Трансфармацыя эканамічнай сістэмы Беларусі,крызіс і стабілізацыя

У 1993 г. Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь былі прыняты прававыя акты, якія складалі аснову прыватызацыі. Сярод іх – законы “Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб імянных прыватызацыйных чэках”. У чэрвені 1993 г. была зацверджана Дзяржаўная праграма прыватызацыі, якой прадугледжана прыватызацыя 2/3 кошту дзяржаўных асноўных фондаў прадпрыемстваў і арганізацый.

Вярхоўны Савет і ўрад Рэспублікі Беларусь вырашылі правесці прыватызацыю дзяржаўнай маёмасці праз імянныя прыватызацыйныя чэкі “Маёмасць”...

У 2002 г. пачалася прыватызацыя прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу Рэспублікі Беларусь. Кіраўніцтва дзяржавы сфарміравала наступныя прынцыпы прыватызацыі, акцыяніравання гэтых прадпрыемстваў: бяспека краіны, абарона яе інтарэсаў; прыток інвестыцый у мэтах мадэрнізацыі абсталявання, стварэння новых тэхналогій і павышэння прадукцыйнасці працы; захаванне сацыяльнай сферы прадпрыемстваў, поўная занятасць працаўнікоў і стварэнне новых рабочых месц; павелічэнне экспарту прадукцыі за мяжу і забеспячэнне мясцовага рынку таварамі і паслугамі; рост паступленняў у дзяржаўны бюджэт.

Станаўленне рыначных адносін у аграрным сектары эканомікі вызначылі “Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі”, закон “Аб праве ўласнасці на зямлю” і інш. У сярэдзіне 1993 г. у аграрным сектары Беларусі налічвалася 2700 калгасаў і саўгасаў, 2658 фермерскіх гаспадарак і 1 926 400 сельскіх падвор’яў. Плошча выдзеленых зямель для фермерскіх гаспадарак складала 51 956 га, ці 0,5 % усіх сельгас-угоддзяў рэспублікі (у Расіі на долю фермераў прыпадала больш за 3 %, на Украіне – 0,8 % сельгасугоддзяў). Сярэдняя плошча калгасаў і саўгасаў складала 1994 га, фермераў – 19,9, падвор’я – 0,42 га. У ЗША сярэдні памер фермерскай гаспадаркі павялічыўся за апошнія гады са 149 да 190 га. Самыя буйныя фермы ЗША складаюць 4,1 % ад агульнай іх колькасці і даюць 48,8 % валавога прыбытку.

У 1993 г. на кожную фермерскую гаспадарку Беларусі прыпадала па 3,5 чалавекі, у тым ліку 2 працаздольныя работнікі. Амаль 35 % фермерскай зямлі выкарыстоўвалася неэфектыўна. У шэрагу месц ствараліся гаспадаркі практычна натуральнага тыпу.Удзельная вага прадукцыі фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме прадукцыі аграпрамысловага комплексу Беларусі пакуль што нізкая – менш за 1 %, а таварнай прадукцыі – толькі 0,3 %.

У сувязі з недахопам сродкаў і па іншых прычынах фермеры мала будавалі жывёлагадоўчых памяшканняў, сховішч, перапрацоўчых аб’ектаў. Кожны фермер трымаў у сярэднім 3–4 галавы буйной рагатай жывёлы і свіней, 5–6 авечак і коз, што адпавядала звычайнай прысядзібнай гаспадарцы калгасніка. Ураджайнасць збожжавых і бульбы ў фермераў была ніжэйшая, чым у калгасах і саўгасах.

Некаторыя фермерскія гаспадаркі Беларусі перасталі існаваць. Прычынамі таму былі адсутнасць вопыту і дастатковых сельскагаспадарчых ведаў, цяжкасці атрымання крэдыту, неэфектыўнае выкарыстанне зямлі, маральная і фізічная непадрыхтаванасць да цяжкай сельскагаспадарчай працы без водпускаў і выхадных (12–18 гадзін у суткі), сямейныя непаладкі і г.д. Таму курс на хуткі дэмантаж буйной калгасна-саўгаснай вытворчасці і замену яе сялянскай (фермерскай) – палітычная авантура, вельмі небяспечны эксперымент, які можа прывесці да сур’ёзных негатыўных вынікаў.

Структурная перабудова эканомікі, канверсія. Спецыялізаваная і манапалізаваная, з моцным ваенна-прамысловым комплексам эканоміка Беларусі патрабуе ва ўмовах рынку структурнай перабудовы. На рубяжы 80–90-х гадоў урадам рэспублікі былі прыняты меры па стабілізацыі ўнутранага спажывецкага рынку, правядзенні канверсіі і рэарганізацыі работы машынабудаўнічага і хімічнага комплексаў. Доля ваеннай прадукцыі ў агульных аб’ёмах вытворчасці абаронных заводаў да сярэдзіны 1993 г. скарацілася з 70 да 12–13 %. Са 120 прадпрыемстваў, якія ў рознай ступені займаліся вытворчасцю прадукцыі абароннага прызначэння, ваеннымі заказамі забяспечана іх нязначная колькасць. У некалькі разоў скараціўся аб’ём навукова-даследчых і вопытна-канструктарскіх работ, якія фінансаваліся па лініі Міністэрства абароны.

