Прадмет і задачы лексікаграфіі
Лексікаграфія (грэч. lexikos – які адносіцца да слова, слоўнікавы і grapho – пішу) – раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца тэорыя і практыка складання слоўнікаў. У практычныя задачы лексікаграфіі ўваходзіць збор, сістэматызацыя, фіксацыя лексічнага матэрыялу, у тэарэтычныя – вызначэнне тыпаў слоўнікаў, прынцыпаў размеркавання слоў у слоўнікавых артыкулах, распрацоўка сістэмы памет і прыёмаў тлумачэння значэння слова. Складанне слоўнікаў выклікаецца разнастайнымі навуковымі, культурнымі і практычнымі патрэбамі: растлумачыць значэнне слоў, іх ужыванне, правапіс, паходжанне, дапамагчы ў авалоданні замежнай мовай і інш.
Загаловачнае слова падаецца ў слоўніках у пачатковай форме: назоўнік – у назоўным склоне адзіночнага ліку, прыметнік, дзеепрыметнік – у назоўным склоне адзіночнага ліку мужчынскага роду, дзеяслоў – у неазначальнай форме і г. д. Размяшчэнне слоў у слоўніку можа быць алфавітным і гнездавым. Параўн. слоўнікавыя артыкулы адных і тых жа слоў у «Беларуска-рускім слоўніку» (Мн., 1991), у якім словы падаюцца ў алфавітным парадку, і «Руска-беларускім слоўніку» (Мн., 1982), у якім выкарыстоўваецца гнездавы спосаб падачы слоў:
Смеціць – сорить, мусорить.
Смецце – сор, мусор.
Смеццевы – сорный, мусорный.
Мусор м смецце, -цця ср; ~ить несов. смецціць, засмечваць; ~ный смеццевы; ~ный ящик скрынка для смецця.
Загаловачнае слова разам са звесткамі пра яго складае слоўнікавы артыкул. У залежнасці ад тыпу слоўніка, прызначэння і структуры даецца сэнсавая, граматычная, стылістычная характарыстыка слова; пераклад на іншую мову, ілюстрацыйны матэрыял, тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні, этымалагічная даведка.
Сэнсавую характарыстыку слова складае яго тлумачэнне. Тлумачэнне праводзіцца апісальна або шляхам лагічнага вызначэння, падборам сінонімаў, устанаўленнем словаўтваральных адносін. Усе значэнні мнагазначнага слова падаюцца ў адным слоўнікавым артыкуле і пазначаюцца арабскімі лічбамі; словы-амонімы – у розных артыкулах.
Граматычная і стылістычная характарыстыкі даюцца шляхам выкарыстання розных памет. У граматычную характарыстыку ўвахо-дзяць назвы часцін мовы, паметы роду, трывання, ліку, асобы і інш. У стылістычную – паметы, якія паказваюць абмежаванае ўжыванне слоў (разм., абл., кніж., уст.), сферу іх выкарыстання (спец., бат., філас.).
Дата добавления: 2015-09-11; просмотров: 2313;