Мастацтва і архітэктура
Літаратура. У другой палове ХІХ ст. пачынаецца новы этап у развіцці беларускай літаратуры. Пісьменнікі паступова пераадольвалі вузкае фальклорнае апісальніцтва сваіх папярэднікаў, станавіліся на шлях стварэння развітой літаратуры. Ішоў працэс жанравага ўзбагачэння літаратуры, удасканальвалася вершаскладанне.
Вяршыняй развіцця беларускай літаратуры другой паловы ХІХ ст. стала творчасць Францішка Багушэвіча. Да сваіх зборнікаў “Дудка беларуская”, “Смык беларускі” Ф. Багушэвіч складаў прадмовы, праз якія імкнуўся абудзіць нацыянальную свядомасць беларускага народа. У іх ён абвясціў існаванне беларускага этнасу і адзначыў самастойнасць беларускай мовы. Цэнтральная тэма твораў Ф. Багушэвіча – жыццё паднявольнага сялянства, яго пошукі справядлівасці і выйсця з сацыяльнага бяспраўя.
На лепшыя дасягненні літаратуры другой паловы ХІХ ст. абапіралася беларуская літаратура пачатку ХХ ст. Новыя тэмы, матывы і вобразы прынесла ў беларускую літаратуру Цётка (А. Пашкевіч). Яе кнігі “Скрыпка беларуская” і “Хрэст на свабоду” сталі першымі арыгінальнымі зборнікамі беларускай паэзіі ХХ ст. Цётка з’явілася адной з пачынальнікаў апавядальнага жанру. Як таленавіты паэт-наватар, адзін з пачынальнікаў беларускай драматургіі і заснавальнікаў нацыянальнай школы перакладу ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры Янка Купала (І. Луцэвіч). Ён узняў беларускую літаратуру на якасна новы ўзровень, садзейнічаў фарміраванню і развіццю беларускай літаратурнай мовы. Разам з Янкам Купалам заснавальнікам новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы стаў Якуб Колас (К. Міцкевіч). Адзіны паэтычны зборнік “Вянок” належыць Максіму Багдановічу, аднак ён дазволіў паэту заняць пачэснае месца сярод класікаў беларускай літаратуры. У пачатку ХХ ст. раскрыліся творчыя здольнасці Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, Каруся Каганца і інш. Беларуская літаратура пачала знаходзіць прызнанне ў суседніх, перш за ўсё славянскіх, народаў, паступова ўключацца ў сусветны гісторыка-літаратурны працэс.
Тэатр. У фарміраванні беларускага прафесійнага нацыянальнага тэатра вялікую ролю адыграла тэатральная культура рускага, украінскага і польскага народаў. У беларускіх гарадах дзейнічалі мясцовыя рускія драматычныя трупы, а таксама гастралявалі акцёры сталічных тэатраў. Паспяхова выступалі артысты ўкраінскіх тэатраў, прыязджалі польскія тэатральныя калектывы.
Пад уздзеяннем прафесійнага тэатра ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі наспявала ідэя неабходнасці стварэння беларускага нацыянальнага тэатра прафесійнага тыпу. У пачатку ХХ ст. арганізоўваюцца шматлікія музычна-драматычныя гурткі і так званыя “беларускія вечарынкі”. На “вечарынках” звычайна выступалі хары, чыталіся беларускія літаратурныя творы, ставіліся п’есы.
На традыцыях “беларускіх вечарынак” у 1907 г. узнікла “Першая беларуская трупа” Ігната Буйніцкага – сапраўдны тэатр прафесійнага тыпу. У рэпертуары “Першай беларускай трупы” былі песні, танцы, пастаноўкі п’ес, дэкламацыя твораў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. І. Буйніцкі і яго акцёры займаліся актыўнай гастрольнай дзейнасцю. У час гастроляў па Беларусі І. Буйніцкі дапамагаў мясцовым гурткам, што спрыяла пашырэнню тэатральнага аматарства. У 1911 і 1912 гг. трупа І. Буйніцкага выступіла ў Пецярбургу, у 1913 г. калектыў наведаў Варшаву. Такім чынам, І. Буйніцкі знаёміў гледачоў з мастацкай культурай беларускага народа, звяртаў увагу на яе своеасаблівасці і непаўторны нацыянальны каларыт. Аднак матэрыяльныя цяжкасці прымусілі І. Буйніцкага ў 1913 г. закрыць тэатр.
Пераемнікам “Першай беларускай трупы” у працэсе фарміравання нацыянальнага тэатра стала “Першае таварыства беларускай драмы і камедыі”. Яно ўзнікла ў Мінску пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Арганізаваў Таварыства вядомы беларускі акцёр і рэжысёр Фларыян Ждановіч. Творчыя магчымасці Таварыства былі даволі абмежаваныя, таму што яно трымалася толькі на энтузіязме ўдзельнікаў. Нягледзячы на цяжкасці, калектыў ужо ў першыя тыдні свайго існавання ажыццявіў гастрольную паездку па Беларусі.
Выяўленчае мастацтва. Вядомай постаццю ў беларускім пейзажным жывапісе з’яўляецца фігура Апалінара Гараўскага. Мастак нарадзіўся ў Мінскай губерні, адукацыю атрымаў у Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, дзе яго здольнасці прыцягнулі ўвагу выкладчыкаў. Пасля заканчэння акадэміі быў узнагароджаны залатым медалём. Пейзажы А. Гараўскага вылучаюцца жыццёвай праўдай і высокім тэхнічным майстэрствам. Мастак быў вядомы не толькі ў Расіі, але і за мяжой, ён атрымаў званне акадэміка жывапісу. Асабісты сябра рускага мецэната П. Траццякова, А. Гараўскі дапамагаў у збіранні яго славутай калекцыі. Некаторыя работы беларускага мастака зараз знаходзяцца сярод экспанатаў Трайццякоўскай галерэі.
