Барацьба супраць крыжакоў і татара-манголаў

У пачатку ХІІІ ст. заходнім і паўночна-заходнім землям Русі стала пагражаць сур’ёзная небяспека.

У канцы ХІІ ст. у Прыбалтыцы з’явіліся першыя каталіцкія месіянеры, услед за якімі пачалі прыбываць атрады крыжакоў. У вусці Заходняй Дзвіны ў 1201 г. яны заснавалі крэпасць Рыгу, якая стала апорай нямецкай агрэсіі ў землі балтаў. Неўзабаве датчане напалі на эстонскае ўзбярэжжа, разбурылі старажытную крэпасць Калывань (Талін) і заснавалі сваю – Рэвель (1209).

Якім чынам нямецкія рыцары апынуліся ў Прыбалтыцы, каля рускіх межаў?

З канца ХІ ст. каралі, графы, князі Францыі, Англіі, Германіі і іншых еўрапейскіх краін імкнуліся захаваць багатае ўзбярэжжа Міжземнага мора, неаднойчы адпраўляліся ў крывавыя паходы супраць Егіпта, Сірыі. Гэтыя войны падтрымлівала каталіцкая царква, якая выступіла арганізатарам крыжовых паходаў. Яна аб’явіла іх мэтай вызваленне ад мусульман Палесціны і “гроба гасподня”. У войсках крыжакоў ствараліся асобныя манашаска-рыцарскія арганізацыі: іх звалі духоўна-рыцарскімі ордэнамі. Уступаючы ў ордэн, рыцар заставаўся воінам, але даваў зарок манаства: не мог мець сям’і. З гэтага часу ён пакорліва слухаў галаву ордэна – гросмайстра, ці вялікага магістра.

Першым быў створаны ў 1119 г. ордэн тампліераў (храмоўнікаў), другім – ордэн шпітальераў-янітаў (сваю назву атрымаў ад шпіталя Святога Яна, які дапамагаў хворым пілігрымам – вандроўнікам). У канцы ХІІ ст. стварыўся трэці ордэн – Тэўтонскі, які пазней перасяліўся з Палесціны ў Прусію. У 1202 г. рыжскі епіскап Альберт Буксгаўдэн, жадаючы абярнуць у хрысціянства насельніцтва Прыбалтыкі, заснаваў рыцарскі Ордэн мечаносцаў. Новыя рыцары насілі белы плашч з чырвоным мячом і крыжам, замест якога пазней сталі нашываць зорку. Пацярпеўшы цяжкае паражэнне ў вайне з арабамі, нямецкія князі ў канцы ХІІ ст. вырашылі перанесці вайну ў Прыбалтыку і Русь, заваяванне якіх ім абяцала новыя землі і прыбыткі.

Прыбалтыка, праз якую праходзіў важны для Русі гандлёвы шлях па Заходняй Дзвіне ў Балтыйскае мора, ужо даўно знаходзілася ў сферы інтарэсаў Полацкага княства. Полацкія князі кантралявалі водны шлях, а мясцовыя плямёны ліваў прызнавалі васальную залежнасць ад Полацка і плацілі яму даніну.

Пабудаваўшы ў вусці Заходняй Дзвіны крэпасць Рыгу, рыцары ўстанавілі кантроль над гандлёвым шляхам і паставілі ў залежнасць ад сябе рускіх купцоў. Працягваючы агрэсію, ордэн наблізіў свае ўладанні да Кукенойса, аднаго з падначаленых Полацку рускіх гарадоў-княстваў, і паспрабаваў перахапіць у полацкага князя права на збіранне даніны з ліваў. Летам 1203 г. войскі полацкага князя Уладзіміра асадзілі дзве нямецкія крэпасці – Ікскюль і Гольм. Немцам давялося адкупіцца грашыма. Аднак ордэн працягваў палітыку захопаў. Летам 1206 г. Уладзімір спусціўся на караблях па Дзвіне з вялікім войскам, і 11 дзён працягвалася асада Гольма. Але крэпасць устаяла.

Князь Кукенойса Вячка некалькі разоў атрымліваў перамогу над крыжакамі. Пасля адной з іх ён паслаў полацкаму князю Уладзіміру багатыя падарункі: “лепшых тэўтонскіх коней, панцыры, балісты”. У 1207 г. Вячка разам з літоўскімі атрадамі асадзіў Рыгу, але, не атрымаўшы дапамогі ад полацкага князя, вярнуўся назад, спаліў свой горад і адышоў на Русь. Не змог вытрымаць націску крыжакоў і другі рускі горад-княства на Дзвіне – Герцыке. Яго князь вымушаны быў прызнаць сябе васалам рыжскага епіскапа.

Землі Кукенойса і Герцыке былі далучаны да ордэна. Неўзабаве ордэн і полацкі князь Уладзімір заключылі “вечны” мір. Полацк адмовіўся ад збірання даніны з ліваў. Дзвіна аб’яўлялася свабоднай для праезду купцоў. Але варожасць захавалася. У 1216 г. полацкі князь Уладзімір пачаў рыхтаваць сумесны паход з эстамі і лівамі супраць крыжакоў, але раптоўная смерць перашкодзіла яго ажыццяўленню.

