Агульная характарыстыка афіцыйна-справавога стылю
Афіцыйна-справавы стыль абслугоўвае афіцыйна-справавую, канцылярскую, юрыдычную, дыпламатычную сферы грамадскай дзейнасці чалавека. Рэалізуецца ён у дзяржаўных дакументах, указах, дагаворах, законах і кодэксах, актах, даверанасцях, пратаколах, аб’явах, заявах, справаздачах, канвенцыях, дэкларацыях, камюніке і інш. Вылучаюць наступныя падстылі: заканадаўчы, адміні-страцыйна-канцылярскі, дыпламатычны.
Разгледзім асаблівасці афіцыйна-справавога стылю:
1. Паўната і своечасовасць інфармацыі, дакладнасць і лаканізм фармулёвак (гранічна дакладна адлюстраваць звесткі, якія маюць прававую сілу) – інфармацыйнасць.
2. Нейтральны тон выкладання (асобасны, суб’ектыўны момант адсутнічае). Не выкарыстоўваецца эмацыянальна-экспрэсіўная лексіка, размоўная, жаргонная. Выкарыстоўваюцца сродкі лагічнай, а не эмацыянальна-экспрэсіўнай ацэнкі сітуацыі – аб’ектыўнасць.
3. Дакладнасць інфармацыі дасягаецца перш за ўсё праз ужыванне спецыяльнай тэрміналогіі (у справавым маўленні тэрміны распаўсюджаны вельмі шырока), а таксама агульналітаратурных слоў у першым прамым значэнні з мэтай выключэння любых іншых тлумачэнняў. Афіцыйна-справавы стыль функцыянуе ў пісьмовай форме, таму асабліва важна, каб не было двухсэнсоўных і расплывістых фармулёвак.
4. Высокая частотнасць моўных формаў у тэксце дакумента з’яўляецца вынікам агульнай рэгламентацыі формы дакументаў. Галоўная прычына гэтай з’явы – свядомая ўстаноўка на стандартызацыю мовы справавых зносін.
5. Уніфікацыя мовы справавых зносін заключаецца ў скарачэнні неапраўданай разнастайнасці дакументаў, прывядзенні іх да аднастайных формаў, структуры, моўных канструкцый.
Усе вышэйпералічаныя асаблівасці афіцыйна-справавога стылю патрабуюць ужывання спецыяльных моўных сродкаў пры афармленні справавых папер і дакументаў.
Вось прыклад афіцыйна-справавога тэксту:
У вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі прымаюцца грамадзяне РБ, якія пражываюць у Беларусі і маюць сярэднюю адукацыю: на дзённае навучанне ва ўзросце да 35 гадоў, на навучанне без адрыву ад вытворчасці – без абмежавання ва ўзросце.
Дата добавления: 2015-09-11; просмотров: 2501;