Аграрная рэформа 1861г.

Дзве галоўныя прычыны абумовiлi адмену прыгоннага права ў Расii: iснаванне прыгоннiцтва стрымлiвала эканамiчнае развiцце дзяржавы; узрастанне антыпрыгоннiцкага руху, перш за ўсе сярод сялянства, пагражала моцным сацыяльным выбухам. Яскравым сведчаннем крызiсу прыгоннiцкай сiстэмы стала Крымская вайна. Расiя не здолела супрацьстаяць высокаразвiтым капiталiстычным краiнам Заходней Еўропы i пацярпела паражэнне. Стала вiдавочна, што прыгоннiцкая сiстэма гаспадаркi значна праiграе капiталiстычнай з яе таварна-грашовымi адносiнамi, рынкам працы i жорсткай канкурэнцыяй, якiя выклiкаюць заiнтэрэсаванасць у вынiках сваей працы, падштурхоўваюць тэхнiчнае развiцце, вядуць да iнтэнсiфiкацыi вытворчасцi, i гэтым паскараюць агульны прагрэс грамадства.

Ва ўрадавых колах у рэшце рэшт зразумелi, што час адмены прыгоннага права наспеў i гэта лепш зрабiць “зверху”. Рэформу вырашана было пачаць з заходнiх губерняў. 20 лiстапада 1857 г. Аляксандр II падпiсаў i накiраваў рэскрыпт (прадпiсанне) на iмя У.І. Назiмава аб заснаваннi ў Вiленскай, Ковенскай i Гродзенскай губернях з прадстаўнiкоў мясцовых памешчыкаў трох губернскiх камiтэтаў i адной агульнай камiсii ў Вiльні для падрыхтоўкi мясцовых праектаў паляпшення быту памешчыцкiх сялян. Крыху пазней падобныя камiтэты былi створаны i ў iншых губернях Расii.

19 лютага 1861 г. Аляксандр II зацвердзiў заканадаўчыя акты (усяго iх было 17), якiя тычылiся адмены прыгоннага права i звярнўся да народа з “Манiфестам”. У адпаведнасцi з “Манiфестам” селянiн адразу атрымлiваў асабiстую свабоду i шэраг грамадзянскiх правоў: ад свайго iмя заключаць розныя грамадзянскiя i маёмасныя пагадненнi, адчыняць гандлёвыя i прамысловыя прадпрыемствы, пераходзiць у iншыя саслоўi. Агульныя “Палажэннi” ўводзiлi новую сiстэму кiравання вескай. Сяляне, якiя жылi на зямлi аднаго памешчыка, складалi сельскую грамаду (абшчыну). На сходзе сельскай абшчыны выбiраўся стараста. Некалькi сельскiх абшчын, якiя адносiлiся да аднаго царкоўнага прыходу, стваралi воласць. На валасным сходзе сельскiя старасты i ўпаўнаважаныя ад кожных 10 двароў выбiралi валасное праўленне, валаснога старшыню i суддзю. Сельскiя i валасныя праўленнi займалiся раскладкай i сборам подацей, выконвалi распараджэннi мясцовых улад, рэгулявалi пазямельныя адносiны сялян, сачылi за парадкам у весцы. За своечасовае выкананне ўсiх павiннасцей сяляне неслi адказнасць на аснове кругавой парукi, а валасны суд дзейнічаў паводле норм i традыцый звычаевага права.

Для непасрэднага правядзення рэформы на месцах стваралiся спецыяльныя органы – павятовыя мiравыя з’езды i губернскiя па сялянскiх справах установы. Кантроль за дзейнасцю гэтых органаў неслi губернатары. Першай iнстанцыяй па ўрэгуляванню адносiн памiж сялянамi i памешчыкамi з’яўлялiся мiравыя пасрэднiкi, якiя выбіраліся з мясцовых дваран і зацвярджаліся сенатам. Асноўным абавязкам мiравых пасрэднiкаў было садзейнiчанне складанню ўстаўных грамат – нарматыўных актаў, дзе вызначалiся пазямельныя адносiны сялян i памешчыкаў. На складанне i падпiсанне ўстаўных грамат адводзiлася два гады.

