Усучаснай гістарыяграфіі паняццем Кіеўская Русь абазначаюць раннефеадальную дзяржаву усходніх славян 9-12стст.

Яна склалася на тэрыторыі,якая прылягала да воднай магістралі шляху з вараг у грэкі.Існуе тры групы ўнутраных і знешніх прычын утварэння гэтай дзяржавы.Адна з прычын-сацыяльна-эканамічная, звязаныя з развіццём земляробства і жывёлагадоўлі, рамяства і гандлю.

Старажытнай формай земляробства ў лясных раёнах была вогневая падсечная сістэма. На пэўным участку высякалі лес, калі дрэвы падсыхалі, іх спальвалі, угноеную попелам зямлю апрацоўвалі і засявалі. Праз два – тры гады ўчастак пакідалі і выпальвалі (асвойвалі) новы. Апрацоўвалі зямлю з дапамогай сахі і рала з жалезным наканечнікам. У далейшым з’яўляюцца рала з полазам, саха з прысашніком (лапаткай для пераварочвання зямлі). У якасці цяглавай сілы пачынаюць выкарыстоўвацца коні. Усё гэта сведчыць аб перамозе ворыўнага земляробства.

Развіваліся таксама рамяство і гандаль. З вылітай сталі кавалі рабілі мячы, нажы, кінжалы, шаблі, коп’і, а таксама напільнікі, пілы, ножніцы, стамескі, зброю. Цэнтрамі мясцовага гандлю былі гарадзішчы – пагосты і племянныя “грады”. Важную ролю ў развіцці знешняга гандлю іграў так званы шлях “з вараг у грэкі”. Ён пачынаўся на паўночным беразе Фінскага заліва, ішоў Невой, Ладажскім возерам, Волхавам, Ільмень-возерам з яго ракой Ловаццю, потым волакам на Заходнюю Дзвіну, з яе волакам на Днепр, далей Дняпром і Чорным морам да Канстанцінопаля. Сталі з’яўляцца гарады як цэнтры рамяства і гандлю.

Развіццё земляробства і жывёлагадоўлі, а таксама гарадоў, рамяства і гандлю патрабавала еднасці славянскіх зямель. Удасканальваць вытворчую гаспадарку, паглыбляць эканамічныя сувязі, фарміраваць міжгаспадарчыя адносіны на аснове прынцыпа “куплі-продажу”, авалодваць унутраным і знешнім рынкам і атрымліваць прыбыткі можна было больш паспяхова ў рамках адзінай дзяржавы.

Наступная прычына звязана з унутрыпалітычным развіццём усходнеславянскіх зямель. Працэсы славянізацыі краю і неабходнасць падпарадкавання мясцовага балцкага, фіна-угорскага і цюркскага насельніцтва, з’яўленне мясцовых князёў (“княжанняў”) і сацыяльнай няроўнасці, захоп мясцовай знаццю зямель сваіх супляменнікаў і стварэнне зямельных уладанняў – вотчын (іменняў феадалаў), збор даніны з насельніцтва, прымус залежных сялян працаваць у гаспадарках землеўладальнікаў – усё гэта патрабавала фарміравання інстытута феадальнага права і сістэмы феадальных адносін, узмацнення палітычнай улады і вайсковай сілы феадалаў, іх яднання. Унутрыпалітычная сітуацыя ўзмацняла зацікаўленасць феадалаў і падштурхоўвала іх да стварэння адзінай дзяржавы.

Важны дзяржаваутваральны фактар-гэта знешнепалитычная ситуацыя. Неабходнасць абароны славянскіх зямель ад нападзення з боку суседніх дзяржаў і ад набегаў з боку авараў, печанегаў, полаўцаў і іншых ваяўнічых вандроўнікаў, пераадолення спусташальных міжкняжацкіх усобіц выклікала ўнутраны пратэст і фарміравала грамадскасцю думку на карысць яднання. Урэшце-рэшт гэта прывяло да аб’яднання ваенных, эканамічных і людскіх рэсурсаў і стварэння вялікай і магутнай дзяржавы – Кіеўскай Русі.

