Тэма 11. Езус заклікае нас маліцца

Дыдактычная мэта:

пазнаёміць вучняў з тым, што ў Бібліі напісана пра малітву Езуса; дапамагчы вучням зразумець, што малітва з’яўляецца неад’емнай часткай хрысціянскага жыцця — сэрцам нашай веры.

Выхаваўчая мэта:

фарміраваць у вучняў імкненне да штодзённай малітвы.

 

Матэрыялы:

Біблія.

Ілюстрацыя на тэму: «Малітва Езуса ў садзе Аліўным».

Надпісы: «Ойча Мой, калі не можа келіх гэты абмінуць Мяне, каб Мне не піць яго, няхай станецца воля Твая» (Мц 26, 42). «Адпусціўшы народ, Езус падняўся на гару памаліцца асобна. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін» (Мц 14, 23). «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне» (Ян 11, 41).

Аўдыёзапіс Бібліі.

Фрагмент фільма, прысвечаны малітве Езуса.

Свечкі.

Метады катэхезы:

малітва, аналіз біблійнага тэксту, медытацыя над абразом, завучванне ключавога верша на памяць, слуханне аўдыёзапісу Бібліі, прагляд фрагмента з фільма, дыялог, праца ў парах, праца ў групах, пісьмовая праца на аснове тэксту, творчая майстэрня — інсцэніроўка.

Ход занятку

Малітва

Ойча наш

Праверка хатняга задання

Катэхет прапаноўвае вучням падзяліцца словамі, якія ім найбольш запомніліся пры індывідуальным чытанні Святога Пісання.

Пры паўтарэнні хатняга задання можна карыстацца крыжаванкамі, змешчанымі ў канцы сшытка — крыжаванка № 10.

Чалавек пытаецца

Інсцэніроўку найлепш падрыхтаваць з вучнямі загадзя, але, калі няма такой магчымасці, можна заняцца ёю на ўроку.

 

Сцэнарый

МАЛІТВА

На сцэну выходзіць гераіня і пачынае маліцца. Бог адказвае ёй, але Яго не бачна, чуваць толькі Яго голас.

(Словы Бога запісаныя вялікімі літарамі, словы гераіні — маленькімі).

— Ойча наш, каторы ёсць у небе…

— ТАК, ТАК…

— Не перабівай мяне, я ж малюся!

— АЛЕ Ж ТЫ КЛІКАЛА МЯНЕ…

—Клікала цябе? Я не клікала, я малюся «Ойча наш, каторы ёсць у небе…»

— НУ ВОСЬ, ЗНОЎ…

— Што зноў?

— ТЫ ПАКЛІКАЛА МЯНЕ. ТЫ СКАЗАЛА «ОЙЧА НАШ, КАТОРЫ ЁСЦЬ У НЕБЕ». ВОСЬ Я. ЧАГО Ж ТЫ ХОЧАШ?

— О, я нічога гэтым не мела на ўвазе. Ведаеш, я ўсяго толькі малілася за гэты дзень. Я заўсёды малюся «Ойча наш». Мне гэта падабаецца — адчуваеш, быццам выканаў свой доўг.

— ДОБРА, ПРАЦЯГВАЙ.

— Свяціся імя Тваё…

— ПАЧАКАЙ, ШТО ГЭТА ЗНАЧЫЦЬ?

— Што?

— «СВЯЦІСЯ ІМЯ ТВАЁ»?

— Гэта значыць... Гэта значыць… Ну, трэба ж, я не ведаю, што гэта значыць. Ды і адкуль мне ведаць? Проста частка малітвы. А, дарэчы, што гэта значыць?

— ГЭТА АЗНАЧАЕ ПАШАНУ, СВЯТЫЯ АДНОСІНЫ ДА МАЙГО ІМЯ.

— Вось што! Я раней ніколі не думала над гэтымі словамі. Свяціся імя Тваё… Прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі.

— ТЫ НА САМАЙ СПРАВЕ ГЭТАГА ХОЧАШ?

— Ну так, а чаму б не?

— А ШТО ТЫ ДЛЯ ГЭТАГА РОБІШ?

— Раблю? Напэўна, нічога. Я проста лічу, што было б нядрэнна, каб Ты кіраваў тут, на зямлі, усімі справамі гэтак жа, як Ты кіруеш там, на небе.

— А ТАБОЙ Я КІРУЮ?

