi з мiграцыяй жывёлы i птушак, атрымлiваемую прадукцыю палявання неабходна правяраць на забруджанасць.

У зоне забруджвання тэрыторый ад 5 да 15 Кi/км2 паляўнiча-гаспадарчыя i бiятэхнiчныя мерапрыемствы (апрацоўка кармавых палёў, нарыхтоўка i выкладванне восеньскай i зiмовай падкормкi i iнш.) не праводзяцца. Дапускаецца звычайны рэжым палявання на звяроў і птушак, прамысловае паляванне на капытных жывёл з абавязковай праверкай на ўтрыманне радыенуклiдаў ва ўсёй прадукцыi (мясе, пушнiне). Праводзiцца назiранне за змяненнем колькасцi фонавых вiдаў жывёлы, адстрэл у мэтах яе рэгулявання, ацэнка ступенi забруджвання i навуковых даследаванняў па дазволе адпаведных падраздзяленняў паляўнiчай гаспадаркi рэспублiкi.

У зоне забруджвання тэрыторыi звыш за 15 Кi/км2 паляўнічыя ўгоддзі непрыгодныя для вядзення гаспадаркі, а прадукцыя палявання небяспечная для здароўя чалавека. У сувязi з вялiкай колькасцю i шчыльнасцю большасцi вiдаў паляўнiчай фауны ў гэтых умовах рэкамендуецца праводзiць рэгуляванне колькасцi папуляцый розных вiдаў у наступных выпадках:

1) калi папуляцыi дасягнулi высокай колькасцi i шчыльнасцi засялення, у сувязi з чым павысiлася рызыка ўспышкi небяспечных захворванняў (чума дзiкоў, кароста i шаленства драпежных i iнш.), якiя могуць выклiкаць масавую смяротнасць сярод жывёлы або iнтэнсiўнае рассяленне на менш забруджаныя тэрыторыi;

2) калi вялiкая колькасць капытных пагражае працяканню прыродных працэсаў лесааднаўлення, наносiць моцныя пашкоджаннi лясным экасiстэмам, асаблiва ў лесапарках; рэгулюецца колькасць i iншых прадстаўнiкоў фауны, калi яны становяцца моцным бiягенным фактарам, якi негатыўна ўплывае на рэдкiя вiды або пагаршае ўмовы iх пражывання;

3) калi iстотна абвастраюцца ўнутрывiдавыя i мiжвiдавыя харчовыя i тэрытарыяльныя канкурэнтныя ўзаемаадносiны, адбываецца працэс прыгнятання адных вiдаў другiмi.

Ва ўсiх забруджаных радыенуклiдамi зонах рэкамендуецца адстрэльваць дзікоў i казуль ва ўзросце ад двух гадоў i старэй, таму што ў iх арганiзмах назапашваецца ў 1,5–2 разы менш радыенуклiдаў, чым у сяголетак. У сяголетак ласёў, наадварот, канцэнтрацыя радыенуклiдаў значна нiжэйшая, чым у дарослых жывёл.

Па назапашваннi радыенуклiдаў у арганiзмах жывёл асноўныя паляўнiчыя вiды размяркоўваюцца (па ступенi ўбывання) наступным чынам: воўк – лiсiца – дзiк – казуля – заяц-русак – лось. У сувязi з гэтым на забруджаных радыенуклiдамi тэрыторыях мэтазгодна спецыялiзаваць вядзенне паляўнiчай гаспадаркi на тыя вiды, якiя ў меншай меры назапашваюць радыенуклiды.

Выкарыстанне прадукцыі (мяса, пушніны) дапускаецца толькі пасля праверкі на ўтрыманне радыенуклідаў. Радыенуклідаў у лёгкіх, нырках, сэрцы і печані значна больш, чым у мясе.

 

12.8.8. Вядзенне сельскай гаспадаркi ва ўмовах радыяцыйнага забруджвання

На забруджаных тэрыторыях склалiся такiя ўмовы, пры якiх на працягу некалькiх дзесяцiгоддзяў будзе немагчымай звычайная эксплуатацыя размешчаных на ёй зямельных угоддзяў для падсобнай сельскай гаспадаркi. Гэта звязана з назапашваннем у пахатным гарызонце глебы радыенуклiдаў i з бесперапынным паступленнем iх у вырошчваемыя раслiны, у ежу людзей i корм жывёлы.

