Народніцкія і сацыял-дэмакратычныя арганізацыі на Беларусі

Пасля падаўлення паўстання 1863–1864 гг. на Беларусi адбыўся рэзкi спад сялянскiх выступленняў i на працягу наступных 40 год сялянскi рух нiколi не дасягаў таго ўзроўню, якi назiраўся на рубяжы 50–60 гг., у час падрыхтоўкi i правядзення рэформы 1861 г. У 1864–1880 гг. рэрiстравалася ў сярэднiм толькi 8–10 сялянскiх хваляванняў штогод. У 80-я гады адбыўся адносны ўздым сялянскага руху (амаль падвоiўся ў параўнаннi з папярэднiм дзесяцiгоддзем), але ў 90-я гады наступiў чарговы спад. Xваляваннi сялян былi паасобнымi i неарганiзаванымi.

Арганiзаваны рэвалюцыйны рух на Беларусi пачаў адраджацца толькi ў сярэдзiне 70-х гг. У той час самым радыкальным накiрункам апазiцыйнай грамадскай думкi ў Расii было народнiцтва. Iдэалагiчна яно грунтавалася на тэорыi сялянскага сацыялiзму, заснавальнiкамi якой былi Герцэн i Чарнышэўскi. Народнiкi верылi ў асаблiвы шлях развiцця Расii. Iм вельмi не падабаўся капiталiзм, якi суправаджаўся пралетарызацыяй дробных уласнiкаў. Народнiкi спадзявалiся, што Расiя мае магчымасць пазбегнуць капiталiстычнай стадыi i абапiраючыся на сялянскую абшчыну, перайсцi адразу да сацыялiзму. Сваiх прыхiльнiкаў народнiцтва знайшло, перш за ўсе, сярод разначыннай iнтэлiгенцыi.

З самага пачатку ў народнiцтве iснавалi дзве плынi – рэвалюцыйная i рэфарматарская. Прадстаўнiкi першай асноўным сродкам дасягнення сваiх мэт лiчылi сялянскую рэвалюцыю i рабiлi ўсе магчымае, каб падштурхнуць сялян да рашучай барацьбы супраць самадзяржаўя i перажыткаў прыгоннiцтва. Памяркоўныя народнiкi хацелi перайсцi да сацыялiзму шляхам паступовага рэфармавання iснуючага ладу Расii. У 70-я – пачатку 80-х гг. найбольш папулярным было рэвалюцыйнае народнiцтва, якое выпрацавала тры праграмы дзеянняў: прапагандысцкую (П.Л. Лаўроў), бунтарскую (М.А. Бакунiн) i змоўнiцкую (П.М. Ткачоў).

Народнiцкi рух на Беларусi быў iдэйна i арганiзацыйна звязаны з агульнарасiйскiм. Сярод вядомых расiйскiх народнiкаў 70-х былi ўраджэнцы Беларусi – М. Судзiлоўскi, С. Кавалiк, I. Грынявiцкi, Р. Iсаеў, К. Брэшка-Брэшкоўская, А. Бонч-Асмалоўскi. У другой палове 70-х – пачатку 80-х у Мiнску, Магiлеве, Гродне, Вiцебску, Пiнску, Оршы, Слуцку i iншых гарадах Беларусi дзейнiчалi народнiцкiя гурткi.

Калi летам 1879 г. пецярбургская арганiзацыя “Зямля i воля” раскалолася на “Народную волю” i “Чорны перадзел”, большасць народнiкаў на Беларусi падтрымала апошннюю, якая прытрымлiвалася старой прапагандысцкай тактыкi. У 1879 i 1880 гг. на Беларусь двойчы прыязджаў лiдэр “Чорнага перадзелу” Г.В. Пляханаў. У Мiнску была арганiзавана цэнтральная падпольная друкарня “Чорнага перадзелу”, якая ў пачатку 1881 г. выпусцiла тры нумары цэнтральнага органа арганiзацыi газеты “Черный передел”, столькi ж нумароў газеты для рабочых “Зерно” i дзве пракламацыi. Мiж тым, “Чорны перадзел” праiснаваў нядоўга, у 1882 г. арганiзацыя распалася. Яе былыя прыхiльнiкi пачалi пераходзiць на пазiцыi “Народнай волi”.