Ажыццяўляючы канверсію, былыя абаронныя заводы перайшлі на выпуск абсталявання і тэхнікі для розных галін гаспадаркі, прадпрыемстваў сувязі, для медыцыны, банкаў і гандлю, а таксама тавараў народнага спажывання.

Пры структурнай перабудове эканомікі Беларусі галоўная ўвага звяртаецца на перавод вытворчасці на энерга- і матэрыялазберагаючыя тэхналогіі, развіццё мясцовай сыравіннай базы і імпартазамяняючай вытворчасці, пашырэнне выпуску канкурэнтаздольнай, навукаёмістай прадукцыі з глыбокай тэхналагічнай перапрацоўкай, павышэнне экалагічнай бяспекі.

Грашова-фінансавая сістэма. Да пачатку 90-х гадоў грашова-фінансавая сістэма СССР будавалася на базе савецкага рубля. Існавала дакладная градацыя абмену гэтага рубля на валюту: афіцыйны курс – прыкладна 60–65 кап. за 1 дол., курс чорнага рынку – прыкладна 10 руб. за 1 дол. Афіцыйны курс адлюстроўваў суадносіны цэн на ўнутраным і знешнім рынку, будаваўся на сапраўднай цане асноўных паліўна-сыравінных тавараў. Напрыклад, 1 т нафты на ўнутраным рынку каштавала 70 руб., на сусветным – 140 дол. Курс чорнага рынку адлюстроўваў ажыятажныя суадносіны цэн на спажывецкія тавары.

Нечакана дзяржава супраць логікі разумнага сэнсу аслабляе кантроль за знешнегандлёвымі аперацыямі і сферай крэдыту, дабравольна адмаўляецца ад кантролю за валютным курсам. Ва ўмовах развалу эканомікі краін СНД, цэнаснай бязмежнасці, гульні біржавых дзялкоў на паніжэнне, разгулу эканамічнай злачыннасці сфарміраваўся спекулятыўны курс долара ў адносінах да рубля, грошы большасці суверэнных дзяржаў, у тым ліку і беларускія рублі, зведзены на нішто.

Ратуючы свае грошы ад абясцэньвання, банкі, прадпрыемствы і насельніцтва пераводзяць іх у валюту іншаземных дзяржаў. Па падліках спецыялістаў навукова-эканамічнага цэнтра “Экон”, у 1994 г. у Рэспубліцы Беларусь купля іншаземнай валюты насельніцтвам у афіцыйна зарэгістраваных абменных пунктах павялічылася ў 73 разы ў параўнанні з папярэднім годам, у 1995 г. – у 22,5 разы. За межамі ЗША цяпер знаходзіцца 2/3 яе валютнага звароту, каля 250 млрд дол., з іх на тэрыторыі Беларусі, па розных ацэнках, ад 2 да 4 млрд дол. Гэта беспрацэнтны таварны крэдыт Рэспублікі Беларусь ЗША. Больш таго, у масе зарубежнага валютнага абароту ЗША сума гадавой інфляцыі складае 50–80 млрд дол. у год. Гэта наш уклад, свайго роду “гуманітарная дапамога” у міжнароднае развіццё ЗША. І нарэшце, з тэрыторыі СНД у зарубежныя банкі штогод накіроўваецца валюта на дзесяткі мільярдаў долараў. Частка яе затым нам выдаецца ў якасці крэдытаў пад працэнты, а з гэтых працэнтаў выплачваюцца дапамога і “прэміі” тым, хто вядзе наша грамадства ў гэтым накірунку (Эканамічная канцэпцыя выхаду рэспублікі з крызісу // Веч. Минск. 1995. 25 сент.).

Эканамічны механізм разграблення краін СНД распрацаваны Агенцтвам міжнароднага развіцця ЗША (Сов. Белоруссия. 1994. 5 дек.). Прынцып яго дзеяння нагадвае пыласос, які ўцягвае ўсе матэрыяльныя прадметы ў ЗША ў абмен на папяровыя доларавыя знакі, а сам працэс – гандаль паперкамі ў абмен на золата, каляровыя металы, нафту і г.д. На выпадак, калі дзяржавы СНД стабілізуюць свае нацыянальныя валюты і пажадаюць вярнуць долары ў ЗША ў абмен на рэальныя тавары, у ЗША ўжо падрыхтаваны долары іншага ўзору.

Стабілізацыя і ўмацаванне беларускай грашова-фінансавай сістэмы адбываецца пры ўдзеле дзяржавы і на аснове пад’ёма эканомікі. У саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі будзе створана адзіная фінансава-грашовая сістэма.