— Ну, я хаджу ў касцёл…

— ТАК, АЛЕ ГЭТА НЕ ТОЕ, ПРА ШТО Я ЦЯБЕ ПРАСІЎ. А ЯК БЫЦЬ З ТВАЁЙ ЗВЫЧКАЙ ХЛУСІЦЬ ЛЮДЗЯМ? З ГЭТЫМ У ЦЯБЕ, САПРАЎДЫ, ПРАБЛЕМА. І ЯШЧЭ… УСЕ СВАЕ ГРОШЫ ТЫ ТРАЦІШ… НА СЯБЕ…

— Не трэба мяне папракаць. Я нічым не горшая за некаторых іншых нашых парафіянаў.

— ПРАБАЧ, Я ДУМАЎ, ШТО ТЫ МОЛІШСЯ АБ ТЫМ, КАБ СПОЎНІЛАСЯ МАЯ ВОЛЯ. КАЛІ ГЭТА САПРАЎДЫ АДБУДЗЕЦЦА, ТО ТОЛЬКІ З ТЫМІ, ХТО АБ ГЭТЫМ МОЛІЦЦА, ЯК, НАПРЫКЛАД, ТЫ.

— Так, канешне, Я думаю, у мяне на самай справе ёсць недахопы. Ты назваў гэтыя. Я змагла б назваць і некаторыя іншыя.

— Я ТАКСАМА.

— Я не вельмі шмат думала пра іх да гэтага часу, але я сапраўды хачу ад іх пазбавіцца!

— ДОБРА. ГЭТА ЎЖО ШТОСЬЦІ. МЫ БУДЗЕМ ПРАЦАВАЦЬ РАЗАМ, ТЫ І Я.

— Пане, мне ўжо трэба заканчваць. Сёння малітва атрымалася даўжэйшай за звычайную. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння...

— ДАРЭЧЫ, ПРА ХЛЕБ. Я КОЖНЫ ДЗЕНЬ ДАЮ ТАБЕ ХЛЕБ ШТОДЗЁННЫ, А ВОСЬ ПРА ДУХОЎНЫ ТЫ ЗАБЫВАЕШСЯ.

— Што Ты маеш на ўвазе?

— СКАЖЫ, КАЛІ ТЫ АПОШНІ РАЗ УДУМЛІВА ЧЫТАЛА МАЁ СЛОВА? А ЧАСАМ ТЫ ЎВОГУЛЕ АДДАЕШ ПЕРАВАГУ ТЭЛЕВІЗАРУ, КАМП’ЮТАРУ.

— Я, я… Я не хачу Цябе засмучаць, Пане!

— ДОБРА, ПРАЦЯГВАЙ. МЯНЕ ЦІКАВІЦЬ НАСТУПНАЯ ЧАСТКА ТВАЁЙ МАЛІТВЫ. ТАКІМ ЧЫНАМ…

— Я баюся.

— ЧАГО Ж ТЫ БАІШСЯ?

— Я ведаю, што ты скажаш.

— МАЛІТВА — «НЕБЯСПЕЧНАЯ» РЭЧ. ПАСЛЯ МАЛІТВЫ ТЫ МОЖАШ ЗМЯНІЦЦА. ГЭТА ТОЕ, У ЧЫМ Я СПРАБУЮ ТАБЕ ДАПАМАГЧЫ. ТЫ КЛІКАЛА МЯНЕ, І ВОСЬ Я ТУТ. ПОЗНА СПЫНЯЦЦА. ПРАЦЯГВАЙ.

— І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым.

— А ЯК НАКОНТ СЯРГЕЯ?

— Я так і ведала! Я ведала, што Ты пра яго ўспомніш. Але ж, Пане, ён падмануў мяне. Выманіў грошы і цяпер не аддае. Я павінна разлічыцца з ім!

— А ТВАЯ МАЛІТВА? ЯК БЫЦЬ З ТВАЁЙ МАЛІТВАЙ?

— Гэтага я ў ёй не мела на ўвазе.

— ДОБРА. ПРЫНАМСІ, ТЫ СКАЗАЛА ПРАЎДУ. АЛЕ Ж ГЭТА ТАК НЕПРЫЕМНА — НАСІЦЬ У САБЕ ГЭТЫ ЦЯЖАР СМУТКУ І КРЫЎДЫ. ЦІ НЕ ТАК?

— Так, але мне стане лягчэй толькі пасля таго, як я разлічуся з Сяргеем. Ён яшчэ пашкадуе, што так учыніў са мной!

— ЛЯГЧЭЙ ТАБЕ АД ГЭТАГА НЕ СТАНЕ. БУДЗЕ ТОЛЬКІ ГОРШ. ПОМСТА — НЕПРЫЕМНАЯ РЭЧ. ПАДУМАЙ, ЯК НЯДОБРА ТАБЕ ЎЖО ЗАРАЗ. АЛЕ Я МАГУ ГЭТА ЗМЯНІЦЬ.

