Марфалагічныя асаблівасці навуковых тэкстаў
У тэкстах навуковага стылю выкарыстоўваюцца амаль усе часціны мовы, за выключэннем выклічнікаў.
У навуковых тэкстах менш ужывальныя дзеясловы. Пры гэтым большасць дзеясловаў-выказнікаў ужываецца ў форме 3-й асобы цяперашняга часу, бо абазначаюць не дынамічны стан у момант маўлення, а цяперашні час, пастаянны, надчасавы. Адсутнасць формаў 1-й і 2-й асобы звязана з непажаданай канкрэтызацыяй. Дзеясловы ў форме прошлага часу незакончанага трывання выкарыстоўваюцца для выражэння змены паслядоўнасці дзеяння, часавай паслядоўнасці.
Для навуковых тэкстаў характэрна ўжыванне аддзеяслоўных назоўнікаў на -анне (-янне), -энне (-енне), -ка, -цыя, -цце з абстрактным значэннем. Пры гэтым пераважае ніякі род гэтых назоўнікаў, бо ён найбольш адцягнена-абагулены па сваім граматычным значэнні: развіццё, пасяленне, аперацыя, фарміраванне, падрыхтоўка.
У навуковых тэкстах самымі частотнымі з’яўляюцца абстрактныя назоўнікі: маса, бег, цеплыня, форма, рэчыва, нарыхтоўка, ачыстка і інш.
Прыметнікі ў навуковым стылі ўжываюцца надзвычай шырока, але як сродак пераважна класіфікацыйны, маюць інформацыйны характар, уваходзяць у склад устойлівых тэрміналагічных спалучэнняў: валютныя аперацыі, падатковыя льготы, мятліца балотная, драўляная апока і г.д.
Пры дзеясловах-выказніках ўжываюцца займеннікі з адцягнена-абагульненым значэннем – ён, яна, яно, яны, мы.Займеннік я не выкарыстоўваецца ў навуковых тэкстах. Ён апускаецца або замяняецца займеннікам мы (“аўтарскае мы”, або “мы сціпласці”).
Дзеепрыметнік у беларускай мове, у параўнанні з рускай, ужываецца значна радзей ва ўсіх стылях мовы, што выклікана асаблівасцямі ўтварэння некаторых дзеепрыметнікаў. У беларускай мове лічацца ненарматыўнымі дзеепрыметнікі незалежнага стану цяперашняга часу з суфіксамі -уч- (-юч), -ач- (-яч-), прошлага часу з суфіксамі -ш-, -ўш-, залежнага стану цяперашняга часу з суфіксамі -ем-, -ім-, зваротныя дзеепрыметнікі. Аднак у навуковых тэкстах сустракаецца ўжыванне ненарматыўных дзеепрыметнікаў, што не адпавядае норме. Адзначаюцца ўтвораныя ад дзеепрыметнікаў на -уч- (-юч), -ач- (-яч-) прыметнікі: бягучы кошт, бягучы рахунак, вядучы прэзентацыі і г.д.
Спецыфікай навуковых тэкстаў з’яўляецца выкарыстанне адназоўнікавых прыназоўнікаў: у выпадку, у сувязі з, па меры, у выніку, у адпаведнасці з.
Дата добавления: 2015-09-11; просмотров: 2122;