Палітыка царызму ў Беларусі ў канцы 18-пачатку19ст.

У выніку трох падзелаў (1772, 1793, 1795 гг.) Рэч Паспалітая спыніла сваё існаванне. Да Расіі адышла тэрыторыя Белрусі з насельніцтвам каля 3,3 млн чалавек.

3 канца XVIII ст. пачынаецца новы этап беларускай гісторыі, цесна звязаны з гісторыяй Расійскай дзяржавы.

Расійскі ўрад адразу ажыццявіў шэраг мер па ўзмацненні свайго ўплыву на далучаных землях. Для аховы новых заходніх межаў будаваліся крэпасці ў Дынабургу, Полацку, Відзах, Рагачове і іншых месцах.

Насельніцтва беларускіх зямель на працягу месяца пасля выхаду ўказу аб іх уключэнні ў склад Расіі прыводзілася да прысягі. Сялян, як прыгонных, запісалі за новай дзяржавай іх паны з паручыцельствам духавенства. Асобам, якія не жадалі прысягаць новай уладзе, было прапанавана ў 3-месячны тэрмін прадаць сваю нерухомасць і выехаць за мяжу. Па заканчэнні гэтага тэрміну іх маёмасць перадавалася ў казну. Большая частка магнатаў і шляхты прынесла прысягу новай уладзе.

На Беларусь былі распаўсюджаны агульныя прынцыпы расійскага кіравання. У 1796–1797 гг. тут была праведзена адміністрацыйная рэформа, паводле якой ствараліся губерні: Беларуская з губернскім горадам Віцебскам; Мінская з губернскім горадам Мінскам і Літоўская з губернскім горадам Вільняй.

У 1802 г. у выніку новага адміністрацыйнага падзелу Расіі Беларуская губерня падзялялася на Магілёўскую і Віцебскую. Яны ўвайшлі ў склад Беларускага генерал-губернатарства. Літоўская губерня падзялялася на Гродзенскую і Віленскую, якія склалі разам з Мінскай губерняй Літоўскае генерал-губернатарства. Генерал-губернатары з’яўляліся даверанымі асобамі імператара і надзяляліся фактычна неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Выканаўчая ўлада ў губернях была перададзена губернатарам. Яны кіравалі праз канцылярыі, у якія ўваходзілі віцэ-губернатар, саветнікі, пракурор, сакратары і іншыя чыноўнікі.

Расія па форме дзяржаўнага ладу была абсалютнай манархіяй. Беларусь дагэтуль развівалася ва ўмовах дзяржавы, для якой былі характэрны палітычная анархія і вялікая самастойнасць месцаў.

У эканамічным і палітычным развіцці Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі ў канцы XVIII ст. меліся пэўныя адрозненні.

У XVIII ст., калі ў Еўропе хутка развіваўся капіталізм, у Рэчы Паспалітай працягваў панаваць феадальны лад, які знаходзіўся ў сваім апагеі. У Расіі ж з яе абсалютызмам дваране, нягледзячы на моцную залежнасць ад цэнтральнай улады, імкнуліся прыстасавацца да новых умоў гаспадарання. Рускія памешчыкі раней, чым у Рэчы Паспалітай, пачалі пераводзіць сялян на больш прагрэсіўную форму рэнты – грашовы чынш.

Разам з тым дваранская зямельная ўласнасць у Рэчы Паспалітай раней, чым у Расіі, згубіла свой умоўны характар. Яшчэ ў пачатку XVIII ст. “паспалітае рушэнне”, служба ў якім лічылася неабходнай умовай для валодання шляхтай землямі, ужо не склікалася. У Расіі толькі маніфест Пятра ІІІ ад 1762 г. вызваліў дваранства ад нясення дзяржаўнай службы.