— Можаш? Проста зараз?

— ПРАБАЧ СЯРГЕЮ, І Я ПРАБАЧУ ТАБЕ. ТАДЫ ЗЛОСЦЬ І ГРЭХ БУДУЦЬ ПРАБЛЕМАМІ СЯРГЕЯ, А НЕ ТВАІМІ. МОЖА БЫЦЬ, ТЫ СТРАЦІШ ГРОШЫ, АЛЕ ЗАТОЕ АТРЫМАЕШ СПАКОЙ У СЭРЦЫ.

— Так. Ты гаворыш праўду! Ты, як заўсёды, гаворыш праўду. Мне лепш быць у згодзе з Табой, чым помсціць Сяргею (паўза, уздых). Добра. Добра, я прабачаю яму. Дапамажы яму знайсці правільны шлях у жыцці, Пане. Як-небудзь, якім-небудзь чынам пакажы яму свой шлях.

— ВОСЬ ТАК. ЦУДОЎНА! ЯК ТЫ СЯБЕ АДЧУВАЕШ?

— Гм-м... Нядрэнна, зусім нядрэнна. Я адчуваю сябе зараз нават вельмі добра. Ведаеш, сёння я лягу спаць са спакойнай душой упершыню за доўгія гады.

— АЛЕ Ж ТЫ ЯШЧЭ НЕ СКОНЧЫЛА МАЛІТВУ. ПРАЦЯГВАЙ.

— Так, так, добра. І не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

— ДОБРА. Я ГЭТА ЗРАБЛЮ. АЛЕ ТЫ НЕ СТАЎ СЯБЕ Ў ТАКІЯ АБСТАВІНЫ, ДЗЕ ЦЯБЕ МОГУЦЬ СПАКУСІЦЬ.

— Што Ты маеш на ўвазе?

— ЗМЯНІ КОЛА СВАІХ СЯБРОЎ. НЕКАТОРЫЯ З ТВАІХ ТАК ЗВАНЫХ СЯБРОЎ ПАЧЫНАЮЦЬ УПЛЫВАЦЬ НА ЦЯБЕ. ТАК ЯНЫ ХУТКА ЎЦЯГНУЦЬ ЦЯБЕ Ў НЯДОБРЫЯ СПРАВЫ. НЕ ПАДМАНВАЙ СЯБЕ. ЯНЫ РОБЯЦЬ ВЫГЛЯД, ШТО ПРОСТА ЗАБАЎЛЯЮЦЦА, АЛЕ ДЛЯ ЦЯБЕ ГЭТА МОЖА СТАЦЬ КАНЦОМ. І НЕ КАРЫСТАЙСЯ МНОЙ, ЯК ЧАРОЎНАЙ ПАЛАЧКАЙ.

— Я гэтага не разумею.

— ТЫ РАЗУМЕЕШ, ТЫ РАБІЛА ГЭТА ШМАТ РАЗОЎ. ТРАПЛЯЕШ У ЦЯЖКУЮ СІТУАЦЫЮ, У ЦЯБЕ ЎЗНІКАЮЦЬ ПРАБЛЕМЫ, ЯК ТАДЫ НА ДЫСКАТЭЦЫ, ПАМЯТАЕШ? А ПОТЫМ ПРЫБЯГАЕШ ДА МЯНЕ. «ПАНЕ, ДАПАМАЖЫ! Я АБЯЦАЮ ТАБЕ, ШТО БОЛЬШ ТАК НІКОЛІ НЕ ЗРАБЛЮ». ПАМЯТАЕШ НЕКАТОРЫЯ З ТАКІХ ДАМОВАЎ, ЯКІЯ ТЫ СПРАБАВАЛА ЗАКЛЮЧЫЦЬ СА МНОЙ?

— Я шкадую аб гэтым, Пане. Мне сапраўды шкада. Да гэтага часу я думала, што галоўнае — гэта маліцца кожны дзень малітвай «Ойча наш», а потым рабіць, што захочаш. Я не чакала, што так атрымаецца.

— А ЗАРАЗ ДАВАЙ, СКОНЧЫ СВАЮ МАЛІТВУ.

— Бо Тваё Валадарства і моц, і хвала навекі. Амэн.

— ТЫ ВЕДАЕШ, ШТО ПРЫНОСІЦЬ МНЕ ХВАЛУ? ЧАМУ Я САПРАЎДЫ РАДУЮСЯ?

