Матэрыял для настаўніка

У ХІV–ХVІ стст. у працэсе фарміравання беларускай народнасці складваліся адметныя асаблівасці яе нацыянальнай культуры. Беларускае мастацтва развівалася ва ўмовах узмацнення Вялікага княства Літоўскага. Фарміравалася свая культура рэнесансу. Беларуская мова стала афіцыйнай дзяржаўнай мовай.

Адносна станоўчую ролю адыграла праваслаўе. У ХV ст. ствараюцца брацтвы, якія маюць не толькі царкоўны, але і свецкі пачатак. Пры іх знаходзіліся бібліятэкі, школы, друкарні, майстэрні мастацкіх вырабоў і г.д.

Культура Беларусі ў ХІV – ХVІ стст. характарызуецца арганічным злучэннем і творчай пераапрацоўкай візантыйскіх, старажытнарускіх, заходнееўрапейскіх вытокаў (стылі готыка, рэнесанс, барока) і цеснай сувяззю з традыцыйна- народным (фальклорным) мастацтвам, а таксама з украінскім, літоўскім і польскім мастацтвам у рамках аднаго палітычнага і культурнага рэгіёну.

Беларуская архітэктура таго часу ўвабрала ў сябе традыцыю заходніх зямель Русі і новыя рысы, звязаныя з уплывам готыкі, рэнесансу і барока. Гэтыя стылі пераапрацоўваліся тутэйшымі будаўнікамі ў залежнасці ад канкрэтных функцыянальных і мастацкіх задач. Актыўна будаваліся гарады Заслаўе, Гродна, Нясвіж, Гальшаны, Навагрудак, Полацк, Тураў і інш. Яны атрымалі гарадское самакіраванне (магдэбурскае права).

Віды будаўніцтва: абарончае, якое цесна звязана з замкавым, культавае (касцелы, цэрквы, сінагогі), і свецкае (ратушы, аптэкі, бібліятэкі і да. т. п.) дойдідства. На крэпасное будаўніцтва барока аказала нязначны ўплыў, а на замкавае – вельмі вялікі. Усе віды архітэктуры на той час насілі абарончы характар.

Гарадское жытло ўяўляе сабой будынкі зрубнай канструкцыі на высокім падклецці (сувязь з рускімі традыцыямі). Яны ўзводзіліся з дрэва і каменю.

Абарончыя будынкі выкарыстоўваліся для абароны гарадоў (крэпасці) і жылля феадалаў (замкі). Напрыклад, замак у Лідзе. Пабудаваны пры зліцці рэк Лідзія і Каменка ў 1323 г. План яго нагадвае трапецыю з памерамі бакоў ад 80 до 93,5 м. Таўшчыня сцен каля 2 м. Ля паўночна-ўсходняга вугла меліся два ўваходы. Тут жа была ўзведзена вежа. Яшчэ адна вежа знаходзілася на паўднёва-заходнім рагу будынка. Муры выкладзены з каменю, а верхнія часткі сцен – з цэглы.

У кампазіцыі Лідскага замка адчуваецца ўплыў раманскай архітэктуры і готыкі. Цяпер цяжка ўявіць ва ўсіх дэталях першапачатковы выгляд крэпасці. Бо яна была разбурана ў 1659 і 1702 гг.

Замак у Крэве (Смаргонскі р-н) быў узведзены ў 30-я гг. ХІV ст. пры князю Альгерду. Трапецыйны ў плане, ён мае таўшчыню сцен 2,75 м і вышыню 4 м, якія былі складзены з валуноў, а вышэй абкладзены цэглай. У адрозненне ад сцен Лідскага замка тут вялікае значэнне надавалася вежам, якія былі вынесены за перыметр сцяны, што ўзмацняла абарончыя магчымасці збудавання.

Замак у Навагрудку – комплекс абарончых будынкаў, які прайшоў складаны шлях развіцця ад простага вострага частаколу да шматвежавага мураванага замка. Пасля перабудовы ў 1503-1505 гг. гэты замак меў чатыры вежы па вуглах і адну галоўную з брамай. Таўшчыня сцен каля 2,6 м, глыбіня падмурку 4 м. У галоўнай вежы меліся герсы (апускныя жалезныя дзверы). У ХVI ст. замак меў ужо сем вежаў і лічыўся самым магутным абарончым збудаваннем на Беларусі.

