Прафiлактычныя сельскагаспадарчыя выпальваннi

 

У сельскай гаспадарцы прафiлактычныя выпальваннi выкарыстоўваюцца для знiшчэння адмерлай травы, iржэўнiку i iншых арганiчных рэшткаў, якiя перашкаджаюць правядзенню сельскагаспадарчых работ. Адной з умоў правядзення такiх выпальванняў з'яўляецца поўнае выключэнне магчымасцi ўзнiкнення ляснога пажару. Гэтыя плошчы павiнны быць адмежаваны ад лесу шырокiмi дарогамi, мiнералiзаванымi палосамi, раллёй або воднымi прасторамi.

У адпаведнасцi з правiламi бяспекi ў лясах прадпрыемствам, арганiзацыям i грамадзянам забараняецца выпальванне травы на лясных палянах, прагалiнах, сенажацях i ржышчах, на землях дзяржаўнага ляснога фонду i на зямельных участках, што непасрэдна прылягаюць да лясоў, а таксама да засцерагальных i азеляняльных насаджэнняў; складваць парубкавыя рэшткi ў кучы або валы для перагнiвання; спальваць або раскiдваць па высечцы ў здробненым выглядзе блiжэй 10 м ад сцен лесу. Агаворваюцца i некаторыя iншыя арганiзацыйна-тэхнiчныя ўмовы правядзення выпальванняў, аж да iх пуску на працягу дня. Аднак гэтыя ўмовы, як правiла, застаюцца на паперы. Сапраўды прафiлактычныя выпальваннi праводзяцца зусiм бескантрольна, без папярэдняй падрыхтоўкi i належнага забеспячэння пажарнай бяспекi, без улiку стану надвор'я i часу. Тое, што цяпер называецца сельскагаспадарчым выпальваннем - гэта звычайныя пажары - лугавыя, палявыя з некiруемым распаўсюджваннем гарэння. За правядзенне такiх выпальванняў неабходна прыцягваць да крымiнальнай адказнасцi i караць як за наўмысны падпал.

Э. М. Валендзiк, П. М. Мацвееў, М. А. Сафронаў пры правядзеннi мэтавых выпальванняў прапануюць прытрымлiвацца наступных правiлаў. Сельскагаспадарчыя выпальваннi павiнны праводзiцца ў арганiзаваным парадку ў тэрмiн узгоднены з органамi лясной гаспадаркi. Найбольш бяспечным перыядам iх правядзення з'яўляецца восень або ранняя вясна пры I або II класе пажарнай небяспекi па ўмовах надвор'я, гэта значыць пры велiчынi комплекснага паказчыка загаральнасцi не больш за 1000. Выпальванне неабходна пачынаць не раней 14 гадзiн пры хуткасцi ветру да 5 м/с i праводзiць яго брыгадай з шасцi чалавек, забяспечанай ранцавымi апырсквальнiкамi, рыдлёўкамi, сякерамi, вёдрамi, запальнымi апаратамi. Перад правядзеннем выпальвання брыгадзiр павiнен старанна агледзець перыферыю плошчы i намецiць трасу адпалу вакол усёй выпальваемай плошчы. Яна павiнна пралягаць па чыстых без кустоўя месцах. У выпадку неабходнасцi траса павiнна быць ачышчана ад буралому i кустоўя ў выглядзе паласы шырынёй 2 м. Гаручыя матэрыялы з паласы выдаляюцца за межы выпальваемай плошчы. Члены брыгады да выпальвання павiнны падрыхтаваць дрэўцы (венiкi) для захлiствання беражка адпалу i разнесцi iх па трасе адпалу.

Выпальванне пачынаюць з падветранага боку ўчастка ў адным месцы, затым члены брыгады дзеляцца на два звяны, якiя расходзяцца ў супрацьлеглыя бакi па трасе і ахоплiваюць выпальваемую плошчу з абодвух бакоў. Уперадзе звяна iдзе рабочы з запальным апаратам, за iм на некаторай адлегласцi - першы пажарны, якi захлiствае знешнюю паласу агню адпалу, а на адлегласцi каля 50 м ад яго iдзе другi пажарны i датушвае яе. Пры выпальваннi неабходна сачыць, каб не ўзнiклi загараннi ад iскраў, якiя пералятаюць праз паласу адпалу. Пасля таго, як на падветраным баку ўчастка выгарыць паласа адпалу шырынёй 10 м, можна рабiць запальванне i на самiм участку.

Пасля заканчэння выпальвання члены брыгады павiнны старанна агледзець мяжу выпальваемага ўчастка, раскапаць i залiць вадой усе тлеючыя ачагi. У абавязковым парадку назiранне за выпаленай плошчай павiнна весцiся да захаду сонца, а ў наступныя трое сутак з 11 да 16 гадзiн.