Былі адрозненні і ў формах дваранскага землеўладання, і ў прававым статусе дваранства Расіі і Рэчы Паспалітай. Расія не ведала землеўладання такой сацыяльнай групы, як дробная шляхта. У Беларусі дробная шляхта па свайму прававому становішчу практычна не адрознівалася ад магнатаў. Яна не прывыкла да бясспрэчнага паслухмянства дзяржаўнай уладзе. Традыцыя гэта ўзыходзіла яшчэ да эпохі “залатых вольнасцей шляхецтва”. Улада караля ў Рэчы Паспалітай была вельмі слабай. Ён быў пазбаўлены заканадаўчых паўнамоцтваў і з’яўляўся ўсяго толькі вярхоўнай выканаўчай уладай. Дзейнасць вышэйшага заканадаўчага органа ў краіне – Сейма – была паралізавана. Традыцыі ж палітычнага жыцця ў Расіі былі зусім іншыя. Таму палітыка расійскага ўрада ў адносінах да дваранства Беларусі спачатку вызначалася надзвычайнай асцярожнасцю.

Урачыстыя абяцанні расійскага ўрада не кранаць набытых беларускай шляхтай правоў і існуючых грамадскіх адносін абумовілі спакойны пераход новападданых у новую дзяржаўную залежнасць. Тым, хто прыняў прысягу, даваліся правы расійскага дваранства (пры захаванні многіх ранейшых правоў), маёнткі з сялянамі. Ухіліўся ад прысягі толькі шэраг буйных магнатаў: двое Радзівілаў (ваявода віленскі і староста рэчыцкі); трое Агінскіх (вялікі гетман літоўскі, кашталян віленскі і ваявода трокскі); Сапега (ваявода полацкі і гетман польскі і літоўскі); Салагуб (ваявода віцебскі); Пацей (вялікі стражнік літоўскі); Чартарыйскі (ваявода рускі). Разам з тым расійскі ўрад рашуча ліквідаваў бескантрольную самастойнасць феадалаў. Шляхта згубіла правы на канфедэрацыі, на ўтрыманне свайго войска і ўласных крэпасцей.

Кацярына ІІ абвясціла таксама, што “каждое состояние (сословие) из жителей присоединённых земель вступает с самого сего дня во все одному свойственные выгоды по всему пространству империи Российской”. Дваранству і купецтву беларускіх зямель у 1773 г. было дазволена выбіраць дэпутатаў для выпрацоўкі праекта новага агульнадзяржаўнага Улажэння. У 1777 г. былі праведзены выбары павятовых і губернскіх прадвадзіцеляў дваранства, створаны павятовыя і губернскія дваранскія сходы. Асноўная частка беларускай шляхты засталася задаволенай сваім новым становішчам.

У 1785 г. на гарады Беларусі былі распаўсюджаны прынцыпы, абвешчаныя Кацярынай ІІ у “Даравальнай грамаце гарадам”. У гарадах адмянялася панаванне свецкіх ці духоўных феадалаў, скасоўвалася магдэбургскае права. Шматлікія прыватныя гарады і мястэчкі былі выкуплены ўрадам. Кіраванне гарадскім жыццём канцэнтравалася ў Думе – прадстаўнічым органе з гарадскіх саслоўяў. Купецтва атрымала права на арганізацыю гільдый, як гэта было ў Расіі.

У адносінах да каталіцкага касцёла расійскім урадам таксама праводзілася даволі асцярожная палітыка. Кацярына ІІ улічвала, што практычна ўсе беларускія магнаты і шляхта з’яўляліся католікамі. Таму за католікамі захоўвалася права на свабоднае выкананне абрадаў, маёмасць каталіцкіх касцёлаў, кляштараў захоўвалася ў недатыкальнасці. Засноўвалася Беларуская каталіцкая епархія з цэнтрам у Магілёве, што адпавядала інтарэсам польскага і апалячанага беларускага дваранства. Забаронены рымскім папам у 1773 г. ордэн езуітаў знайшоў сабе прытулак да 1820 г. на землях Усходняй Беларусі. Аднак каталіцкаму духавенству катэгарычна забаранялася схіляць да сваёй веры праваслаўных.

