Тэма 20. Мука Езуса Хрыста
Дыдактычная мэта:
пазнаёміць вучняў з біблійнай гісторыяй пра муку Езуса Хрыста; дапамагчы вучням зразумець, што Езус Хрыстус дзеля нас і нашага збаўлення цярпеў пакуты і смерць на крыжы.
Выхаваўчая мэта:
фарміраваць у вучняў пачуццё ўдзячнасці Езусу за дар збаўлення, за тое, што Ён пакутаваў і памёр дзеля нашага збаўлення; дапамагчы вучням прыняць Езуса як Збаўцу.
Матэрыялы:
Біблія: Мц 26, 36–56; Мц 26, 57–75; Мц 27, 11–26; Мк 15, 16–47.
Ілюстрацыя: «Мука Хрыста», надпісы да ілюстрацыі: «Ойча Мой, калі гэта магчыма, няхай абміне гэты келіх Мяне. Аднак, не як Я хачу, але як Ты» (Мц 26, 39); «Тады пачалі пляваць Яму ў твар і біць кулакамі, а іншыя білі па шчоках» (Мц 26, 67); «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» (Мк 15, 34); «Праўдзіва, Чалавек гэты быў Сынам Божым» (Мк 15, 39).
Фрагмент з фільма пра муку Хрыста.
Карткі з назвамі стацый Крыжовага шляху (пажадана з ілюстрацыямі). Касцюмы і музыка.
Метады катэхезы:
малітва, аналіз біблійнага тэксту, медытацыя над абразом, завучванне ключавога верша на памяць, слуханне аўдыёзапісу Бібліі, прагляд фрагмента з фільма, дыялог, праца з біблійным тэкстам (вылучэнне фрагментаў тэксту рознымі колерамі), праца ў групах, пісьмовая праца на аснове тэксту, творчая майстэрня — пантаміма стацый Крыжовага шляху, спеў.
Ход занятку
Малітва
Спеў:
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная, заступіся за нас!
Праверка хатняга задання
Катэхет прапаноўвае вучням падзяліцца інтэнцыямі, у якіх яны прынялі ў нядзелю святую Камунію.
Пры паўтарэнні хатняга задання можна карыстацца крыжаванкамі, змешчанымі ў канцы сшытка (крыжаванка № 19).
Катэхет уводзіць вучняў у новую тэму.
Чалавек пытаецца
Катэхет дае вучням магчымасць праглядзець урывак з фільма, у якім хтосьці ахвяруе сваім жыццём за іншага (напрыклад, фрагмент з «Тытаніка»: хлопец — у халодным акіяне, яго каханая — на ільдзіне, і ён кажа ёй: «Пакляніся мне, што будзеш жыць…»).
Катэхет задае вучням пытанне:
— Чаму … (імя персанажа з фільма, які ахвяраваў сваім жыццём дзеля іншага) выратаваў … (імя выратаванага персанажа)?
Бог адказвае
Бог любіць нас мацней, чым ... ... (імя персанажа з фільма, які ахвяраваў сваім жыццём дзеля іншага, а таксама выратаванага персанажа). Бог паслаў свайго Сына, каб збавіць нас ад нашых грахоў. Для многіх гэтая праўда застаецца вялікаю таямніцаю, у якую мы верым. Кожную нядзелю, вызнаючы нашу веру, мы кажам: «Веру … ў Езуса Хрыста, Пана нашага, які быў зачаты ад Духа Святога, нарадзіўся з Дзевы Марыі, укрыжаваны, памёр і быў пахаваны...».
Смерць Езуса мае падвойнае значэнне:
1. Яна паказвае вялікую любоў Бога да чалавека.
2. Яна была ахвяраю за нашыя грахі.
Сёння мы з вамі паглыбімся ў таямніцу мукі Хрыста.
Катэхет вешае на дошку ілюстрацыю: «Мука Хрыста», а таксама надпісы да ілюстрацыі: «Ойча Мой, калі гэта магчыма, няхай абміне гэты келіх Мяне. Аднак, не як Я хачу, але як Ты» (Мц 26, 39); «Тады пачалі пляваць Яму ў твар і біць кулакамі, а іншыя білі па шчоках» (Мц 26, 67); «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» (Мк 15, 34); «Праўдзіва, Чалавек гэты быў Сынам Божым» (Мк 15, 39).