Радыенуклiды, якiя ўтрымлiваюцца ў глебе, не ўплываюць на велiчыню i тэхнiчную якасць ураджаю, аднак яны могуць назапашвацца ў такой колькасцi, што па нормах радыяцыйнай бяспекi ён становiцца непрыгодным да выкарыстання ў ежу. У сувязi з гэтым ва ўсiх сельска- i лесагаспадарчых прадпрыемствах, якiя маюць у сваiм складзе забруджаныя радыенуклiдамi зямельныя ўгоддзi, павiнны праводзiцца спецыяльныя мерапрыемствы, што дазваляюць знiжаць узровень радыяцыйнага забруджвання атрымлiваемай прадукцыi або выкарыстоўваць яе для кармлення жывёлы i тэхнiчных мэт. Атрыманне прадукцыi з дапушчальным утрыманнем радыенуклiдаў можа быць дасягнута правядзеннем комплекса арганiзацыйных, агратэхнiчных, аграхiмiчных i тэхналагiчных мерапрыемстваў.

Гаспадарчая дзейнасць на забруджаных тэрыторыях рэгулюецца законамi Рэспублiкi Беларусь «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якiя падвергнуты радыеактыўнаму забруджванню ў вынiку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпеўшых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» i ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з «Руководством по ведению агропромышленного производства в условиях радиоактивного загрязнения земель Республики Беларусь на 1993-1995 гг.» і наступныя гады.

Выбар i правядзенне тых цi iншых мерапрыемстваў залежыць ад забруджанасцi ўчасткаў, iх плошчы i размяшчэння, урадлiвасцi глебы i iншых асаблiвасцей, а таксама велiчынi чакаемага эфекту i эканамiчных магчымасцей гаспадаркi.

Сельскагаспадарчая вытворчасць у лясных угоддзях мае свае асаблiвасцi. Большая частка сельскагаспадарчых угоддзяў прадстаўлена невялiкiмi па плошчы выдзеламi, акружанымi лесам або прымкнёнымi да яго. Гэта, у сваю чаргу, робiць тэхнiчна немагчымым i эканамiчна немэтазгодным правядзенне мерапрыемстваў па знiжэннi паступлення радыенуклiдаў у сельскагаспадарчыя раслiны, прад'яўляе павышаныя патрабаваннi да выканання правiл радыяцыйнай бяспекi пры правядзеннi сельскагаспадарчых работ, выбару агратэхнiчных прыёмаў, вырошчваемых культур, севазваротаў i кантролю за ўзроўнем забруджвання ураджаю.

12.8.9. Знiжэнне ўтрымання радыенуклiдаў у лясной i сельскагаспадарчай прадукцыi

Лясы перашкаджаюць паўторнаму пераносу радыенуклiдаў i дадатковаму забруджванню прылеглых сельскагаспадарчых i iншых угоддзяў i населеных пунктаў. Гэта абумоўлена ветраахоўнымi ўласцiвасцямi лесу i тым, што асноўная маса радыенуклiдаў (праз год пасля выпадзення ў лiставых лясах i праз тры-пяць гадоў у хваёвых) з ападам перамяшчаецца на паверхню ляснога подсцiлу, а потым у подсцiл i мiнеральныя гарызонты глебы. У надземнай фiтамасе застаецца менш за 5% агульнай колькасцi выпаўшых доўгажывучых радыенуклiдаў, а 95% замацоўваецца пад полагам лесу i паступова ўсё больш экранiруецца штогодным ападам i верхнiм гарызонтам глебы. Вынас радыенуклiдаў ветрам з лесу практычна не адбываецца. На тэрыторыях з павышаным узроўнем радыяцыйнага забруджвання неабходна ўсiмi спосабамi выкарыстоўваць санiтарана-ахоўныя ўласцiвасцi лесу, захоўваць iснуючыя лясныя масiвы. Штучная дэзактывацыя лясоў на вялiкiх тэрыторыях шляхам выдалення забруджаных радыенуклiдамi дрэў, наглебавага покрыва, ляснога подсцiлу i пласта глебы практычна немагчыма, таму што для гэтага спатрэбiлася б сабраць, вывезцi i захаваць вялiкую колькасць раслiннай масы i глебы. Толькi на 1 га сасновага лесу да ўзросту стабiлiзацыi ў залежнасцi ад лесагадоўчых умоў назапашваецца да 50 т ляснога подсцiлу. Да такога спосабу дэзактывацыi можна звярнуцца толькi на невялiкiх плошчах з адсутнасцю травяна-кустовага покрыва. Выкарыстанне iншых спосабаў не менш працаёмкае i небяспечнае. Таму лясныя ўчасткi з павышанымi ўзроўнямi радыяцыйнага забруджвання дэзактываваць не трэба. Пры шчыльнасцi забруджвання тэрыторыi вышэй за 15 Кi/км2 неабходна абмежаваць доступ насельнiцтва, устанавiць стэнды з асноўнымi правiламi знаходжання ў лесе i карыстання лясной прадукцыяй, правесцi паляпшэнне стану дарог. Асобую ўвагу неабходна ўдзяляць работам па расчыстцы i рассяканнi лесагаспадарчых дарог, якiя вядуць да лясных масiваў II i III зон.

