І паляўніцтвазнаўства
Азначэнне біялогіі лясных звяроў і птушак
Назва дысцыпліны даволі складаная: «Біялогія лясных звяроў і птушак з асновамі паляўніцтвазнаўства». У першай частцы назвы вызначана біялогія звяроў і птушак. Па сутнасці гэта раздзел біялогіі, а дакладней заалогіі ў яе прыкладным кірунку. Вывучаецца біялогія звяроў і птушак, у якіх стацыя, альбо ключавы біягеацэноз, уключае лес, часткай якога яны з’яўляюцца, а таксама тых, што насяляюць бязлесную прастору, але адносяцца да паляўнічых відаў. Гэты раздзел біялогіі займаецца экалогіяй і эталогіяй звяроў і птушак, тэарэтычным абгрунтаваннем і распрацоўкай практычных мерапрыемстваў па ахове, рацыянальным выкарыстанні і ўзнаўленні фауны лесу. Праведзеныя даследаванні і вынікі, якія ўжо атрыманы, паказваюць, як у працэсе свайго жыцця птушкі і звяры ўступаюць у цеснае ўзаемадзеянне не толькі адзін з адным, але і з іншымі жывёламі, а таксама з расліннасцю, глебай, рэльефам, кліматычнымі ўмовамі і астатняй нежывой прыродай.
Акаляючае звяроў і птушак асяроддзе называюць асяроддзем пражывання. Вылучаюць біятычныя (біялагічныя) і абіятычныя (фізічныя) фактары навакольнага асяроддзя. Да першых адносяцца расліннасць, мікраарганізмы і іншыя істоты, да другіх – тэмпература, святло, вільготнасць, глеба і іншыя. Асаблівае месца па ўплыве на лясных звяроў і птушак адводзіцца дзейнасці чалавека (антрапагенны фактар). Зараз ён часта адыгрывае вызначальную ролю ў існаванні звяроў і птушак (суцэльныя высечкі лесу, пажары па віне чалавека, гідратэхнічная меліярацыя і г.д.).
Даследаваннем жыцця асобных відаў і груповак жывёл (а таксама раслін) у іх залежнасці ад асяроддзя пражывання і ўзаемадзеяння арганізмаў паміж сабой займаецца асобная галіна біялогіі – экалогія, на ведах якой грунтуецца разглядаемая дысцыпліна. Вывучэнне экалогіі жывёл не толькі дазваляе зразумець іх біялагічныя асаблівасці ў сувязі з умовамі існавання, але і дае ў рукі чалавека навукова абгрунтаваныя звесткі, неабходныя для ажыццяўлення планавых мерапрыемстваў па перабудове жывёльнага свету ў сувязі з неабходнасцю абагачэння паляўнічай фауны. Экалагічны падыход вельмі жыватворчы пры вывучэнні жыцця лясных звяроў і птушак, таму што ў лесе надзвычай выразна бачна глыбокая ўзаемная сувязь паміж жывёламі, якія яго насяляюць, расліннасцю і астатнімі фактарамі асяроддзя.
Карыфей рускага лесаводства Г.Ф. Марозаў. пісаў, што «лес не ёсць толькі супольніцтва дрэвавых раслін, ён уяўляе сабой супольніцтва больш шырокага парадку: у ім не толькі расліны прыстасаваны адна да другой, але і жывёлы, і ўсё гэта знаходзіцца пад уплывам вонкавага асяроддзя» (1912). У адпаведнасці з гэтым экалогія даследуе жыццё і ўмовы існавання як асобных відаў жывёл і іх папуляцый, а так і жывёльна-раслінныя супольніцтвы, альбо біяцэнозы, прыстасаваныя да аднародных участкаў мясцовасці – біятопаў. Жывёлы, якія ўваходзяць у той ці іншы біяцэноз, цесна звязаны паміж сабой, з расліннасцю, мікраарганізмамі і неарганічнымі элементамі асяроддзя. Гэтае ўзаемадзеянне праяўляецца галоўным чынам у трафічных і прасторавых сувязях, апошнія абумоўлены сумесным пражываннем відавых папуляцый на агульнай тэрыторыі.