Складальнік “Аповесці мінулых гадоў” расказвае аб існаванні ў усходніх славян да ўтварэння Старажытнарускай дзяржавы шэрагу самастойных мясцовых княстваў. Паляне мелі сваё княства на чале з Кіем, “а в древлях (у древлян) свое, в дреговичи свое, а словени свое в Новгороде, а другое на Полоте иже полочане”. Мясцовыя княжанні ўяўлялі сабой пачатковую форму дзяржаўнасці на Русі ці протадзяржавы. Славене, крывічы і мера плацілі даніну нарманам (варагам)1, якія рабілі частыя спусташальныя набегі на іх землі, а вяцічы, радзімічы, севяране і нейкі час – паляне плацілі даніну хазарам, якія стварылі моцнае цюркскае дзяржаўнае ўтварэнне з цэнтрам у нізоўі Волгі.

У сучаснай гістарыяграфіі тэрмінам “Кіеўская Русь” абазначаецца раннефеадальная дзяржава – манархія ўсходніх славян на чале з вялікім князем кіеўскім, якая ўзнікла ў выніку аб’яднання двух усходнеславянскіх дзяржаўных утварэнняў – “Куявы” (палітычны саюз палян, северан і вяцічаў, цэнтр – Кіеў) і “Славіі” (чудзь, славене, мера, крывічы, цэнтр – Ноўгарад) і якая існавала ў ІХ–ХІІ стст. на тэрыторыі, блізкай да шляху “з вараг у грэкі”.

Гісторыя Старажытнарускай дзяржавы пачынаецца з 862 г., калі, як сведчыць летапіс, чудзь, славене і весь накіравалі сваіх паслоў за мора – да варагаў, каб аб’явіць ім сваё рашэнне. “Зямля наша вялікая і багатая, а парадку ў ёй няма. Прыходзьце княжыць і валодаць намі”. “І абраліся трое братоў са сваімі родамі, і ўзялі з сабою ўсю русь, і прыйшлі да славян, і сеў старэйшы Рурык у Ноўгарадзе, … Сінеус – на Белавозеры, … Трувар – у Ізборску”.

Летапіснае паданне аб прызванні на Русь варагаў стала падставай для нарманскай тэорыі, згодна з якой нарманы (варагі) з’яўляліся заснавальнікамі Старажытнарускай дзяржавы. Гэта тэорыя была сфармулявана яшчэ ў 2-й чвэрці XVIII ст. Г.З. Байерам, Г.Ф. Мілерам і інш. Яе адвяргалі М.В. Ламаносаў, Д.І. Ілавайскі, С.А. Гедзеонаў і іншыя расійскія вучоныя.

У сучаснай гістарыяграфіі даказана, што ўтварэнне Кіеўскай Русі было падрыхтавана ўсім папярэднім ходам сацыяльна-гістарычнага развіцця усходніх славянскіх зямель. Беларускі гісторык і археолаг Э.М. Загарульскі пераканаўча даказвае, што мясцовыя княжанні былі ў славян яшчэ да прызвання варагаў, а таму пачатак дзяржаўнасці на Русі заклалі зусім не нарманы. На аснове археалагічных матэрыялаў ён таксама сцвярджае, што да другой паловы ІХ ст. усходнія славяне яшчэ не паспелі рассяліцца да Ільменя і Белавозера, а летапісныя крывічы – гэта балцкія плямёны. Атрымліваецца, што варагаў маглі запрасіць на Русь неславянскія народы поўначы Усходняй Еўропы. Больш таго запрашэнні на княжанне былі звычайнай практыкай у эпоху сярэднявечча і не яны вызначалі характар дзяржаўных утварэнняў.

