Матэрыял для настаўніка. Разглядаючы мастацтва Беларусі гэтага перыяду, неабходна падкрэсліць яго непарыўную сувязь з культурай ўсёй Старажытнай Русі
Разглядаючы мастацтва Беларусі гэтага перыяду, неабходна падкрэсліць яго непарыўную сувязь з культурай ўсёй Старажытнай Русі, адзначыць характэрныя асаблівасці, уласцівыя менавіта беларускаму мастацтву, сваеасаблівасць нацыянальных помнікаў дойлідства.
Агульнасць культурных сувязей праяўляецца ў адзінстве будаўнічай тэхнікі і архітэктуры. Але ў той жа час, архітэктура беларускіх зямель развівалася і ў некалькіх самастойных напрамках. Сведчанне гэтага – помнікі мясцовага манументальнага дойлідства, якія захаваліся да нашага часу.
У эпоху Кіеўскай дзяржавы і феадальнай раздробленасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі шырока развіваецца горадабудаўніцтва. Згодна з летапісам у ІХ –ХІ стст. узніклі гарады Полацк, Тураў, Заслаўе, Брэст, Віцебск, Менск, Орша, звыш 35. У іх узводзяцца збудаванні самага рознага прызначэння: княжацкія харомы, цэрквы, манастыры.
Да ліку самых старых гарадоў заходніх зямель Старажытнай Русі належыць Полацк. Першае ўпамінанне яго ў летапісу адносіцца да 862 г. Адна з характэрных прыкмет раннефеадальных гарадоў як паселішчаў новага тыпу – развіцце манументальнага будаўніцтва, бо ўзнікла патрэбнасць у культавых будынках. Археалагічныя даследаванні сведчаць, што большасць збудаванняў на тэрыторыі Беларусі таго часу рабілася выключна з дрэва.
Найбольш старажытны каменна-цагляны будынак – Сафійскі сабор у Полацку, узведзены ў сярэдзіне ХІ ст., у хуткім часе пасля Сафійскіх сабораў у Кіеве і Ноўгарадзе. У 60-я гг. ХІ ст. Сафія полацкая ўжо існавала, бо аб ёй упамінаецца ў “Слове аб палку Ігаравым”.
Полацкі Сафійскі сабор часта перабудоўваўся (асабліва значна ў ХVІІІ ст.). У выніку былі разбураны ўсе слупы, захаваліся часткі сцен і апсіды, з поўначы прыбудавана новая алтарная апсіда, з паўдневага боку размешчаны ўваход і дзве высокія вежы. Такім чынам, падоўжная вось храма была перавернута перпендыкулярна да яё першапачатковай арыентацыі. На плане сабор уяўляе сабой чатырохвугольнік з пяццю нефамі, гранёнымі апсідамі. Сцены распісаны па цаглянай кладцы, якая выканана ў тэхніцы “са схаваным радам” (на фасад выступае цэгла не ўсіх радоў, а цераз рад, тады як прамежкавыя рады адступаюць ад плоскасці сцяны і прыкрыты з надворку растворам гліны ружовага колеру). Гэта быў арыгінальны дэкаратыўны прыёма афармлення фасадаў.
У саборы знаходзіліся казна, бібліятэка, вырабы ювелірнага мастацтва, тут хаваліся грамадзяне пры асадзе горада.
У Полацку меліся таксама два манастыры: Ефрасінеускі (пахавальня епіскапаў) і Бельчыцкі (пахавальня князёў). У комплекс Ефрасінеўскага манастыра ўваходзла Спаса-Ефрасінеўская царква, пабудаваная ў 1128-1156 гг. дойлідам Іаанам. Гэта шасціслуповы храм з цесным унутраным памяшканнем. Аднакупальная царква выклікае ўражанне манументальнасці. Узведзена з плінфы ў тэхніцы кладкі “са схаваным радам”.
