Абвяшчэнне палітыкі перабудовы у СССР.
У сярэдзіне 80-х гадоў Савецкі Саюз апынуўся перад шэрагам праблем сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця. Пленум ЦК КПСС у красавіку 1985 г. прааналізаваў становішча спраў у краіне і прыняў курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця. Гэты палітычны курс меркавалася ажыццявіць за кошт трох асноўных фактараў: 1) навукова-тэхнічнага прагрэсу, адсюль развіццё машынабудаўнічага комплексу – базы гэтага прагрэсу; 2) структурнай перабудовы эканомікі; 3) актывізацыі чалавечага фактару, павышэння творчай, стваральнай актыўнасці людзей.
Аднак тагачасная нерэфарміраваная эканоміка СССР аказалася недастаткова ўспрымальнай да новых ідэй, дасягненняў навукі і тэхнікі. На справе адбывалася не паскарэнне, а запавольванне сацыяльна-эканамічнага развіцця. У сувязі з гэтым XXVII з’езда КПСС (25 лютага – 6 сакавіка 1986 г.), ХІХ Усесаюзная канферэнцыя КПСС (28 чэрвеня – 1 ліпеня 1988 г.), студзеньскі і чэрвеньскі Пленумы ЦК КПСС 1987 г. удакладнілі палітычны курс і вызначылі палітыку перабудовы, абнаўлення ўсіх сфер жыцця савецкага грамадства.
Перабудову прадугледжвалася праводзіць у рамках сацыялістычнага выбару, сацыялістычных ідэалаў і каштоўнасцей пад лозунгам: “Больш дэмакратыі, больш сацыялізму”. Яна была неабходнай, бо рэфарміравання грамадска-палітычнай сістэмы, якая склалася ў СССР у 20–30-я гады, не праводзілася, праблемы ў развіцці краіны нарасталі. Мэтай перабудовы было наданне сацыялізму новага дыхання, больш поўнае раскрыццё яго патэнцыяльных магчымасцей, ператварэнне савецкай мадэлі сацыялізму ў мадэль гуманнага, дэмакратычнага сацыялізму пры непарушнасці існаваўшага ў СССР дзяржаўнага і грамадскага ладу. У гэтым сэнсе перабудова была падтрымана большасцю народа, выклікала ўздым яго грамадска-палітычнай актыўнасці. Палітыка перабудовы ўключала ў сябе правядзенне эканамічнай рэформы, рэформы палітычнай сістэмы, сацыяльнай і культурнай сфер жыцця савецкага грамадства, стварэнне прававой дзяржавы.
Працэс фарміравання палітычнай апазіцыі пачынаўся з амаль непрыкметнай для кіраўніцтва Беларусі з’явы – значнага павелічэння ліку аматарскіх нефармальных аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах. У 1986–1987 гг. у рэспубліцы ўзнікла 7 тыс. такіх аматарскіх аб’яднанняў і клубаў, якія налічвалі каля 1 млн чалавек.
Спачатку палітычныя пытанні ў праграмы клубаў і аб’яднанняў не ўключаліся. Напрыклалд, мінская “Талака” ў сваёй праграме заяўляла, што будзе займацца выключна праблемамі нацыянальнай самабытнасці, захоўваннем помнікаў гісторыі і культуры.
Аднак прыкладна з другой паловы 1987 г. у дзейнасці клубаў і арганізацый усё больш і больш пачынаюць праяўляцца цэнтралізацыя і палітызацыя. У выніку перагавораў з уладамі ў снежні 1987 г. было дазволена правесці пад Мінскам вальны сойм беларускіх суполак. Удзельнікі яго гаварылі аб дэфармацыях сацыялізму, неабходнасці пабудовы сапраўднага сацыялізму, адраджэння беларускай нацыянальнай культуры... Пачыналася канфрантацыя маладзёжных суполак з ЦК КПБ, партыйнымі і камсамольскімі органамі.
У 1989 г. ствараецца Беларускі народны фронт “Адраджэнне”. Шматлікія мітынгі і маніфестацыі пракаціліся па гарадах Беларусі вясной 1991 г. На шматтысячных мітынгах у Мінску лідэры БНФ, палітычных партый і арганізацый не толькі гаварылі пра “жабрацтва і развал, дрымучую адсталасць і неатавараныя талоны, Чарнобыль і каланіяльную залежнасць Беларусі ад цэнтра”, але і адкрыта заклікалі пакончыць з “камуністычнай дыктатурай”.
. Значная частка палітычна актыўнага насельніцтва падтрымала апазіцыю, другая частка раўнадушна заняла нейтральную пазіцыю. Тыя, хто актыўна падтрымліваў савецкую сістэму і яе абаронцаў, аказаліся ў меншасці. КПБ паступова адхілялася ад кіраўніцтва грамадствам. Набліжалася развязка. Яна наступіла ў жніўні 1991 г.
Дата добавления: 2015-08-14; просмотров: 1784;