Кампазіцыйна-структурная арганізацыя навуковага тэксту

Жанры навуковага стылю – канкрэтныя разнавіднасці навуковых тэкстаў, якія адрозніваюцца па функцыях і структуры, напрыклад, навуковы артыкул, рэцэнзія, рэферат і інш. Гэтыя жанры навуковых тэкстаў аб’яднаны агульнымі ўласцівасцямі, яны з’яўляюцца другаснымі жанрамі (складаюцца на аснове арыгінальных, першасных тэкстаў).

Звычайна пад тэкстам маюць на ўвазе менавіта пісьмовы прадукт маўленча-мысліцельнай дзейнасці чалавека, ён істотна адрозніваецца ад вуснага маўлення. Пісьмовы тэкст максімальна стандартызаваны і ўнармаваны. Кампазіцыйна навуковы тэкст утрымлівае тры часткі: уступную (аглядную), асноўную і заключную (выніковую). Выбар кампазіцыі навуковага тэксту залежыць ад розных фактараў: пастаўленай навуковай задачы, метаду даследавання, навукі, жанру, традыцый, індывідуальнага стылю аўтара.

У жанравых адносінах навуковы стыль з’яўляецца адным з самых разнастайных. Асноўнымі жанрамі навукова-вучэбнага падстылю з’яўляюцца анатацыя, рэферат, канспект, тэзісы.

Рэферат (ад лац. reffere‘дакладваць, паведамляць’) – сціслае, кампазіцыйна арганізаванае, адэкватнае паводле сэнсу выкладанне зместу крыніцы інфармацыі (кнігі, артыкула, даследавання). Мэта рэферата – перадаць асноўную, галоўную інфармацыю, якая ўтрымліваецца ў першасным тэксце, новыя і істотныя звесткі. Рэферат павінен быць інфарматыўным, вызначацца паўнатой выкладання, аб’ектыўна перадаваць змест тэксту (кнігі). Рэферат можа быць рэпрадуктыўным, які ўзнаўляе змест першаснага тэксту, і прадуктыўным, які ўтрымлівае крытычны, творчы аналіз і асэнсаванне тэксту крыніцы.

Сярод рэпрадуктыўных рэфератаў вылучаюць рэферат-канспект і рэферат-рэзюмэ. Прадуктыўныя рэфераты прадстаўлены рэфератам-аглядам (некалькіх тэкстаў або розных пунктаў гледжання) і рэфератам-дакладам, які мае разгорнуты характар і побач з аналізам інфармацыі дае аб’ектыўную ацэнку стану праблемы.

У структуры рэферата кожнага тыпу можна выдзеліць тры асноўныя кампаненты:

– бібліяграфічнае апісанне;

– рэфератыўны тэкст;

– даведачны апарат.

Як і кожны навуковы тэкст, рэферат мае пэўную кампазіцыю:

– уступ (уводзіны), дзе прыводзяцца выхадныя звесткі пра тэкст, інфармацыя пра аўтара, тэма і праблема даследавання;

– пералік асноўных пытанняў і праблем, пра якія гаворыцца ў першакрыніцы, вызначэнне кампазіцыі тэксту;

– аналіз самых важных, на думку аўтара, пытанняў, наяўнасць ілюстрацыйнага матэрыялу;

– агульныя высновы, вынікі па разгледжаных праблемах тексту.

Трэба адзначыць, што мова рэферата ўтрымлівае характэрныя для дадзенага жанру навуковага стылю клішэ, якія выкарыстоўваюцца ў пэўных частках тэксту рэферата (аўтар аналізуе праблему...; далей разглядаецца...; такім чынам, аўтар прыходзіць да высновы, што...).

Анатацыя (ад лац. “аnnotatio” – заўвага) – сціслая характарыстыка тэксту з пункту гледжання зместу, формы і іншых асаблівасцей.

Сутнасць і прызначэнне анатацыі заключаецца ў тым, што яна дае кароткую (сціслую) характарыстыку інфармацыі і адказвае на пытанне, пра што гаворыцца ў тэксце. Анатацыя дае агульнае ўяўленне пра змест твора, можа даваць папярэднюю інфармацыю пра незнаёмы тэкст і тым самым дапамагае ў пошуку і адборы неабходнай інфармацыі.

Вызначаюць наступныя віды анатацый: даведачныя, рэкамен-давальныя, агульныя, спецыялізаваныя, групавыя і інш. Аднак у навуковай дзейнасці найбольшае распаўсюджанне атрымалі даведачныя анатацыі.

