Святое Евангелле паводле Яна 11, 17–45
«Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле. Бэтанія была блізка ад Ерузалема, каля пятнаццаці стадыяў. Многія з юдэяў прыйшлі да Марты і Марыі, каб суцешыць іх у смутку па браце. Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома. Тады Марта сказала Езусу: „Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой! Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе“. Езус сказаў ёй: „Уваскрэсне брат твой“. Марта сказала Яму: „Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрашэння ў апошні дзень“. Езус сказаў ёй: „Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?“ Яна адказала Яму: „Так, Пане. Я веру, што Ты Месія, Сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет“.
Сказаўшы гэта, пайшла і паклікала сваю сястру Марыю, сказаўшы патаемна: „Настаўнік тут, Ён кліча цябе“. Калі яна пачула гэта, устала хутка і пайшла да Яго. Езус яшчэ не ўвайшоў у вёску, але заставаўся на тым месцы, дзе Яго сустрэла Марта. Юдэі, якія былі з ёю ў доме і суцяшалі яе, убачылі, што Марыя хутка ўстала і выйшла, і пайшлі за ёю, думаючы, што яна ідзе да магілы, каб там плакаць. Калі Марыя прыйшла туды, дзе быў Езус, і ўбачыла Яго, яна ўпала да ног Ягоных і сказала Яму: „Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой!“ Тады Езус, убачыўшы, што яна плача і што плачуць юдэі, якія прыйшлі разам з ёю, сам глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся ды сказаў: „Дзе вы паклалі яго?“ І адказалі: „Пане, ідзі і паглядзі“. Езус заплакаў. Юдэі ж казалі: „Глядзі, як Ён любіў яго!“ А некаторыя зіх сказалі: „Ці не мог ён, які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?“
Езус жа, ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. Сказаў Езус: „Адсуньце камень!“ Сястра памерлага, Марта, кажа Яму: „Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр!“ Езус сказаў ёй: „Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?“ Тады адсунулі камень. А Езус узняў вочы ўгару і сказаў: „Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне“. І, сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: „Лазар, выйдзі вонкі!“ І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Езус: „Развяжыце Яго і дазвольце яму хадзіць“.
Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго».
Вучні дзеляцца вынікамі сваёй творчасці.
Катэхет задае вучням пытанні (у сшытку заданне № 2):
— Як вы сябе адчувалі ў ролі біблійных персанажаў?
— Што аказала на вас найбольшае ўражанне?
— Якія словы і ўчынкі Езуса вам запомніліся?
— Што вам спадабалася?
— Што новага вы даведаліся пра Езуса Хрыста?
Катэхет прапаноўвае вучням, карыстаючыся тэкстамі са Святога Пісання (Ян 11, 17–45; Лк 7, 11–16; Лк 8 41–56), запоўніць табліцу (у сшытку заданне № 3).
Каго ўваскрасіў Езус? | Дзеянні Езуса | Ключавыя словы Езуса | Рэакцыя сведкаў цуду |
Дата добавления: 2016-03-27; просмотров: 1058;