Беларуская мова на сучасным этапе
(з 1990 г. да нашых дзён)
Распад Савецкага Саюза і атрыманне суверэнітэту рэспублікай змянілі адносіны людзей да сваёй гісторыі, культуры і мовы. У 1989 г. было створана Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. 26 сту-дзеня 1990 г. быў прыняты “Закон аб мовах у Беларускай ССР”, які пацвердзіў дзяржаўны статус беларускай мовы. Была прынята праграма беларусізацыі, разлічаная на 10 гадоў. У гарадах пачалі адкрывацца дашкольныя дзіцячыя ўстановы і школы з беларускай мовай навучання. Беларуская мова прыйшла ў тэхнікумы і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Пераводзілася на беларускую мову справаводства, распрацоўвалася беларуская навуковая тэрміналогія, выдаваліся слоўнікі і падручнікі на беларускай мове.
Працэс гэты актыўна ішоў да 1996 г. У 1995 г. адбыўся рэферэндум, па выніках якога другой дзяржаўнай мовай стала руская мова. У 1996 г. былі ўнесены папраўкі ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь аб дзяржаўным двухмоўі. У выніку спыніўся працэс беларусізацыі, многія беларускія школы перайшлі на рускую мову навучання.
Аднак працэс развіцця беларускай мовы працягваецца.
Развіццё і ўдасканаленне мовы, якое выяўляецца ў зменах фанетычнага, марфалагічнага і сінтаксічнага характару, абнаўленні лексічнага складу мовы, выклікае неабходнасць удакладняць правапіс, прыводзіць яго ў адпаведнасць з сучаснай моўнай практыкай. Беларускі правапіс, які ў значнай ступені пабудаваны на фанетычным прынцыпе, асабліва адчувальны да гэтых змен у мове, і таму ён таксама павінен перыядычна ўдасканальвацца.
Асабліва актуальным гэта стала ў канцы ХХ ст., калі ў сістэме беларускай мовы і моўнай практыцы адбыліся пэўныя змены. Істотна абнавіўся слоўнікавы склад беларускай мовы, лексіка папоўнілася шматлікімі запазычаннямі, на старонках беларускамоўнага друку атрымалі пашырэнне ненарматыўныя арфаграфічныя варыянты. У сувязі з гэтым стала надзённым неадкладнае ўпарадкаванне правапісу, каб пазбегнуць разнабою ў пісьмовай беларускай мове, забяспечыць адзінства яе правапісных нормаў і аблегчыць навучанне беларускай мове ў школе. Узнікла неабходнасць удакладнення “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (Выдавецтва Акадэміі навук БССР, Мінск, 1959), якія былі распрацаваны ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР ад 11 мая 1957 г. “Аб удакладненні і частковых зме-нах існуючага беларускага правапісу” і дзейнічалі да 1 верасня 2001 г.
Частковыя змены правапісу, прынятыя ў 1957 г., не з’яўляліся чарговай рэформай, а ўдакладнялі і развівалі “Правапіс беларускай мовы”, выдадзены ў 1934 г. “Правілы” 1959 г. з’явіліся першай спробай стварэння поўнага зводу беларускага правапісу. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 жніўня 1993 г. № 556 “Аб удакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы” была створана Дзяржаўная камісія па ўдакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы. Яна разгледзела агульныя праблемы сучаснага беларускага правапісу, тэарэтычна абгрунтавала характар і мэтазгоднасць унясення прапанаваных удакладненняў. Дзяржаўная камісія прызнала, што існуючыя правілы беларускага правапісу ў цэлым забяспечваюць функцыянаванне пісьмовай мовы ва ўсіх сферах выкарыстання, не патрабуюць кардынальных змен, і рэкамендавала Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць да выдання новую рэдакцыю “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, дзе былі б улічаны прапановы Дзяржаўнай камісіі, а таксама патрэбы сучаснай моўнай практыкі.
Навуковы калектыў, кіруючыся рэкамендацыямі Дзяржаўнай камісіі, на працягу 1997–1998 гг. падрыхтаваў праект новай рэдакцыі “Правіл”.
На завяршальным этапе падрыхтоўкі новай рэдакцыі “Правіл” і распрацоўкі праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” 18 студзеня 2006 г. Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь была створана рабочая група, якая канчаткова дапрацавала “Правілы” з улікам заўваг і пажаданняў, што былі зроблены ў час іх неаднаразовага абмеркавання.
Увядзенне ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, прынятага Палатай прадстаў-нікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 24 чэрвеня 2008 г., адобранага Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 28 чэрвеня 2008 г. і падпісанага Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 23 ліпеня 2008 г., садзейнічае стабілізацыі правапісных нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, забяспечвае захаванне адзінага моўнага рэжыму ў школьным навучанні і адзінства друкаваных беларускамоўных выданняў, што павышае прэстыж беларускай мовы ў грамадстве як дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь. Новыя “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” пачалі дзейнічаць з 1 верасня 2010 г.
Літаратура
1. Беларуская мова: Энцыклапедыя. – Мінск, 1994.
2. Германовіч, І. К. Беларускія мовазнаўцы. Нарысы жыцця і навуковай дзейнасці / І. К. Германовіч. – Мінск, 1985.
3. Ляшчынская, В. А. Студэнту аб мове: прафесійная лексіка / В. А. Ляшчынская. – Мінск, 2003.
4. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. – Мінск, 1995.
5. Плотнікаў, Б. А. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум / Б. А. Плотнікаў, Л. А. Антанюк.– Мінск: Інтэрпрэссэрвіс, Кніжны дом, 2003.
6. Сямешка, Л. І. Курс беларускай мовы / Л. І. Сямешка, І. Р. Шкра-ба, З. І Бадзевіч. – Мінск.,1996.
7. Шакун, Л. М. Карані нашай мовы / Л. М. Шакун // Роднае слова. – 1996. – № 9. – С. 108–119.
8. Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы / Л. М. Шакун. – Мінск, 1984.
9. Беларусазнаўства: Навучальны дапаможнік / Под рэд. П. Бры-гадзіна. – Мінск: Завігар, 1998. – С. 123–151.
Дата добавления: 2015-12-10; просмотров: 2181;