Кожная анатацыя мае дзве абавязковыя часткі:

1) бібліяграфічнае апісанне – перад тэкстам анатацыі даюцца выходныя даныя (аўтар, назва, месца і час выдання) у намінатыўнай форме. Гэтыя даныя магчыма ўключаць і ў першую частку анатацыі;

2) тэкст анатацыі. Звычайна анатацыя складаецца з дзвюх частак. У першай частцы фармулюецца асноўная тэма тэксту, артыкула; у другой частцы пералічваюцца (называюцца) асноўныя палажэнні, задачы, робяцца высновы.

Суб’ект дзеяння ў анатацыі звычайна не называецца, таму што ён зразумелы, вядомы з кантэксту; актыўна ўжываюцца пасіўныя канструкцыі. У анатацыі вызначаецца, што новага змяшчае дадзены твор у параўнанні з іншымі. Галоўная памылка пры складанні анатацыі – празмернасць інфармацыі з тэксту, паўторы, неабавязковыя фразы, наяўнасць уласных ацэнак. Анатацыя мае строга лагічную кампазіцыю, кожная частка яе павінна пачынацца з чырвонага радка.

Тэзісы – коратка сфармуляванае асноўнае палажэнне даклада, навуковага артыкула. У тэзісах лагічна і сцісла выкладаецца асноўная думка. Кожны тэзіс, які складае звычайна асобны абзац, асвятляе нейкую мікратэму. Тэзісы з’яўляюцца адным з найбольш устойлівых з пункту гледжання нарматыўнасці жанраў навуковага стылю. Да тэзісаў прад’яўляюцца патрабаванні стылістычнай чысціні і аднароднасці мовы, у іх недапушчальныя эмацыянальна-экспрэсіўныя сродкі, змешванне форм розных жанраў (анатацыі, рэзюмэ, плана і г. д.).

Такім чынам, сферы прымянення навуковага стылю вельмі шырокія і разнастайныя. Апошнім часам з улікам навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ў грамадстве гэты стыль аказвае дастаткова моцны ўплыў на літаратурную мову. Таму кожны спецыяліст павінен добра ведаць навуковую тэрміналогію сваёй спецыяльнасці, умела карыстацца рознымі жанрамі навуковага стылю ў залежнасці ад сітуацый у сваёй прафесійнай дзейнасці.

 

Літаратура

 

1. Булахов, М. Г. Основные вопросы сопоставительной стилистики русского и белорусского языков / М. Г. Булахов. – Минск, 1979.

2. Винокур, Т. Т. Закономерности стилистического использования языковых единиц / Т. Т. Винокур. – М., 1980.

3. Губкіна, А. В. Беларуская мова. Эканамічная лексіка / А. В. Губ-кіна, В. А. Зразікава – Мінск, 2009. – 200 с.

3. Каўрус, А. А. Стылістыка беларускай мовы / А. А. Каўрус. – Мінск, 1960.

4. Каўрус, А. А. Культура слова / А. А. Каўрус. – Мінск, 1983.

5. Ляшчынская, В. А. Беларуская мова. Тэрміналагічная лексіка / В. А. Ляшчынская. – Мінск, 2001.

6. Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў. – Мінск, 1976.

7. Пумпянский, А. Л. Информационная роль порядка слов в научной и технической литературе / А. Л. Пумпянский. – М.: Наука, 1974. – С. 56–65.

8. Розенталь, Д. Э. Практическая стилистика русского языка / Д. Э. Розенталь – М., 1965. – С. 68–69.

9. Справочник-практикум. Культура устной и письменной речи делового человека. Для самообразования. – Минск: Флинта, Наука, 1997.

10. Сямешка, Л. І. Курс беларускай мовы / Л. І. Сямешка, І. Р. Шкраба, З.І. Бадзевіч. – Мінск, 1996.

11. Цікоцкі, М. Я. Стылістыка беларускай мовы / М. Я. Цікоцкі. – Мінск, 1976.

12. Юрэвіч, А. К. Стылістыка беларускай мовы / А. К. Юрэвіч. – Мінск, 1983.








Дата добавления: 2015-12-10; просмотров: 1630;


Поиск по сайту:

При помощи поиска вы сможете найти нужную вам информацию.

Поделитесь с друзьями:

Если вам перенёс пользу информационный материал, или помог в учебе – поделитесь этим сайтом с друзьями и знакомыми.
helpiks.org - Хелпикс.Орг - 2014-2024 год. Материал сайта представляется для ознакомительного и учебного использования. | Поддержка
Генерация страницы за: 0.007 сек.