У лясных гадавальнiках i падсобных гаспадарках для знiжэння канцэнтрацыi радыенуклiдаў у раслiнах рэкамендуюцца наступныя мерапрыемствы:

1) зберажэнне i павышэнне ўрадлiвасцi глебы i адначасовае садзейнiчанне змяншэнню магчымасцi пераходу радыенуклiдаў з глебы ў раслiны;

2) выдаленне верхняга забруджанага радыенуклiдамi пласта глебы;

3) глыбокае ўзорванне з пахаваннем забруджанага пласта глебы;

4) пасеў бiямелiярантаў, якiя звязваюць радыенуклiды ў цяжкадаступныя раслiнам формы i iнш.

Знiжэнню ўтрымання радыецэзiю i радыестронцыю ў кампанентах дрэвавага яруса садзейнiчае наяўнасць пад полагам лесу крушынавага падлеску (Iпацьеў В. А. i iнш.).

Выкарыстанне тых цi iншых мерапрыемстваў звязана з асаблiвасцямi бiягеацэнозаў, эканамiчнымi ўмовамi i санiтарна-гiгiенiчнай іх роляй.

Аграхiмiчныя мерапрыемствы. У сельскагаспадарчай радыеэкалогii назапашаны багаты эксперыментальны матэрыял, якi тычыцца спосабаў знiжэння паступлення радыенуклiдаў з глебы ў раслiны. Найбольш мэтазгодна прымяняць: вапнаванне кiслых глеб, унясенне арганiчных угнаенняў i сапрапелю, павышаных доз фосфарных i калiйных угнаенняў. Пры ўнясеннi аргана-мiнеральных угнаенняў змяншаецца рухомасць радыенуклiдаў у глебе i паступленне iх у масу раслiн; паляпшаюцца ўмовы жыўлення i звязанае з гэтым павелiчэнне фiтамасы, зніжэнне канцэнтрацыi радыенуклiдаў; павышэнне канцэнтрацыi ў глебе абменных катыёнаў калiю, кальцыю i фосфару; узмацненне антаганiзму памiж iонамi радыенуклiдаў i iонамi ўносiмых солей пры каранёвым засваеннi; змяненне даступнасцi радыенуклiдаў у вынiку пераводу iх у цяжкадаступныя злучэннi i абменнай фiксацыi. Эксперыментальна пацверджана, што эфектыўнасць унясення мiнеральных угнаенняў i вапнавання кiслых глеб у бедных умовах значна вышэйшая, чым у багатых.

Моцны ўплыў на ўласцiвасцi глебы аказвае працяглае прымяненне ўгнаенняў па традыцыйнай схеме. Яно прыводзiць да значнага змянення фiзiка-хiмiчнага рэжыму глебы (табл. 12.9). Пры сумесным працяглым унясеннi мiнеральных угнаенняў, гною i поўных мiнеральных угнаенняў каэфiцыент назапашвання 90Sr у насеннi аўса знiжаецца ў 3–4 разы, 137Cs – у 4–15 разоў.

Таблiца 12.9

Уплыў працяглага прымянення ўгнаенняў на аграхiмiчныя паказчыкi дзярнова-падзолiстай глебы i назапашванне радыенуклiдаў у насеннi аўса (паводле Аненкава Б М. i Юдзiнцавай Е. У.)

Угнаенне рН у КСI Гiдралiтычная кiслотнасць Сума паглыну-тых асноў Гумус, % Каэфiцыент назапашвання
мг-экв. на 100 г глебы 90Sr 137Cs
Кантроль (без угнаення) 4,8 4,4 2,0 1,5 3,3 0,31
N 4,6 6,1 1,8 2,2 2,6 0,26
P 4,8 4,4 2,8 1,7 1,4 0,19
K 4,8 4,4 2,1 1,7 3,1 0,02
NP 4,6 5,4 1,8 2,2 2,1 0,11
NK 4,6 5,2 1,6 2,0 2,6 0,02
PK 4,7 4,2 2,1 1,7 1,6 0,03
NPK 4,7 4,8 2,3 2,1 1,3 0,02
NPK + гной 5,2 3,4 4,6 3,0 0,8 0,09

 