Узаемадзеянне членаў біяцэнозаў узнікла паступова ў выніку працяглага адначасовага гістарычнага развіцця ўсіх арганізмаў, што складаюць лясное супольніцтва, і раней за ўсё раслін і жывёл, у тым ліку звяроў і птушак. Гэтая сумесная эвалюцыя прывяла да ўзнікнення вялізнага комплексу відаў жывёл, спецыяльна прыстасаваных да жыцця ў дрэвавых фітацэнозах. Само вонкавае аблічча такіх жывёл, спосабы руху, характар харчавання і іншыя рысы наглядна сведчаць пра тое, што яны ўяўляюць пэўныя жыццёвыя формы, ці прыстасаваныя тыпы, арганічна звязаныя з уласцівымі ім стацыямі. Дастаткова паглядзець сярод птушак на дзятла, попаўзня, сініцу, крыжадзюба, арэхаўку, глушца, арабака і іншых; сярод смактуноў – на вавёрку, лясную куніцу, лася, арэшнікавую соню, каб пераканацца, што яны – карэнныя насельнікі лесам, цалкам да яго прыстасаваныя і не могуць існаваць па-за лесам, ці насадамі дрэў.
Другая група тыповых лясных жывёл непасрэдна не звязана з дрэвавай расліннасцю ў адносінах харчавання, але знаходзіцца ў цеснай залежнасці ад умоў пражывання, якія ўтвараюцца лесам. Таму яны таксама належаць да асноўных членаў жывёльнага свету лесу (дробныя птушкі, рысь і іншыя).
Нарэшце, сярод насельнікаў лесу шмат смактуноў і птушак (лісіца, воўк, гарнастай, лясны тхор, сіваграк, удод і іншыя), якія распаўсюджаны і ў іншых ландшафтах, але пастаянна селяцца ў лесе, часта там шматлікія, ці з’яўляюцца перыядычна ў час сезонных вандровак.
Лясное паляўнiцтвазнаўства – гэта навука пра рацыянальнае вядзенне лесапаляўнiчай гаспадаркi. У яе кампетэнцыю ўваходзiць увесь пералiк праблем, якiя ўзнiкаюць пры распрацоўцы стратэгii кiравання i выкарыстання паляўнiчых рэсурсаў ад iх iнвентарызацыi i ацэнкi да найбольш мэтазгодных нормаў, тэрмiнаў i спосабаў эксплуатацыi папуляцый жывёл i формаў рэалiзацыi прадукцыi палявання. Пастаянна лясное паляўнiцтвазнаўства абагачаецца за кошт даследаванняў, якiя выкананы ў галіне бiялогii i экалогii паляўнiчых жывёл i з’яўляюцца яго тэарэтычнай асновай. У сiстэме падрыхтоўкi спецыялiстаў-лесаводаў лясное паляўнiцтвазнаўства разам з ведамi па бiялогii лясных звяроў i птушак паказвае месца жывёльнага свету ў лясных экасiстэмах, узаемны ўплыў жывёл i астатнiх кампанентаў лесу, вучыць, якiм чынам спалучаць вырошчванне высокапрадукцыйных фітацэнозаў i магчыма вялiкую здабычу паляўнiчых жывёл.
Веды ў галіне біялогіі лясных звяроў і птушак пастаянна папаўняюцца і паглыбляюцца. Яны служаць асновай для паляўніцтвазнаўства, мэта якога – граматнае невычарпальнае выкарыстанне жывёльнага свету і ў першую чаргу паляўнічых звяроў і птушак. Прырода забяспечвае тэарэтычна і практычна магчымасць выкарыстання паляўнічага ўраджаю (штогадовага прыросту жывёл). Біялогія лясных звяроў і птушак тэарэтычна забяспечвае парадак і характар вырошчвання гэтага ўраджаю. Падобна таму лесаводства вывучае і паказвае, як тэарэтычна вырасціць лепшы ўраджай драўніннай масы.
Такім чынам, вызначэнне паляўніцтвазнаўства можна акрэсліць наступнай фармулёўкай: навука пра паляванне і паляўнічую гаспадарку, ахову, абагачэнне і рацыянальнае выкарысстанне паляўнічай фауны, якая даследуе паляўнічыя ўгоддзі, распрацоўвае метады ўліку звяроў і птушак, сродкі і спосабы іх здабычы, займаецца паляўнічым таваразнаўствам і іншымі пытаннямі.
Дата добавления: 2016-08-07; просмотров: 524;