І Усебеларускі з’езд (снежань 1917 г.).

Пад уплывам Кастрычніцкай рэвалюцыі беларускі нацыянальны рух падзяліўся на дзве асноўныя часткі. Адна падтрымлівала рэвалюцыю, другая выступала супраць Кастрычніка. Розныя пазіцыі беларускага нацыянальнага руху ў адносінах да Кастрычніцкай рэвалюцыі былі абумоўлены яго сацыяльнай неаднароднасцю, вострымі супярэчнасцямі паміж рознымі сацыяльнымі пластамі гэтага руху. Вядучай палітычнай сілай у грамадстве стала партыя бальшавікоў. На Беларусі і на Заходнім фронце гэта выявілася ў тым, што больш за палову (51,4 %) усіх выбаршчыкаў ва Устаноўчы сход (лістапад 1917 г.) аддалі галасы кандыдатам партыі бальшавікоў, 43 % дэпутацкіх месц было аддадзена эсэрам. У іх ліку значную ўдзельную вагу складалі левыя эсэры, якія ўступілі потым у блок з бальшавікамі. За кадэтаў і іншыя буржуазныя партыі галасавала каля 5 % выбаршчыкаў. І гэта пры тых умовах, што выбары рыхтаваліся пры Часовым буржуазным урадзе.

Найбольш уплывовай нацыянальнай партыяй заставалася Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі раскол гэтай партыі на памяркоўных, прыхільнікаў рэфармісцкага шляху, і левых радыкалаў, прыхільнікаў бальшавіцкага кірунку, паглыбіўся. Акрамя таго, многія дзеячы БСГ схіляліся да ідэі дзяржаўнага адасаблення Беларусі ад Расіі, што, на іх думку, магло засцерагчы бацькаўшчыну ад знішчэння. Гэтыя настроі выразна выявіліся на ІІІ з’ездзе БСГ (кастрычнік 1917 г.). З’езд прыняў новую праграму і абраў ЦК на чале з Я. Дылам. У склад ЦК увайшлі вядомыя беларускія дзеячы А. Прушынскі (А. Гарун), А. Смоліч, В. Адамовіч, П. Бадунова, Я. Варонка, З. Жылуновіч, Я. Мамонька, С. Рак-Міхайлоўскі, Б. Тарашкевіч і інш. З-за адсутнасці адзінства БСГ не выпрацавала агульнапартыйнай лініі ў адносінах да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Памяркоўныя лідэры Грамады ўспрынялі рэвалюцыю як “праяву анархіі, у віхуры якой загінуць справа вольнасці і нацыянальных правоў беларускага народа”. Петраградская арганізацыя БСГ, ухіліўшыся ад прамой ацэнкі рэвалюцыі, выказалася за фарміраванне “аднароднага сацыялістычнага ўрада”.

Асноўныя нацыянальныя партыі ў гэты час гуртаваліся вакол Цэнтральнай беларускай рады, якая з кастрычніка 1917 г. стала называцца Вялікай беларускай радай (ВБР).

27 кастрычніка 1917 г. Вялікая беларуская рада звярнулася да беларускага народа з “Граматай”. Гэты дакумент падпісалі акрамя Вялікай рады Беларускі выканаўчы камітэт Заходняга фронту, Беларуская сацыялістычная грамада, Беларуская народная партыя сацыялістаў і інш.

Палітычная праграма ВБР прадугледжвала: абвяшчэнне Беларускай дэмакратычнай рэспублікі, “спаянай з Велікаросіяй і іншымі суседнімі рэспублікамі Расіі на аснове федэрацыі”; наданне ўсёй улады на Беларусі краявой радзе, выбранай усеагульным, роўным, тайным галасаваннем; уключэнне ў кампетэнцыю вышэйшага заканадаўчага органа Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі пытанняў уседзяржаўнага будаўніцтва, міжнародных зносін і гандлёвых дагавораў з іншаземнымі дзяржавамі; выданне мясцовых законаў; развіццё, распрацоўка і прымяненне да мясцовых умоў законаў, выдадзеных вышэйшым заканадаўчым органам Расійскай дэмакратычнай рэспублікі; вышэйшае распараджэнне зямельным, водным і лясным багаццем Беларусі; аднясенне пытанняў народнай адукацыі і культурнага будаўніцтва і іншых да кампетэнцыі краявой рады.

Са змяненнем палітычных умоў паступова праходзіла пераарыентацыя ў беларускім нацыянальным руху. Калі пасля Лютаўскай рэвалюцыі ўсе беларускія нацыянальныя партыі, і ў першую чаргу Цэнтральная беларуская рада, патрабавалі краявой аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай федэратыўнай рэспублікі, то ўжо пасля Кастрычніка іх барацьба разгортвалася пад лозунгам “поўнага нацыянальнага самавызначэння”.

Для ўстанаўлення ўлады, “выбранай самім народам беларускім”, ВБР абвясціла аб скліканні ў Мінску з’езда прадстаўнікоў усяго беларускага народа.

З’езд адкрыўся 15 снежня 1917 г. Для яго работы быў выбраны кіруючы орган – Савет старэйшын з’езда. На з’ездзе прысутнічалі 1872 дэлегаты (з іх 1167 мелі рашаючы голас, 705 – дарадчы). Большасць з іх прадстаўлялі валасныя, павятовыя і губернскія земствы, зямельныя камітэты, настаўніцкія арганізацыі і інш. У палітычных адносінах гэта былі галоўным чынам эсэры і члены БСГ. У сацыяльным плане сярод дэлегатаў пераважалі прадстаўнікі заможнага і сярэдняга сялянства, сярэдніх і ніжэйшых пластоў інтэлігенцыі, чыноўнікі.