Пры такой арганiзацыi работ агонь выпальвання нiколi не нанясе шкоды лясной гаспадарцы.

 

10.3. Ачыстка лесасек ад парубкавых рэшткаў

 

У выпадках, калі парубкавыя рэшткі не выкарыстоўваюцца іх выдаляюць або пакідаюць на месцы ў здробленым выглядзе або спальваюць. Спосаб ачысткі лесасек ад парубкавых рэшткаў з выкарыстаннем кіруемага агню здаўна прымяняецца ў лесагаспадарчай практыцы ў выпадках адсутнасці добраякаснага падроста. Найбольш распаўсюджаным спосабам ачысткі з’яўляецца збор парубкавых рэшткаў у кучы або валы з дальнейшым спальваннем іх у пажаранебяспечны перыяд. У час знаходжання на высечках яны прадстаўляюць значную пажарную небяспеку. Пры правядзенні высечкі ў пажаранебяспечны перыяд спальванне парубкавых рэшткаў вядзецца адначасова з нарыхтоўкай драўніны, а дадатковая ачыстка лесасекі – вясной пасля сходу снегу. У шэрагу замежных краін у мэтах зніжэння небяспекі пераходу пажару ў некіруемы парубкавыя рэшткі спальваюцца ў асобных бункерах, якія пасоўваюцца па лесасецы з дапамогай трактараў.

Пры тралёўцы дрэў з кронамі прымяняецца камбінаваны спосаб ачысткі лесасек. Пры гэтым адбываецца частковая мінералізацыя глебы, а парубкавыя рэшткі спальваюцца ў спецыяльна адведзеных’ месцах за межамі лесасекі на дастатковай адлегласці ад сцен лесу, або вывозяцца ў бяспечныя месцы. Такі спосаб ачысткі лесасек больш надзейны з пункту гледжання захавання пажарнай бяспекі.

 

10.4. Прафілактычнае выпальванне супрацьпажарных палос

 

У мэтах перасцярогі распаўсюджвання магчымых пажараў вакол найбольш каштоўных і пажаранебяспечных участкаў рэкамендуецца ствараць супрацьпажарныя палосы шляхам мэтавых выпальванняў або мінералізацыі глебы.

Мэтавыя выпальванні па стварэнню супрацьпажарных палос у некаторых рэгіёнах Расіі праводзяцца ў першы месяц пажаранебяспечнага сезона пры тэмпературы не вышэйшай за 15–20°С і хуткасці ветру – 1–2 м/с. У якасці знешняй прыметы гатоўнасці да загарання наглебавых гаручых матэрыялаў можа служыць поўнае раскрыццё сасновых шышак, якія знаходзяцца на паверхні глебы. Работы выконваюцца брыгадамі з пяці чалавек пад кіраўніцтвам спецыяліста прызначанага кіраўніком лясгаса. Пераб пачаткам работ праводзяцца пробныя выпальванні. Калі хуткасць распаўсюджвання агню пры пробным падпальванні перавышае 1 м/хвіл, правядзенне мэтавага выпальвання забараняецца, агонь тушыцца, а пройдзенае ім месца акапваецца. Пры меншай хуткасці распаўсюджвання агню першая група (два чалавекі) мэтавы пал у раўніных умовах пачынае ўздоўж унутранай часткі пажарнага блока.

Другая група праз 10–15 хвілін падпальванне пачынае ўздоўж унутранай кароткай стараны блока насустрач ветру. Пасля заканчэння выпальвання плошча блока аглядаецца з мэтай выяўлення ўтоеных ачагоў гарэння. Кантрольны агляд плошчы выпальвання выконваецца на наступны дзень кіраўніком работ.

 

10.5. Садзейнічанне натуральнаму аднаўленню

 

Выкарыстанне мэтавых выпальванняў для садзейнічання натуральнаму аднаўленню пад полагам лесу і на высечках распаўсюджана ў многіх краінах. Мінералізацыя верхняга гарызонта глебы выдаленнем травяна-кустовай расліннасці шляхам мэтавых выпальванняў у паўночна-усходніх і паўднёвых штатах ЗША садзейнічала паляпшэнню натуральнага аднаўлення сасны веймутава, балотнай, жоўтай, смалістай, белай і піхты дугласавай (цыт. па Залесаву С.В.). У насаджэннях з гэтых парод назапашваецца тоўсты слой ападу з лёгка ўзгаральнай ігліцы і іншых ЛГМ. Мэтавы пал у гэтых умовах з’яўляецца радыкальным супрацьпажарным прафілактычным сродкам і лесаводчым прыёмам. Эфектыўнасць мэтавага выпальвання як метаду садзейнічання натуральнаму аднаўленню вызначаецца яго інтэнсіўнасцю.