— Не, але я хацела б ведаць. Цяпер я хачу дагадзіць Табе. Я бачу, якая блытаніна атрымалася ў маім жыцці. Цяпер я хачу быць Тваёй паслядоўніцаю, я хачу быць падобнай да Цябе, каб людзі бачылі ўва мне Тваю святасць.

— ТЫ ТОЛЬКІ ШТО САМА АДКАЗАЛА НА ГЭТА ПЫТАННЕ.

— Я адказала?

— ТАК, МЯНЕ ПРАСЛАЎЛЯЕ ТОЕ, КАЛІ ЛЮДЗІ САПРАЎДЫ ЛЮБЯЦЬ МЯНЕ. І Я БАЧУ, ШТО ГЭТА АДБЫВАЕЦЦА ПАМІЖ МНОЙ І ТАБОЙ ЦЯПЕР, КАЛІ СТАРЫЯ ГРАХІ ПРЫБРАНЫЯ З ТВАЙГО ШЛЯХУ. ТАК, НЕМАГЧЫМА РАСКАЗАЦЬ, ШТО МЫ МОЖАМ ЗРАБІЦЬ ЦЯПЕР З ТАБОЙ УДВАІХ.

— Пане, давай паглядзім, што мы можам зрабіць з мяне, га?

— ДАВАЙ ПАГЛЯДЗІМ...

 

Катэхет задае вучням пытанне:

— Што вы зразумелі з гэтай сцэнкі?

Вучні адказваюць.

Бог адказвае

Катэхет вешае на дошку ілюстрацыю на тэму: «Малітва Езуса ў садзе Аліўным», а таксама надпісы: «Ойча Мой, калі не можа келіх гэты абмінуць Мяне, каб Мне не піць яго, няхай станецца воля Твая» (Мц 26, 42). «Адпусціўшы народ, Езус падняўся на гару памаліцца асобна. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін» (Мц 14, 23). «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне» (Ян 11, 41).

Можна паказаць фрагмент з фільма пра тое, як маліўся Езус.

 

Езус Хрыстус часта маліўся.

 

Катэхет прапаноўвае вучням падзяліцца на пары і, карыстаючыся Святым Пісаннем, занатаваць, што гэты фрагмент з Бібліі адкрывае нам пра малітву Езуса (заданне ў сшытку № 1).

 

Урывак з Бібліі Малітва Езуса Хрыста
Мк 1, 35 «На досвітку, устаўшы вельмі рана, Ён выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся».
Мц 14, 23 «Адпусціўшы народ, Езус падняўся на гару памаліцца асобна. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін».
Лк 9, 28–29 «І пасля гэтых слоў дзён праз восем, узяўшы з сабою Пятра, Яна і Якуба, Ён узышоў на гару памаліцца. І калі маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і адзенне Ягонае стала бліскуча-белым».
Ян 11, 41–42 «А Езус узняў вочы ўгару і сказаў: „Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне“».
Ян 17, 1–5 «Сказаўшы гэта, Езус узняў вочы свае да неба і сказаў: „Ойча, прыйшла гадзіна. Услаў Сына свайго, каб і Сын уславіў Цябе. Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб Ён даў жыццё вечнае ўсяму, што Ты даў Яму. А вечнае жыццё ў тым, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста. Я ўславіў Цябе на зямлі, выканаўшы справу, якую Ты даручыў Мне зрабіць. І цяпер Ты, Ойча, услаў Мяне ў сабе хвалою, якую меў Я ў Цябе перад існаваннем свету».
Мц 26, 35–44 «Пётр адказаў Яму: „Хоць бы давялося памерці з Табою, не адракуся ад Цябе“. Падобнае сказалі і ўсе вучні. Потым Езус пайшоў з імі на месца, званае Гетсэманія, і сказаў вучням: „Сядзьце тут, а Я адыду і памалюся там“. І, узяўшы з сабою Пятра і абодвух сыноў Зэбэдэевых, пачаў тужыць і адчуваць трывогу. Тады сказаў ім: „Засмучана душа Мая аж да смерці; застаньцеся тут і чувайце разам са Мною“. І, адышоўшы крыху ўперад, упаў на твар, маліўся і казаў: „Ойча Мой, калі гэта магчыма, няхай абміне гэты келіх Мяне. Аднак, не як Я хачу, але як Ты“. Калі вярнуўся да вучняў і знайшоў іх спячымі, сказаў Пятру: „Чаму вы не маглі адну гадзіну чуваць са Мною? Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе, бо дух ахвочы, але цела слабое“. І зноў, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: „Ойча Мой, калі не можа келіх гэты абмінуць Мяне, каб Мне не піць яго, няхай станецца воля Твая“. І, вярнуўшыся, зноў знайшоў іх спячымі, бо вочы ў іх былі стомленыя. Тады пакінуў іх і адышоўся зноў, і маліўся трэці раз, паўтараючы тыя самыя словы».
Лк 23, 33–34 «І калі прыйшлі на месца, званае Чэрап, там укрыжавалі Яго і злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку. А Езус сказаў: „Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць“. І, дзелячы вопратку Ягоную, кідалі лёсы».
Лк 23, 46. «І Езус закрычаў моцным голасам: „Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой“. І, сказаўшы гэта, сканаў».