Такая ж верацярпімасць была праяўлена і ў адносінах да уніятаў: мінскае і беларускае праваслаўныя епархіяльныя кіраўніцтвы былі папярэджаны аб тым, што нельга прымушаць уніятаў прымаць праваслаўную веру, а патрэбна “возбуждать добровольное желание”. Святары, якія парушалі гэты ўказ, падлягалі адлучэнню ад сваіх прыходаў. Толькі ў 1794 г. пасля паўстання Т. Касцюшкі Кацярына ІІ выдала ўказ, каб ніхто з шляхты, духоўных або ўрадавых асоб не рабіў перашкоды пры пераходзе з уніяцтва ў праваслаўе. Аднак гэты працэс праходзіў марудна з-за супраціўлення памешчыкаў-католікаў.

Для яўрэйскага насельніцтва ў 1794 г. устанаўлівалася “мяжа аселасці”. Яўрэям дазвалялася сяліцца ў гарадах, займацца рамяством і гандлем, але не дазвалялася займацца земляробствам. Яўрэі маглі запісвацца ў мяшчанскія і купецкія саслоўі з умовай, што яны будуць плаціць дзяржаўныя падаткі ў двайным памеры ў параўнанні з хрысціянскім насельніцтвам.

На беларускае насельніцтва была распаўсюджана і расійская падатковая сістэма. Ліквідаваліся існаваўшыя ў вялікай колькасці розныя дзяржаўныя зборы з насельніцтва. Замест іх уводзіліся падушны падатак і земскі збор. Але, улічваючы цяжкі стан беларускага насельніцтва, выяўлены ў час перапісу (пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай), расійскі ўрад на два гады вызваліў яго ад выплаты дзяржаўных падаткаў. На працыгу наступных 10 гадоў падушны падатак збіраўся ў палавінным памеры ў параўнанні з расійскімі падаткаплацельшчыкамі.

Расійскі ўрад усяляк імкнуўся паказаць, што не мае намеру замахвацца на прававыя нормы, здаўна ўстаноўленыя на тэрыторыі далучаных зямель. Асноўным заканадаўчым кодэксам заставаўся Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. Але мясцовая адміністрацыя ўстанаўлівалася па расійскаму ўзору і была строга падсправаздачна цэнтральнай уладзе.

Як бачым, у першы час пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі ўрад імкнуўся не выкарыстоўваць жорсткія меры ў адносінах да мясцовага насельніцтва, спрабуючы тым самым прыглушыць апазіцыйныя настроі.

Аднак, нягледзячы на памяркоўнасць палітыкі расійскага ўрада, значная частка апалячанай шляхты і каталіцкага духавенства, якая страціла сваё прывілеяванае становішча, засталася незадаволенай. Гэта прымусіла ўрад неўзабаве стаць на шлях узмацнення сваіх пазіцый у беларускіх землях.

Першым крокам у гэтым напрамку з’явілася ўвядзенне ў Беларусі землеўладання рускага дваранства за кошт дзяржаўнага фонду. Асноўная частка дзяржаўных зямель разам з сялянамі была раздадзена Кацярынай ІІ у Беларусі рускім дваранам ды чыноўнікам, усяго 180 550 сялянскіх душ мужчынскага полу. Павел І падараваў памешчыкам яшчэ каля 28 тыс. сялянскіх душ. У выніку гэтых падараванняў плошча землеўладання рускіх памешчыкаў у Беларусі ў сярэдзіне ХІХ ст. складала ўжо 21,7 % пры іх 1 % у агульнай вазе ўсіх памешчыкаў. Пасля 1801 г., з-за моцнага супраціўлення дзяржаўных сялян пераводу іх у разрад памешчыцкіх, раздача маёнткаў у Беларусі ўрадам Аляксандра І была спынена.