Доўгатэрмiновае знаходжанне 90Sr у абменнай форме пасля пападання ў глебу забяспечвае яго павышаную даступнасць да засваення каранёвымi сiстэмамi на працягу доўгага часу, у сувязi з чым унясенне мiнеральных i арганiчных угнаенняў асаблiва неабходна (Аляксахiн Р. М.). Менш за ўсё паступае 90Sr у раслiны пад уплывам вапнавання i ўгнаенняў на бедных гумусам i элементамi мiнеральнага сiлкавання дзярнова-падзолiстых i тарфяных глебах. Павелiчэнне ўтрымання кальцыю садзейнiчае замацаванню 90Sr у глебе i знiжэнню яго даступнасцi раслiнам. Павышаныя дозы фосфарных угнаенняў па фоне вапнавання на дзярнова-падзолiстых супясчаных глебах прыводзяць да знiжэння назапашвання 90Sr ва ўраджаi раслiн у 5–8 разоў. Эфект ад прымянення калiйных угнаенняў як сродка, якi абмяжоўвае паступленне 137Cs з глебы ў раслiны, найбольш яскрава праяўляецца на глебах з нiзкай канцэнтрацыяй абменнага калiю.

Выкарыстанне калiйных i арганiчных угнаенняў на дзярнова-падзолiстых пясчаных глебах садзейнiчае знiжэнню паступлення 137Cs ва ўраджай раслiн да 20 разоў (Аляксахiн Р. М. i iнш.). Засваенне радыенуклiдаў сельскагаспадарчымi культурамi пры ўзорваннi глебы на глыбiню 30 см змяншаецца на 20–30% параўнальна з паверхневым узорваннем (да 15 см). Эфектыўнасць глыбокага ўзорвання ў знiжэннi паступлення радыенуклiдаў залежыць яшчэ i ад бiялагiчных асаблiвасцей раслiн.

Агратэхнiчныя прыёмы. На першы погляд, радыкальным спосабам знiжэння паступлення радыенуклiдаў у раслiны з'яўляецца выдаленне паверхневага пласта глебы, што забруджаны радыенуклiдамi. Тэарэтычна гэта магчыма (асаблiва на невялiкiх плошчах), але практычна цяжкавыканальна, вельмi дорага каштуе, патрабуе вялiкiх могiльнiкаў, адмоўна ўплывае на ўрадлiвасць глебы. Узорванне на глыбiню 40–60 см i больш з пахаваннем самага забруджанага пласта глебы прыводзiць да знiжэння назапашвання радыенуклiдаў толькi сельскагаспадарчымi i iншымi раслiнамi з паверхневай каранёвай сiстэмай. Да агратэхнiчных мерапрыемстваў таксама адносяцца: павелiчэнне долi плошчаў пад культуры з нiзкiм узроўнем назапашвання радыенуклiдаў; карэннае i паверхневае паляпшэнне сенакосаў i пашаў; пасеў травасумесяў з мiнiмальным назапашваннем радыенуклiдаў, гiдрамелiярацыя; прадухiленне другаснага забруджвання за кошт комплексу супрацьэразiйных мерапрыемстваў; прымяненне сродкаў аховы раслiн.

Здольнасць травянiстых раслiн назапашваць радыенуклiды ў розных канцэнтрацыях можа быць выкарыстана для атрымання прадуктаў з мiнiмальным утрыманнем радыенуклiдаў i змяншэння канцэнтрацыi iх у глебе пры ўтылiзацыi ўраджаю. Па назапашваннi 137Cs сельскагаспадарчыя культуры размяркоўваюцца ў наступным парадку: ячмень > пшанiца > авёс > проса > грэчка > фасоля > гарох > бабы.

Па канцэнтрацыi 90Sr у гаспадарчакаштоўнай частцы ўраджаю агароднiнныя культуры размяркоўваюцца ў наступным парадку: буракi > агуркi > морква > капуста > таматы > бульба.

Фiтамелiярацыя забруджанай глебы. Бiялагiчнае ачышчэнне глебы з дапамогай выдалення раслiннай масы – фiтамелiярацыя – можа выкарыстоўвацца на бедных пясчаных i супясчаных глебах. Максiмальны вынас за адзiн укос канюшыны на кiслай пясчанай глебе ў вегетатыўным доследзе склаў 4–6% 90Sr i 0,13% 137Cs ад утрымання iх у глебе, сельскагаспадарчымi культурамi на розных тыпах глеб адпаведна 1–2% i 0,1–0,5%. За кошт радыеактыўнага распаду глеба штогод ачышчаецца ад 90Sr на 2,5% i 137Cs – на 2,2%. Гэта значыць, што натуральнае ачышчэнне глебы ад радыенуклiдаў працякае больш эфектыўна, не патрабуе ўтылiзацыі раслiн як радыеактыўных адходаў i з глебы не будзе выносiцца шмат бiягенна важных элементаў. Такiм чынам, фiтамелiярацыя не можа разглядацца ў якасцi эфектыўнага прыёму дэзактывацыi глебы.

