Лексічны склад навуковага стылю

У аснове любога навуковага твора знаходзіцца агульнаўжывальная лексіка. Усе словы ўжываюцца ў іх прамым прадметным сэнсе, вялікая колькасць службовых слоў (прыназоўнікаў і злучнікаў) забяспечвае лагічныя сувязі паміж асобнымі сказамі і часткамі тэксту. Між тым у лексічным складзе навуковага стылю трэба вызначыць і істотныя асаблівасці.

У лінгвістыцы прынята наступная класіфікацыя навуковай лексікі:

– нетэрміналагічная, якая аб’ядноўвае словы з адцягненымі, абагульняльнымі значэннямі;

– агульнанавуковая, якая ўжываецца ў розных сферах навукі;

– уласна тэрміналагічная – сукупнасць спецыяльных назваў з розных галін навукі і тэхнікі;

– сродкі лагічнай сувязі ў тэксце ці сувязуючыя сродкі, якія прадстаўлены рознымі тыпамі злучнікаў і злучальнымі словамі.

Агульнанавуковая лексіка стварае лексічнае акружэнне тэрмінаў і прадстаўлена словамі і словазлучэннямі, большая частка якіх можа быць і мнагазначнай у агульнай мове: напрыклад, у матэматыцы “дадаць” мае значэнне “плюс”, а ў агульнай мове “дадаць” – “дапоўніць”, “прыбавіць” або “заўважыць”, “лічыць”, “дапусціць”. Належыць звярнуць увагу і на такія словы, як існаваць, функ-цыянаваць, ствараць абумоўліваць, вызначаць, прадстаўляць і г.д.

Найбольшую адметнасць навуковага стылю складае сістэма моўных сродкаў, якая адлюстроўвае спецыфіку навукова-даследчай працы. Гэта перш за ўсё выкарыстанне тэрмінаў, характэрных розным галінам ведаў. Вялікую ролю ў тэрміналагічнай лексіцы займае міжнародная тэрміналогія, інтэрнацыянальныя тэрміны, што сведчыць аб адасобленасці сродкаў навуковага стылю ад агульнаўжывальнага лексічнага складу мовы.

Тэрміналагічная лексіка займае вялікае месца ў навуковых тэкстах, што абумоўлена яе функцыянальным прызначэннем: тэрміны ўтрымліваюць інфармацыю значна большую, чым іншыя лексічныя адзінкі.

Тэрмін (ад лац. Terminus –‘канец, мяжа’) – гэта спецыяльнае слова ці спалучэнне слоў, створанае для дакладнага выражэння спецыяльных паняццяў і абазначэння спецыяльных прадметаў, напрыклад: дэпазіт – грошы або каштоўныя паперы, якія ўносяцца ў крэдытную ўстанову для перадачы іх крэдытору або іншай асобе.

Як адзначаюць мовазнаўцы, у тэрмінах заключаецца максімальна дакладнае, канцэнтраванае эканамічнае выражэнне тых агульных і прыватных паняццяў, з якімі спалучаецца навуковая і тэхнічная дзейнасць чалавека.

Слова тэрміналогія мае два асноўныя значэнні: 1) сістэма тэрмінаў адной галіны навукі, тэхнікі, мастацтва; 2) сукупнасць усіх тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі, мастацтва. Так, можна гаварыць аб біялагічнай, матэматычнай, лінгвістычнай, медыцынскай, сельска­гаспадарчай, эканамічнай і іншых тэрміналогіях.

Тэрміналагічныя сістэмы розных галін навукі і тэхнікі, нягледзячы на іх адрозненні, маюць агульныя рысы, паколькі складаюцца з лексічнага матэрыялу той мовы, на якой гавораць вучоныя, і з выкарыстаннем некаторых лагічных заканамернасцей.

У адрозненне ад агульнаўжывальных слоў, тэрміны належаць навуковаму стылю, у той час як агульнаўжывальныя словы маюць міжстылёвы характар.

Адзначым, што ў слоўніках навуковыя тэрміны пазначаюцца спецыяльнымі паметамі паводле пэўнай навукі: батаніка (бат.), хімія (хім.), медыцына (мед.) і інш.

Тэрміны адрозніваюцца ад агульналітаратурных слоў наяўнасцю спецыфічных рысаў.

1. Словы агульнай лексікі засвойваюцца людзьмі па меры іх авалодвання мовай. Тэрміны патрабуюць спецыяльных ведаў і падрыхтоўкі ў пэўнай галіне навукі, тэхнікі, культуры. Напрыклад, тэрміны біягенез, безнасенныя, водарасці эўгленавыя, страбіляцыя павінны быць вядомы тым, хто вывучае біялогію.

2. Адназначнасць тэрміна (у межах свайго тэрміналагічнага поля). Кожны тэрмін павінен абазначаць толькі адно паняцце ў навуцы ці тэхніцы.

3. Сістэмнасць – кожны тэрмін з’яўляецца адзінкай пэўнай тэрміналагічнай сістэмы, якая абмежавана адной галіной навукі; толькі ў межах гэтай сістэмы тэрмін выяўляе сваю сутнасць.

4. Адсутнасць канатацый – лексічнае значэнне тэрміна не павінна ўтрымліваць эмацыянальнасць, ацэначнасць, экспрэсію.

