Славянская група моў

Беларуская мова належыць да славянскай групы моў.

Славянскія мовы з’яўляюцца роднымі больш чым для 200 мільёнаў чалавек, прадстаўнікоў розных славянскіх народаў. Гучаць славянскія мовы на значнай частцы тэрыторыі Еўропы.

Навука аб сям’і славянскіх моў – параўнальна-гістарычнае славянскае мовазнаўства – імкнецца заглянуць яшчэ далей, у таямнічыя глыбіні сівых вякоў, у перадгісторыю славян, высветліць, як склаўся гэты народ і яго мова, дзе і кім ён быў народжаны і выпеставаны. Адносна паходжання славян вучоныя мяркуюць па-рознаму. Адны гавораць, што пачатак славянству паклала нейкае адно племя старажытных насельнікаў Еўропы – напаўміфічнага еўрапейскага народа, блізкага па мове да старажытных продкаў сучасных жыхароў Індыі. Іншыя лічаць славянства “сплавам” розных па мове і культуры плямён. Аднак што б там ні было ў перадгісторыі, гісторыя славян і іх моў пачыналася з адзінства: быў адзін славянскі народ і ў яго была адна мова.

Сучасныя славянскія мовы падзяляюцца на тры групы:

усходнеславянская: беларуская, руская, украінская мовы. Гэта група самая малая па колькасці моў, але самая вялікая па колькасці славян, што гавораць на мовах гэтай групы (звыш 180 млн. чалавек). Беларускую мову лічаць роднай каля 80 % карэннага насельніцтва нашай рэспублікі. Акрамя таго, ёй карыстаюцца больш за 1 млн. беларусаў, якія жывуць у розных краінах свету;

заходнеславянская: польская, кашубская, чэшская, славацкая, сербалужыцкая (верхня- і ніжнялужыцкая) і мёртвая палабская мова. Носьбіты гэтых моў, якіх больш за 50 млн. чалавек, жывуць цяпер на тэрыторыі Польшчы, Чэхіі, Славакіі і часткова Германіі. Найбуйней-шая ў гэтай групе – польская мова. На ёй гавораць каля 30 млн. палякаў. Чэшская (каля 10 млн. чалавек) і славацкая (больш за 4,5 млн. чалавек) мовы – гэта роднасныя мовы народаў Чэхіі і Славакіі. Абедзве яны маюць багатую сучасную літаратуру. Алфавіт, як і ў іншых заходнеславянскіх мовах, створаны на аснове лацінкі;

паўднёваславянская: балгарская, македонская, сербская, харвацкая, славенская мовы. Носьбіты гэтых моў, якіх больш за 30 млн. чалавек, жывуць у асноўным на Балканскім паўвостраве – у Балгарыі, Македоніі, Сербіі, Харватыі, Славеніі, Босніі і Герцагавіне, а таксама ў сумежных з імі краінах (Грэцыі, Аўстрыі, Венгрыі і інш.). На балгарскай мове гавораць больш за 7 млн. чалавек (Балгарыя). Македонская (больш за 1 млн. чалавек) пашырана ў Югаславіі, а таксама ў Балгарыі і Грэцыі.

На аснове групы гаворак старажытнабалгарскай мовы ў ІХ ст. склалася яшчэ адна мова, якая хоць і не была моваю асобнага славянскага народа, але існавала і развівалася на працягу ўсяго сярэдневяковага перыяду гісторыі славян. Гэта названая вышэй стараславянская(ці старажытнацаркоўнаславянская) мова. Цяпер яна лічыцца мёртвай. У мінулым жа стараславянская мова была літаратурнай пісьмовай мовай у розных славян. У Х ст. яна пачала ўжывацца і ў Старажытнай Русі ў сувязі з прыняццем хрысціянскай рэлігіі. Карысталіся ёй у богаслужэнні. Яе ўплыў адзначаецца ў сучасных літаратурных мовах некаторых славянскіх народаў (шмат царкоўнаславянізмаў, у прыватнасці, у рускай мове).

Славянскія моўныя групы выдзяляюцца на аснове агульных асаблівасцей, уласцівых мовам, што ўтвараюць пэўную групу.

Усе славяне карыстаюцца двума тыпамі пісьма – кірылічным і лацінскім. Найбольш распаўсюджана кірыліца (Беларусь, Расія, Украіна, Сербія і Чарнагорыя, Македонія, Балгарыя, часткова Боснія і Герцагавіна). У Польшчы, Чэхіі, Харватыі, Славеніі выкарыстоўваюць лацінскі алфавіт.

На працягу апошняга тысячагоддзя славянскія мовы развіваліся ў розных умовах. Тым не менш і сёння здзіўляе незвычайная блізкасць гэтых моў у лексічным складзе і структуры слова, у агульнасці каранёў, граматычных форм, сінтаксічных канструкцый.

Адзін славянін без цяжкасці або з пэўнаю цяжкасцю разумее другога (беларус – паляка, чэх – рускага і г. д.) нават без спецыяльнай адукацыі. Ва ўсіх славянскіх мовах ёсць вялікі пласт лексікі, якую называюць агульнаславянскай. Гэта галоўным чынам словы, што былі яшчэ ў далёкі дапісьмовы час у так званай агульнаславянскай мове-аснове. Ва ўсіх славянскіх мовах амаль аднолькава гучаць старажытныя словы, звязаныя з сямейнымі і вытворчымі адносінамі, з раслінным і жывёльным светам, назвы пор года, частак чалавечага цела і інш. Усё гэта – водгалас старажытных сувязяў продкаў славян. Разам з тым блізкасць славянскіх моў часткова тлумачыцца і агульнасцю гістарычнага лёсу асобных груп славян.

 

Літаратура

 

1. Беларуская мова: Энцыклапедыя. – Минск, 1994.

2 Германовіч, І. К. Беларускія мовазнаўцы. Нарысы жыцця і навуковай дзейнасці / І. К. Германовіч. – Мінск, 1985.

3. Ляшчынская, В. А. Студэнту аб мове: прафесійная лексіка / В. А. Ляшчынская – Мінск, 2003.

4. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. – Мінск, 1995.

5. Плотнікаў, Б. А. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум / Б. А.Плотнікаў, Л. А. Антанюк.– Мінск: Інтэрпрэссэрвіс, Кніжны дом, 2003.

6. Сямешка, Л. І. Курс беларускай мовы / Л. І. Сямешка, І. Р. Шкраба, З. І Бадзевіч.– Мінск, 1996.

7. Шакун, Л. М. Карані нашай мовы / Л. М. Шакун // Роднае слова. – 1996. – № 9. – С. 108–119.

8. Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы / Л. М. Шакун. – Мінск, 1984.

9. Беларусазнаўства: навучальны дапаможнік / Под рэд. П. Бры-гадзіна. – Мінск: Завігар, 1998. – С. 123–151.








Дата добавления: 2015-12-10; просмотров: 1174;


Поиск по сайту:

При помощи поиска вы сможете найти нужную вам информацию.

Поделитесь с друзьями:

Если вам перенёс пользу информационный материал, или помог в учебе – поделитесь этим сайтом с друзьями и знакомыми.
helpiks.org - Хелпикс.Орг - 2014-2024 год. Материал сайта представляется для ознакомительного и учебного использования. | Поддержка
Генерация страницы за: 0.005 сек.