Характарыстыка мастацкага стылю
Мастацкі стыль займае асобнае месца ў мове. Выкарыстоўваецца ў эстэтычнай сферы зносін, абслугоўвае патрэбы духоўнага жыцця грамадства. Гэтым стылем пішуцца літаратурныя творы розных жанраў: апавяданні, аповесці, раманы, вершы, паэмы, п’есы. Асноўная яго функцыя – эстэтычнае ўздзеянне на чытача і слухача праз мастацкія вобразы. Разнастайная інфармацыя, суб’ектыўнасць паняццяў, унутраная іманентная логіка вымагаюць дасканалага і ў той жа час разнастайнага выбару моўных сродкаў, а таксама актыўнага ўзаемадзеяння такіх спецыфічных асаблівасцей мовы, як полісемія, сінанімія, перанос значэння і г.д. У мастацкім стылі ўсе пласты лексікі з яе прамымі і пераноснымі значэннямі, экспрэсіўна-эмацыянальнымі афарбоўкамі, усе сродкі граматыкі і асабліва сінтаксісу, багатая фразеалогія беларускай літаратурнай мовы і нават розныя нелітаратурныя моўныя адзінкі (дыялектызмы, жарганізмы і інш.) эстэтычна матываваныя і індывідуальна рэалізаваныя.
Гэты стыль вызначаецца вобразнасцю, эмацыянальнасцю, экспрэсіўнасцю і выразнасцю, сродкі выражэння якіх самыя разнастайныя.
Дзень быў лагодны, ціхі. Сонца ўжо даўно мінула поўдзень. Прыпарвала. На далёкім захадзе, з-за зубчастых пералескаў, выплывалі, як мядзяныя горы, клубястыя хмары, пафарбаваныя сонцам у чырванаваты колер. Як прыгожа і велічна выступалі яны над краем зямлі, уздымаючыся ўсё вышэй і вышэй! У іх звілістых клубках, у невыразных абрысах таілася магутная сіла зямлі і сонца, гатовая рушыць на мірныя нівы, лясы і даліны стрэлы маланак і рэкі дажджу. Зрэдку павяваўшы ветрык зусім супакоіўся. Настала вялікая цішыня. Быў нават нейкі неакрэслены страх у гэтай нязвыклай цішыні (Паводле Я. Коласа).
Дата добавления: 2015-09-11; просмотров: 8593;