Тэма 22. Езус узышоў на неба
Дыдактычная мэта:
пазнаёміць вучняў з біблійнай гісторыяй пра ўнебаўшэсце Езуса Хрыста; дапамагчы вучням зразумець, што пакліканнем кожнага чалавека з’яўляецца Нябеснае Валадарства.
Выхаваўчая мэта:
фарміраваць у вучняў імкненне дасягнуць Нябеснага Валадарства.
Матэрыялы:
Біблія: Ян 14, 1–3, Мк 16, 19–20, Дз 1, 9–11.
Ілюстрацыя: «Унебаўшэсце Езуса Хрыста», надпісы да ілюстрацыі: «Іду падрыхтаваць месца для вас» (Ян 14, 2); «Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20).
Фрагмент з фільма пра ўнебаўшэсце Езуса Хрыста.
Метады катэхезы:
малітва, аналіз біблійнага тэксту, медытацыя над абразом, завучванне ключавога верша на памяць, слуханне аўдыёзапісу Бібліі, прагляд фрагмента з фільма, дыялог, праца ў парах, праца ў групах, пісьмовая праца на аснове тэксту, творчая майстэрня — маляванне ўсёй групай, спеў.
Ход занятку
Малітва
Песня «Езус — наш Пан»
Праверка хатняга задання
Катэхет прапаноўвае вучням падзяліцца аргументамі, якія яны напісалі свайму няверуючаму сябру. Вучні паказваюць свае малюнкі.
Пры паўтарэнні хатняга задання можна карыстацца крыжаванкамі, змешчанымі ў канцы сшытка (крыжаванка № 21).
Катэхет уводзіць вучняў у новую тэму.
Чалавек пытаецца
Сёння я хачу расказаць вам гісторыю пра аднаго чалавека, які пасля смерці трапіў у рай. Яго з радасцю сустрэў святы Пётр.
Дом у раі
Памёр чалавек. На зямлі яго лічылі добрым католікам: ён хадзіў па нядзелях у касцёл, часам спавядаўся, нічога дрэннага, здаецца, не рабіў: не забіваў, не краў, не гаварыў няпраўды. Так, прынамсі, лічылі родныя і знаёмыя, ды і ён сам. Пасля смерці ён трапіў у рай. Задаволены, набліжаецца да ўваходу, дзе яго сустракае святы Пётр з таўшчэзнаю кнігаю ў руках.
— Каткоўскі Іван? — перапытвае святы, гартаючы кнігу. — Так, ёсць тут такі. Хадзем са мной, я пакажу табе твой дом.
Ідуць яны па раі. Наперадзе бачыць Іван вялізны палац такой прыгажосці, якую на зямлі нават уявіць сабе немагчыма. Іван радасны бяжыць да яго.
— Затрымайся, — кажа Пётр, — гэта яшчэ не твой дом.
Засумаваў Іван. Ідуць яны далей. Неўзабаве паказаўся шыкоўны катэдж, у якім марыў бы жыць любы чалавек. Іван памкнуўся звярнуць да яго, але Апостал зноў папярэдзіў:
— І гэта не твой дом.
Яшчэ больш засумаваў Іван. Ды бачыць: наперадзе стаіць ужо аднапавярховы дом, але дастаткова вялікі і прыгожы. «Нічога, — думае Іван, — і гэта яшчэ няблага». Толькі ірвануўся пайсці, як зноў чуе:
— Пачакай, твой дом будзе наступны.
Прайшлі яны яшчэ крыху, і перад імі паўстаў маленькі бедны домік, нават сцены ў ім былі не пафарбаваныя. Іван ледзь не заплакаў ад крыўды:
— Чаму такая несправядлівасць у раі? Хтосьці жыве ў палацы, хтосьці ў катэджы, а мне дасталася гэтая халупа.
Пётр уздыхнуў і адказаў:
— Таго матэрыялу, які я атрымліваў ад цябе падчас твайго жыцця, хапіла толькі на такі дом…
Апавяданне катэхета можа суправаджацца паказам дамоў на праектары.