Ваенная экспансія немцаў супраць Полацкага княства і Наўгародскай зямлі прывяла Полацк і Ноўгарад да палітычнага саюзу, які быў замацаваны шлюбам Аляксандра Неўскага з дачкой полацкага князя Брачыслава. У бітве на Няве са шведскімі войскамі ў 1240 г. наўгародцам дапамагалі палачане. У гэтай бітве вызначыўся полацкі воін Якуб. Знішчэнне Аляксандрам Неўскім нямецкіх рыцараў на лёдзе Чудскага возера ў 1242 г. спыніла крыжацкую агрэсію на паўночным захадзе.

Паспяховай барацьбе супраць ордэна перашкаджалі феадальныя міжусобіцы. Так, кукенойскі князь Вячка не ладзіў з полацкім Уладзімірам. Герцынскі князь Усевалад ваяваў не толькі супраць немцаў, але і ў саюзе з Літвой “разбураў землі рускіх хрысціян”. Захоўвалі нейтралітэт князі Турава-Пінскай зямлі. Нават перад тварам грознай небяспекі не спынялі барацьбы паміж сабой полацкія князі. Іх выступленні супраць ордэна насілі разрознены і няўзгоднены характар. Да таго ж на Полацкую зямлю ўсё часцей сталі рабіць спусташальныя набегі літоўцы, якія карысталіся аслабленнем княстваў Заходняй Русі. Аднак нягледзячы на гэта, Полацк змог спыніць наступленне рыцараў у глыбіню Русі і сыграў ролю перашкоды на шляху распаўсюджання нямецкай агрэсіі.

У 30–40-я гг. ХІІІ ст. Русь перажыла самыя трагічныя падзеі ў сваёй гісторыі. Полчышчы татара-манголаў абрынуліся на яе землі. У 1223 г. на р.Калцы сышліся на першую бітву татара-манголы і аб’яднаныя сілы рускіх і полаўцаў. Мужна змагаліся воіны галіцкага, валынскага і іншых княстваў. Аднак полаўцы нечакана кінуліся ўцякаць і змялі рускія палкі. Мангольскія войскі перайшлі ў наступленне і разбілі рускіх. На Калцы Русь пацярпела паражэнне па прычыне сваёй раздробленасці. Але і ворагі, не маючы сіл, не рызыкнулі ісці на Кіеў і пайшлі на Усход.

Трынаццаць гадоў спатрэбілася захопнікам для пыдрыхтоўкі іх нашэсця на Еўропу. З 1236 па 1240 г. татара-манголы з мячом і агнём прайшлі праз землі Паўночна-Усходняй Русі, разбурылі Разань, Маскву, Уладзімір, Суздаль і іншыя гарады. Яны рушылі да Вялікага ноўгарада, але дабрацца туды не змаглі. Гераічна абараняўся Смаленск, які прымусіў заваёўнікаў павярнуць на поўдзень. Татара-манголы як саранча прайшлі праз землі Паўднёвай Русі, захапілі і фактычна знішчылі Кіеў – “маці гарадоў рускіх”, валынскія і галіцкія гарады. Сотні тысяч людзей былі забіты альбо ўзяты ў палон. 1240 г. – год узяцця Кіева – лічыцца пачаткам татара-мангольскага іга на Русі, якое доўжылася 240 гадоў.

Расколатая на княствы і ўдзелы, якія часта ваявалі паміж сабой, Русь не змагла аб’яднаць сілы і даць арганізаваны адпор чужынцым. Калі б аб’ядналіся дружыны ўсіх рускіх князёў, то сабраліся б больш за 100 тыс. воінаў. Такое войска напэўна разбіла б ворага. Але, як пісаў летапісец, у розныя бакі глядзелі баявыя харугвы рускіх князёў. Амаль бесперапынна ваявалі між сабой князі валынскія і чарнігаўскія, суздальскія і смаленскія, полацкія і мінскія; не сціхалі заўзятыя сваркі князёў з баярамі Вялікага Ноўгарада і Пскова.

Разам з тым цаной велізарных страт рускі народ абяскровіў сілы татара-манголаў і пазбавіў іх магчымасці ажыццявіць свае планы заваявання Заходняй Еўропы. Пасля некалькіх бітваў у Польшчы, Чэхіі і Венгрыі яны вярнуліся на Русь і ў нізоўях Волгі заснавалі сваю дзяржаву – Залатую Арду.

Беларускія землі засталіся ў баку ад асноўнага напрамку руху татара-манголаў на захад. Яны не абкладаліся данінай і не ведалі ардынскіх нукераў (дружыннікі мангольскай феадальнай знаці ў ХІІ – ХІІІ стст.) і баскакаў (прадстаўнікі мангольскага хана ў заваяваных землях Русі ў ХІІІ–ХIV стст., якія ажыццяўлялі кантроль за мясцовымі ўладамі). Праўда, летапісы адзначаюць разбурэнне войскамі Батыя Брэста ў 1240 г., паведамляюць, што некаторыя гарады Паўднёвай Беларусі былі абкладзены данінай. Маюцца звесткі аб бітвах з татара-манголамі ў нізіне р.Прыпяць, пад Мазыром. Татара-мангольскія набегі на заходнерускія землі адбываліся ў 1258, 1275, 1277, 1287, 1315, 1325, 1338 гг.








Дата добавления: 2015-08-14; просмотров: 1419;


Поиск по сайту:

При помощи поиска вы сможете найти нужную вам информацию.

Поделитесь с друзьями:

Если вам перенёс пользу информационный материал, или помог в учебе – поделитесь этим сайтом с друзьями и знакомыми.
helpiks.org - Хелпикс.Орг - 2014-2024 год. Материал сайта представляется для ознакомительного и учебного использования. | Поддержка
Генерация страницы за: 0.006 сек.