Майстрам бытавога жывапісу быў Нікадзім Сілівановіч. Атрымаўшы адукацыю ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, ён стварае шэраг кампазіцый у бытавым жанры. У рэалістычнай манеры мастак выканаў карціну “Пастух са Свянцяншчыны”. Творы Сілівановіча прынеслі яму высокі аўтарытэт сярод пецярбургскіх мастакоў, аб чым сведчыць запрашэнне да ўдзелу ў афармленні Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу. За мазаічнае пано “Тайная вячэра” Сілівановічу прысвоілі ганаровае званне акадэміка.
Адным з вядомых прадстаўнікоў гістарычнага жанру ў беларускім жывапісе другой паловы ХІХ ст. быў Казімір Альхімовіч. Мастак прымаў удзел у паўстанні 1863–1864 гг., за што быў сасланы ў Сібір. Пасля ссылкі ён жыў за межамі Беларусі, аднак сюжэтамі сваіх палотнаў нязменна выбіраў гістарыны лёс роднага народа. Сусветную вядомасць набыла яго карціна “Пахаванне Гедыміна”. К. Альхімовіч стварыў цэлы шэраг гістарычных палотнаў, якія з поспехам выстаўляліся ў Мюнхене і Парыжы.
У канцы ХІХ ст. пачынаецца творчая дзейнасць таленавітага беларускага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. У сваёй творчасці ён развіваў традыцыі рускага лірычнага пейзажу. Эмацыянальныя і змястоўныя творы мастака вылучаюцца мяккім каларытам. У ранні перыяд былі напісаны пейзажы “З аколіц Пяцігорска”, якую набыў П. Траццякоў для сваёй калекцыі, “Вясна ідзе”, што прынесла аўтару першую прэмію Маскоўскага таварыства аматараў мастацтваў. Шчырыя сяброўскія адносіны звязвалі мастака з І. Рэпіным.
Архітэктура. Працэс паступовага заняпаду класічнай архітэктуры рэзка ўзмацніўся ў сярэдзіне ХІХ ст. Да канца ХІХ ст. у беларускім дойлідстве пануе эклектыка (або “архітэктура гістарызму”). Яна вызначалася некрытычным выкарыстаннем форм розных стыляў (готыкі, барока, ракако, класіцызму, раманскага і інш.). Звычайна банкі і навучальныя ўстановы афармлялі пад рэнесанс, тэатры – пад барока, касцёлы – пад готыку, праваслаўныя цэрквы будаваліся ў псеўдавізантыйскім, ці псеўдарускім, стылі.
У другой палове ХІХ ст. наглядаецца росквіт неагатычнага стылю, які стаў як бы афіцыйным стылем каталіцкай царквы ў Беларусі. Неагатычныя пабудовы ўзводзіліся з чырвонай добра абпаленай цэглы, прычым фасады не атынкоўваліся, найбольш багатыя храмы мелі вітражы, падлогу з паліваных керамічных плітак, фрэскавы роспіс.
Пасля падаўлення паўстання 1863–1864 гг. шырокае распаўсюджанне набыў псеўдарускі, або псеўдавізантыйскі, стыль, у праваслаўным культавым дойлідстве. Рускія архітэктары распрацавалі тыпавыя варыянты праваслаўных цэркваў, скапіраваныя з візантыйскіх храмаў і рускіх бажніц XIV і XVII стст., каб паказаць пераемнасць рускага дойлідства ад візантыйскай архітэктуры. Ініцыятарам будаўніцтва падобных храмаў быў граф Мураўёў, таму ў народзе яны набылі назву “мураўёвак”. Цэрквы, пабудаваныя ў псеўдарускім стылі, можна сустрэць у многіх гарадах і мястэчках Беларусі. Найбольш значнымі пабудовамі гэтага напрамку з’яўляюцца мемарыяльны храм у вёсцы Лясная, створаны ў гонар 200-годдзя перамогі рускіх войск над шведамі, капліца князёў Паскевічаў у Гомелі, Уваскрасенскі сабор у Барысаве.
У культавым дойлідстве Беларусі склаўся і неараманскі стыль. Найбольш вядомы помнік, які спалучае матывы раманскай і гатычнай архітэктуры, – Чырвоны касцёл у Мінску (касцёл Сымона і Алены).
Побач з “архітэктурай гістарызму” у канцы ХІХ ст. адбываецца станаўленне новага Стылю – мадэрна. Для помнікаў мадэрна характэрны пераплеценыя лініі, асіметрычныя кампазіцыі, багаты ляпны дэкор. Мадэрн прынёс новыя тыпы пабудоў (чыгуначныя вакзалы, масты, прамысловыя збудаванні), новыя будаўнічыя матэрыялы і канструкцыі (цэмент, металічная арматура, фабрычная дахоўка). Прыкладам архітэктуры мадэрна з’яўляюцца будынак Пазямельна-сялянскага банка ў Віцебску, жылыя дамы ў Гродне, Гомелі, Магілёве. Мадэрн праіснаваў на тэрыторыі Беларусі да першай сусветнай вайны, аднак шырокага распаўсюджання не набыў
Дата добавления: 2015-08-14; просмотров: 940;