 

Вучні дзеляцца сваімі адказамі. Катэхет падагульняе адказы вучняў:

 

Езус заставаўся ў адзіноце — сыходзіў у пустынныя месцы перад важнымі падзеямі і размаўляў з Нябесным Айцом:

• у Кафарнауме пасля таго, як аздаравіў цешчу Сымона і іншых хворых (Мк 1, 35);

• перад тым, як выбраў Апосталаў (Лк 6, 12);

• пасля памнажэння хлябоў (Мц. 14, 23);

• на гары Табор, калі перамяніўся перад Апосталамі (Лк 9, 28–29);

• перад уваскрашэннем Лазара (Ян 11, 41–42);

• падчас Апошняй Вячэры (Ян 17, 1–26);

• асабліва старанна — у Аліўным садзе, перад сваёй мукай і смерцю (Мц 26, 35–44);

• на крыжы за сваіх пераследнікаў (Лк 23, 33–34);

• аддаючы на крыжы свой дух у рукі Айца (Лк 23, 46).

Малітва для Езуса была сардэчнай размовай з Айцом. Падчас малітвы Езус — Сын Божы — быў разам з Богам Айцом. Езус шукаў волю Айца ва ўсім і ўзгадняў сваё жыццё з Яго збаўчым планам. З гатоўнасцю, любоўю і паслухмянасцю Сын Божы выконваў тое, чаго хацеў ад Яго Айцец. Умацаваны на малітве размоваю з Ім, Езус рэалізаваў у жыцці цяжкі, але збаўчы план Бога.

Апосталы часта станавіліся сведкамі таго, як Езус сыходзіў у пустыннае месца і маліўся, часам нават цэлую ноч. Яны таксама хацелі размаўляць з Нябесным Айцом, але не ўмелі. Апосталы бачылі, як фарысеі часта прамаўлялі доўгія малітвы, бо думалі: чым даўжэйшая малітва, тым больш яна падабаецца Богу. Але Езус даў сваім вучням наказ не імкнуцца да шматслоўя: Бог ведае ўсё, што ў нас на душы. Ён толькі хоча, каб у малітве мы з даверам адкрывалі Яму сэрца.

 

Катэхет запальвае свечку, вучні ўстаюць. Катэхет чытае тэкст з Бібліі: Лк 11, 1–4:

«Калі Ён маліўся ў пэўным месцы і калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: „Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў“. Ён сказаў ім: „Калі моліцеся, кажыце: „Ойча, няхай свяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Валадарства Тваё. Хлеба нашага штодзённага давай нам кожны дзень, і адпусці нам грахі нашыя, бо і мы адпускаем кожнаму даўжніку нашаму, і не ўводзь нас у спакусу“».

 

Катэхет дзеліць вучняў на 4 групы і прапаноўвае ім абмеркаваць, як яны разумеюць значэнне заклікаў малітвы «Ойча наш» і што гэтая малітва адкрывае нам пра сэнс хрысціянскай малітвы.

 

І група:

Аб чым мы просім Пана Бога, молячыся: «Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся імя Тваё»?

 

ІІ група:

Аб чым мы просім Пана Бога, молячыся: «прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі»?

 

ІІІ група:

Аб чым мы просім Пана Бога, молячыся: «хлеба нашага штодзённага дай нам сёння. І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым»?

 

IV группа:

Аб чым мы просім Пана Бога, молячыся: «і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога»?

 

Вучні дзеляцца сваімі адказамі.

 








Дата добавления: 2016-03-27; просмотров: 857;


Поиск по сайту:

При помощи поиска вы сможете найти нужную вам информацию.

Поделитесь с друзьями:

Если вам перенёс пользу информационный материал, или помог в учебе – поделитесь этим сайтом с друзьями и знакомыми.
helpiks.org - Хелпикс.Орг - 2014-2024 год. Материал сайта представляется для ознакомительного и учебного использования. | Поддержка
Генерация страницы за: 0.02 сек.