Па сваёй палітычнай накіраванасці дэлегаты падзяляліся на тры групоўкі: правых, левых і цэнтрыстаў. Цэнтрысцкі накірунак прадстаўлялі дэлегаты БСГ. У ходзе работы з’езда да іх далучылася значная частка правых эсэраў і т. зв. група “беспартыйных”. Левы накірунак аб’яднаў у асноўным левых эсэраў і быў нешматлікім. Правае крыло ўключала прадстаўнікоў розных буржуазных нацыяналістычных, а таксама клерыкальных і памешчыцкіх арганізацый.

Дэлегаты з’езда паспелі прыняць толькі першы пункт рэзалюцыі, які быў вырашальным у лёсе з’езда і яго дэлегатаў. У ім гаварылася: “Усебеларускі з’езд пастанаўляе: тэрмінова ўтварыць са свайго складу орган краявой улады – Усебеларускі Савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіравання краем, уступаючы ў афіцыйныя адносіны з цэнтральнай уладай, адказнай перад Саветам рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў”.

Гэта рашэнне з’езда СНК Заходняй вобласці і фронту расцаніў як контррэвалюцыйную спробу звяржэння ўстаноўленага ў выніку перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі грамадскага і дзяржаўнага ладу. Таму ноччу 18 снежня 1917 г. з’езд быў разагнаны, прэзідыум і шэраг дэлегатаў арыштаваны (усяго 27 чалавек). Пасля разгону з’езда Савет старэйшын аб’явіў сябе Саветам з’езда. На сваім першым закрытым пасяджэнні 18 снежня 1917 г. Савет з’езда пастанавіў: 1) лічыць І Усебеларускі з’езд гвалтоўна разагнаным; 2) Савет з’езда прызнаць выканаўчым органам з’езда, абавязаць яго праводзіць у жыццё ўсе яго рашэнні і пастановы; 3) папоўніць Савет з’езда дэлегатамі ад зямляцтваў і іншых груп, якія дэлегавалі сваіх прадстаўнікоў са з’езда ў Савет, і даць ім права адклікання і кааптацыі. Савет з’езда прыняў пастанову спыніць дзейнасць усіх нацыянальных фарміраванняў і перадаць іх справы і маёмасць Савету, а таксама склікаць ІІ Усебеларускі з’езд. Быў створаны выканком Савета.

СНК Заходняй вобласці і фронту ў паведамленні “Аб роспуску нацыяналістычнага беларускага з’езда” 20 снежня 1917 г. адзначаў, што з’езд выказаўся за савецкую ўладу і прызнаў яе ў Расіі, але не прызнаў гэтай улады ў Заходняй вобласці і на фронце. У звароце да беларускага народа 30 студзеня 1918 г. СНК Заходняй вобласці і фронту заявіў, што беларускі з’езд быў скліканы беларускімі кадэтамі, прадстаўнікамі буржуазіі і тых палітычных партый, якія жадалі выкарыстаць цемру і невуцтва народных мас для звяржэння народнай савецкай улады.

Абласное кіраўніцтва ўспрымала патрабаванне аб самавызначэнні Беларусі як антысавецкае, контррэвалюцыйнае.

У гісторыі беларускага народа Усебеларускі з’езд стаў важнай гістарычнай падзеяй. У той жа час з’езд выявіў і рознагалоссе, якое існавала ў беларускім нацыянальным руху пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі.

У снежні 1917 г. – студзені 1918 г. на тэрыторыі Беларусі адбылася яшчэ адна падзея – мяцеж польскага корпуса пад камандаваннем генерала Ю. Доўбар-Мусніцкага.

Корпус польскіх легіянераў быў сфарміраваны яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Улічваючы класавы склад польскай дывізіі, асабісты настрой камандавання, моцную дысцыпліну, Часовы ўрад вырашыў выкарыстаць яго для барацьбы з рэвалюцыйнымі выступленнямі працоўных. Польскія часці былі размешчаны ў раёне Віцебска–Мінска–Жлобіна і разгорнуты ў корпус. Вярхоўны галоўнакамандуючы Л. Карнілаў назначыў генерал-лейтэнанта Ю. Доўбар-Мусніцкага камандуючым польскім корпусам.

12 студзеня 1918 г. польскія легіянеры пачалі ваеныя дзеянні супраць савецкай улады. Былі захоплены Рагачоў, Бабруйск і шэраг іншых населеных пунктаў. Часці Ю. Доўбар-Мусніцкага вялі наступленне ў двух напрамках: на Мінск і Магілёў. Перад польскай дывізіяй была пастаўлена задача захапіць Магілёў і ліквідаваць рэвалюцыйную Стаўку, 2-я кавалерыйская дывізія павінна была захапіць Мінск, а 3-я – Жлобін. Тым самым контррэвалюцыя разлічвала нанесці ўдар па стратэгічных цэнтрах на Беларусі і адрэзаць іх ад Расіі.

У пачатку лютага савецкія войскі перайшлі ў наступленне ў раёне Жлобіна. Не вытрымаўшы націску, польская дывізія пачала адступаць на Бабруйск да цэнтра контррэвалюцыйнага мяцяжу, дзе была акружана і разбіта.

Такім чынам, першы пасля Кастрычніка 1917 г. пажар вайны на Беларусі быў патушаны.








Дата добавления: 2015-08-14; просмотров: 1271;


Поиск по сайту:

При помощи поиска вы сможете найти нужную вам информацию.

Поделитесь с друзьями:

Если вам перенёс пользу информационный материал, или помог в учебе – поделитесь этим сайтом с друзьями и знакомыми.
helpiks.org - Хелпикс.Орг - 2014-2024 год. Материал сайта представляется для ознакомительного и учебного использования. | Поддержка
Генерация страницы за: 0.006 сек.