Царква Благавешчання ў Віцебску захавалася фрагментарна. Гэты трохнефны шесціслуповы храм меў адну паўкруглую апсіду. Знамянальнай асаблівасцю храма з’яўляецца раўнамернасць яго чляненняў: сярэдні неф падзелены на чатыры квадратныя ячэйкі. Царква пабудавана даволі проста з плінфы (2-3 рады) і каменя (1-2 рада). Такая кладка сведчыць аб наяўнасці тут зусім іншых, чым у Полацку, будаўнічых традыцый. Пры гэтым выкарыстоўваўся і дэкаратыўны прыём: атрымоўвалася чырвона-белая ў палосы паверхня сцен.
Такім чынам, склалася полацкая архітэктурная школа. Асновай для яе фарміравання паслужылі візантыйска-кіеўскія архітэктурныя традыцыі. З 20-30 гг. ХІІ ст. у Полацку з’явіліся ўласныя кадры будаўнікоў і развіццё архітэктуры пайшло па іншаму, чым у Кіеве, шляху. Полацкія майстры першымі сталі будаваць храмы не з трыма, а з адной апсідай, першымі рашуча перагледзелі старыя крыжова-купальныя схемы і надалі сваім цэрквам вежападобную кампазіцыю.
Другая архітэктурная школа, якая склалася на тэрыторыі Беларусі ў ХІІ ст., – гарадзенская. Яна больш лакальная, чым полацкая, і аказала меншы ўплыў на агульны працэс развіцця старажытнай архітэктуры.
Часткова захавалася да нашых дзён царква Барыса і Глеба на Каложы. Гэта шесціслуповы трохапсідны храм. Яго круглыя слупы – рэдкая з’ява ў старажытным будаўніцтве. Адна з асаблівасцей гэтай царквы – незвычайна вялікая колькасць керамічных галаснікоў (посудаў) у верхніх частках сцен. Сцены выкананы роўнапластавай кладкай, інкруставаны вялікімі каляровымі камянямі з шліфаванай знешняй паверхняй і рознакаляровымі керамічнымі пліткамі.
У ХІІІ ст. у сувязі з драбненнем Полацкай зямлі тут практычна спыняецца манументальнае культавае будаўніцтва. Пачынаюць пераважаць абарончыя збудаванні тыпу вартавых вежаў, што звязана з узмацненнем ваеннай пагрозы з боку крыжаносцаў і татар.
Вежа ў Камянцы – адна з такіх пабудоў, якая захавалася да нашых дзён. Круглая, дыяметрам 13,5 м і таўшчынёй сцен 2,5 м., яна мела вышыню каля 30 м. Унутры вежа падзелена перакрыццямі на пяць ярусаў. Верхняя пляцоўка была агароджана прамавугольнымі зубцамі. Маючы выключна абарончае прызначэнне, вежа пазбаўлена дэкаратыўных элементаў. Камянецкая вежа – унікальны помнік архітэктуры і ваенна-інжынернага мастацтва.
Такім чынам, будаўніцтва на тэрыторыі Беларусі ў старажытнарускі перыяд зрабіла якасна новы крок уперад, што з’явілася вынікам новых сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных змяненняў развіцця заходніх зямель Русі.
Сцены многіх беларускіх цэркваў і манастыроў былі ўпрыгожаны роспісамі. На жаль, у выніку знішчэння ці пашкоджання значнай часткі збудаванняў загінуў і жывапіс. Так здарылася, ў прыватнасці, з фрэскамі Сафійскага сабора ў Полацку ў час перабудовы храма. Але, на шчасце, загінулі не ўсе. Пад тоўстым слоем тынкоўкі на частцы сцен, што ўвайшлі ў перабудаваны храм, захаваліся некалькі фрагментаў фрэскавых роспісаў. Найбольш цікавымі з іх з’яўляюцца рэшткі кампазіцыі “Еўхарыстыя” (прычашчэнне) у сярэдняй апсідзе і арнаментальныя роспісы ў бакавых апсідах. У фрэсках пераважаюць сінія, чырвоныя, шэра-бурыя і жоўтыя колеры. Жывапіс полацкага Сафійскага сабора нагадвае аб сувязях з кіеўскай мастацкай традыцыяй. Аднак арыгінальны матыў арнаменту і размяшчэнне схемы роспісу не характэрны для Кіеўскай Сафіі.
