Актыўная і пасіўная лексіка
Паводле ступені ўжывання лексіка беларускай мовы падзяляецна на актыўную і пасіўную.
Да актыўнай лексікі адносяцца агульназразумелыя шырока-ўжывальныя словы, пашыраныя як у вуснай, так і ў пісьмовай форме мовы. Такіх слоў у беларускай мове большасць: маці, брат, чалавек, час, лета, хлеб, пятніца, чорны, блізка, тут і інш.
Пасіўную лексіку складаюць словы, якія маюць адценне ўстарэласці або навізны. Іх фарміраванне і функцыянаванне звязана з пэўнымі працэсамі ў грамадствё: развіццём навукі, тэхнікі, культуры і мастацтва. З’яўляюцца новыя прадметы, матэрыялы, рэчывы, з’явы, дзеянні – і лексіка беларускай мовы ўзбагачаецца адпаведна іх назвамі: біёніка, смартфон, нетбук, андроід, Інтэрнэт.
Са знікненнем некаторых прадметаў, з’яў, рэчываў, матэрыялаў выходзяць з актыўнага ўжывання і іх назвы. Так, словы аэраплан, імбрычак былі пашыраны ў 20-я гг., а зараз яны заменены новымі словамі-сінонімамі самалёт, чайнік.
Словы, якія выйшлі са штодзённага ўжытку і таму атрымалі назву ўстарэлых, падзяляюцца на гістарызмы і архаізмы.
Гістарызмамі(грэч. historikos – гістарычны) лічацца назвы тых прадметаў, рэчываў, матэрыялаў, з’яў, працэсаў, якія выйшлі з актыўнага ўжытку, сталі «гісторыяй»: ураднік, войт, цівун, асаднік, харунжы, лучына, фальварак. Так, зараз забыты стары звычай у беларускіх паноў аддаваць сыноў у сялянскія сем’і, назва якога – дзядзькаванне – лічыцца гістарызмам.
Архаізмы(грэч. archaios – старажытны) – устарэлыя словы, якія маюць адпаведнікі ў сучаснай беларускай мове, паколькі тыя прадметы, з’явы, працэсы, назвамі якіх яны з’яўляюцца, існуюць і ў наш час: іспыты – экзамены, лемантар – буквар, перст – палец, бортнік – пчаляр, атрамант – чарніла, рандэлька – каструля.
Хоць устарэлыя словы і выйшлі з актыўнага ўжывання, яны выкарыстоўваюцца ў навуковым стылі, а таксама ў мастацкіх тэкстах для праўдзівага адлюстравання пэўнай гістарычнай эпохі. Напрыклад: Продкі Неслухоўскіх адбывалі вайсковую службу ў Вялікім княстве Літоўскім у чынах ротмістраў, харунжых, стражнікаў Брэсцкага ваяводства. (Бр.)
Неалагізмы (грэч. neos – новы, logos – слова) – словы, якія ўзніклі нядаўна і не страцілі адцення навізны. Неалагізмамі з’яўляюцца і вядомыя словы з новым значэннем: камерцыйны дырэктар, фермер, прыватызацыя, блізкае замежжа.
Уваходзячы ў пасіўны склад беларускай лсксікі, неалагізмы хутка замацоўваюцца ў мове і становяцца шырокаўжывальнымі. Так стала са словамі 1920–1930 гг. калгас, выканкам, сельсавет, касманаўт, касмадром і інш. Некаторыя неалагізмы таго часу, наадварот, сталі ўстарэлымі словамі: нэп, харчразвёрстка, камісар, стаханавец.
Блізкія да неалагізмаў аказіяналізмы – так званыя індывідуальна-аўтарскія неалагізмы, якія ствараюцца пісьменнікамі і паэтамі і маюць адценне навізны толькі ў мастацкім тэксце (кантэксце): На дварэ раптоўна заістужыла. (У. Д.) Гляджу і не магу наглядзецца на спакойны, плыўнадумны Нёман. (К-с) Я верую ў вечнабыт. (Куп.)
Лексікаграфія
Дата добавления: 2015-12-10; просмотров: 1068;