Гарадзенскі замак пасля пажару 1398 г. стаў мураванай крэпасцю з чатырма вежамі (да пажару ён быў драўляны). Таўшчыня сцен дасягала 2,5 – 3 м. Вежа з брамай мела пад’ёмны мост. У плане крэпасць уяўляла сабой прамавугольнік з даўжынёй сцен 90,7 і 120 м. Ва ўсходняй частцы крэпасці ў 1580 г. пабудаваны палац Стэфана Баторыя.

Таксама будаваліся крэпасці ў Віцебску і Полацку. Замак у Віцебску, узведзены ў 1351 г., меў шэсць вежаў, у тым ліку адну чатырох’ярусную, з брамай. Да ХVІ ст. у Віцебску ўзніклі два добра ўмацаваныя замкі – Верхні (старажытны) і Ніжні (навакольны горад), які меў тры праязныя вежы.

Полацк склаўся з трох частак: Верхнягя замка, Ніжняга і Запалоцця. Яны былі самастойнымі, але Верхні і Ніжні замкі звязваліся агульнай праязной вежай, а ад Запалоцця да Верхняга замка вёў мост цераз раку Палоту. У Верхнім замку было дзевяць драўляных вежаў, з якіх Духаўская і Астрожская мелі браму. Тут знаходзіліся два манастыра і пяць цэркваў. Кампазіцыйным центрам з’яўляўся Сафійскі сабор.

Апроч абарончага будаўніцтва, развівалася і палацава-замкавая архітэктура. Гэта будынкі ў Міры, Геранёнах, Нясвіжы, Смалянах і інш.

Замак у Міры, які пабудаваны князем Юрыем у 1506-1510 гг., меў пяць вежаў і быў адным з самых магутных на Беларусі. Чатырохвугольны ў плане ён меў па перыметры 75 м, вышыня сцен 13 м, таўшчыня 3 м, земляны вал дасягаў вышыні каля 10 м. Замак добра ўмацаваны сістэмай байніц і пераходаў. У вежах былі байніцы-машыкулі (цераз іх кідалі камяні, лілі вар або гарачую смалу на ворага) і стрэльбы-гакавіцы. Арнаментальныя паясы вежаў падхопліваюцца такімі ж паясамі на сценах, што звязвае ўсе элементы ў адну кампазіцыю.

Палацава-замкавы ансамбль у Гераненах пабудаваны Гоштальдамі. Іх замак меў памер 27х27 м. Вежы цыліндрычнай формы дыяметрам каля 8 м. Каля паўднёвай сцяны знаходзіўся невялікі палац. Земляны вал даўжынёй 700 м. акружаў замак і абараняў яго ад прамога абстрэлу. З унутранага боку ад вала прымыкае мураваная сцяна з контрфорсамі.

Такім чынам, палацава-замкавая архітэктура Беларусі адрозніваецца пераважна абарончым характарам.

Асноўныя планіровачныя тыпы культавых будынкаў былі адна- і трохнефныя. Ў большасці выпадкаў яны ўяўлялі сабой тып зальнай базілікі, гэта значыць, сярэдні неф і цэнтральная частка храма не мелі купала. Паступова перавага пачала аддавацца аднаапсідным будынкам.

У канцы ХV – пачатку ХVІ ст. на Беларусі ўзнікае арыгінальны тып чатырохвежавага абарончага храма. Яго з’яўленне было выклікана тым, што беларуская зямля часта была на той час арэнай ваенных дзеянняў.

Царква Міхаіла ў Сынковічах трохнефная з трымя паўкруглымі апсідамі. Бакавыя фасады ўмацаваны чатырма контрфорсамі. Слупы маюць у сячэнні крыж. Увесь будынак выглядае масіўным, з высокім двухсхільным дахам з тарцовымі шчытамі. Вежы, якія выступаюць за плоскасць галоўнага фасада, – васьмігранныя ў плане, а пры алтары – круглыя. Знешняя кампазіцыя і дэкаратыўная апрацоўка фасадаў цалкам адпавядаюць функцыянальнаму прызначэнню храма. У яго структуры вылучаюцца два аб’ёмы: храмавы ў ніжнім ярусе і абарончы ў верхнім. Машыкулі-байніцы ствараюць своеасаблівы фрыз на трох фасадах, уключаючы вежы. На галоўным фасадзе ў самым версе за сцяну выступае трохгранны эркер з байніцай.

Благавешчанская царква ў Супраслі – трохнефны храм з трымя апсідамі ў плане нагадвае Сынковіцкую царкву. Тут дамінуючае значэнне мае сярэдні неф. План будынка выцягнуты па падоўжанай восі. Самае прыкметнае ў гэтай царкве – вылучэнне ў центры сярэдняга нефа падкупальнага квадрата. Над ім узвышаўся высокі васьмігранны верх, які перакрыты купалам. Такім чынам, кампазіцыя храма цэнтрычная пяцівежавая.

