Прадмет i задачы радыеэкалогii
Радыеэкалогiя – раздел экалогii, якi вывучае канцэнтрацыю i мiграцыю нуклiдаў у бiясферы i ўплыў iанiзуючага выпраменьвання на арганiзмы, iх папуляцыi i згуртаваннi – бiягеацэнозы.
Разнастайнасць практычных аспектаў радыеэкалогii прывяла да яе падраздзялення на радыеэкалогiю наземных бiягеацэнозаў (лясных, стэпавых, лугавых, палявых) i радыеэкалогiю гiдрабiягеацэнозаў (марскіх i прэснаводных).
У прыродных ўмовах арганiзмы падвяргаюцца апраменьванню ў вынiку ўздзеяння натуральнага фону iанiзуючага выпраменьвання, якое з'яўляецца неад'емнай часткай навакольнага асяроддзя бiясферы на ўсiм працягу яе iснавання. Натуральны радыяцыйны фон вызначаецца наяўнасцю рассеяных у горных пародах, глебе, вадзе, паветры радыеактыўных iзатопаў шматлiкiх хiмiчных элементаў, а таксама касмiчным выпраменьваннем.
Сучасная радыеэкалогiя мае справу як з вялiкiмi, так i з малымi магутнасцямi хранiчнага знешняга i ўнутранага апраменьвання арганiзмаў у дозах ад 0,001 да 10 Гр. Шматгадовыя раслiны i жывёлы здольныя назапашваць у жыццёва важных органах i тканках радыенуклiды. Гэта ўплывае на іх мiграцыю ў бiясферы i прыводзiць да значнага ўзмацнення ўнутранага апраменьвання i ўзрастання тэмпаў спадчыннай зменлiвасцi. Высокiя дозы апраменьвання знiжаюць жыццяздольнасць арганiзмаў, прыводзяць да вымiрання найбольш адчувальных да iанiзуючага выпраменьвання папуляцый i тым самым выклiкаюць змяненне вiдавой разнастайнасцi, структуры бiягеацэнозаў i аслабляюць у iх мiжвiдавыя ўзаемаадносiны. У вынiку рознай радыеадчувальнасцi вiдаў раслiн i жывёл апраменьванне прыродных бiягеацэнозаў можа прывесцi да замены адных вiдаў другiмi, змянення мiжвiдавых i ўнутрывiдавых адносiн. У апрамененых папуляцыях узнiкаюць радыяцыйна-генетычныя змяненнi, павялiчваецца натуральны мутацыйны тэмп, адбываюцца зрухi радыерэзiстэнтнасцi на папуляцыйным узроўнi. Вызначэнне заканамернасцей, якiя ляжаць у аснове гэтых працэсаў, мае вялiкае значэнне для шэрага галiн народнай гаспадаркi. Асаблiвую практычную цiкавасць уяўляюць праблемы мiграцыi радыенуклiдаў у харчовых ланцугах арганiзмаў, абрыў або аслабленне экалагiчных сувязяў, дэзактывацыя сельскагаспадарчых i лясных земляў, вадаёмаў i iншых аб'ектаў, забруджаных радыенуклiдамi.
На падставе рэкамендацый радыеэколагаў у прамысловасцi распрацоўваюцца i ўкараняюцца замкнутыя цыклы выкарыстання забруджаных матэрыялаў.
Задачы радыеэкалогii зводзяцца да даследавання з'яў, якiя адбываюцца ў лясных бiягеацэнозах у дыяпазоне штогадовых паглынальных доз ад 0,001 да 10 Гр i больш высокiх, пры аварыях, вывучэнне шляхоў мiграцыi радыенуклiдаў у кампанентах бiягеацэнозаў. Адным з магчымых шляхоў падыходу да разглядаемай праблемы з экалагiчных пазiцый з'яўляецца распрацоўка i навуковае абгрунтаванне спосабаў бiяiндыкацыi антрапагенных уздзеянняў на прыродныя экасiстэмы i асобныя iх кампаненты. Бiяiндыкацыя – гэта выяўленне i вызначэнне экалагiчна значымых нагрузак на падставе рэакцый жывых арганiзмаў i iх згуртаванняў.
Дата добавления: 2016-04-06; просмотров: 757;