Пазямельнае ўладкаванне сялян Беларусi ажыццяўлялася на аснове двух мясцовых “Палажэнняў”. У Магiлеўскай i Вiцебскай губернях, дзе захавалася абшчыннае землекарыстанне, устанаўлiвалiся вышэйшыя (ад 4 да 5,5 дзес.) i нiжэйшыя (ад 1 да 2 дзес.) памеры сялянскiх надзелаў. Калi да рэформы ў селянiна зямлi было звыш вышэйшай нормы, то памешчык меў права адрэзаць лiшак на сваю карысць. У Гродзенскай, Вiленскай i Мiнскай губернях iснавала падворнае землекарыстанне. Тут сялянам пакiдаўся iх дарэформенны надзел. Адрэзкi дазвалялася рабiць, калi ў памешчыка заставалася меней 1/3 ўсей зямлi, але сялянскi надзел не мог быць скарочаны больш чым на 1/6 частку.

Да правядзення выкупной аперацыi (на працягу не менш за 9 гадоў) сяляне лiчылiся часоваабавязанымi i за карыстанне атрыманай зямлей павiнны былi адбываць паншчыну або плацiць памешчыку аброк.

Свой палявы надзел зямлi сяляне павiнны былi выкупiць ва ўласнасць. Правiлы выкупной аперацыi былi аднолькавыя для ўсей Расii. Выкупная сума вызначалася праз шасцiпрацэнтную капiталiзацыю гадавога аброку. Напрыклад, калi аброк з сялянскага надзелу складаў 6 рублеў у год, то агульная сума, якую селянiну трэба было заплацiць складала 100 рублеў (6 руб. – 6 %, 100 % – 100 руб.). Ад 20 да 25 % гэтай сумы сяляне плацiлi непасрэдна памешчыку. Астатнюю частку памешчыкi атрымлiвалi ад дзяржавы ў выглядзе каштоўных папер, якiя можна было прадаваць, цi закладваць. У вынiку такой аперацыi сяляне станавiлiся даўжнiкамi дзяржавы i на працягу 49 гадоў павiнны былi выплочваць выкупныя плацяжы разам з працэнтамi за пазыку. Такiм чынам, агульная сума, якую сяляне вымушаны былi заплацiць за зямлю, значна перавышала рыначны кошт гэтай зямлi (на Беларусi – у 3–4 разы). Атрымлiвалася, што сяляне выкупалi не толькi зямлю, але i кампенсавалi памешчыку страту iх уласнасцi над асобай селянiна.

Паўстанняе 1863–1864гг. прымусiла ўрад унеслi iстотныя змены ў ажыццяўленне сялянскай рэформы на Беларусi. Тут уводзiўся абавязковы выкуп сялянскiх надзелаў; спынялася часоваабавязанае становiшча сялян, яны станавiлiся ўласнiкамi; выкупныя плацяжы знiжалiся на 20 %; былi створаны павятовыя паверачныя камiсii для праверкi i выпраўлення ўстаўных грамат; абеззямеленым у 1846–1856 гг. сялянам выдаваўся 3-х дзесяцiнны сямейны надзел, i ў поным аб’еме вярталася зямля, адабраная ў сялян з 1857 г.; у адпаведнасцi з законам 1867 г. дзяржаўныя сяляне на Беларусi пераводзiлiся з аброку на выкуп i станавiлiся ўладальнiкамi сваiх надзелаў.








Дата добавления: 2015-08-14; просмотров: 1340;


Поиск по сайту:

При помощи поиска вы сможете найти нужную вам информацию.

Поделитесь с друзьями:

Если вам перенёс пользу информационный материал, или помог в учебе – поделитесь этим сайтом с друзьями и знакомыми.
helpiks.org - Хелпикс.Орг - 2014-2024 год. Материал сайта представляется для ознакомительного и учебного использования. | Поддержка
Генерация страницы за: 0.004 сек.