Наступным крокам, які павінен быў умацаваць пазіцыі расійскага ўрада ў Беларусі, было паступове абмежаванне правоў мясцовага дваранства. У адносінах да апазіцыйна настроенай шляхты быў выкарыстаны такі сродак барацьбы, як канфіскацыя маёнткаў за ўдзел у антыўрадавай дзейнасці.

Канфіскацыя праводзілася ў некалькі этапаў. Першыя канфіскацыі прыпадаюць на 1773–1775 гг. Яны былі накіраваны супраць той часткі магнатаў і шляхты, што не захацела прынесці прысягу новай уладзе. Наступная хваля канфіскацый была накіравана супраць удзельнікаў паўстання Тадэвуша Касцюшкі (1794 г.).

У 1812–1813 гг. пачалася новая хваля канфіскацый. Урад адбіраў маёнткі ў калабарацыяністаў, якія супрацоўнічалі з войскам Напалеона.

Беларусь напярэдадні і падчас Айчыннай вайны 1812 г. Пасля перамогі Францыі над Прусіяй у 1807 г. Напалеон і Аляксандр І дамовіліся ў Тыльзіце аб утварэнні Варшаўскага княства, што мела прапагандысцкі характар: Напалеон клапаціўся пра Польшчу, бо яна служыла яму плацдармам для нападу на Расію. Урад Расіі ў процівагу Напалеону таксама вёў прапаганду, абяцаючы аднавіць Рэч Паспалітую і Вялікае княства Літоўскае. У лютым 1811 г. высокі расійскі саноўнік А. Чартарыйскі па прапанове Аляксандра І ездзіў у Варшаву, каб дамовіцца з польскімі дзеячамі аб іх пераходзе на бок Расіі. Аднак гэта місія поспеху не мела. У канцы 1811 – пачатку 1812 г. група ўраджэнцаў Беларусі (М.К. Агінскі, Ф.К. Любецкі і інш.) падрыхтавала праект аб адраджэнні Вялікага княства Літоўскага пад пратэктаратам Расіі па прыкладу Фінляндыі.

24 чэрвеня 1812 г. 450-тысячная армія Напалеона перайшла граніцу з Расіяй. У склад яе ўвайшла значная колькасць польскіх вайскоўцаў (каля 60–70 тыс. чалавек). Быў сфарміраваны корпус пад камандаваннем князя Ю. Панятоўскага, які актыўна змагаўся на баку напалеонаўскай арміі супраць Расіі. Князь Дамінік Радзівіл за свой кошт сфарміраваў уланскі полк.

28 чэрвеня 1812 г. французская армія заняла Вільню. Напалеон разлічваў, што шляхта Беларусі будзе да яго больш прыхільнай, калі ён абвесціць аб аднаўленні Вялікага княства Літоўскага. 3 гэтай мэтай у Вільні па распараджэнні Напалеона быў утвораны Часовы ўрад пад назвай “Камісія Вялікага княства Літоўскага”. Дзейнасць Камісіі распаўсюджвалася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губерні і Беластоцкую вобласць. Для Віцебскай і Магілёўскай губерняў было вызначана асобнае, т. зв. “польскае праўленне”. Але гэтыя марыянетачныя ўрады павінны былі перш за ўсё забяспечваць усім неабходным і папаўняць рэкрутамі французскую армію. Рускі герб быў заменены на аднагаловага арла. У хуткім часе ранейшае адміністрацыйнае дзяленне было заменена на французскі лад, галоўныя пасады занялі французскія военачальнікі і інтэнданты.

Шляхта, якая толькі што прысягала на вернасць Расійскай імперыі, амаль усюды сустракала французскія войскі як вызваліцеляў ад расійскіх захопнікаў. Просты ж беларускі народ у асноўным стаў на шлях партызанскай вайны з французамі.

Велізарнаму войску Напалеона ў межах Літвы, Беларусі і Паўночнай Украіны ў чэрвені 1812 г. супрацьстаялі тры рускія арміі: 1-я – генерала М.Б. Барклая дэ Толі, 2-я – генерала П.І. Баграціёна, 3-я – генерала А.П. Тармасава.