Тэарэтычная магчымасць выкарыстання прафiлактычных выпальванняў для садзейнiчання натуральнаму аднаўленню сасны разгледжана I. С. Мелехавым, А. У. Пабядзiнскiм, А. I. Уткiным, С. В. Бяловым, С. М. Саннiкавым i iнш., лiстоўнiцы даурскай - А. У. Пабядзiнскiм, А. I. Уткiным, С. В. Бяловым i iнш. Абапiраючыся на даныя паспяховасцi натуральнага аднаўлення i фармiравання дрэвастояў на плошчах, што пройдзены стыхiйнымi пажарамi, аўтары прышлi да высновы аб мэтазгоднасцi прымянення прафiлактычных выпальванняў у якасцi лесаводчага метаду падрыхтоўкi глебы для аднаўлення найбольш распаўсюджаных у таёжнай зоне тыпаў саснякоў i лiстоўнiчнiкаў.

Выдаленне верхняга пласта грубагумуснага подсцілу і жывога наглебавага покрыва пры мэтавым выпальванні ў спелых сасновых лясах садзейнічае прарастанню насення, укараненню і росту самасеву ў першыя гады пасля правядзення. Гэта дазваляе рэкамендаваць мэтавыя выпальванні ў якасці эфектыўнага спосаба садзейнічання натуральнаму аднаўленню ў бруснічнай, зеленамошнай групах тыпаў лесу (Саннікаў С.Н.).

Шматлiкiя назiраннi i даследаваннi ўплыву кiруемага агню на ўзнаўленне сасны i лiстоўнiцы на свежых лёгкiх па механiчным складзе глебах сведчыць аб мэтазгоднасцi выкарыстання гэтага спосабу на вялiкiх плошчах гарэльнiкаў, дзе ў якасцi насеннiкаў застаюцца самыя буйныя таўстакорыя дрэвы, амаль не пашкоджаныя агнём.

С. В. Бялоў лiчыць неабходным правесцi шырокiя даследаваннi па выкарыстаннi кiруемага агню для аднаўлення саснякоў i лiстоўнiчнiкаў. Асноўныя кiрункi даследаванняў: 1) выкарыстаць кiруемы агонь у спелых сасняках i лiстоўнiчнiках за 5 - 10 гадоў да высечак галоўнага карыстання з мэтай атрымання вялiкай колькасцi падросту пад аховай мацярынскага дрэвастою; 2) на высечках галоўнага карыстання пакiдаць насеннiкi i праводзiць суцэльныя выпальваннi. Перад выпальваннем плошчы трэба ачышчаць ад парубкавых рэшткаў, падросту i падлеску кругi каля адзiночных насеннiкаў радыусам 5 - 8 м; а ў насенных курцiнах 5 - 6-метровыя палосы вакол i ўнутры самiх курцiн. Гэта мера засцеражэ насеннiкi ад пашкоджання агнём; 3) выкарыстаць агонь для знiшчэння падросту елкi ў сасновых насаджэннях, дзе замена сасны елкай з'ява адмоўная; 4) выкарыстанне кiруемага агню найбольш мэтазгодна на глебах з вялiкай колькасцю камянёў, якія цяжка апрацоўваць і вырошчваць на іх культуры; 5) плошчы пад мэтавае выпальванне пажадана выбiраць каля натуральных перашкод (рэк, балот, дарог) i ствараць дадатковыя штучныя загараджальныя палосы. Выпальванне праводзiцца згодна з методыкай В. В. Фураева. Тэрмiн выпальвання - пасля вывадкавага перыяду звяроў i птушак.

У лясах Беларусі мэтавыя выпальванні ў якасці садзейнічання натуральнамцу аднаўленню не праводзяцца. Заўважана,на месцах вогнішчаў ўзнаўленне сасны звычайнай адбываецца з большым поспехам, чым у месцах з непарушаным подсцілам і жывым наглебавым покрывам.

Лекция №11.








Дата добавления: 2016-04-06; просмотров: 1072;


Поиск по сайту:

При помощи поиска вы сможете найти нужную вам информацию.

Поделитесь с друзьями:

Если вам перенёс пользу информационный материал, или помог в учебе – поделитесь этим сайтом с друзьями и знакомыми.
helpiks.org - Хелпикс.Орг - 2014-2024 год. Материал сайта представляется для ознакомительного и учебного использования. | Поддержка
Генерация страницы за: 0.006 сек.