Рэфарміраванне знешнеэканамічнай дзейнасці. На знешнеэканамічную дзейнасць уплывала шматгадовая, аднабаковая арыентацыя Беларусі на патрэбы адзінага народнагаспадарчага комплексу былога СССР, а таксама замкнутая адносна сусветнага рынку рэспубліканская эканоміка. У выніку тэхналагічнай арыентацыі на танную сыравіну быў сфарміраваны вельмі нязручны з пункту гледжання выхаду на сусветны рынак рэсурсаёмісты накірунак развіцця прамысловасці Беларусі. У пачатку 90-х гадоў пастаўкі ў рэспубліку нафты, пракату чорных металаў, стальных труб, сінтэтычнага каўчуку паменшыліся ў 1,5–2 разы, натуральнай воўны – у 3, бавоўны – у 1,5, збожжа – у 1,4 раза. Вострай праблемай з’яўляецца забеспячэнне рэспублікі энерганосьбітамі.

У сувязі з недастатковай канкурэнтаздольнасцю прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў, насычанасцю таварамі сусветнага рынку Беларусь у гады рэформ не толькі не змагла заняць новыя нішы ў сусветнай гаспадарцы, але і згубіла частку сваіх традыцыйных рынкаў. Так, на працягу 1-га квартала 1993 г. у параўнанні з аналагічным перыядам 1992 г. на 13,2 % скараціўся экспарт трактароў, на 37,4 – грузавых аўтамабіляў, на 14 – халадзільнікаў, на 56,1 – тэлевізараў.

Сітуацыя пачала змяняцца да лепшага, пачынаючы з другой паловы 90-х годоў ХХ ст. Экспарт беларускай прадукцыі ў краіны блізкага і далёкага замежжа стаў прыярытэтам дзяржавы. Гандлёвымі партнёрамі Рэспублікі Беларусь сталі Расійская Федэрацыя, іншыя краіны СНД. Падтрымліваюцца эканамічныя сувязі з дзяржавамі і фірмамі Еўропы, Азіі, Афрыкі, Амерыкі. Нямала зроблена з краінамі-партнёрамі для выпрацоўкі механізмаў узаемнай абароны інвестыцый, стварэння добрых умоў для далейшага разгортвання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Разам з тым Міжнародная гандлёвая арганізацыя, Міжнародны валютны фонд, іншыя міжнародныя фінансавыя і эканамічныя арганізацыі, а таксама кіраўнікі некаторых дзяржаў Захаду праводзяць палітыку нераўнапраўнага партнёрства, неэквівалентнага абмену, дыскрымінацыі беларускіх тавараў на сусветным рынку, глядзяць на Рэспубліку Беларусь як на крыніцу таннай рабочай сілы і рынак збыту сваёй прадукцыі.

Сацыяльна арыентаваная рыначная эканоміка і ўзровень жыцця беларускага народа. Сусветнай практыцы вядомы дзве асноўныя мадэлі рыначнай эканомікі: ліберальная і сацыяльна арыентаваная. Важнейшымі прыкметамі ліберальнай мадэлі з’яўляюцца практычна поўнае панаванне прыватнай уласнасці, а ў сацыяльнай сферы дзяржава бярэ на сябе абарону толькі самых сацыяльна абяздоленых груп насельніцтва па самаму нізкаму пражытачнаму мінімуму. Сацыяльна арыентаваная мадэль рыначнай эканомікі дапускае плюралізм форм уласнасці, большую ступень удзелу дзяржавы ў забеспячэнні эфектыўнасці эканомікі, рэгуляванні прыбыткаў насельніцтва і яго занятасці, задавальненні шэрага найбольш значных сацыяльных запатрабаванняў (адукацыя, ахова здароўя, культура і г.д.). Ліберальнай мадэлі рынку прытрымліваліся ў свой час ЗША і Англія, але пачынаючы з 30-х гадоў ХХ ст. яны ўсё больш сталі браць на сябе функцыі па рэгуляванні эканомікі і вырашэнні сацыяльных праблем. Сацыяльна арыентаваная мадэль рынку рэалізавана ў Швецыі, Францыі, Германіі, Японіі і іншых краінах.

. Сёння дабрабыт народа, жыллё і харчаванне з’яўляюцца прыярытэтамі дзяржавы. Рынак насычаны прамысловымі і харчовымі таварамі, а таксама паслугамі. Рост цэн на тавары і паслугі не апярэджвае рост зарабатнай платы. Дзяржава падтрымлівае сацыяльна неабароненыя катэгорыі насельніцтва, захоўвае бясплатную адукацыю і ахову здароўя. Гэта – здабыткі сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі з моцным дзяржаўным рэгуляваннем.








Дата добавления: 2015-08-14; просмотров: 1033;


Поиск по сайту:

При помощи поиска вы сможете найти нужную вам информацию.

Поделитесь с друзьями:

Если вам перенёс пользу информационный материал, или помог в учебе – поделитесь этим сайтом с друзьями и знакомыми.
helpiks.org - Хелпикс.Орг - 2014-2024 год. Материал сайта представляется для ознакомительного и учебного использования. | Поддержка
Генерация страницы за: 0.008 сек.