Каб перакрыць французам шлях на Кіеў, 3-я армія была пакінута ў Валынскай губерні. А 1-й і 2-й арміям патрэбна было злучыцца, каб пазбегнуць разгрому паасобку. У ліпені 1812 г. вызначылася немагчымасць злучэння 1-й і 2-й армій у раёне Віцебска. Чарговым пунктам сустрэчы рускіх армій быў прызначаны Смаленск.

3 16 ліпеня да 1 жніўня 1812 г. Напалеон знаходзіўся ў Віцебску. Наступленне яго арміі было прыпынена. Ён вырашаў, што рабіць далей. Галоўны план Напалеона – разграміць рускую армію на Беларусі – не быў выкананы. У гэтых умовах Напалеон меў намер пачаць перагаворы з Аляксандрам І у Віцебску. Але ад гэтага плана французскаму імператару давялося адмовіцца. Яго армія, складзеная з прадстаўнікоў заваяваных краін, пачала на вачах развальвацца: зніжалася дысцыпліна, пашыраліся марадзёрства, дэзерцірства. Напалеон разумеў, што толькі новыя перамогі могуць выратаваць яго армію ад дэмаралізацыі.

22 ліпеня 1812 г. арміі Баграціёна і Барклая дэ Толі злучыліся пад Смаленскам, а 2–5 жніўня адбылася Смаленская бітва, у якой Напалеон страціў болып за 14 тыс. чалавек. Пасля Смаленска рускую армію ўзначаліў М.І. Кутузаў. 26 жніўня адбылася генеральная бітва ля в. Барадзіно. Сфарміраваныя на Віцебшчыне чатыры палкі 3-й пяхотнай дывізіі абаранялі на Барадзінскім полі вядомыя Баграціёнавы флешы. 24-я пяхотная дывізія, складзеная з ураджэнцаў Мінскай губерні, гераічна змагалася каля батарэі Раеўскага.

Кутузаў з мэтай захавання арміі загадаў пакінуць Маскву, якую неўзабаве занялі французы. Не дачакаўшыся адказу Аляксандра І на прапановы аб міры, Напалеон у пачатку кастрычніка 1812 г. пачаў адступаць з Масквы на Смаленск па спустошанай мясцовасці.

7 кастрычніка 1812 г. рускія войскі вызвалілі Полацк, 26 кастрычніка – Віцебск, 4 лістапада – Мінск.

Завяршальны ўдар быў нанесены рускімі войскамі па французах пры іх пераправе праз Бярэзіну каля в. Студзёнка, што недалёка ад Барысава. 30 тыс. іншаземных захопнікаў знайшлі тут сваю гібель. Пасля гэтага напалеонаўская армія фактычна перастала існаваць.

У гонар перамогі рускай арміі над войскамі Напалеона ў Айчыннай вайне 1812 г. пастаўлены памятныя знакі ў Віцебску, Полацку, Кобрыне, в. Студзёнка (каля Барысава), в. Клясціца (Расонскі р-н Віцебскай вобл.), в. Салтанаўка (каля Магілёва) і інш.

Вайна прынесла беларускаму народу вялікія бедствы. Многія гарады і вёскі былі разбураны і знішчаны. Голад, хваробы прывялі да масавай гібелі людзей. У гарадах Беларусі колькасць насельніцтва зменшылася ў 2–3 разы. Прыйшла ў заняпад сельская гаспадарка. Амаль напалову скараціліся пасяўныя плошчы і пагалоўе жывёлы.

Сяляне аказаліся падманутымі ў сваіх спадзяваннях атрымаць вызваленне ад прыгоннай няволі пасля разгрому арміі Напалеона. Маніфестам ад 30 жніўня 1814 г. ім прапаноўвалася атрымаць “мзду свою от Бога”.