Маламажэйкаўская царква, узведзеная пад уплывам рэнесансу, уяўляе сабой значны крок у развіцці архітэктурнай кампазіцыі. Па вуглах будынка – круглыя вежы з вінтавымі лесвіцамі. Царква чатырохслуповая аднаапсідная, завяршаецца высокай двухсхільнай страхой, прыкрытай з боку галоўнага фасада фігурным шчытом. Зорчатыя рэбры – скляпенні ўтвараюць ромбы і трохвугольнікі розных абрысаў і велічыні. Усе канструкцыйна-абарончыя элементы, якія ў Сынковіцкай царкве мелі сурова-манументальнае аблічча, тут зведзены да дэкаратыўных элементаў, што надало своеасаблівую рытміку і мастацкую выразнасць фасаду будынка.

Праабражэнская царква ў Заслаўі – бясслуповы, безапсідны храм, у плане прамавугольнік. Гэта кампактны прыземлены будынак са шчыпцовым дахам. З заходняга боку царквы прымыкае 35-метровая вежа, у аснове квадратная, а ў наступных ярусах васьмігранная.

У вёсцы Камаі знаходзіцца царква абарончага тыпу. Яе план нагадвае квадрат. Інтэр’ер мае зальны характар за кошт паўкруглай апсіды. Знешні выгляд будынка суровы: на ім зусім адсутнічаюць дэкаратыўныя элементы. Адзінае ўпрыгожванне – чатыры арачныя нішы, якія размешчаны ў верхняй частцы галоўнага фасада.

Унікальны помнік мураванага дойлідства знаходзіцца ў вёсцы Ішкалдзі – Троіцкі касцёл. Яго невялікі па размерах прамавугольны план завяршаецца пяцісценнай апсідай. Для яго характэрны гатычны стыль: зорчатыя і крыжовыя скляпенні з нервюрамі, контрфорсы, высокая шчыпцовая страха і г.д.

Фарны касцёл у Нясвіжы – архітэктурны помнік ранняга барока – пабудаваны пад кіраўніцтвам італьянскага архітэктара Яна Марыі Бернардоні. Яго прататыпам быў рымскі храм Іль Джэзу, узведзены дойлідамі Віньелам і Портам. Гэта трохнефная купальная базіліка з адной апсідай. Сярэдні неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі, а бакавыя – крыжовымі. На галоўным фасадзе ў двух’яруснай кампазіцыі добра выяўлены вертыкальныя і гарызантальныя чляненні. Інтэр’ер вылучаецца ўрачыстасцю і пышнасцю – выкарыстаны жывапіс і разьба па дрэве. Гэты храм з’яўляецца родавай пахавальняй князёў Радзівілаў. Такім чынам, культаваыя храмы, фланкіраваныя па вуглах вежамі, з’явіліся ў выніку непасрэднага ўплыву абарончай і замкавай архітэктуры.

Для сярэдневяковага мастацтва Беларусі характэрны ідэйна-вобразны пачатак, у якім галоўным з’яўляецца выяўленне маральнага аблічча чалавека. Цікавасць да асобы аказвае істотны ўплыў на выяўленчыя сродкі, і яны становяцца ў параўнанні з папярэднімі гадамі больш выразнымі, зразумелымі, простымі. У тагачасным жывапісе адчуваецца імкненне да экспрэсіі, драматызму. Ускладненне грамадскага жыцця спрыяла фарміраванню свецкіх форм мастацтва. Асабліва інтэнсіўна ў гэты перыяд развіваюцца фрэска, іканапіс, партрэт.

З літаратурных і архіўных крыніц вядома, што фрэскавымі роспісамі былі ўпрыгожаны княжацкія палацы ў Вільні, Полацку, Гародне, Віцебску. На жаль, яны не захаваліся да нашага часу. Больш пашанцавала фрэскам у культавых будынках. Цэрквы ў Малым Мажэйкаве, Сынковічах, Супраслі, касцёл у Ішкалдзі былі распісаны беларускімі майстрамі. Яны не толькі добра адлюстроўваюць узровень манументальнага жывапісу Беларусі, але і маюць вялікую гістарычную і мастацкую каштоўнасць для вывучэння культурнай спадчыны беларускага народа.