Катэхет прапаноўвае вучням паслухаць фрагменты з аўдыёзапісу Бібліі: Мц 26, 36–56; Мц 26, 57–75; Мц 27, 11–26; Мк 15, 16–47.
Затым вучням даецца магчымасць прагледзець фрагмент з фільма пра муку Хрыста.
Катэхет дзеліць вучняў на 3 групы.
І група
Вучні атрымліваюць карткі з фрагментам Святога Евангелля паводле Мацвея (26, 36–56).
Чырвоным колерам падкрэсліце словы і дзеянні Езуса, сінім колерам падкрэсліце тое, што гаварылі людзі і як яны паводзілі сябе з Езусам (у сшытку заданне № 1).
Адкажыце на пытанні:
¾ Дзе Езус маліўся?
¾ Чаго Езус баяўся?
¾ Як Езус пераадольваў свой страх?
¾ Што Ён казаў свайму Айцу?
¾ Што ў гэты час рабілі вучні?
¾ Хто чуваў разам з Езусам?
¾ Што мы павінны рабіць для таго, каб стойка і годна пераносіць пакуты?
¾ Якім знакам Юда выдаў Езуса жаўнерам?
¾ Што Езус сказаў Юдзе?
¾ Які цуд зрабіў Езус у Аліўным садзе?
¾ Што Езус сказаў Пятру, калі той узяў у рукі меч?
¾ Чаму вас навучыў Езус у Аліўным садзе?
ІІ група:
Вучні атрымліваюць карткі з фрагментам Святога Евангелля паводле Мацвея (26, 57–75; 27, 11–26).
Чырвоным колерам падкрэсліце словы і дзеянні Езуса, сінім колерам падкрэсліце тое, што гаварылі людзі і як яны паводзілі сябе з Езусам.
Адкажыце на пытанні:
¾ Якое абвінавачанне ілжэсведкі прад’явілі супраць Езуса?
¾ Якая была рэакцыя Езуса на абвінавачванні?
¾ Якое пытанне задаў першасвятар Езусу?
¾ Што Езус яму адказаў?
¾ Чаму першасвятар разадраў вопратку на сабе?
¾ Які прысуд вынеслі Езусу?
¾ Чаму Пётр адрокся ад Езуса?
¾ Ці пакаяўся Пётр? У чым гэта выявілася?
¾ Як Езус паводзіў сябе на судзе ў Пілата?
¾ Хто падбухторваў народ адпусціць Барабу?
¾ Што з Езусам зрабілі перад тым, як укрыжавалі Яго?
¾ Чаму вы навучыліся ад Езуса, даведаўшыся пра тое, што адбывалася з Ім на судзе Сінэдрыёну і на судзе Пілата?
ІІІ група:
Вучні атрымліваюць карткі з фрагментам Святога Евангелля паводле Марка (15, 16–47).
Чырвоным колерам падкрэсліце словы і дзеянні Езуса, сінім колерам падкрэсліце тое, што гаварылі людзі і як яны паводзілі сябе з Езусам.
Адкажыце на пытанні:
¾ Як воіны ў прэторыі адносіліся да Езуса?
¾ Якая была рэакцыя Езуса?
¾ Чаму Езус пакутаваў?
¾ Каго Езус сустрэў на Крыжовым шляху?
¾ У якім надпісе была акрэслена віна Езуса?
¾ Хто стаяў пад крыжам Езуса?
¾ У які дзень Езус памёр на крыжы?
¾ Якія прыродныя з’явы суправаджалі смерць Езуса?
¾ Што сказаў сотнік, калі ўбачыў смерць Езуса?
¾ Ад чаго Езус нас збавіў?
¾ Хто заняўся пахаваннем Езуса?
¾ Што Езус паказаў нам сваёй смерцю на крыжы?
Катэхет прапаноўвае вучням зрабіць пісьмовае заданне ў сшытку:
Карыстаючыся біблійнымі тэкстамі (Мц 26, 36–56; Мц 26, 57–75; Мц 27, 11–26; Мк 15, 16–47) выпішы ў храналагічным парадку падзеі, звязаныя з мукаю і смерцю Езуса Хрыста (у сшытку заданне № 2).
Дата добавления: 2016-03-27; просмотров: 1628;