У адносінах да беларускай арыстакратыі расійскі ўрад быў больш асцярожным. 3 аднаго боку, ён хацеў прылашчыць па-сепаратысцку настроеную шляхту. Таму, напрыклад, Камінскі, які ўзначальваў створаную Напалеонам “Камісію Вялікага княства Літоўскага”, захаваў пасаду старшыні ў мінскім галоўным судзе, В. Гецэвіч, член савета ў Вільні, стаў мінскім віцэ-губернатарам. Маніфестам Аляксандра І ад 12 снежня 1812 г. калабарацыяністам абвяшчалася “уселітасцівейшае дараванне” і “вечнае забыццё” мінулага. Пачатыя да маніфеста канфіскацыі былі адменены і памешчыкам былі вернуты іх маёнткі.

У другім дзесяцігоддзі ХІХ ст. на Беларусі, як і ў іншых заходніх губернях, значна ўзмацніўся грамадска-палітычны рух. Ён развіваўся пад уплывам рэвалюцыйных падзей у Заходняй Еўропе, расійскай рэвалюцыйнай думкі і польскіх нацыянальна-вызваленчых ідэй.

У 1816–1819 гг. з’яўляюцца шматлікія праекты дзяржаўных пераўтварэнняў, асабістую свабоду атрымліваюць сяляне ў Прыбалтыцы. У 1815 г. уводзіцца канстытуцыя ў Царстве Польскім. Аднак найбольш радыкальная і актыўная частка шляхецтва былой Рэчы Паспалітай не магла змірыцца з існаваннем куртатага польскага нацыянальнага дзяржаўнага ўтварэння, тым больш што расійскі імператар неаднойчы рабіў намёкі на аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. У выніку на яе тэрыторыі, у тым ліку і ў Беларусі, узнікаюць канспіратыўныя рэвалюцыйныя суполкі. У канцы 1817 г. студэнты Віленскага універсітэта заснавалі тайнае патрыятычнае таварыства філаматаў (у перакладзе з грэчаскай мовы – той, хто імкнецца да ведаў), члены якога першапачаткова ставілі асветніцка-культурныя мэты. Філіяламі таварыства філаматаў былі “Таварыства прамяністых” і “Саюза літаратараў”. У 1819 г. у Свіслацкай гімназіі ўзнікае “Таварыства аматараў навук”, члены якога прапаведавалі патрыятычныя ідэі волі і роўнасці.

У канцы 1820 г. філаматы заснавалі новую тайную арганізацыю – таварыства філарэтаў (у перакладзе з грэчаскай мовы – аматары дабрачыннасці). Гэтае таварыства ўключала ў сябе больш шырокія колы моладзі, у тым ліку за межамі Вільні. Галоўная мэта філарэтаў – аднаўленне Рэчы Паспалітай і адмена прыгоннага права. Некаторыя члены таварыства імкнуліся да вывучэння беларуска-літоўскага краю, яго гісторыі, фальклору, побыту насельніцтва. Сярод віленскай моладзі існаваў план узброенага выступлення. Аднак уладам стала вядома аб існаванні тайных юнацкіх арганізацый. 9 філарэтаў і 11 філаматаў былі высланы ва ўнутраныя губерні Расіі, у тым ліку А. Міцкевіч. Нягледзячы на праследаванні з боку ўлад, многія з членаў тайных арганізацый, якія пазбеглі пакарання, працягвалі дзейнічаць у накірунку польскага нацыянальнага адраджэння.