У сваей дзейнасцi нарадавольцы рабiлi стаўку на iндывiдуальны палiтычны тэрор супраць прадстаўнiкоў улады. 1 сакавiка 1881 г. пасля некалькiх няўдалых спроб, яны забiлi Аляксандра II. Бомбу ў цара кiнуў ураджэнец Мiнскай губернi I.Грынявiцкi. Кiраўнiкi “Народнай волi” спадзявалiся, што забойства цара з’явiцца сiгналам да народнага паўстання ў Расii. Аднак нiякага паўстання не адбылося, а рэпрэсii супраць рэвалюцыянераў у хуткiм часе прывялi да знiшчэння цэнтральных i многiх правiнцыйных аргаiзацый “Народнай волi”. Рэвалюцыйнае народнiцтва апынулася ў глыбокiм iдэйна-арганiзацыйным крызiсе. Народнiкi на Беларусi спрабавалi аб’яднацца ў адзiную арганiзацыю. У пачатку 1882 г. у Вiльне была створана “Паўночна-заходняя арганiзацыя “Народнай волi”. Праiснавала яна нядоўга. Ужо ў канцы года палiцыi ўдалося арыштаваць членаў цэнтральнай групы. На Беларусi засталiся дзейнiчаць толькi некаторыя мясцовыя гурткi: ў Гродне, Мiнску, Вiцебску, Пiнску, Магiлеве, Горках.

У першай палове 80-х гг. у Пецярбургу iснавалi гурткi студэнтаў-выхадцаў з Беларусi нарадавольнiцкага i лiберальна-асветнiцкага накiрункаў. Падпольна яны выдалi некалькi публiцыстычных твораў, напiсаных на рускай мове. У 1884 г. члены групы “Гоман” (А.Марчанка, Н.Ратнер i iнш.) выступiлi з iнiцыятывай аб’яднання ўсiх народнiцкiх гурткоў Беларусi. Iмi было выдадзена два нумары гектаграфiчнага часопiса “Гоман” (на рускай мове). Iх iдэалам была вольная ад сацыяльнага i нацыянальнага прыгнету Расiя, пабудаваная на аснове федэрацыi самакiруючых абласцей. Гоманаўцы аб’явiлi сябе “Беларускай сацыяльна-рэвалюцыйнай групай”. Яны мелi сувязi з народнiцкiмi гурткамi Мiнска, Вiцебска, Магiлева, але аб’яднаць усiх рэвалюцыйных народнiкаў Беларосi ў той час не былi здольны.

Як i iншыя арганiзацыi рэвалюцыйнага народнiцтва Расii, беларускiя народнiкi перажывалi значны крызiс. У другой палове 80-х – 90-я гг. пануючым накiрункам у народнiцтве становiцца лiберальны. Лiберальныя народнiкi адмовiлiся ад рэвалюцыйных метадаў барацьбы i галоўную ўвагу звярнулi на рэфармаванне зямельнага заканадаўства з мэтай павялiчыць сялянскае землеўладанне i захаваць абшчыну ў весцы. Гэтым яны спадзявалiся вырашыць аграрную праблему. Разам з тым, беларускiя лiберальныя народнiкi цiкавiлiся гiсторыяй i культурай свайго краю, спрыялi развiццю нацыянальнай самасвядомасцi беларусаў.

