ЯЎХІМ ФЁДАРАВІЧ КАРСКІ

(1861 – 1931)

 

1 студзеня 1861 года ў сям’і вясковага настаўніка пачатковай школы ў вёсцы Лаша Гродзенскага раёна нарадзіўся чалавек, якому было наканавана лёсам стаць заснавальнікам беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства, увайсці ў гісторыю навукі (і не толькі бела-рускай) вядомым этнографам, фалькларыстам, палеографам. Яўхім Карскі напісаў больш за семсот прац па славістыцы, беларусістыцы і русістыцы. Ім была падрыхтавана “Праграма для збору асаблівасцей беларускіх гаворак” (1897 і 1916 гг.). Але найбольшую вядомасць Карскаму прынесла яго фундаментальная трохтомная праца “Беларусы” (1903 – 1922), што складаецца з 7 выпускаў і з’яўляецца свайго роду энцыклапедыяй беларусазнаўства. Увогуле “Беларусы” – найвышэйшае дасягненне еўрапейскай славістыкі пачатку 20 стагоддзя ў вывучэнні і даследаванні беларусаў як нацыі. Карскі ўпершыню навукова абгрунтаваў самабытнасць беларусаў як асобнага славянскага народа.

Карскі быў сапраўдным філолагам-энцыклапедыстам. Ён займаўся старажытнымі славянскімі мовамі, палеаграфічнымі асаблівасцямі пісьмовых помнікаў, літаратурай і фальклорам усходніх славян, узаемаадносінамі сучасных славянскіх моў. Але галоўны яго навуковы подвіг – стварэнне навукі пра беларускую мову. Асобныя працы пра пэўныя з’явы і асаблівасці беларускай мовы друкаваліся і да Карскага. Але да канца 19 стагоддзя шматлікія факты і назіранні па беларускай мове не былі абагульнены. Нават не было спробы абгрунтаваць вучэнне пра беларускую мову як раўнапраўную сярод іншых славян-скіх моў. Звычайна беларускія моўныя рысы тлумачылі як асаблівасці дыялектаў або гаворак рускай, польскай ці ўкраінскай моў. Абапіраючыся на навуковыя факты, сваімі шматлікімі даследаваннямі Карскі паказаў, што мова беларускага народа, хоць і вельмі блізкая да суседніх славянскіх моў, мае сваю сістэму, якая развівалася, узбагачалася і ўдасканальвалася ва ўзаемадзеянні з роднаснымі мовамі, але паводле ўласных законаў, што і вызначыла яе сучасную нацыянальную адметнасць.

Я. Карскі пачатковую адукацыю атрымаў у Ятранскім народным вучылішчы. На вучобу ў гімназіі не было сродкаў, таму паступіў у Мінскае духоўнае вучылішча, а затым у семінарыю. У 1881 годзе, закончыўшы вучобу ў семінарыі, паступіў за казённы кошт у Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут (Украіна), дзе ў свой час у юрыдычным ліцэі вучыўся Ф. Багушэвіч. У 1885 г. пасля выдатнага заканчэння інстытута ўладкаваўся на працу ў Вільні і на працягу 8 гадоў выкладаў рускую і стараславянскую мовы, а таксама рускую літаратуру ў другой Віленскай гімназіі.

У 1891 годзе здаў у Варшаве магістарскі экзамен, а праз 2 гады за даследаванні беларускай мовы Савет Кіеўскага універсітэта прысудзіў яму вучоную ступень магістра рускай мовы і славеснасці (гэта была першая ў гісторыі дысертацыя па беларускім мовазнаўстве). У 1893 годзе ён перабраўся ў Варшаву і надоўга звязаў свой лёс з Варшаўскім універсітэтам, дзе спачатку працаваў выкладчыкам-лектарам, з 1894 года – экстраардынарным, а з 1897 г. – ардынарным прафесарам кафедры рускай і славянскай моў і рускай літаратуры.

У 1905 годзе ён узначаліў самы значны філалагічны часопіс тагачаснай Расіі – “Русский филологический вестник”, дзе змясціў шмат сваіх навуковых прац і бібліяграфічных матэрыялаў. У гэтым жа годзе стаў першым выбраным рэктарам Варшаўскага універсітэта. У 1908 г. пераабраны на новы тэрмін, але ў 1910 годзе адмовіўся ад гэтай пасады ў знак пратэсту супраць самавольства міністра адукацыі. У 1910 – 1916 гг. працаваў у Расіі, у Растове-на-Доне, куды быў эвакуіраваны Варшаўскі універсітэт, а пасля абрання правадзейным членам АН (1916 г.) пераехаў у Петраград. Потым перабраўся ў Мінск, дзе яго застала польская акупацыя. Каб прыцягнуць сусветна вядомага вучонага на свой бок, акупацыйныя ўлады прапанавалі яму пенсію, але Карскі адмовіўся. У снежні 1919 года пабываў у Варшаве, адкуль перавёз у Мінск сваю бібліятэку, якую пазней перадаў Беларускаму універсітэту. Пасля вызвалення Мінска ў ліпені 1920 года вярнуўся ў Петраград, дзе стаў адным з арганізатараў акадэмічнай навукі.

Асобна варта адзначыць уклад Карскага ў арганізацыю навукі на Беларусі і развіццё беларускай культуры. Яшчэ ў дарэвалюцыйны час ён склаў праграму вывучэння беларускай мовы, падтрымліваў першыя беларускія выдавецтвы, “Нашу ніву” і навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага універсітэта. У савецкі час быў старшынёй камісіі па адкрыцці ў Мінску Беларускага дзяржаўнага універсітэта, правадзейным членам Інбелкульта і ўдзельнічаў у распрацоўцы яго статута. Памёр Я. Карскі 29 красавіка 1931 года.

На радзіме Карскага, у вёсцы Лаша, створаны мемарыяльны музей, яго імем названы Гродзенская абласная бібліятэка, вуліца ў Гродне, Лашанская школа. У 1990 годзе урад Беларусі ўстанавіў восем стыпендый імя Карскага. Скульптурны партрэт вучонага стварыў М. Ражанкоў. Пахаваны Карскі ў Санкт-Пецярбургу.

 








Дата добавления: 2015-09-11; просмотров: 1526;


Поиск по сайту:

При помощи поиска вы сможете найти нужную вам информацию.

Поделитесь с друзьями:

Если вам перенёс пользу информационный материал, или помог в учебе – поделитесь этим сайтом с друзьями и знакомыми.
helpiks.org - Хелпикс.Орг - 2014-2024 год. Материал сайта представляется для ознакомительного и учебного использования. | Поддержка
Генерация страницы за: 0.005 сек.