Грамадска-палітычны лад Рэчы Паспалітай. Статус ВКЛ у яе складзе.

Рэч Паспалітая была канстытуцыйнай, саслоўнай манархіяй, на чале з выбарным каралём. Заканадаўчым органам быў двухпалатны парламент – каронны сейм, які складаўся з сената (рады) і пасольскай ізбы. У сенат уваходзілі найбольш знатныя феадалы ў колькасці 150 чалавек. Сейм выбіраў каралеўскую раду на два гады. Рада з’яўлялася фактычным кіраўніком дзяржавы. Ніжэйшай палатай Сейма была пасольская ізба, якая складалася з дэпутатаў ад шляхецкіх павятовых сеймікаў. Яны склікаліся за шэсць тыдняў да агульнадзяржаўнага сейма і не толькі выбіралі паслоў на апошні, але і выпрацоўвалі інструкцыі, якія паслы павінны былі праводзіць на каронным сейме. Колькасць дэпутатаў пасольскай ізбы перавышала 200 чалавек.

Вальныя (агульныя) сеймы разглядалі і прымалі пастановы на асобных пасяджэннях сената і пасольскай ізбы. На агульных пасяджэннях у выпадку супадзення пастаноў яны прымаліся і пасля зацвярджэння каралём набывалі сілу закона. Пастановы прымаліся аднагалосна. Група дэпутатаў альбо адзін дэпутат мог сказаць “не дазваляю” і пастанова прыпынялася. Гэта права liberum veto (свабоднае вета) разглядалася як адно з важнейшых “залатых шляхецкіх вольнасцей”.

На чале выканаўчай улады стаяў кароль, пры абранні якога таксама захоўвалася права вета. Кароль узначальваў сенат, “паспалітае рушэнне”, склікаў сеймы, прызначаў на вышэйшыя ўрадавыя пасады. Улада караля была абмежавана “залатымі шляхецкімі вольнасцямі”. У 1573 г. у час абрання Генрыха Валуа, былі распрацававны “Генрыхавы артыкулы”, згодна з якімі кароль траціў права без згоды сейма ўстанаўліваць новыя падаткі і пошліны, склікаць агульнае апалчэнне і г.д. Калі кароль дзейнічаў насуперак праву і сваім абавязкам, то шляхта мела права не падпарадкоўвацца каралю і выступіць супраць яго. Гэта права шляхта ажыццяўляла шляхам склікання канфедэрацыі (саюзаў узброенай шляхты) ці “рокашы” – узброенага паўстання супраць караля. Свабоднае вета і канфедэрацыі былі легальнай формай феадальнай анархіі.

У часы бескаралеўя існавала асобая пасада інтэррэкса, якую звычайна займаў прымас польскай каталіцкай царквы. Ён склікаў сеймы для абрання новага караля.

Рэч Паспалітая з’яўлялася феадальна-прыгоннай дзяржавай. Пануючым класам былі землеўладальнікі: магнаты (паны), сярэдняя і дробная шляхта.

Толькі паны і шляхта мелі права валодаць зямлёй. Шляхціца мог судзіць толькі шляхецкі суд. Шляхта была свабодная ад пабораў. Адзінай павіннасцю яе з’яўлялася вайсковая служба.

У склад пануючага класа ўваходзіла і духавенства, якое валодала велізарнай зямельнай маёмасцю. Духавенства збірала дзесяціну з каралеўскіх і шляхецкіх маёнткаў. Прадстаўнікі вышэйшага кліру ўваходзілі ў склад сената.

Польская праграма уніі мела на мэце стварэнне унітарнай дзяржавы і ВКЛ адводзілася роля правінцыі Рэчы Паспалітай. Аднак, справа ў тым, што ў люблінскім акце былі закладзены супярэчнасці, якія дапускалі магчымасць будавання як унітарнай, так і федэратыўнай ці канфедэратыўнай дзяржавы. Захоўваліся тытулы “Вялікага княства Літоўскага” і “вялікага князя літоўскага”, дзейнічаў амаль не парушаны апарат дзяржаўнага кіравання, меліся свой “скарб”, дзяржаўная пячатка, сваё войска і свой звод законаў – Літоўскі Статут.

Узаемаадносіны паміж дзяржавамі не спрыялі ўтварэнню унітарнай дзяржавы. Напярэдадні Люблінскай уніі Жыгімонт ІІ Аўгуст абяцаў дапамогу ў вайне, але каронны сейм у 1573 годзе выдаў пастанову аб вядзенні Лівонскай вайны на сродкі ВКЛ.

Пасля Люблінскай уніі ў ВКЛ дзейнічаў генеральны сеймік, які з цягам часу набываў рысы заканадаўчага органа княства. Адрадж.энню заканадаўчай кампетэнцыі спрыялі некаторыя абставіны. Па-першае, сеймік складаўся з сенатараў і паслоў ад усіх зямель княства, што надавала яго пастановам агульнадзяржаўнае значэнне.

Па-другое, у час бескаралеўя ўсе сеймікі Рэчы Паспалітай бралі ў свае рукі і заканадаўчую, і адміністрацыйную, і судовую ўладу. Па-трэцяе, каронны сейм з-за сваёй слабай згуртаванасці і “Liberum veto” паціху ператвараўся ў кангрэс, дзе пытанні не вырашаліся, а абмяркоўваліся. У 1673 годзе сейм ухваліў пастанову: кожны трэці сейм збіраць у Гродне, а не ў Кароне. На сеймах у Гродне маршалкам выбіраўся адзін з мясцовых дэпутатаў. Гэты акт юрыдычна прызнаў існаванне ВКЛ у якасці асобнага дзяржаўнага арганізма.

У ВКЛ захаваўся цалкам адміністрацыйны апарат кіравання. Таксама новы Статут 1588 года не ўспомніў аб Люблінскай уніі. Ён складаўся з 14 раздзелаў і 487 артыкулаў. У трэцім раздзеле абвяшчалася самастойнасць Вялікага княства Літоўскага, недатыкальнасць яго межаў, тэрытарыяльная яго цэласнасць. Статут 1588 года забараняў іншаземцам набываць у княстве землі, маёнткі, пасады. А палякі – уладальнікі падараваных у княстве маёнткаў – павінны былі несці земскую службу, у адваротным выпадку яны трацілі правы на ўладанні. Статут 1588 года заставаўся галоўнай крыніцай права на Беларусі да 1840 года. Але паколькі ВКЛ уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай, то неаднаразова рабіліся спробы прымаць новыя законы, якія пярэчылі нормам статута. Але, нягледзячы на гэта, Статут 1588 года падвёў заканадаўчую аснову пад новыя ўзаемаадносіны паміж княствам і Польшчай.








Дата добавления: 2015-08-14; просмотров: 1377;


Поиск по сайту:

При помощи поиска вы сможете найти нужную вам информацию.

Поделитесь с друзьями:

Если вам перенёс пользу информационный материал, или помог в учебе – поделитесь этим сайтом с друзьями и знакомыми.
helpiks.org - Хелпикс.Орг - 2014-2024 год. Материал сайта представляется для ознакомительного и учебного использования. | Поддержка
Генерация страницы за: 0.003 сек.