У 882 г. Алег (па летапісу – сваяк Рурыка, які правіў пасля яго Ноўгарадам за малалетняга сына Ігара Рурыкавіча) разам з воінамі-варагамі і дружынамі славен, крывічоў, чудзі, меры, весі зрабіў паход на поўдзень, узяў Смаленск, Любеч і прыйшоў да Кіева, дзе правілі Аскольд і Дзір. Выдаўшы сябе за купца, які ідзе з таварам у Візантыю, Алег забіў іх і зрабіў Кіеў сталіцай аб’яднанай дзяржавы (“мати градом руских”). Значыць, Аскольд і Дзір былі прадстаўнікамі мясцовай дынастыі. А калі б яны былі варагамі, тады навошта з імі ваяваць, тым больш іх забіваць?

Сеўшы на прастол у Кіеве, Алег пачаў будаваць крэпасці як апорныя пункты для ўпраўлення і збора даніны, а таксама абароны рубяжоў Русі ад ворагаў. Ільменскія славене і крывічы былі абкладзены пастаяннай данінай. Алег падпарадкаваў і абклаў данінай драўлян, северан і радзімічаў, якія да гэтага плацілі даніну хазарам. Значыць, ёсць падставы гаварыць аб руска-хазарскай вайне пры Алегу.

У 907 г. ён зрабіў паспяховы паход на Візантыю. Высадзіўшыся з караблёў на бераг (флот налічваў 2000 караблёў, на кожным з якіх плыло па 40 чалавек), русы спусташылі наваколле Канстанцінопаля. Візантыйскі імператар вымушаны быў заплаціць кантрыбуцыю і даць купцам русаў гандлёвыя прывілеі.

Пасля смерці Алега кіеўскім князем стаў Ігар. Ён падавіў паўстанне супраць Кіева ў зямлі драўлян, завяршыў пачатае пры Алегу падпарадкаванне і ўключэнне ў склад Старажытнарускай дзяржавы улічаў (жылі на Дняпры, на поўдзень ад палян) і ціверцаў (жылі па Днястру да ніжняга цячэння Дуная). У 941 і 944 гадах Ігар зрабіў паходы на Візантыю. Здзяйсняліся таксама марскія паходы ў Закаўказзе, у багатыя краіны Паўднёвага і Заходняга Прыкаспія.

Апошнім актам у дзейнасці Ігара быў яго паход у зямлю драўлян за данінай. Даніна ў той час з’яўлялася асноўнай крыніцай існавання князя і яго дружыны. Сабраўшы вялікую ланіну з драўлян, Ігар, падбухтораны сваімі дружыннікамі, вырашыў, што гэтага мала. Ён адпусціў дружыну і з невялікай яе часткай вярнуўся, “желая больша именья”. Гэта выклікала абурэнне ў драўлян. Яны схапілі Ігара каля горада Іскарасцень і казнілі яго, прывязаўшы нагамі да двух сагнутых бяроз, якія, выпраміўшыся, разадралі цела Ігара на дзве часткі.

Княгіня Ольга адпомсціла драўлянам за смерць свайго мужа. Яе дружыны разбурылі і спалілі многія гарады драўлян, у тым ліку цэнтр “деревской земли” Іскарасцень, знішчылі мясцовую знаць і князя драўлян Мала. Ольга ліквідавала мясцовыя княжанні і стварыла ўсюды сваю адміністрацыю. Пры ёй збор даніны быў уладкаваны. Замест палюддзя, калі князь разам з дружынай аб’язджаў падначаленыя яму землі і збіраў з іх у неабмежаваных памерах даніну, былі устаноўлены нормы даніны – “урокі” і створаны цэнтры, дзе знаходзіліся княжацкія мужы, ведаўшыя яе зборам. Сюды прывозілася даніна насельніцтвам прылеглай акругі. Даніна бралася з “дыма” (гаспадаркі) ці “рала” (плуга).

Сын Ігара Святаслаў правіў да 972 г. Выдатны палкаводзец і буйны палітычны дзеяч свайго часу, Святаслаў усё жыццё правёў на баявым кані і амаль не ведаў паражэнняў. Пад яго кіраўніцтвам дружыны русаў ваявалі на вялікіх прасторах ад Акі да Каўказа і ад Волгі да Адрыянопаля. Ён, як правіла, не нападаў на ворага знянацку, а папярэджваў яго: “Хочю на вы ити”. Такімі, па словах летапісу, былі і яго воіны.