Беларусь была таксама арэнай дзейнасці дзекабрыстаў. Пасля хваляванняў салдат Сямёнаўскага палка ў Пецярбургу ў 1820 г. у вайсковыя часці, што знаходзіліся ў Беларусі, былі пераведзены салдаты і афіцэры, якія мелі дачыненне да гэтых хваляванняў. Сярод іх былі будучыя дзекабрысты А. Бястужаў, М. Лунін, А. Адоеўскі, К. Рылееў і інш. М. Мураўёў, кіраўнік “Паўночнага таварыства”, падчас знаходжання ў Мінску, напісаў свой першы варыянт канстытуцыі. У Віцебску жыў і вучыўся вядомы дзекабрыст, сябра “Таварыства з’яднаных славян” І. Гарбачэўскі. Дзекабрыстамі распрацоўваўся план паўстання ў Бабруйскай крэпасці, што дало б штуршок дзяржаўнаму перавароту ў імперыі.

Вялікае значэнне як дзекабрысты, так і польскія рэвалюцыянеры надавалі прапагандысцкай рабоце сярод салдат і афіцэраў Літоўскага асобнага корпуса, які размяшчаўся ў Гродзенскай губерні. Пад іх уплывам у пачатку 1825 г. у Літоўскім корпусе ўзнікла “Таварыства ваенных сяброў” на чале з капітанам К. Ігельстромам. 24 снежня 1825 г. сябры “Таварыства” спрабавалі падняць паўстанне сярод салдат Літоўскага корпуса, але яно было падаўлена. Правалам скончылася і спроба сяброў “Таварыства з’яднаных славян” падняць паўстанне ў Палтаўскім палку ў Бабруйску ў лютым 1826 г.

У 1824–1825 гг. расійскі ўрад, улічваючы, што цэнтрамі большасці тайных таварыстваў былі навучальныя ўстановы, прымае меры па нагляду за навучэнцамі. У адпаведнасці з указам Аляксандра І жыхарам Беларусі і Літвы забаранялася адпраўляць дзяцей на вучобу ў замежныя універсітэты. Чыноўнікі абавязаны былі даваць падпіску аб недачыненні студэнтаў і настаўнікаў да тайных суполак. Але гэта не спыніла далейшага развіцця грамадска-палітычнага руху на Беларусі.

У лістападзе 1830 г. у Варшаве шляхецкімі рэвалюцыянерамі было паднята паўстанне супраць расійскага панавання. Галоўнымі прычынамі паўстання былі нездаволенасць шляхты падзеламі Рэчы Паспалітай, парушэнне расійскімі ўладамі польскай Канстытуцыі 1815 г. Рэвалюцыйныя сілы Польшчы адстойвалі лозунгі буржуазна-дэмакратычных пераўтварэнняў. Але яны не змаглі ўзначаліць паўстанне. Польскія арыстакраты, абапіраючыся на армію Царства Польскага і дапамогу заходнееўрапейскіх краін і імкнучыся дабіцца незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., захапілі кіраўніцтва паўстаннем у свае рукі.

Расійскі ўрад імкнуўся прадухіліць распаўсюджанне паўстання на тэрыторыю Беларусі, Літвы і Украіны. Тут было ўведзена ваеннае становішча. Аднак у пачатку красавіка 1831 г. паўстанне ахапіла ўжо ўсю Літву і Паўночна-Заходнюю Беларусь (Ашмянскі, Браслаўскі, Дзісенскі і Вілейскі паветы). Ядро паўстанцаў складалі польская шляхта, навучэнцы, афіцэры-палякі, каталіцкае і уніяцкае духавенства. У паўстанні прымалі ўдзел каля 10 тыс. чалавек. Вузкія палітычныя мэты кіраўнікоў паўстання абумовілі тое, што яно не атрымала падтрымкі сярод шырокіх пластоў насельніцтва.

У жніўні 1831 г. паўстанне было падаўлена на ўсёй тэрыторыі Беларусі і Літвы, а потым і ў Польшчы. Але і пасля гэтых падзей палітычныя хваляванні ў межах былой Рэчы Паспалітай не сціхлі.