Пасля рэформы 1861 г. на Беларусi значна паскорыўся працэс фармiравання класа наемных рабочых. Асаблiвасцi сацыяльна-эканамiчнага развiцця беларускiх губерняў – адсутнасць буйных i перавага дробных рамеснiцкiх прадпрыемстваў з невялiкай колькасцю працуючых на iх рабочых, сялянскае малазямелле i мноства яўрэйскай беднаты ў горадзе – стваралi лiшак рабочай сiлы i пашыралi магчымасцi эксплуатацыi пралетарыяту. Так, заработная плата беларускiх рабочых у параунаннi з агульнарасiйскiмi паказчыкамi канца XIX – пачатку XX ст. была амаль на 1/3 нiжэй. У першыя два дзесяцiгоддзi пасля адмены прыгоннiцтва ўмовы працы рабочых нiяк не рэгламентавалiся, адсутнiчала ўсялякая сацыяльная забяспечанасць. Тым не меньш, выступленняў рабочых на Беларусi было ня шмат. У 70-я гады iх зарэгiстравана 7, у 80-я – 10. Толькi ў 90-я гады назiраецца ўздым стачачнай барацьбы – адбылося ўжо 59 выступленняў, прычым 53 з iх у другой палове. Паступова рабочы рух набывае ўсе большую арганiзаванасць i ў канцы ХIХ ст. вылучаецца ў самастойную плынь.

У гэты ж час iдэалогiя народнiцтва пачынае саступаць месца марксiзму. Першае знаемства з марксiсцкай лiтаратурай адбылося яшчэ ў гуртках народнiкаў. Узнiкненне самастойнага сацыял-дэмакратычнага руху на Беларусi звязана з дзейнасцю польскай партыi “Пралетарыят” (утварылася ў 1882 г.) i асаблiва пляханаўскай групай “Вызваленне працы” (утворана ў 1883 г. у Швейцарыi). У дугой палове 80-х – пачатку 90-х гг. у некаторых гарадах Беларусi былi арганiзаваны гурткi, у якiх вывучалiся працы К. Маркса, Ф. Энгельса i iх паслядоўнiкаў. Першыя марксiсцкiя гурткi на Беларусi былi нешматлiкiя i амаль не звязаныя з масавым рабочым рухам.

Аднак ужо з сярэдзіны 90-х гадоў у сацыял-дэмакратычным руху Расіі адбываюцца значныя змены. Пачынаецца пераход ад вузкай гуртковай прапаганды марксізму да масавай эканамічнай і палітычнай агітацыі. На Беларусі гэтаму пераходу шмат садзейнічала рукапісная брашура А.Крэмера “Аб агітацыі” (1893). У той час сацыял-дэмакратычныя арганізацыі ўжо існавалі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Пінску, Смаргоні, Брэст-Літоўску, Гродне, Ашмянах. Так, у Мiнску ў гэты час аформiлiся дзве сацыял-дэмакратычныя групы. Адну ўзначальвалi Я.Гурвiч i П.Берман. Яны разгарнулi агiтацыю сярод яўрэйскiх рабочых дробнакапiталiстычнай i рамеснай вытворчасцi. Другая група, пад кiраўнiцтвам С. Трусевiча вяла прапаганду на буйных прадпрыемствах Мiнска. У красавіку 1896 г. С. Трусевiч удзельнiчаў у рабоце ўстаноўчага з’езда Лiтоўскай сацыял-дэмакратычнай партыi (ЛСДП) у Вiльнi, але не пагадзiўся з яе сепаратызмам i ў маi 1896 г. стварыў Рабочы саюз Лiтвы (РСЛ), якi аб’яднаў iнтэрнацыянальныя рабочыя арганiзацыi Вiльнi, Мiнска i Смаргонi.








Дата добавления: 2015-08-14; просмотров: 1102;


Поиск по сайту:

При помощи поиска вы сможете найти нужную вам информацию.

Поделитесь с друзьями:

Если вам перенёс пользу информационный материал, или помог в учебе – поделитесь этим сайтом с друзьями и знакомыми.
helpiks.org - Хелпикс.Орг - 2014-2024 год. Материал сайта представляется для ознакомительного и учебного использования. | Поддержка
Генерация страницы за: 0.004 сек.