Катэхет задае вучням пытанні (у сшытку заданне № 1):
— Які матэрыял выкарыстоўваецца для будаўніцтва нябесных палацаў?
— Што вы зразумелі з гэтай гісторыі?
Вучні дзеляцца сваімі адказамі.
Бог адказвае
Катэхет вешае на дошку ілюстрацыю: «Унебаўшэсце Езуса Хрыста», а таксама надпісы да ілюстрацыі: «Іду падрыхтаваць месца для вас» (Ян 14, 2); «Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20).
Катэхет:
На саракавы дзень пасля ўваскрасення Езус узышоў на неба.
Катэхет прапануе вучням праслухаць аўдыёзапіс фрагментаў Бібліі: Ян 14, 1–3, Мк 16, 19–20, Дз 1, 9–11.
Можна паказаць фрагмент з фільма пра ўнебаўшэсце Езуса Хрыста.
Катэхет:
Цяпер давайце раздзелімся на тры групы і папрацуем з біблійнымі тэкстамі, каб глыбей акунуцца ў збаўчыя падзеі і бліжэй пазнаёміцца з абставінамі ўнебаўшэсця Езуса Хрыста (у сшытку заданне № 2).
І група
1. Прачытайце фрагмент са Святога Евангелля паводле Яна (14, 1–3).
«Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я».
2. Адкажыце на пытанні:
— Як вы разумееце выраз «Удоме Айца Майго шмат святліц»?
— Што Езус хацеў сказаць Апосталам словамі: «Іду падрыхтаваць месца для вас»?
— Што вы адчуваеце, чытаючы словы: «І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я»? Чаму?
ІІ група:
1. Прачытайце фрагмент са Святога Евангелля паводле Марка (16, 19–20).
«І пасля размовы з імі Пан Езус узнёсся ў неба і сеў праваруч Бога. А яны пайшлі і паўсюль прапаведавалі. Пан садзейнічаў ім і пацвярджаў слова знакамі, што яму спадарожнічалі».
2. Выканайце заданні:
— Вызначце месца апісанай падзеі.
— Вызначце час дзеяння.
— Пералічыце сведкаў унебаўшэсця Пана і апішыце дзеянні, якімі суправаджалася гэтая падзея.
— Апішыце ўзаемныя спадзяванні біблійных персанажаў.
ІІІ група:
1. Прачытайце фрагмент з кнігі Дзеяў Апосталаў (1, 9–11).
«Калі сказаў гэта, яны ўбачылі, як Ён узнёсся, і воблака забрала Яго з іхніх вачэй. Калі яны пільна ўзіраліся ў неба, як Ён узыходзіў, вось два мужы сталі перад імі ў белым адзенні і сказалі: „Галілейцы, чаго стаіце і ўглядаецеся ў неба? Гэты Езус, забраны ад вас на неба, прыйдзе таксама, як вы бачылі Яго, калі Ён узыходзіў на неба“».
2. Выканайце заданні:
— Вызначце месца апісанай падзеі.
— Вызначце час дзеяння.
— Пералічыце сведкаў унебаўшэсця Пана і апішыце дзеянні, якімі суправаджалася гэтая падзея.
— Апішыце ўзаемныя спадзяванні біблійных персанажаў.
Вучні прадстаўляюць працу ў групах (чытанне біблійных тэкстаў абавязковае).
Факт унебаўшэсця Езуса Хрыста адкрывае нам праўду пра ўзвышэнне Хрыста над усім стварэннем. Езус застаўся з намі ў шматлікіх знаках. Ён прысутны ў Касцёле, які сам заснаваў, у святых сакрамэнтах, якія Ён устанавіў, у сваім Слове, на святой Імшы, на катэхезе. Гэта шматлікія знакі Яго прысутнасці сярод нас. І хоць мы Яго не бачым, Ён вядзе нас у дом Нябеснага Айца.
— Напішыце, як вы разумееце выраз: «Езус Хрыстус — мой Пан!» (у сшытку заданне № 4).
— Якія думкі, словы, учынкі і дзеянні чалавека сведчаць пра тое, што Езус з’яўляецца для яго Панам?
Дата добавления: 2016-03-27; просмотров: 673;