У 1836 г. па ініцыятыве Ф. Савіча пры Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі была створана адна з найбольш радыкальных у Беларусі і Літве тайных суполак – “Дэмакратычнае таварыства”. У 1837 г. Ф. Савіч наладжвае сувязі з Пінскай і Слуцкай ячэйкамі тайнага таварыства “Садружнасць польскага народа”, якое ўзначальваў польскі рэвалюцыянер-дэмакрат Ш. Канарскі. У “Прынцыпах дэмакратызму” (статут “Дэмакратычнага таварыства”) былі абвешчаны ідэі сацыяльнай роўнасці, вызвалення сялян з зямлёй ад прыгоннай залежнасці, права кожнага народа на нацыянальную самастойнасць. У 1838 г. “Дэмакратычнае таварыства” было выкрыта, а Савіч праз год быў высланы на Каўказ у дзеючую армію. У 1846–1849 гг. у Ашмянах, Вільні, Гродне, Лідзе і Мінску дзейнічалі суполкі тайнай арганізацыі “Саюз свабодных братоў”. Ён ставіў сабе за мэту сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, барацьбу за свабодную Польшчу і Расію.

30-я гг. сталі паваротнымі ва ўрадавай палітыцы. Быў узяты курс на поўнае зліццё заходніх губерняў з Расіяй. Прычынамі гэтаму былі: па-першае, рост апазіцыйных грамадска-палітычных настрояў і рухаў, па-другое, разлажэнне феадальна-прыгонніцкага ладу, якое паступова перарастала ў крызіс.

Урад ідзе на сур’ёзны палітычны крок, вядомы пад назвай “разбор шляхты”. Ён быў накіраваны супраць дробнай шляхты, галоўнага распаўсюджвальніка апазіцыйных настрояў. У адпаведнасці з указамі ад 1831, 1847, 1857 гг. асобы, якія не змаглі дакументамі пацвердзіць свайго шляхецтва, не былі зацверджаны ў дваранскім званні. Яны пазбаўляліся права валодаць маёнткамі і павінны былі прадаць сваю ўласнасць. Гэтая катэгорыя былых шляхціцаў павялічвала падатковае саслоўе.

Важным мерапрыемствам у напрамку поўнага зліцця заходніх губерняў з Расіяй было ўвядзенне ўказам ад 1 студзеня 1831 г. расійскага заканадаўства ў Магілёўскай і Віцебскай губернях. На тэрыторыі Беларусі ўводзілася новае заканадаўчае ўлажэнне – “Установа аб губернях”, усім дзяржаўным установам і пасадам даваліся расійскія назвы.

У 1832 г. быў створаны “Асобы камітэт па справах заходніх губерняў”, які распрацоўваў і ажыццяўляў мерапрыемствы па пашырэнню расійскага дваранскага землеўладання і расійскага ўплыву ў галіне кіравання і суда, у іншых сферах. У мясцовыя адміністрацыйныя органы пачалі прызначацца пераважна расійскія чыноўнікі, польская мова ў судовай справе замяняецца на рускую.

У 1839 г. з мэтай аслаблення каталіцкага касцёла на царкоўным саборы ў Полацку было праведзена аб’яднанне уніяцкай царквы з праваслаўнай.

У 1840 г. было поўнасцю адменена дзеянне Літоўскага Статута. Расійскае заканадаўства распаўсюджвалася на ўсю тэрыторыю Беларусі.

Усімі гэтымі мерамі была ліквідавана юрысдыкцыя мясцовых феадалаў на Беларусі, падарваны ідэалагічны фундамент іх магутнасці – каталіцтва. Адначасова ўрад распачаў пошук шырокай апоры ў асяроддзі сялянства.








Дата добавления: 2015-08-14; просмотров: 2976;


Поиск по сайту:

При помощи поиска вы сможете найти нужную вам информацию.

Поделитесь с друзьями:

Если вам перенёс пользу информационный материал, или помог в учебе – поделитесь этим сайтом с друзьями и знакомыми.
helpiks.org - Хелпикс.Орг - 2014-2024 год. Материал сайта представляется для ознакомительного и учебного использования. | Поддержка
Генерация страницы за: 0.016 сек.