У выніку паходаў Святаслава на Усход Кіеў падпарадкаваў сабе вяцічаў, Волжскую Балгарыю, разграміў хазарскі каганат, пашырыў і ўмацаваў свае ўладанні на Паўночным Каўказе і ў Крыму. Ажыццяўляў паходы супраць Дунайскай Балгарыі і Візантыі, меў намер стварыць руса-балгарскую дзяржаву і перанесці сваю сталіцу на бераг Дуная. Вяртаючыся з паходу, Святаслаў быў забіты на дняпроўскіх парогах печанегамі.

Уладзімір І (“Красное Солнышко”)завяршыў падпарадкаванне Кіевам усходнеславянскіх зямель, пасадзіў сваіх 12 сыноў у гарадах усходніх славян, увёў хрысціянства на Русі, пачаў умацаванне паўднёвых граніц краіны для абароны ад вандроўнікаў. Гэта садзейнічала ўмацаванню адзінства Кіеўскай Русі. У Х ст. яна прасціралася ад Карпат на захадзе да Акі і верхняй Волгі на ўсходзе і ад Балтыйскага мора на поўначы да Чорнага мора на поўдні.

Разам з тым пастаянна адбываліся войны князёў-сваякоў за кіеўскі прастол. Спроба князёў уладкаваць свае адносіны на з’ездзе ў Любечы ў 1037 г. прывяла да фактычнага раздраблення Кіеўскай Русі. У першай палове ХІІ ст., пасля непрацяглага ўзмацнення цэнтральнай улады кіеўскага князя Уладзіміра ІІ (Манамаха), Кіеў паступова губляе сваё дамінуючае становішча. У 30-я гады ХІІ ст. Кіеўская Русь як адносна адзіная дзяржава прыпыніла сваё існаванне.

У апошні час некаторымі беларускімі гісторыкамі адмаўляецца факт існавання Старажытнарускай дзяржавы, сцвярджаецца, што ў гэтай дзяржаве не было адзінства ўсходніх славян, агульнай пісьмовай мовы, культуры, агульных дасягненняў у гаспадарчай дзейнасці, горадабудаўніцтве, духоўным жыцці. Пры гэтым спасылаюцца на незалежнасць Полацкага княства ад Кіева. Кіеўская Русь – выдумка гісторыкаў.

З гэтым нельга пагадзіцца па наступных абставінах:

а) Любое феадальнае княства, у тым ліку і Полацкае, з’яўлялася свайго роду дзяржавай, бо мела ўсе атрыбуты заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады. Толькі на беларускай зямлі княстваў можна налічыць больш дзесяці і кожнае з іх у пэўным сэнсе было незалежным. Міжкняжацкая барацьба з’яўлялася агульнай заканамернасцю развіцця дзяржаў Еўропы ранняга сярэднявечча. Аднак, нягледзячы на гэта, усе княствы Кіеўскай Русі як унутры яе, так і яе суседзямі ўспрымаліся як адзіная Русь. Насельніцтва гэтай Русі ў суседніх краінах называлі русамі, русінамі, русічамі, а самі русіны зваліся людзьмі рускай веры ці мясцовымі назвамі-этнонімамі – кіеўлянін, палачанін, туравец, пінянін, наўгародзец і г.д. Значыць, усходнеславянскае адзінства, адзіная дзяржава існавалі.

б) Аналіз гістарычных крыніц паказвае, што Полацкая зямля ніколі не выпадала з палітычнага жыцця Русі, была часткай Старажытнарускай дзяржавы. Разам з іншымі рускімі князямі полацкія князі ўдзельнічалі ў паходах супраць Літвы, чудзі, стэпавых вандроўнікаў, а пазней – крыжакоў. Полацкі князь Брачыслаў Ізяслававіч усё жыццё ваяваў сумесна са сваім дзядзькам Яраславам Мудрым. Сумесна з паўднёварускімі князямі ваяваў з вандроўнікаміі Усяслаў Чарадзей. Дорага абышлося палачанам іх адмаўленне ў 1129 г. ад такой акцыі. Полацкіх князёў пазбавілі княжацкіх прастолаў і выслалі ў Візантыю.

