Гутарковы стыль, яго асаблівасці і падстылі
Гутарковы, або размоўны, размоўна-бытавы, стыль абслугоўвае сферу бытавых зносін і часцей выкарыстоўваецца ў форме вуснага маўлення.
Ужываецца пры моўных зносінах з адной або некалькімі асобамі ў неафіцыйных абставінах, і, як правіла, у вуснай дыялагічнай форме. У пісьмовай форме выкарыстоўваецца ў тэкстах мастацкага стылю і асобных жанрах публіцыстычнага.
Тыповыя ўмовы, пры якіх адбываецца гутарка на бытавую тэму, – неафіцыйнасць і нязмушанасць, адсутнасць папярэдняга абдумвання, спантаннасць размовы. Гутарковая мова звязана з канкрэтным характарам мыслення, з патрэбамі штодзённых зносін, таму ў ёй шмат канкрэтна-бытавых слоў. Гутарковай мовай людзі выказваюць свае думкі, пачуцці, ацэнкі. У гутарцы выразна праяўляюцца адносіны аўтара да прадмета гаворкі, да суразмоўнікаў.
У гутарковым стылі ўжываюцца эмацыянальна-ацэначныя словы, пераважна простыя сказы, па мэце выказвання большасць пытальных і пабуджальных сказаў, клічных па інтанацыі, звароткі, простая мова ў форме дыялога, выклічнікі, часціцы. Для гутарковай мовы характэрна эліптычнасць, якая ў сінтаксісе выяўляецца праз разнастайнасць няпоўных сказаў, фрагментарнасць, пэўная самастойнасць частак сказа. Размоўцу даводзіцца на хаду падбіраць найбольш дакладныя і значныя ў камунікатыўным плане моўныя сродкі, папраўляць папярэдне сказанае. Гутарковы стыль адрозніваецца ад іншых стыляў не толькі падборам моўных сродкаў, але і наяўнасцю пры размове жэстаў, мімікі, інтанацыі.
Гутарковы стыль у залежнасці ад мэт і ўмоў выступае ў дзвюх разнавіднасцях – размоўна-бытавым і размоўна-афіцыйным.
1. Размоўна-бытавы тэкст.
Маці іншы раз возьме ды скажа:
– І чаму ты, дачухна, такая? Няўжо табе больш за ўсіх трэба? Свету белага не бачыш.
– Затое, мамачка, лён які!
Маці адразу лагаднее.
– Ох, і няўрымслівая! І ў каго ты такая ўдалася? (Паводле А. Васілевіч).
2. Размоўна-афіцыйныя тэксты.
а) – Аднак з гэтым пытаннем усё. Як дамовіліся, – Сасноўскі лёгка ляпнуў далонямі па стале і звярнуўся да Максіма афіцыйна з прыкметнай нецярплівасцю занятага чалавека: – Што ў вас?
Максім пачаў расказваць пра маладых будаўнікоў, у якіх нарадзілася двойня.
Сасноўскі адразу зразумеў, што размова ідзе пра кватэру, і ўздыхнуў.
– Слухайце, Карнач, а чаму вам не націснуць на свайго галаву?
– На Кіслюка? Націснуў.
– І што?
– Дамовіліся, што… будзе выдзелена кватэра ў доме рачнікоў, з працэнтаў гарсавета.
– Дык вы прыйшлі паведаміць мне гэтую радасную навіну? – спытаў Сасноўскі з іроніяй.
– Потым я даведаўся, што кватэра перадаецца другому…
– Каму?
Максім удыхнуў паветра і зірнуў на Ігнатовіча, прысутнасць якога была ў такі момант зусім непажаданая.
– Вашаму сыну. (Паводле І. Шамякіна)
б) – Некаторыя высокаадукаваныя таварышы больш хітра і дыпламатычна ўхіляліся ад калгаса. Наш паважаны пракурор таварыш Кляўкоў паставіў райкому ультыматум: ён, бачыце, згодзен, нават праяўляе ініцыятыву, але толькі ў адзін калгас – у Чкалава… А вядома, што Дубадзел працеу нядрэнна і няма патрэбы яго здымаць… Не можам мы, таварышы, ісці па лініі замены ўсіх старых старшынь… А ларчык проста адчыняўся, як кажуць… Пракурор некалі завёў справу на Дубадзела, справа аказалася ліпавая, райком не падтрымаў… Вось Кляўкоў і вырашыў забіць трох зайцоў: адпомсціць Дубадзелу, аднавіць свій прэстыж і калі ўжо ісці, то ісці ў лепшы калгас!..
– Хлусня ўсё гэта! – не вытрымаў і крыкнуў з месца Кляўкоў. – Сукін сын ён, ваш Дубадзел! Нягоднік! Ад яго дзве калгасніцы нарадзілі і адна зноў цяжарная, сям’ю разбіў, а вы яго абараняеце (Паводле І. Шамякіна)
І першы, і другія дыялогі характарызуюцца непадрыхтаванасцю, нязмушанасцю размовы, ужываннем няпоўных сказаў, экспрэсіўных сродкаў. Аднак другія стэксты адрозніваюцца пэўнай афіцыйнасцю, якая выражаецца ў ветлівай форме звароту на “вы”, па імені, па прозвішчы.
Дата добавления: 2015-09-11; просмотров: 6328;