Да цікавых роспісаў, зробленых у старажытнарускім стылі беларускімі мастакамі, належаць фрэскі капліцы святой Троіцы ў Люблінскім замку, катэдры ў Сандаміры, капэл Св. Троіцы і Св. Крыжа ў Вавельскім замку. Вельмі цікавыя фрэскі Благавешчанскай царквы Супрасльскага манастыра.

Самым раннім абразам, вядомым цяпер, з’яўляецца “Замілаванне” з Маларыты Брэсцкай вобласці. Яму ўласцівы лірызм, мяккасць каларыту, пластычнасць сілуэта, спакой у выяўлені настрою Маці Боскай і Хрыста. Гэты абраз вельмі блізкі па характары да позневізантыйскіх выяў канца ХІV – пачатку ХV ст.

Візантыйскія традыцыі адчувальны таксама ў абразе “Адзігітрыя Іерусалімская” з Варварынскай царквы ў Пінску. Ён вызначаецца манументальным характарам кампазіцыйнай пабудовы, стрыманасцю і разам з тым трапяткім узнёслым увасабленнем пачуццяў.

Спалучэнне гатычных і рэнесансных элементаў у беларускіх абразах вызначае гэты від жывапісу амаль да сярэдзіны ХVІ ст. Пад уплывам рэнесансу беларускі іканапіс набывае жанравасць, этнаграфічнасць, што надавала беларускаму жывапісу яркую асаблівасць і стварыла ўмовы для фарміравання нацыянальнай школы.

Зараджэнне партрэтнага жанру ў ХV – ХVІ стст. было падрыхтавана ўсім ходам развіцця беларускай культуры, фарміраваннем у нетрах царкоўнай ідэалогіі ідэй свецкага мастацтва. На працягу ХV ст. адбываецца форміраванне асноўных відаў жывапіснага партрэта, пашыраліся яго функцыі. Калі да ХVІ ст. жывапісны партрэт ствараўся пераважна по заказах гаспадароў каралеўскіх і вялікакняжацкіх палацаў, то з другой паловы таго ж стагодзя ён становіцца больш дэмакратычным. Парадныя, аднафігурныя і парныя выявы, партрэты-абразы пішуцца ў Вільні, Слуцку, Супраслі, Нясвіжы і іншых гарадах. Своеасаблівай з’явай партрэтнага жанру ХVІ – пачатку ХVІІ ст. з’яўляецца сармацкі партрэт. Чалавека ў такіх творах паказвалі па вызначанай схеме – у парадным адзенні, у акружэнні прадметаў, што адлюстроўвала не столькі чалавека, унутраны свет, яго характар, колькі перадавала пабочныя дэталі, сваеасаблівасць позы.

Тэрмін “сармацкі” паходзіць ад назвы старажытных ваяўнічых плямён сарматаў, якія насялялі ў ІV – VІ стст. да н.э. вялікую тэрыторыю Усходняй Еўропы. Беларуская і польская шляхта лічыла іх сваімі продкамі і такім чынам тлумачыла сваё прывілейнае становішча ў грамадстве.

Сармацкі партрэт на тэрыторыі Беларусі вядомы ў некалькіх відах. Галоўнымі можна назваць парадны, рыцарскі, пахавальны. Выдатным прыкладам сармацкага партрэта з’яўляецца выява Юрыя Радзівіла.

Вельмі моцнымі ў партрэтным жывапісе Беларусі ХVІ - пачатку ХVІІ ст. былі ўплывы заходнееўрапейскага мастацтва, пераважна нямецкага і нідэрландскага. Яны прыкметны ў выявах Ежы Радзівіла і Кацярыны Слуцкай.

Такім чынам, можна адзначыць, што партрэтны жанр у беларускім мастацтве пачынае развівацца ў ХV ст. і дасягае выдатных поспехаў у ХVІ – пачатку ХVІІ ст. Разнастайнасць яго відаў, імкненне да выяўлення характару мадэлі, паказу сацыяльнага, ма`мастнага становішча героя ў грамадстве сведчаць не толькі аб стане партрэта ў гэты час, але і аб кірунку яго далейшага развіцця.








Дата добавления: 2015-02-16; просмотров: 771;


Поиск по сайту:

При помощи поиска вы сможете найти нужную вам информацию.

Поделитесь с друзьями:

Если вам перенёс пользу информационный материал, или помог в учебе – поделитесь этим сайтом с друзьями и знакомыми.
helpiks.org - Хелпикс.Орг - 2014-2024 год. Материал сайта представляется для ознакомительного и учебного использования. | Поддержка
Генерация страницы за: 0.008 сек.