Тэрміналогія пэўнай навукі – гэта штучна створаны лексічны пласт, кожная адзінка якога мае пэўныя абмежаванні для свайго ўжывання і аптымальныя ўмовы для свайго існавання і развіцця. Сярод тэрмінаў выдзяляюць два віды – агульнанавуковыя тэрміны і вузкаспе-цыяльныя. Спецыяльныя тэрміны, як правіла, адназначныя як у спецыяльным тэксце, так і ў агульнай мове (атам, сінус, малекула, валентнасць, каэфіцыент).

У межах пэўнай тэрмінасістэмы тэрміны могуць уступаць у сінанімічныя і антанімічныя адносіны. Напрыклад: намінальная цана – намінал, дэфіцыт – недахоп; пасіў – актыў, баланс – дысбаланс.

Словы-тэрміны падзяляюцца ў залежнасці ад часціны мовы на назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы, прыслоўі. Сярод словазлучэнняў-тэрмінаў выдзяляюць свабодныя (сельскагаспадарчая вытворчасць, рынак збыту) і несвабодныя (рухавік унутранага згарання, кантрольны пакет акцый).

Паводле паходжання тэрміналагічная лексіка неаднародная: яна складаецца з розных пластоў уласных і іншамоўных слоў. Пры ўсёй разнастайнасці крыніц фарміравання беларускай тэрміналогіі ў розныя гістарычныя перыяды развіцця беларускай мовы галоўнай крыніцай стварэння новых тэрмінаў і папаўнення галіновых тэрміналагічных сістэм з’яўляецца лексічная і словаўтваральная сістэма агульналіта-ратурнай беларускай мовы. Выкарыстанне лексічных сродкаў нацыянальнай мовы пры стварэнні тэрмінаў адбываецца перш за ўсё шляхам ужывання агульналітаратурных слоў у тэрміналагічным значэнні: венчык, вільгаць, гук, сцябло, пялёстак, ціск, цыбуліна і г.д. Агульналітаратурныя словы беларускай мовы вызначаюцца шырокімі словаўтваральнымі магчымасцямі, што спрыяе павелічэнню ўдзельнай вагі лексікі нацыянальнай мовы ў складзе тэрміналогіі: вільготнасць, вільгацеўстойлівасць; гукаправоднасць, інфрагук; святло, святлачулы. У складзе навуковай беларускай тэрміналогіі прысутнічаюць таксама тэрміны cтарабеларускай мовы: дзяржава, збожжа, скарга, скарбнік, мытня і інш.

Паколькі на працягу ўсёй гісторыі фарміраванне беларускай тэрміналогіі адбывалася ва ўмовах кантактавання з іншымі мовамі, то вялікая частка тэрмінаў у розных галінах навукі з’яўляецца запазычанай. У складзе розных тэрмінасістэм беларускай мовы выкарыстоўваюцца запазычанні з лацінскай мовы – аўдытар, аўкцыён, актава, інфляцыя, камерцыя і інш.; з грэчаскай мовы – аналогія, гіпатэнуза, дыялог, стратэгія; з нямецкай – біржа, валюта, бухгалтар, гільза, дызель; з французскай – акцыя, баланс, бюджэт, фінансы; з польскай – кошт, каштарыс, рэнта і г.д. Апошнім часам вялікая колькасць запазычанняў адбываецца з англійскай мовы – афшор, дэмпінг, супермаркет, менеджмент, маркетынг, рыэлтар, чартар і г.д.

Вялікая частка запазычаных слоў з’яўляецца інтэрнацыяналізмамі, якія прыйшлі ў еўрапейскія мовы з лацінскай ці грэчаскай моў і не пе-ракладаюцца на рускую, беларускую і іншыя мовы. Гэта словы з суфіксамі: -тар, -тор, -ёр-, -ент, -ант-, -он, -ён, -аж, -іст, -ізм, -лог, -дыя і інш. (бухгалтар, камп’ютар, транспарцёр, рацыён, кампанент, дыпламант, вітраж, сацыяліст, спецыяліст, рацыя, дэлегацыя, прадукцыя, сацыялізм і г. д.). Словы, якія пачынаюцца на: ды-, дэ-, ты-, тэ-, бі-, дыя- (дыплом, дынама, дэкрэт, дынастыя, бінокль, тыраж, тып, тэорыя, тэма). Словы, у якіх прысутнічае літара ф, неўласцівая беларускай мове (форма, фестываль, фабрыка, фота і г.д.), спалучэнне галосных іё, ія, ыя (біёлаг, сацыяльны, ініцыятыва, піянер і г.д.). Словы, якія маюць прыстаўкі: віцэ-, экст-, суб-, унтэр-, супер-, архі- і г.д. У якасці састаўных частак выкарыстоўваюцца і іншамоўныя элементы тыпу –лог-, -логія-, мікра-, геа-, -фон- і інш.

У колькасных адносінах у тэкстах навуковага стылю тэрміны пераважаюць над іншымі відамі спецыяльнай лексікі.

 








Дата добавления: 2015-09-11; просмотров: 1980;


Поиск по сайту:

При помощи поиска вы сможете найти нужную вам информацию.

Поделитесь с друзьями:

Если вам перенёс пользу информационный материал, или помог в учебе – поделитесь этим сайтом с друзьями и знакомыми.
helpiks.org - Хелпикс.Орг - 2014-2024 год. Материал сайта представляется для ознакомительного и учебного использования. | Поддержка
Генерация страницы за: 0.005 сек.