Асобнае месца ў гісторыі беларускага манументальнага жывапісу займаюць фрэскі Спаса-Ефрасінеўскай царквы ў Полацку. Яны маюць прыкметы арыгінальнай жывапіснай школы. У іх менш адчуваецца ўплыў візантыйскіх узораў. Жывапісец полацкай царквы, паказваючы вобразы святых, больш грунтаваўся на рэальным жыцці, чым на гатовых іканапісных узорах. Яго святыя з шырокімі бародамі і доўгімі валасамі, ў доўгім да пятак адзенні больш за ўсё нагадваюць сялян навакольных весак, фізічна здаровых, умудроных жыццем. Вялікая ўвага ў роспісах надаецца характарыстыцы духоўнага стана тых, хто адлюстроўваецца. У вачах старцаў свеціцца вялікі розум, за стрыманым выразам твараў бачыцца сіла волі, смеласць у адстойванні сваёй справы.
З жаночых вобразаў Спаса-Ефрасінеўскай царквы вялікую цікавасць выклікае выява маладой, прыгожай, з выразнымі рысамі твару манахіні. Ёсць меркаванне, што гэта партрэт юнай паслушніцы Прадславы, якая пасля пастрыжэння атрымала імя Ефрасіні. Так ці інакш вобраз, што дайшоў да нас на фрэсцы, поўны абаяльнасці, прыгажосці, якую не кранулі ні патрэсканая тынкоўка, ні куродым лампад, ні пыл.
Вартыя ўвагі і фрэскавыя роспісы Благавешчанскай царквы ў Віцебску, Пятніцкай і Барысаглебскай цэркваў Бельчыцкага манастыра ў Полацку.
Апроч манументальнага жывапісу, на тэрыторыі Беларусі вядома было мастацтва кнігі. У афармленне кнігі ўваходзілі мініяцюры, застаўкі, ініцыялы, буквіцы, канцоўкі, каляровы пераплет і вокладка. У той час былі вядомы Тураўскае, Полацкае і Аршанскае евангеллі, Жыціе Ефрасіні Полацкай.
Скульптура развівалася менш інтэнсіўна. Гэта тлумачыцца тым, што царква ўсяляк змагалася супраць язычніцтва (вобразы ідалаў). Са скульптурных твораў беларускіх зямель вядомы шахматныя фігуркі з раскопак Замкавай гары ў Гродне, рэльефныя іконы на камені з раскопак Замкавай гары ў Менску. Рэльефныя іконы з мінскага гарадзішча, выкананыя з шэрага шыферу, невялікія па памерах. На адной з іх адлюстраваны св. Міхаіл з невядомым святым. На другой – паясны відарыс св. Параскевы-Пятніцы. Іконы адносяцца да ХІІ – ХІІІ стст. і па характару выканання абсалютна арыгінальныя.
Развіваецца і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: ліццё, вырабы з металаў, ювелірнае, кастарэзнае, кавальскае і ганчарнае мастацтвы, ткацтва. Вырабляліся самшытавыя грабяні, ігольнікі, шкляныя пацеркі з горнага крышталю, сердаліку, бурштыну. Шэдэўрам старажытнабеларускага эмальернага мастацтва з’яўляецца крыж, зробленый полацкім майстрам Лазарам Богшай па заказу княжны Ефрасіні Полацкай. Даўжыня крыжа 58 см. З усіх бакоў ён аздоблены пазалочанымі і пасярэбранымі пласцінкамі, паверхня якіх упрыгожана дваццаццю адлюстраваннямі святых, выкананымі перагародчатай эмаллю, каштоўнымі камянямі і арнаментам.
У параўнанні з разьбой па косці, мастацкай апрацоўкай металу ці шкла старажытная беларуская кераміка выглядае даволі сціпла. Пазней жа распаўсюджанне ганчарнага кола аказала вялікі ўплыў на мастацкае аздабленне бытавога посуду. У сваю чаргу развіццё дойлідства патрабавала вялікай колькасці цэглы і чарапіцы. У Гродне, Полацку, Ваўкавыску ўзніклі шматлікія майстэрні, у якіх выпрацоўвалася не толькі простая плінфа, але і фасонная цэгла, керамічныя пліткі, якімі афармляліся сцены і падлогі храмаў.
Дата добавления: 2015-02-16; просмотров: 1430;