Войны ж з Кіевам нярэдка былі справакаваны самімі полацкімі князямі і не былі такімі “частымі і спрадвечнымі”, як пішуць некаторыя гісторыкі. Сярод такіх войн – разгром у 1021 г. войск Брачыслава Полацкага кіеўскім князем Яраславам Мудрым за нападзенне і спусташэнне ім Ноўгарада; пакаранне ў 1067 г. трыма Яраслававічамі князя Усяслава Чарадзея за руйнаванне ім Пскова і Ноўгарада; асада ў 1116 г. кіеўскім князем Уладзімірам Манамахам Мінска за спаленне мінскім князем Глебам Слуцка. Больш таго, наследнікі Усяслава Чарадзея ваявалі адзін з адным больш, чым з Кіевам. У выніку полацкія князі страцілі ўсе заваяванні ў Прыбалтыцы, а па полацкіх вуліцах пазней прайшліся нямецкія крыжакі.

в) Пасля ўвядзення хрысціянства ў Х ст. у Кіеўскай Русі функцыяніравала адзіная праваслаўная вера, якая і сёння часткай беларусаў завецца як руская. Царква садзейнічала ўмацаванню ідэі адзінства Русі, адзіных асноў у духоўнай і палітычнай сферах, усведамленню насельніцтвам сваёй прыналежнасці да адзінага народа, сваіх адзіных каранёў і агульнага гістарычнага лёсу.

г) Практычна адзіным быў агульны тып горада, яго планіроўка, знешні і ўнутраны выгляд, лад жыцця. Адзінай для ўсіх княстваў была старажытнаруская пісьмовая мова. Дастаткова параўнаць пісьмовыя помнікі Кіева, Полацка, Турава, Ноўгарада часоў Еўфрасінні Полацкай, каб упэўніцца, што не існавала мовы крывічоў і дрыгавічоў, палачан і тураўцаў, а існавала адзіная старажытнаруская мова. А хіба тры храмы Сафіі ў Кіеве, Полацку і Ноўгарадзе не сведчаць пра ўсходнеславянскае адзінства? Пералік агульнасцей можна прадоўжыць.

Кіеўская Русь з’яўлялася спецыфічнай раннефеадальнай дзяржавай. Яна не уяўляла сабой маналітнага цэлага , а з’яўлялася механічным злучэннем зямель з розным узроўнем эканамічнага і культурнага развіцця.. Кіеўская Русь сфарміравалася як федэрацыя феадальных княстваў, кожнае з якіх захоўвала адносную самастойнасць і самабытнасць. У землях драўлян, вяцічаў, крывічоў і радзімічаў дзейнічалі мясцовыя княжацкія дынастыі. Кіеўскую Русь можна назваць феадальнай федэратыўнай дзяржавай-манархіяй з моцнай ваеннай арганізацыяй, што дазваляла абараняць яе ад спакусаў суседніх дзяржаў і набегаў з боку ваяўнічых вандроўнікаў, рабіць заваявальныя паходы ў суседнія багатыя краіны і трымаць пэўны часу падпарадкаванні мясцовых князёў і баяр, схільных да сепаратызму. Эканамічныя і этнічныя сувязі ў гэтай дзяржаве наўрад ці можна лічыць трывалымі.Гэта і прывяло яе ў далейшым да падзелу на асобныя часткі з самастойнымі княжацкімі дынастыямі.








Дата добавления: 2015-08-14; просмотров: 1153;


Поиск по сайту:

При помощи поиска вы сможете найти нужную вам информацию.

Поделитесь с друзьями:

Если вам перенёс пользу информационный материал, или помог в учебе – поделитесь этим сайтом с друзьями и знакомыми.
helpiks.org - Хелпикс.Орг - 2014-2024 год. Материал сайта представляется для ознакомительного и учебного использования. | Поддержка
Генерация страницы за: 0.008 сек.