Арганiзацыйныя мерапрыемствы. Да арганiзацыйных мерапрыемстваў адносiцца iнвентарызацыя ўгоддзяў па шчыльнасцi забруджвання i састаўленне картаграм; прагноз утрымання радыенуклiдаў ва ўраджаi i прадукцыi жывёлагадоўлi; iнвентарызацыя ўгоддзяў у адпаведнасцi з вынiкамi прагнозу i вызначэнне плошчаў, на якiх магчыма вырошчванне культур для рознага выкарыстання; выключэнне ўгоддзяў з гаспадарчага выкарыстання або перавод зямель з радыяцыйна небяспечных у гаспадарчае выкарыстанне.

Знiжэнне ўтрымання радыенуклiдаў у сельскагаспадарчай прадукцыi пры яе перапрацоўцы. Гэты тэхналагiчны прыём уключае: прамыўку i пярвiчную апрацоўку нарыхтаванай прадукцыi; прымяненне розных спосабаў уборкi зерневых, агародных i кармавых культур, якiя выключаюць другаснае забруджванне ўраджаю; прымяненне ферацынутрымлiваючых прэпаратаў; перапрацоўку атрыманай прадукцыi з мэтай знiжэння ў ёй канцэнтрацыi радыенуклiдаў; спецыяльную сiстэму кармлення жывёлы з прымяненнем ферацынутрымлiваючых прэпаратаў.

Перапрацоўка забруджанай прадукцыi дае магчымасць знiзiць утрыманне радыенуклiдаў у канечным прадукце. Нават такая прасцейшая аперацыя, як адмыванне ў праточнай вадзе, дазваляе знiзiць паверхневае забруджванне насення, таматаў i агуркоў да 3 разоў. Iншыя метады i прыёмы перапрацоўкi i кулiнарная апрацоўка аказваюць яшчэ большы ўплыў. Знiжэнне ўтрымання радыенуклiдаў у прадукцыi жывёлагадоўлi можа быць дасягнута традыцыйнымi метадамi тэхналагiчнай i кулiнарнай апрацоўкi. Напрыклад, пры перапрацоўцы малака на малочныя прадукты значная частка радыенуклiдаў пераходзiць у адгон, маслёнку i г. д. Звяртае на сябе ўвагу вельмi нiзкае ўтрыманне радыенуклiдаў у масле, асаблiва ў топленым. Пры перапрацоўцы мясапрадуктаў таксама назiраецца знiжэнне ўтрымання радыенуклiдаў за кошт пераходу часткi iх у булён. Папярэдняе вымочванне дробна нарэзанага мяса ў вадзе або 0,85% растворы кухоннай солi забяспечвае вывядзенне з мяса 30–60% 137Cs.

Перапрафiляванне аграпрамысловай вытворчасцi неабходна весцi ў адпаведнасцi з узроўнем радыеактыўнага забруджвання мясцовасцi. Яно мае на мэце максiмальнае выкарыстанне зямель з павышаным утрыманнем радыенуклiдаў у адпаведнай ёй сферы. На тэрыторыях з высокiм ўзроўнем забруджвання вядзенне сельскай гаспадаркi дазваляецца толькi пры строгiм кантролi i выкарыстаннi ўсяго комплексу агратэхнiчных, аграхiмiчных i iншых мерапрыемстваў. У выпадках калi немагчыма з дапамогай пералiчанага вырасцiць прыдатную да выкарыстання прадукцыю, рэкамендуецца праводзiць перапрафiляванне вытворчасцi. Укараненне гэтага прыёму звязана з вялiкiмi эканамiчнымi i арганiзацыйнымi цяжкасцямi. Немiнуча ўзнiкаюць праблемы радыяцыйна-гiгiенiчнага, экалагiчнага i эканамiчнага характару.

 

Лекция №15.








Дата добавления: 2016-04-06; просмотров: 845;


Поиск по сайту:

При помощи поиска вы сможете найти нужную вам информацию.

Поделитесь с друзьями:

Если вам перенёс пользу информационный материал, или помог в учебе – поделитесь этим сайтом с друзьями и знакомыми.
helpiks.org - Хелпикс.Орг - 2014-2024 год. Материал сайта представляется для ознакомительного и учебного использования. | Поддержка
Генерация страницы за: 0.041 сек.