Запазычаная лексіка ў беларускай мове
Запазычаная лексіка – пэўны пласт слоўнікавага складу беларускай мовы, які фарміраваўся на працягу ўсяго гістарычнага перыяду яе развіцця рознымі шляхамі пры ўзаемадзеянні з іншымі мовамі. Прычыны запазычання слоў – сацыяльна-эканамічныя, дзяржаўна-палітыч-ныя зносіны паміж народамі. Папаўненне лексікі іншамоўнымі словамі адбываецца непасрэдна з моў-крыніц і праз пасрэдніцтва іншых моў двума шляхамі: вусным (у выніку непасрэдных моўных зносін) і пісьмовым (праз кнігі, газеты, афіцыйныя дакументы, пераклады, прыватную перапіску). Адрозніваюць запазычанні з неславянскіх і са славянскіх моў.
Пранікненне запазычаных слоў у беларускую мову пачалося яшчэ ў часы ўсходнеславянскага адзінства. Да даўніх запазычанняў адносяцца ў асноўным словы з неславянскіх моў – з грэчаскай: аладкі, агурок, камедыя, парус, карабель, акіян, маналог, манархія, тэатр, філасофія; літоўскай: клуня, пуня, свіран, жвір, кубел, пуня, рэзгіны, дойлід; цюркскіх моў (пераважна з татарскай): ізюм, баклажан, барабан, кінжал, каравул, алмаз, аршын, атаман, курган, туман, чабан, італьянскай: канцэрт, лютня, піяніна; французскай: марш, тарыф, аташэ, вуаль, вадэвіль, кіно, таксі, тратуар; нямецкай: грунт, фунт, ліхтар, гандаль, кухня, куфель, рахунак, шпіталь, шпік, дрот, друк.
У наш час запазычаная лексіка з неславянскіх моў трапляе ў беларускі слоўнік пераважна праз рускую і польскую, радзей праз чэшскую мову, з грэчаскай праз рускую ці польскую: амністыя, аўтаномія, гегемон, бактэрыя; з лацінскай праз рускую, польскую ці чэшскую: дэкан, капялюш, дэлегат, кангрэс, школа, каляндар; з нямецкай праз польскую ці рускую: ганак, рахунак, слесар, касір, бухгалтар, кошт; з французскай праз польскую і рускую: аванцюра, асамблея, аташэ, дэпо, акампанемент, дырыжор; з англійскай праз рускую: інтэрв’ю, імпарт, лідар, джэм, кекс, пудзінг.
Асноўныя прыметы запазычаных слоў з неславянскіх моў наступныя: грэцызмаў – пачатковыя гукі [а], [э]: акіян, аўтамат, этап, эпоха; зычны [ф] у пачатку слова: філалогія, фантазія; спалучэнні зычных [кс], [ск], [пс], [мп], [мв] у сярэдзіне слова: аксіёма, дыск, эліпс, сімптом, сімвал; прыстаўкі а-, ан- (ана-), анты-, эў-: агамія, ангідрыд, антысептык, эўфемізм; суфіксы -ад(а), -ід(а), -ік(а), -іск-, -ос(-ас): лампада, піраміда, графіка, абеліск, хаос, тэрмас,; лацінізмаў – суфіксы -ум, -ус, -тар, -ент (-энт), -ур(а), -цы(я), -ат: акварыум, конус, аратар, агітатар, дыктатура, градацыя, апарат, гідрат; германізмаў – спалучэнні зычных [шт], [шп] у пачатку слова: штык, штатыў, шпіль; спалучэнне [хт] у сярэдзіне слова: вахта, шахта; канцавая частка – майстар: капельмайстар, хормайстар; запазычанняў з французскай мовы – канцавыя спалучэнні -анс, -ёр, -аж (-яж): сеанс, аванс, суфлёр, багаж, пляж; спалучэнні бю, вю, пю, фю, уа, уэ, лье, нье, цье, сье: бюлетэнь, гравюра, капюшон, фюзеляж, атэлье, віньетка, ранцье, канферансье; канцавыя націскныя [о], [э], [у], [е]: трумо, кашнэ, рагу, філе; запазычанняў з англійскай мовы – канцавыя спалучэнні -ер (-эр), -інг (-ынг): фермер, блюмінг; пачатковае спалучэнне дж: джоуль, джаз.
Значную частку іншамоўных слоў у беларускай мве складаюць запазычанні са славянскіх моў, у асноўным з польскай, рускай і ўкраінскай.
Пранікненне слоў з польскай мовы пачалося яшчэ ў старажытныя часы (прыкладна з другой паловы XVI ст.). Гэты працэс асабліва актывізаваўся ў XVII ст., калі частка беларускіх зямель аказалася ў залежнасці ад Рэчы Паспалітай. Ён працягваўся і ў больш позні час (ХІХ–XX стст.). Асноўныя прыметы паланізмаў – спалучэнні ен (эн), ён (он): енк, парэнчы, наконт, маёнтак; спалучэнне дл: кудлаты; спалучэнне лу паміж зычнымі: слуп, тлусты; зычны [ц] на месцы [ч]: цуд (рус. чудо), цудоўны (рус. чудесный): суфікс -унак: ратунак, падарунак, пацалунак.
Самую вялікую па колькасці слоў групу складаюць запазычанні з рускай мовы. Адны з іх узяты без змен марфемнай будовы: аплот, аказаць; другія – са зменамі марфемнай будовы: адсутнічаць, выключны, плошча, прадаўжальнік; трэція створаны з беларускага моўнага матэрыялу на ўзор адпаведных рускіх слоў: ажыццяўленне – осуществление, абвяржэнне – опровержение, аднагалосны – единогласный, безабаронны – беззащитный.
У выніку цеснага кантакту беларускага народа з украінскім у беларускай мове замацаваліся такія ўкраінізмы, як прыгадаць, бадзёры, журыцца, чубаты, боршч, варэнік, бублік, галушка, гапак, шкаляр. Узбагачэнне беларускай лексікі ўкраінізмамі найбольш інтэнсіўна адбывалася з першай паловы XVII ст. пасля перамяшчэння цэнтра праваслаўнай культуры з Вільні ў Кіеў. Пранікненню ў беларускую мову ўкраінскіх слоў садзейнічалі пісьменнікі, якія паходзілі з Украіны, але стваралі свае творы на беларускіх землях («Казанне пахавальнае» М. Сматрыцкага, 1620). Традыцыі ўкраінскай мовы аказаліся больш устойлівымі ў беларускім народна-гутарковым маўленні, чым у літаратурнай мове: доня – дачка, худоба – жывёла.
Значную частку запазычаных слоў у беларускай мове складаюць інтэрнацыялізмы – словы, аднолькавыя ці блізкія па гучанні і значэнні, пашыраныя не менш чым у трох няроднасных мовах (параўн.: бел. тэатр, ням. Тhеаtеr, англ. theatre, франц. theatre, ісп. tеаtrо, пол. tеаtr, балг. театър, серб. театр. Інтэрнацыянальная лексіка выкарыстоўваецца ва ўсіх стылях сучаснай беларускай мовы, але часцей за ўсё ў навукова-тэхнічнай літаратуры.
Дата добавления: 2015-09-11; просмотров: 10663;